"Выказваў адкрытую непрыязнасць да супрацоўнікаў праваахоўных органаў". Сяргея Трэшчанку асудзілі на 3 гады калоніі за расшар відэа і каментар да яго Дапоўнена
24 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе працягнулася пасяджэнне па крымінальнай справе ў дачыненні да Сяргея Трэшчанкі, якога абвінавачваюць у распальванні іншай сацыяльнай варожасці па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.
Справу вёў суддзя Анатоль Сотнікаў, бок дзяржабвінавачання падтрымліваў Юрый Мохараў.
Абвінавачваны быў затрыманы 24 сакавіка 2021 года і з таго часу знаходзіцца пад вартай.
Пракурор заявіў хадайніцтва аб далучэнні дакумента, у якім пазначана, што за час знаходжання пад вартай у абвінавачанага не было дысцыплінарных спагнанняў.
Адвакатка прасіла прагледзець і далучыць да матэрыялаў справы відэазапіс з раскаяннем Сяргея Трэшчанкі, які быў размешчаны на ютуб, а таксама скрыншот, з якога вынікае, што гэты ролік прагледзела больш за 1250 карыстальнікаў.
Таксама абарона прасіла далучыць характарыстыку з месца жыхарства абвінавачанага з 27 подпісамі суседзяў.
Аднак прагледзець відэа ў судзе не ўдалося, суддзя адхіліў хадайніцтва аб далучэнні відэароліка, бо палічыў, што ў абароны было дастаткова часу, каб даць матэрыялы суду.
Пасля гэтага прайшлі спрэчкі бакоў. У сваім выступ пракурор сказаў, што "разгледжаная крымінальная справа з'яўляецца пацвярджэннем таго, што незалежна ад адукацыі, сацыяльнага і сямейнага становішча, станоўчых характарыстык, працоўнай занятасці чалавека, здзейсненае ім супрацьпраўнае дзеянне ў сетцы Інтэрнэт мае сур'ёзнае грамадскія і прававыя наступствы, за якія яму даводзіцца адказваць у рэальным жыцці". Юрый Мохараў меркаваў, што вінаватасць Сяргея Трэшчанкі ў здзяйсненні злачынства па арт. 130 КК цалкам даказаная.
Нягледзячы на выказаную пазіцыю абвінавачаным аб поўным прызнанні віны, дзяржабвінаваўца заявіў, што Трэшчанка "ў судовым пасяджэнні фактычна віну сваю не прызнаў", бо сказаў, што ў яго не было намеру на распальванне ў няпэўна шырокага кола асобаў сацыяльнай варожасці ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, міліцыі. У судзе былі абвешчаныя паказанні Сяргея папярэдняга следства, істотныя супярэчнасці абвінавачаны патлумачыў стомленасцю пасля працы і няўважлівым чытаннем. Аднак Мохараў указаў, што ў пратаколе не выкладзеныя якія-небудзь заўвагі, а сам абвінавачаны ў судзе тлумачыў, што даваў паказанні добраахвотна, без прымусу і аказання ўздзеяння на яго. Пры гэтым, калі Трэшчанка былі аказаныя паслугі адваката, і ён атрымаў юрыдычную дапамогу, абвінавачаны на допыце паказаў, што "размешчаны матэрыял, у тым ліку каментар, былі накіраваныя на тое, каб усе ўбачылі, што ў сістэме МУС ёсць праблемы, якія трэба вырашаць", заклікаць каго-небудзь да гвалту ён не хацеў, але размясціўшы каментар да відэа, хацеў паказаць на тое, што "гэтая добрая праграма, і каб супрацоўнікі міліцыі баяліся, і ў іх забралі ўсе грошы і аддалі на дабрачыннасць".
"Выкладзенае ім фактычна пацвярджае яго віну, а таксама сведчыць аб тым, што ён падзяляе і прытрымліваецца ідэі сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады, выказваў адкрытую непрыязнасць да супрацоўнікаў праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь", - прыйшоў да высновы пракурор.
Юрый Мохараў прасіў суд прызначыць Сяргею Трэшчанку пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады і 6 месяцаў ва ўмовах агульнага рэжыму.
Абаронца палічыла, што абвінавачаны не заслуговае настолькі суровага пакарання, улічваючы тыя сумневы, што былі ўстаноўленыя ў судовым следстве. Акрамя таго, злачынства па ч. 1 арт. 130 КК адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх, а санкцыя артыкула прадугледжвае розныя віды пакарання, у тым ліку - штраф, арышт, абмежаванне волі.
