Front Line Defenders занепакоеная прадаўжэннем тэрміну ўтрымання пад вартай для праваабаронцы Марыі Рабковай
21 чэрвеня 2021 года калегі праваабаронцы Марыі Рабковай даведаліся пра тое, што ёй працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на тры месяцы па прычыне расследавання па яе крымінальнай справе, якое працягваецца. З улікам падаўжэння, тэрмін утрымання Марыі Рабковай пад вартай скончыцца 17 верасня 2021 года, да гэтага моманту яна правядзе ў зняволенні роўна год за сваю мірную праваабарончую дзейнасць. Пра гэта адзначаецца ў заяве, апублікаванай на сайце Front Line Defenders.
Нагадаем, 17 верасня 2020 года праваабаронцу і каардынатарку валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра "Вясна" (ПЦ "Вясна") Марыю Рабкову затрымалі па падазрэнні ў "навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках або фінансаванні такой дзейнасці" паводле часткі 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі. 11 лютага 2021 года ёй прад'явілі дадатковыя абвінавачванні яшчэ па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: "удзел у злачыннай арганізацыі" (частка 2 артыкула 285 Крымінальнага кодэкса Беларусі) і "распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці, здзейсненае групай асоб" (частка 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса). У выпадку прызнання судом Марыі Рабковай вінаватай, ёй пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да дванаццаці гадоў.
Марыя Рабкова знаходзіцца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскай з моманту яе затрымання. З-за нездавальняючых умоў у ізалятары, у праваабаронцы пачаліся праблемы з зубамі: адкалоўся пярэдні зуб і пачаў разбурацца і хварэць задні.
З пачатку траўня 2020 года на сябраў ПЦ "Вясна", дзе Марыя Рабкова з'яўляецца каардынатаркай валанцёрскай службы, аказваўся ціск. Члены арганізацыі былі адвольна затрыманыя і падвергнутыя судовага пераследу і арыштам за іх актыўную праваабарончую дзейнасць. У сакавіку 2021 года, Галоўным упраўленнем па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі цэнтральнага апарата Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь распачатая крымінальная справа па факце дзейнасці Праваабарончага цэнтра "Вясна" па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса - "арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Марыя Рабкова - адна з 4 прадстаўнікоў ПЦ "Вясна", якія знаходзяцца пад вартай, разам з Андрэем Чапюком, Леанідам Судаленкам і Таццянай Ласіцай.
Арганізацыя Front Line Defenders сур'ёзна занепакоеная прадаўжэннем тэрміну ўтрымання пад вартай для праваабаронцы Марыі Рабковай і судовым пераследам арганізацыі ПЦ "Вясна" і яе членаў. Абвінавачванні супраць Марыі Рабковай і яе затрыманне можна разглядаць як спробу крыміналізаваць яе законную праваабарончую дзейнасць і працу ПЦ "Вясна".
Front Line Defenders заклікае ўлады Беларусі неадкладна вызваліць Марыю Рабкову, зняць з яе абвінавачванні і спыніць пераслед праваабаронцаў ПЦ "Вясна", а таксама прадстаўнікоў іншых праваабарончых арганізацый у краіне.