У Бабруйску спынілі вытворчасць па крымінальнай справе за абразу міліцыянта
Суд Бабруйскага раёна і г. Бабруйска разгледзеў справу 55-гадовага Сяргея Шашко, якога абвінавачвалі па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса. Суддзя Васіль Галкоўскі спыніў вытворчасць па крымінальнай справе. Прычына – ўступленне ў сілу заканадаўчага акта, які ліквідуе каральнасць дзеі. Грамадзянскі пазоў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі і спагнанні маральнай шкоды суддзя пакінуў без разгляду, у сувязі са спыненнем вытворчасці па крымінальнай справе.
Дзяржабвінавачанне падтрымліваў памочнік пракурора В. Пузікаў. Сяргей Шашко абараняў сябе сам.
У чым абвінавачвалі?
Паводле абвінавачання, Сяргей Шашко 23 студзеня 2021 у стане алкагольнага ап'янення публічна абразіў супрацоўніка МУС пры ажыццяўленні ім сваіх службовых абавязкаў. Бок абвінавачвання быў ўпэўнены, што ён разлічваў на ўспрыманне іншымі асобамі абразлівай інфармацыі, ўсведамляў публічны характар сваіх дзеянняў, а ў якасці сродку здзяйснення злачынства выкарыстаў свой мабільны тэлефон.
Так, 23 студзеня ён размаўляў па тэлефоне са старэйшым інспектарам, ведаючы, што размова з ім запісваецца, а Інфармацыя, якая паведамлялася падчас размовы, будзе перададзеная ўпаўнаважаным асобам, а таксама пацягне за сабой аператыўнае рэагаванне і правядзенне разбору, публічна яго абразіў. Ён вымавіў фразу: "Вы міліцыя? Вы не міліцыя! Вы паліцаі, фашысты".
Эксперт пацвердзіў негатыўную ацэнку супрацоўніка дзяжурнай службы ў прыведзеных лексемах.
Што казаў Шашко?
Шашко прызнаў віну часткова.
"Я выпіў, знаходзіўся дома, тэлефанаваў з асабістага мабільнага, – распавёў мужчына. – Пра міліцыю была дрэнная інфармацыя – як яны праводзяць ператрусы. Не звяртаў увагі на гэта, пакуль не напалохалі дзяцей і ўнукаў і не прыйшлі з ператрусам да сына і не забралі яго. Я быў на нервах, знаходзіўся з унукамі, пакуль нявестка шукала сына. Мы былі напалоханыя.
Пакуль быў цвярозы, нічога не здзяйсняў. А калі даведаліся, дзе сын і што з ім здарылася, на нервах напіўся. Памятаю, што ад МУС на тэлефон прыйшло нейкае папярэджанне. Я выпадкова націснуў на нумар 102 у паведамленні, не было мэты абразіць або абвінаваціць кагосьці. Я дакладна не памятаю, што гаварыў, потым мне распавёў участковы. Я вінаваты, што напіўся і нарабіў сабе праблем. Наогул я не п'ю: у мяне гіпертанія".
Што казаў пацярпелы?
Пацярпелы – 27-гадовы старшы інспектар АДС Антон Емяльянаў. Ён распавёў, што зразумеў па голасе, што той, хто тэлефанаваў, знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення і быў негатыўна настроены ў дачыненні да супрацоўнікаў АУС.
"Ён тэлефанаваў не з мэтай папрасіць дапамогі, а выказаць сваю пазіцыю, – адзначыў Емяльянаў. – Сваімі словамі ён хацеў зачапіць і абразіць усіх супрацоўнікаў, але вырашыў пагаварыць менавіта са мной, бо я апынуўся на службе.
Адразу ён цікавіўся, дзе знаходзіцца кіраўнік дзяржавы, пытаўся пра нашу дзейнасць. Потым сказаў, што мы не міліцыянты – мы паліцаі і фашысты".
Емяльянаў падаў грамадзянскі пазоў аб пакрыцці маральнай шкоды на суму 500 рублёў, а таксама прынясення афіцыйных выбачэньняў абвінавачаным. Пазоў Шашко прызнаў часткова: палічыў суму занадта вялікай.
Што было ў спрэчках?
На пасяджэнні суддзя выбарачна абвясціў матэрыялы справы, у тым ліку — стэнаграму размовы.
У спрэчках дзяржаўны абвінаваўца папрасіў пакараць Шашко абмежаваннем волі тэрмінам на два гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – «хіміяй». Ён адзначыў, што грамадзянскі пазоў пацярпелага аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды не падлягае задавальненню, а пазову аб прынясенні выбачэнняў дзеючае заканадаўства не прадугледжвае, таму яго неабходна пакінуць без задавальнення.
Пацярпелы падкрэсліў, што ён упэўнены: Шашко тэлефанаваў свядома, а ён знаходзіўся на працы і не заслужыў такога – ён імкнецца дапамагчы людзям, а не нашкодзіць.
Шашко ў апошнім слове папрасіў не караць яго строга, бо нічога дрэннага ён не рабіў: "хоць тады і не цяміў, быццам бы, нічога не публікаваў, пры людзях не выступаў".
Суддзя Васіль Галкоўскі пастанавіў спыніць вытворчасць па крымінальнай справе.
Цытата з пастановы:
"У адпаведнасці з п.120 ч. 1 закона ад 26.05.2021 №112-3 "Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці", які ўступіў у законную сілу 19.06.2021, арт. 369 КК выкладзены ў новай рэдакцыі. Так, згодна з дыспазіцыі указанага артыкула, за абразу прадстаўніка ўлады лічыцца абраза прадстаўніка ўлады або ягоных блізкіх у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, здзейсненае ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў СМІ, альбо ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт.
Згодна з ч. 2 арт. 9 КК, закон, лівквідуючы злачыннасць дзеі, змякчаючы пакаранне або іншым чынам паляпшаючы становішча асобы, якая ўчыніла злачынства, мае зваротную сілу, гэта значыць, распаўсюджваецца на асоб, якія ўчынілі адпаведнае дзеянне да ўступлення такога закона ў сілу, у тым ліку на асоб, якія адбываюць пакаранне або якія адбылі пакаранне, але маюць судзімасць. Са дня ўступлення ў сілу закона, які ліквідуе злачыннасць дзеі, адпаведнае дзеянне, здзейсненае да яго ўступлення ў сілу, не з'яўляецца злачынным…»
Згодна з пастановай, абвінавачванне не ўтрымлівае звестак аб тым, што абраза прадстаўніка ўлады была ўчыненая ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй артыкула.
"Такім чынам, цяпер дзеючая рэдакцыя дыспазіцыі арт. 369 КК не ахоплівае інкрымінуемае Шэшка С. П. дзеянне, чым паляпшае яго становішча, у параўнанні з ранейшай рэдакцыяй дадзенай нормы", – пазначана ў пастанове.