viasna on patreon

За чэрвень па “пратэсных” крымінальных справах асуджана не менш за 125 чалавек

2021 2021-07-01T12:26:00+0300 2021-10-01T14:59:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/latypov_sud_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Cцяпан Латыпаў у судзе 1 чэрвеня. Фота: spring96.org

Cцяпан Латыпаў у судзе 1 чэрвеня. Фота: spring96.org

Праваабарончы цэнтр “Вясна” вядзе бесперапынны маніторынг палітычна матываваных крымінальных спраў, узбуджаных летась з пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта, а таксама ў сувязі з пратэстамі супраць татальнай фальсіфікацыі іх афіцыйных вынікаў.

Другі год сістэма беларускіх праваахоўных органаў мэтанакіравана выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі для пераследу тых, хто заяўляў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі на старце выбарчай кампаніі, актывістаў выбарчых штабоў, а таксама грамадзян, якія спачатку не пагадзіліся з дэманстрацыйнай фальсіфікацыяй вынікаў галасавання, а потым выказалі свой пратэст супраць улады, якая ўчыніла жорсткія і беспакараныя катаванні над затрыманымі выключна ў сувязі з рэалізацыяй імі сваіх асноўных правоў і свабод.

Па стане на 1 ліпеня колькасць палітвязняў, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях, папраўчых установах адкрытага тыпу, змешчаныя ў СІЗА і пад хатні арышт, складае 526 чалавек. З іх 347 чалавек ужо асуджаныя да розных тэрмінаў пакарання, у  дачыненні да 61 – ідзе судовае разбіральніцтва, яшчэ 118 палітвязняў чакаюць суда.

За чэрвень колькасць палітычных зняволеных узрасла на 88 чалавек.

Праваабарончаму цэнтру Вясна вядома пра не менш за 125 асуджаных па пратэсных крымінальных справах у першым летнім месяцы. З іх 20% складаюць жанчыны, 80% – мужчыны.

Варта адзначыць, што 39.2% грамадзян былі асуджаныя у чэрвені па дыфамацыйных артыкулах (арт. 367, 368, 369, 370, 391), на выключэнні якіх з Крымінальнага кодэкса доўгі час настойвае праваабарончая супольнасць.

ПЦ «Вясна» вядома пра не менш за трох грамадзян, абвешчаных у вышук у сувязі з іх пераследам па дыфамацыйных артыкулах, і двух абвінавачаных, якія ўцяклі ад пераследу па артыкуле аб масавых беспарадках.

Геаграфія прысудаў па пратэсных крымінальных справах у чэрвені выглядае наступным чынам:

  • Мінск – 21 чалавек;
  • Брэсцкая вобласць – 40 чалавек (Брэст, Баранавічы, Бяроза, Пінск, Кобрын, Ганцавічы)
  • Гродзенская вобласць – 21 чалавек (Гродна, Ліда, Масты, Дзятлава, Карэлічы, Свіслач)
  • Мінская вобласць – 12 чалавек (Мінскі раён, Салігорск, Жодзіна, Маладзечна, Старыя дарогі)
  • Магілёўская вобласць – 11 чалавек (Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Круглае)
  • Гомельская вобласць – 14 чалавек (Гомель, Жлобін, Светлагорск, Мазыр)
  • Віцебская вобласць – 6 чалавек (Віцебск, Лепель, Чашнікі)

Віды і памеры пакарання па пратэсных крымінальных справах

Сумарна за чэрвень па палітычна матываваных крымінальных справах, вядомых “Вясне”, суды вынеслі:

  • 131 год 9 месяцаў пазбаўлення волі для 44 чалавек;
  • 71 з паловай год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”) для 34 человек;
  • 63 гады абмежаванні волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”) для 38 чалавек;
  • 1 год і 3 месяцы арышту для 5 чалавек;
  • 500 базавых велічынь штрафу для 4 человек.

