viasna on patreon

Маці журналіста Івашына, у якога здарыўся сардэчны прыступ: «Яго могуць забіць»

2021 2021-06-29T12:04:19+0300 2021-06-29T12:46:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ivashyn_902.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Журналіст Дзяніс Івашын. Фота spring96.org

Журналіст Дзяніс Івашын. Фота spring96.org

Маці журналіста Дзяніса Івашына, у якога напярэдадні здарыўся сардэчны прыступ у горадзенскай турме, Людміла Івашына расказала, што ў сына раней не было праблем з сэрцам, а таксама — што магло стаць прычынай прыступу. Пра гэта піша БАЖ са спасылкай на Радыё Свабода. 

«Малю Бога, каб гэта было проста супадзенне»

«Дзянісу стала млосна ў карцэры. Ён паклікаў турэмнікаў, яму выклікалі лекара, які яго паглядзеў», — расказвае Людміла Івашына.

Калі дакладна гэта было, маці не ведае. Дзяніс сядзеў у карцэры з 19 па 24 чэрвеня. Гэта другое ягонае пакаранне карцэрам за парушэнне правілаў унутранага распарадку. За што менавіта, родныя не ведаюць. Першы раз яго змяшчалі ў карцэр на 7 дзён.

Калі Дзяніс выйшаў з карцэру ў пятніцу 25 чэрвеня, яго паказалі кардыолагу, які акурат прыехаў у турму, зрабілі кардыяграму, выпісалі тры лекі.

«Я малю Бога, каб гэта было проста супадзенне, што лекара ў той дзень выклікалі ў турму, а не спецыяльна да Дзяніса, бо інакш гэта бы значыла, што сыну было вельмі кепска», — кажа маці палітвязня.

«Пазняк напісаў, што Івашына могуць забіць»

Людміла Івашына ведае, што сына прыкладна двойчы на тыдзень возяць на гутаркі ў КДБ. Яна мяркуе, што яму могуць прапаноўваць супрацоўніцтва або прызнацца ў нейкіх злачынствах. Маці ўпэўненая, што сын не парушаў закон, таму прызнавацца няма ў чым.

«Я вельмі баюся, што падчас гутарак яму могуць прапанаваць гарбату, а туды дадаць усё, што заўгодна. Зянон Пазняк нядаўна напісаў у артыкуле, што Дзяніса Івашына могуць забіць. Я не ведаю, чаму ён так сказаў. Але Зянон Станіслававіч проста так не піша. Я спаць не магу! На Дзяніса накладвае адбітак пастаянны стрэс, з якога ён не выходзіць», — кажа маці.

Людміла Івашына ведае, што ў камеры цяпер вельмі спякотна і душна. Яна 25 чэрвеня хадзіла на прыём да намесніка начальніка гарадзенскай турмы. У просьбе перадаць Дзянісу ў камеру вентылятар ёй адмовілі.

Больш за месяц ад Дзяніса няма лістоў сваякам. За апошнія паўтара месяцы Івашыну ў турму прыйшлі толькі два лісты ад маці і жонкі, хаця яны пішуць лісты штотыдзень. 6 чэрвеня ў Івашына быў дзень народзінаў, аднак віншавальную тэлеграму ад маці яму таксама не перадалі.

«Намеснік начальніка, гледзячы мне проста ў вочы, з усмешкай адказаў: "Ня можа такога быць. Колькі пішуць — столькі атрымлівае". Гэта сапраўдныя катаванні», — пераказвае Людміла Івашына адказ службоўца наконт лістоў.

Дапоўнена: Людміла Івашына паведаміла, што сёння размаўляла з намеснікам начальніка турмы №1 у Гродне. Паводле яго слоў, "стан здароўя Дзяніса Івашына цяпер нармальны, апасенняў не выклікае. Лекі ёсць".

Справа Івашына. Галоўнае

Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму прад’явілі абвінавачаньне па 365 крымінальным артыкуле — «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».

Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманьне Івашына звязанае з ягоным апошнім расследаваннем пра былых украінскіх беркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП.

Журналіста затрымалі на наступны дзень пасля таго, як ён даў інтэрв'ю пра гэта расейскамоўнаму тэлеканалу «Настоящее время».

Дзянісу Івашыну 42 гады, ён жанаты. Па адукацыі эканаміст і палітолаг. Працаваў журналістам у незалежнай газеце «Новы час» і міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая даследуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны. Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, праз што ён і газета «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сірыю.

Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, звязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманне і заявіла, што журналісцкая дзейнасць не можа быць прычынай пераследу.

У траўні ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусцілі развітацца з ёй. Са словаў сваякоў, ліставанне з Дзянісам нерэгулярнае, многія лісты не даходзяць.

Дзяніс Івашын прызнаны палітвязнем. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства