“Працяг катаванняў сёння дашчэнту выпальвае нашу спакойную і бяспечную будучыню”
26 чэрвеня – Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў, які быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у 1997 годзе і штогод праводзіцца з мэтай выкаранення ўсіх відаў катаванняў і бесчалавечнага абыходжання.
У гэты дзень у 1987 годзе ўступіла ў сілу Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. На сённяшні дзень яе ратыфікавалі 162 краіны свету, уключаючы Беларусь.
Аднак мінулы год патрос нас маштабамі жорсткасці ўладаў у Беларусі і раскрыў некалькі відавочных фактаў: у недэмакратычных краінах стан свабоды ад катаванняў і забароненых відаў абыходжання вельмі крохкі і можа быць разбураны ў адзін момант; адсутнасць механізмаў прадухілення катаванняў непазбежна прыводзіць да таго, што ахвяры катаванняў застаюцца безабароннымі перад злачыннымі ўладамі, а дэманстратыўнае грэбаванне каштоўнасцямі правоў чалавека кіраўніцтвам дзяржавы робіць усе злачынствы беспакаранымі.
Год таму юрыст ПЦ “Вясна” Павел Сапелка разважаў пра тое, што ў беларускім законе і практыцы няма эфектыўных інструментаў барацьбы з катаваннямі, а потым надышоў крывавы жнівень з сотнямі параненых, тысячамі збітых, падвергнутых фізічнаму і псіхалагічнаму гвалту па палітычных і ідэалагічных матывах.
“Першыя дні пасля выбараў паказалі, што ўсе тыя негатыўныя ацэнкі, якія давалі праваабаронцы стану спраў у гэтай галіне, пацвердзіліся з ашаламляльнай дакладнасцю, і глыбіню падзення нам яшчэ трэба будзе спазнаць.
Дзесяць месяцаў бесперапыннага жаху, ніводнага расследаванага факту катаванняў - і гэта не мяжа. Беспакаранасць вінаватых ва ўчорашніх катаваннях, працяг катаванняў сёння дашчэнту выпальвае нашу спакойную і бяспечную будучыню”, – падкрэслівае праваабаронца.
Непрызнанне ўладамі відавочных фактаў катаванняў пакінула ахвяраў не толькі без кампенсацыі, пакарання вінаватых і гарантый непаўтарэння – вялікая частка не атрымала нават адэкватнага лячэння і псіхалагічнай дапамогі.
Але нават ва ўмовах татальнага падаўлення грамадства і інстытутаў, якія не прымаюць катаванні і змагаюцца з імі, ёсць тысячы смелых людзей, якія не спыняюцца ў сваіх намаганнях спыніць і прадухіліць катаванні.
“Я бязмерна паважаю тых з іх, хто, прайшоўшы жахі засценкаў спецслужбаў, настойліва патрабуе прыцягнення вінаватых у катаваннях да адказнасці. Я ўдзячны суайчынніцам і суайчыннікам, якія падтрымліваюць ахвяраў катаванняў і робяць намаганні па выкараненні беспакаранасці за межамі краіны. Я захапляюся ўчынкам адваката Андрэя Мачалава, які публічна заявіў аб катаваннях і збіцці грамадскай актывісткі Вольгі Залатар, выканаўшы коштам сваёй ліцэнзіі прафесійны і грамадзянскі абавязак. Я ганаруся калегамі, якія, нягледзячы на пераслед, працягваюць нястомна падтрымліваць у фокусе грамадскай і міжнароднай увагі тэму катаванняў у Беларусі”, – адзначае Павел Сапелка.
На дадзены момант Праваабарончым цэнтрам “Вясна” з дапамогай валанцёраў задакументавана больш за 2000 сведчанняў ахвяр катаванняў. Праведзены праваабаронцамі аналіз дазваляе сцвярджаць пра тое, што катаванні насілі масавы, сістэмны характар і з'яўляліся арганізаванай, палітычна матываванай карнай акцыяй уладаў па запалохванні беларускага грамадства.
"Мяне жорстка затрымалі, запалохвалі і пагражалі. Як зафіксаваць парушэнні правоў?"