Падчас маніторынгу палітычна матываваных крымінальных спраў за мінулы месяц вядома пра не менш за пяць грамадзян, судовае разбіральніцтва ў дачыненні да якіх скончылася рашэннем аб ўжыванні да іх мераў прымусовага лячэння (у трох выпадках крымінальная справа была звязана з паклёпам і абразай прэзідэнта, у двух, дзе да грамадзян ужыты арышт разам з мерамі прымусовага лячэння, – у сувязі са здзекам над дзяржаўнай сімволікай).

У дачыненні да Сяргея Шашко крымінальны пераслед быў спынены ў сувязі з уступленнем у сілу заканадаўчага акта, які ліквідуе каральнасць дзеі.

За чэрвень па “пратэсных” крымінальных справах беларускія суды ў 35,2% выпадкаў прызначылі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі; у 27.2% выпадкаў - абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, так званая “хімія”; а у 30.4% выпадкаў грамадзяне былі пакараныя абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Арышт ужываўся у 4% выпадкаў. Штраф як асноўны від пакарання выкарыстоўваўся ў 3.2% выпадкаў.

Такім чынам, пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе “хіміі”, “хатняй хіміі”, арышту ўжывалася беларускімі судамі ў 96.8% выпадкаў.

Правы чалавека ў Беларусі як закладнік геапалітычнай сітуацыі

Важна адзначыць, што ў жніўні мінулага года Расійская Федэрацыя стала адзінай з суседніх дзяржаваў, якая не толькі прызнала вынікі прэзідэнцкіх выбараў, але і выказала падтрымку афіцыйнаму Мінску ў сувязі з гвалтоўным спыненнем маніфестацый супраць фальсіфікацый вынікаў галасавання і палітычна матываваных катаванняў іх удзельнікаў.

На фоне санкцыйнага ціску на беларускі рэжым з боку краін ЕЗ і ЗША ў сувязі з масавымі парушэннямі правоў чалавека адбываецца паглыбленне інтэграцыйных працэсаў Беларусі з Расіяй у межах Саюзнай дзяржавы. Вялікую ролю адыгрывае геапалітычны фактар у выглядзе магчымасці ўплыву на сітуацыю з правамі чалавека з боку ўсходняга суседа Беларусі.

Заява 1 чэрвеня прэс-сакратара расійскага прэзідэнта Дзмітрыя Пяскова аб тым, што тэмы правоў чалавека не стаяць высока на парадку дня сустрэч Пуціна і Лукашэнкі”, дазваляюць зрабіць выснову: спыненне рэпрэсій у дачыненні да беларускіх грамадзян не з'яўляецца прыярытэтам для беларускіх уладаў як у прававым полі, так і ў знешнепалітычнай павестцы. Па сутнасці, праблема гуманітарнай катастрофы ў цэнтры Еўропы ў выглядзе масавых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі стала закладнікам геапалітычнага становішча.

Галоснасць па пратэсных крымінальных справах

Праваабарончы цэнтр “Вясна” фіксаваў у чэрвені паўсюднае абмежаванне галоснасці судовых разбіральніцтваў па “пратэсных” крымінальных справах, якое мела розныя формы праяўлення.

Падчас судовага разбіральніцтва па крымінальнай справе аб масавых беспарадках ў Брэсце над чацвёртай часткай абвінавачаных на месцах для слухачоў амаль нічога не было чуваць у сувязі з перабоямі ў працы мікрафонаў, у якія гавораць удзельнікі працэсу. У дзень вынясення прысуду чацвёртай партыі абвінавачаных па “карагоднай справе” у залю пасяджэння не змаглі трапіць каля трыццаці чалавек.

На абвяшчэнне прысуду валанцёрам штаба Віктара Бабарыкі Ігара Ярмолава, Дзмітрыя Канапелькі, Уладзіслава Карэцкага і Мікалая Сасева не пусцілі ўсіх ахвочых, хто прыйшоў да залі судовага пасяджэння.

