Год "хатняй хіміі" запрасілі для дзяўчыны, якая перарабіла гімн у асабістым твітары
25 чэрвеня суд Кастрычніцкага раёна пачаў разглядаць справу 26-гадовай Ганны Важнік, якую абвінавацілі паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядае суддзя Алена Жывіца, бок абвінавачання падтрымлівае пракурор Заварзін. Абвінавачаную абараняе адвакат Андрэй Доўнар.
Ганну абвінавачваюць у тым, што ў асабістым акаўнце ў твітары яна перарабіла адзін куплет гімна, пачаўшы з фразы "Мы экстремисты — мирные люди..." Згодна з абвінавачаннем, яна здзейсніла здзек над дзяржсімвалам — гімнам.
Дзяўчына працуе настаўніцай музыкі. Яе затрымалі 28 красавіка, а 30 красавіка выпусцілі на волю пад асабістае паручальніцтва бацькоў. Да справы далучаныя станоўчыя характарыстыкі і падзякі з месцаў вучобы і працы.
Што распавядалі на судзе?
Ганна Важнік распавяла, што лічыць здзейсненае памылкай, яна не мела намеру здзеквацца над гімнам, а пераробкай хацела паказаць на людзей, якія прадпрымалі разбуральныя дзеянні супраць улады. Абвінавачаная падкрэсліла, што яна апалітычная — як і ўся яе сям'я.
Сведкі — маці дзяўчыны і намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай працы школы, дзе выкладае Ганна, — падкрэслілі апалітычнасць Ганны і кажуць пра яе толькі добрыя словы. На допыце ў СК намеснік дырэктара сказала, што лічыць пераробку гімна зневажальнай для народа Рэспублікі Беларусь: на паседжанні пасля некалькіх пытанняў суддзі яна пацвердзіла гэтыя словы.
Маці ўпэўненая, што дачка шкадуе аб учынку.
Што ў матэрыялах справы?
Падчас вобшуку ў кватэры Ганны нічога не вынулі. Доказы ў справе — сам твіт, скрыншоты каментароў да яго, асабістае прызнанне — у тым ліку, на відэа, якое размясцілі ў тэлеграм-канале МУС. Згодна з вынікамі лінгвістычнай экспертызы, у твіце няма негатыўнай ацэнкі, заклікаў да гвалту, ёсць падабенства з гімнам.
Што казалі ў спрэчках?
Дзяржабвінаваўца палічыў доказамі віны прызнанне, інфармацыю з тэлефона і сацсетак, а таксама каментары да твіта. Ён папрасіў пакараць абвінавачаную абмежаваннем волі тэрмінам на адзін год без накіравання ў папраўчую ўстанову — "хатняй хіміі", а таксама канфіскаваць тэлефон.
Адвакат упэўнены, што ў справе няма складу злачынства: не даказаны намер, няма перадумоў. Ягоная падабаронная не ўдзельнічала ў мерапрыемствах, не прыцягвалася да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, няма доказаў яе ўдзелу ў дэкструктыўных каналах. Ён упэўнены, што ў справе мусіць быць апраўдальны прысуд альбо прымяненне іншага пакарання — напрыклад, штрафа.