Хроніка палітычнага пераследу за 24 чэрвеня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24 чэрвеня працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы і на вуліцы, адбываюцца ператрусы і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы, працягваецца ціск на палітвязняў. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Гомель
Раніцай да гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай прыязджалі міліцыянты, піша "Гомельская вясна". Яны хацелі прымусова завезці яе ў суд у АУС Гомельскага раёну (яе абвінавачваюць у супрацы з "Белсатам" без акрэдытацыі). Пры гэтым позву ў суд фрылансерка атрымала толькі учора ўвечары.
Ларыса звязвае такую міліцэйскую актыўнасць з пачаткам працэсу па "справе Ціханоўскага". Журналістка ехаць адмовілася і паабяцала да СІЗА, дзе будуць судзіць палітзняволеных, не ісці.
Таксама ў Гомелі на сем гадзін (з 11.00 да 18.00) быў затрыманы журналіст-фрылансер Андрэй Толчын. Раніцай ён здымаў пад СІЗА сюжэт пра пачатак суду над Статкевічам, Ціханоўскім, Сакавым, Паповым, Цыгановым і Лосікам. Яго адпусцілі з АУСў Цэнтральнага раёну з пратаколам па арт. 23.5 КаАП РБ ("Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ"). У яго забралі камеру, мікрафон, штатыў, карты памяці.
Генпракуратура паведаміла, што прадукцыя тэлеграм-каналаў «Лебяжий 97%», «Лебяжий 97 % чат», «Центральный 97% прызнана экстрэмісцкай.
Баранавічы
Мужчына з Баранавічаў паказаў непрыстойны жэст у бок спін міліцыянтаў — на яго склалі два пратаколы. МУС паведамляе, што на аўтара відэа «выйшлі аператыўнікі ГУБАЗіК, калі выяўлялі экстрэмісцкія матэрыялы ў інтэрнэце». На мужчыну склалі пратаколы за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне пры затрыманні. Зараз маладога чалавека правяраюць на «дачыненне да іншых фактах супрацьпраўнай дзейнасці крымінальнага і пратэстнага толку».
Мінск
"Вясне" паведамілі пра затрыманне Андрэя Антонава.
"Наша Ніва" піша, што жыхары Грушаўкі паведамляюць у чатах пра затрыманне каля 10 чалавек каля дома Дзяржынскага, 11. аводле папярэдняй інфармацыі, затрымалі здымачную групу фільма: некалькі чалавек паспелі адправіць паведамленні, што на пляцоўцы з’явілася міліцыя, пасля сувязь з усімі членамі групы знікла.
Па дадзеных тэлеграм-канала «Священный белавуд», сярод затрыманых — спецыяліст па асвятляльным абсталяванні Андрэй Аўсянікаў.
Дзяжурны Маскоўскага РУУС коратка паведаміў «Нашай Ніве», што здымачная група затрымлівалася «іншым падраздзяленнем», падрабязнасцяў яны не маюць. Пры гэтым там жа паабяцалі, што ўсе затрыманыя сёння будуць адпушчаныя дадому.