Толькі аднаго слухача разам са сваякамі пусцілі ў залю пасяджэння па абвінавачанні Вадзіма Ермаловіча ў абразе камандзіра АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыя Балабы. Мужчына быў асуджаны судом Першамайскага раёна Віцебска да 1,5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ.

На працяг судовага разбіральніцтва над палітвязнем Сцяпанам Латыпавым пасля яго шпіталізацыі трапілі толькі яго блізкія сваякі і прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса.

Падчас разгляду крымінальнай справы аб масавых беспарадках ў Пінску над другой часткай абвінавачаных супрацоўнікі канвою, якія дастаўляюць фігурантаў справы ў суд, забаранялі слухачам запісваць аўдыё пасяджэння на мабільныя тэлефоны, перашкаджалі таму, каб прысутныя карысталіся мабільнымі тэлефонамі, і патрабавалі выключыць усе прылады.

У першы дзень разбіральніцтва па абвінавачанні брэсцкай актывісткі Паліны Шарэнда-Панасюк супрацоўнікі канвою праводзілі працэдуру асабістага вобшуку слухачоў, якія прыйшлі ў залю пасяджэння, і загадвалі ўсім выключыць мабільныя прылады. Жанчына была асуджаная судом Маскоўскага раёна Брэста да двух гадоў пазбаўлення волі і прызнаная праваабарончай супольнасцю палітзняволенай.

Падчас судовага пасяджэння па абвінавачанні Мікалая Лёгкага ў абразе службовай асобы прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачання настойваў на тым, што аўдыё разбіральніцтва можна рабіць толькі з дазволу суддзі. Мужчына быў асуджаны судом Жлобінскага раёна да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ.

На разбіральніцтва па абвінавачанні 12 фігурантаў справы аб масавых беспарадках і знішчэнні маёмасці ў выязным пасяджэнні суда Завадскога раёна Мінска ў будынку Дома правасуддзя пускаюць толькі дваццаць чалавек з ліку сваякоў абвінавачаных. Незалежным СМІ адмоўлена ў акрэдытацыі. Супрацоўнікі канвою загадвалі блізкім абвінавачаных выдаліць усе запісы судовага разбіральніцтва з мабільных прыладаў і дыктафонаў.

Даследаванне пісьмовых матэрыялаў справы па крымінальнай справе Андрэя Жулякова ў абразе Аляксандра Лукашэнкі праводзілася ў закрытым рэжыме ў сувязі з наяўнасцю матэрыялаў, якія прыніжаюць гонар і годнасць апошняга. Андрэй Жулякоў асуджаны да аднаго году пазбаўлення волі і прызнаны палітвязнем.

Вывучэнне пісьмовых матэрыялаў справы па абвінавачанні Аляксея Спірыдонава праходзіла ў закрытым рэжыме ў сувязі з наяўнасцю ў іх інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкімі матэрыяламі. Мужчына асуджаны да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ за паведамленні ў чатах Telegram.

Пасяджэнне па абразе супрацоўніка міліцыі шляхам учынення каментара ў выглядзе эмодзі ў дачыненні да Вольгі Кронда суд у Івацэвічах пастанавіў зрабіць закрытым па хадайніцтве пацярпелага супрацоўніка Руслана Куцко.

Адміністратараў telegram-чату “Кіроўцы 97%” Дзяніса Гуціна, Таццяну Вішняк, Вікторыю Кульша і Таццяну Шкробат асудзілі ў закрытым судовым пасяджэнні ў судзе Завадскога раёна Мінска. Пры гэтым на абвяшчэнне рэзалютыўнай часткі прысуду, якая агалошваецца публічна ў сілу ч. 4 арт. 23 КПК, супрацоўнік у цывільным пускаў у залю суда толькі блізкіх сваякоў фігурантаў справы.

У закрытым судовым пасяджэнні ў Магілёве асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі палітвязень Дзмітрый Лукашэвіч за выраб і спальванне лялек, якія адсылаюць да найвышэйшых службовых асобаў.