Пры гэтым, каментар да відэа тычыўся канкрэтных асобаў, якія былі на відэа, а не ўсіх супрацоўнікаў МУС. Абвінавачаны і ў час папярэдняга следства, і ў судзе казаў, што ёсць добрыя і дрэнныя супрацоўнікі. Сяргей Трэшчанка, па словах абаронцы, добрасумленны грамадзянін, працоўны чалавек, які праглядзеў відэа і выказаў свае негатыўныя эмоцыі, не думаючы, што гэта можа прывесці яго на лаву абвінавачаных.
"Да любой формы гвалту любы чалавек не застаецца абыякавым, у тым ліку мой падабаронны. Сваім каментаром нікому шкоды ён прычыніць не жадаў, так як лічыў, што тыя дзеянні, якія ён апісаў, фактычна не выканальныя. Ад яго каментара якіх-небудзь наступстваў не адбылося: ніхто не адказаў на яго, нават лайк ніхто не пакінуў".
Адвакатка падкрэсліла, што Сяргей Трэшчанка не здольны распальваць якую-небудзь варожасць, і прасіла яго апраўдаць.
У апошнім слове Сяргей Трэшчанка сказаў:
"Я цалкам прызнаю сваю віну. Так, я здзейсніў памылку, аб якой вельмі шкадую і сардэчна раскайваюся. Гэта мая самая дурная памылка! Сваімі словамі ў каментары я не хацеў і не жадаў каму-небудзь прычыніць шкоду. Не хацеў і не хачу.
Усе гэтыя падзеі, якія адбываліся ў нашай краіне, усе гэтыя відэа, якія былі звязаны з імі, выклікалі ўва мне моцныя эмоцыі і неразуменне таго, што адбываецца. Я перакананы ў тым, што такога не павінна было здарыцца.
Сваім каментаром да прагледжанага відэа я ацэньваў і асуджаў менавіта тых людзей, якія, на маю думку, праяўлялі празмерную жорсткасць, гвалт, бессардэчнасць у адносінах да мірных жыхароў. Але я быў не ў праве асуджаць гэтых людзей. <..>
Знаходзячыся ў СІЗА, я шмат пра што думаў і разважаў пра тое, што адбываецца ў жыцці, робячы высновы для сябе, я зразумеў, што адны падзеі адбываюцца ў нашым жыцці для таго, каб вярнуць нас на сапраўдную сцежку, іншыя – для таго, каб мы ўжылі свае веды, а некаторыя – закліканы навучыць нас. Так, часам гэта бывае жорстка і балюча! <..>
У наша жыццё непазбежна ўрываецца няшчасце. Але ўсё, што адбываецца, ніколі не бывае выпадкова. Часам мне здаецца, што ўвесь свет настроіўся супраць мяне. І тады я пытаюся ў сябе: чаму гэта адбываецца менавіта са мной? Сутыкнуўшыся з непазбежным некаторыя губляюць самавалоданне, іншыя наадварот – становяцца мацней і вучацца лепш разумець свет. Але часам бывае складана ўсё зразумець, не падаць духам, быць вясёлым, мужным, моцным. Часам складана зразумець, каго ты любіш, кім любім. <..>
Я разумею, што ў маім жыцці будзе яшчэ мноства перашкод і неразумення, з якімі я абавязаны годна справіцца і пераадолець. Бо жыццё – гэта школа, у якой я вучуся выпраўляць памылкі і рухацца далей!"
Ён прасіў суд ўлічыць яго асобу і прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі: даць магчымасць вярнуцца дадому да сям'і, быць побач з маці і братам, хадзіць на любімую працу.
Прысуд быў абвешчаны ў 14.30. Суддзя Анатоль Сотнікаў прызнаў Сяргея Трэшчанку вінаватым і прызначыў яму 3 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
У СІЗА Сяргей Трашчанка знаходзіцца на прафілактычным уліку як асоба, схільная да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыю, праяваў агрэсіі, і як асоба, схільная да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці.
За рэпост відэа і каментар да яго Сяргею Трэшчанку пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі
Падтрымаць Сяргея Мікалаевіча Трэшчанку лістамі і паштоўкамі можна па адрасе: СІЗА-3, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, 246003 |
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай гомельскіх валанцёраў адсочваў гэты судовы працэс