Таксама ў закрытым рэжыме праходзіў разгляд крымінальнай справы па абвінавачанні Яўгена Талкачова ў абразе прэзідэнта ў судзе Буда-Кашалёўскага раёна.

У закрытым судовым паседжанні ў Мазыры асуджаная Тамара Шалупанава за абразу прэзідэнта да 1,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.

У Магілёве ў закрытым судовым пасяджэнні да прымусовых мер бяспекі і лячэння асуджаны Міхаіл Ляпейка за абразу прэзідэнта.

Суд Цэнтральнага раёна Мінска ў закрытым судовым пасяджэнні разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да Дана Жуковіча, які абвінавачваўся ў гвалце над супрацоўнікам органаў унутраных спраў у ходзе адвольных затрыманняў у канцы сакавіка 2021 года. Суд пастанавіў вызваліць абвінавачанага ад крымінальнай адказнасці за здзейсненае ў стане непрытомнасці грамадска небяспечнага дзеяння, якое падпадае пад прыкметы злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 363 КК, і прызначыў Дану Жуковічу прымусовыя меры бяспекі і лячэння ў псіхіятрычным стацыянары з узмоцненным назіраннем.

У закрытым судовым пасяджэнні адбывалася судовае разбіральніцтва ў судзе Завадскога раёна Мінска ў дачыненні да Вольгі Сінялёвай, якая абвінавачвалася ў адмове здаваць кватэру супрацоўніцы пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска Аліне Кас'янчык пасля таго, як даведалася, што тая падтрымлівала дзяржабвінавачанне па шэрагу рэзанансных палітычна матываваных крымінальных спраў. Жанчына асуджана да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.

Катавальнае правасуддзе

Разам з абмежаваннем галоснасці “пратэсных” крымінальных справаў маніторынг дазваляе выявіць значную частку судовых працэсаў, дзе фігуранты заяўляюць аб недазволеных прыёмах вядзення следства на стадыі папярэдняга расследвання.  Суддзі і прадстаўнікі дзяржаўнага абвінавачвання дадзеныя факты пакідаюць без ацэнкі і рэакцыі непасрэдна падчас крымінальнага судаводства.

Падчас судовага пасяджэння абвінавачаны ў абразе прэзідэнта Юрый Вінічук заявіў аб тым, што пасля затрымання яго збілі супрацоўнікі міліцыі – пашкодзілі рэбры і сківіцу. Пры гэтым ён адзначыў, што не звяртаўся з заявай аб здзяйсненні ў дачыненні да яго злачынства. Мужчына асуджаны на паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ.

Праз два тыдні на сайце Генпракуратуры з'явілася публікацыя, у якой сцвярджаецца аб тым, што ў ходзе пракурорскай праверкі факты нанясення цялесных пашкоджанняў Юрыю Вінічуку не пацвердзіліся, а “размешчаная ў Telegram-канале Вясна/Брэст інфармацыя непраўдзівая і скажоная ў мэтах дыскрэдытацыі дзяржаўных органаў”.

У сувязі з гэтым варта адзначыць, што Праваабарончы цэнтр “Вясна” ажыццяўляе маніторынг крымінальных спраў, прытрымліваючыся прынцыпу аб'ектыўнасці пры перадачы інфармацыі аб ходзе іх разгляду. Акрамя аб'ектыўнасці, уяўляецца важным ўлічваць і паўнату інфармацыі аб ходзе судаводства.  Таму ПЦ “Вясна” апублікаваў звесткі, агучаныя абвінавачаным у тым ліку і пра тое, што сам фігурант крымінальнай справы не звяртаўся па дапамогу ў медыцынскую ўстанову і праваахоўныя органы.  Прадметам публікацыі не з'яўлялася ацэнка дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі падчас затрымання і вядзення працэсуальных дзеянняў у дачыненні да падазраванага ў абразе прэзідэнта.

Варта адзначыць і тое, што падобныя дзеянні ведамства, адказнага за абарону правоў і свабодаў грамадзян, выглядаюць асіметрычнымі на фоне шматтысячных заяў пра катаванні ў памяшканнях тэрытарыяльных органаў унутраных спраў, падчас транспарціроўкі ў спецтранспарце і ў ізалятарах са жніўня мінулага года да гэтага часу. Важным уяўляецца і тое, што крытэрам дакладнасці інфармацыі аб ацэнцы правамернасці дзеянняў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў могуць служыць відэа затрымання, правядзення працэсуальных дзеянняў, а таксама дастаўлення ў ІЧУ, куды абвінавачанага Юрыя Вінічука адмовіліся прыняць у сувязі са станам здароўя.

Пра ціск падчас папярэдняга следства заяўляў сведка Дзмітрый Снегіроў па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Брэсце над трэцяй партыяй абвінавачаных.  У судзе ён заявіў, што ўзамен на спыненне ў дачыненні да яго крымінальнай справы следчы “прапанаваў” яму апазнаць абвінавачанага Вадзіма Жылінскага на відэазапісы. Сведка адказаў сцвярджальна на пытанне абвінавачанага палітвязня Дзяніса Жука пра тое, ці падвяргаўся ён ціску ў ходзе папярэдняга следства ў момант, калі заставаўся са следчым сам-насам без адваката.

Фігурант крымінальнай справы аб абразе прэзідэнта і знявазе над дзяржаўным сцягам у Мастах Сяргей Бурак заяўляў у судзе пра ціск на стадыі папярэдняга следства. Мужчына быў асуджаны да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ.

У ходзе транспарціроўкі ў будынак суда Першамайскага раёна Віцебска Вадзіма Ермаловіча, якога абвінавачвалі ў абразе камандзіра АМАП ГУУС Мінгарвыканкама, дастаўлялі ў залю ў позе “белы лебедзь” – тулава сагнутае, рукі ў кайданках ззаду і ўверсе.

Пра здзекі заявіў фігурант справы аб грубым парушэнні грамадскага парадку Іван Багдзевіч.  Мужчына распавёў падчас судовага паседжання, што “ГУБАЗіК ужыў у дачыненні да яго фізічную сілу: для гэтага яго вывозілі ў лес.  Палітвязень асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі.

Пра катаванні заяўляў падчас суду валанцёр штаба Віктара Бабарыкі Ігар Ярмолаў, асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі за падрыхтоўку масавых беспарадкаў. 

Аб збіцці з мэтай прызнальных паказанняў заяўлялі фігуранты справы аб падпале “Табакеркі” ў Бабруйску Аляксандр Назаровіч і Аляксандр Мар'ясаў.  Яны былі асуджаныя да васьмі і да сямі з паловай гадоў пазбаўлення волі адпаведна.

Падчас разгляду крымінальнай справы аб адміністраванні telegram-чатаў Марыяй Несцеравай, абвінавачаная заявіла, што яе збівалі падчас затрымання, пасля чаго без адваката дамагліся ў яе прызнальных паказанняў, ад якіх яна адмовілася ў судзе. Судом Завадскога раёна Мінска палітзняволеная асуджаная да трох гадоў пазбаўлення волі за перапіскі ў Telegram.

У выязным пасяджэнні судом Завадскога раёна Мінска разглядаецца крымінальная справа аб масавых беспарадках, узбуджаная па факце дзейнасці telegram-чата.  Адзін з 12 фігурантаў гэтай справы, Давід Слашчоў, пасля катаванняў з мэтаю змусіць агаварыць сябе і прызнаць віну, быў вымушаны схавацца ад пераследу ў іншай краіне. Ён распавёў “Вясне” аб тым, як з яго “выбіваліся паказанні”.  Праваабаронцам вядома, што і іншыя фігуранты гэтай справы заяўляюць пра катаванні ў ходзе судовага разбіральніцтва, але па просьбе сваякоў да вынясення прысуду гэтая інфармацыя не публікуецца, а імёны ахвяраў катаванняў – не агучваюцца.

У судзе Маскоўскага раёна Мінска разглядаецца крымінальная справа ў дачыненні да антыфашыстаў Віталя Шышлова, братоў Цімура і Тамаза Піпія, Дзяніса Болтуця.  Падчас судовага разбіральніцтва фігуранты гэтай справы знаходзяцца ў металічнай клетцы ў кайданках за спіной.  У анамальна гарачае надвор'е абвінавачаныя не могуць нават папіць вады.  Абгрунтаванне такім мерам тлумачыцца тым, што фігуранты больш за восем месяцаў ўтрымліваюцца пад вартай і састаяць на прафілактычным уліку ў СІЗА.

Падчас дачы паказанняў сведак мама Віталя Шышлова заявіла, што яе сына катавалі.  Пазней сам абвінавачаны Віталь Шышлоў распавёў, што быў падвергнуты катаванням супрацоўнікамі праваахоўных органаў з мэтай прымусу да дачы прызнальных паказанняў: Білі, залівалі балончыкам, вывозілі ў лес.  Мне казалі, што казаць, калі не падабаўся адказ або не атрымоўвалася - білі і запіс пачыналі зноўку.

Абвінавачаны па гэтай жа крымінальнай справе Цімур Піпій таксама заявіў, што падвяргаўся катаванням пасля затрымання з мэтаю змусіць яго да прызнальных паказаннях: “Пасля затрымання паклалі тварам у падлогу ў мікрааўтобусе, па шляху ў Следчы камітэт сілавікі білі яго рукамі і электрошокерам каля дзвюх гадзінаў, а паміж гэтым казалі, што трэба будзе казаць, а калі ён будзе адмаўляцца, то наступныя некалькі гадзін катаванні паўтарацца.

Велізарны грамадскі рэзананс выклікаў у грамадстве ўчынак палітвязня Сцяпана Латыпава, які ў ходзе разгляду крымінальнай справы ў судзе Савецкага раёна Мінска заявіў аб тым, што супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС падвяргалі яго катаванням з мэтай прызнання віны, пасля чаго мужчына праткнуў сабе шыю, уставіўшы ў вобласць горла асадку. У судовым пасяджэнні быў аб'яўлены перапынак, разгляд справы аднавіўся праз дзесяць дзён.

Афіцыйная прадстаўніца ГУУС Мінгарвыканкама Наталля Ганусевіч так  пракаментавала інцыдэнт з палітвязнем: “Супрацоўнікі міліцыі аператыўна аказалі 41-гадоваму мінчуку першую дапамогу. У цяперашні час ён знаходзіцца ў медыцынскай установе.  На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група. 

Звестак аб тым, што па факце заявы Сцяпана Латыпава аб катаваннях, праводзіцца праверка ў дачыненні да тых, хто прымушаў яго даць прызнальныя паказанні, грамадскасці не прадстаўлена.

Прэзумпцыя невінаватасці 

Дзяржаўныя СМІ называюць фігурантаў крымінальных спраў вінаватымі яшчэ да вынясення прысуда, а часам ад службовых асобаў агучваецца заўчасная ацэнка дзеянняў абвінавачаных і адназначая выснова аб вінаватасці да паступлення справы ў суд.  Разам з тым, падобныя дзеянні не сумяшчальныя з прэзумпцыяй невінаватасці, паколькі да ўступлення ў сілу выраку суда прэзумпцыя невінаватасці не падлягае ніякім абмежаванням.

19 верасня мінулага года, за дзевяць месяцаў да пачатку разгляду крымінальнай справы ў дачыненні да Сцяпана Латыпава ў судзе, на тэлеканале “Беларусь 1” быў апублікаваны сюжэт, дзе вядучая навін пракаментавала выстаўленае ў адрас палітвязня абвінавачванне:

“Яшчэ адзін кадр, Сцяпан Латыпаў, меў намер выкарыстоўваць атрутныя рэчывы супраць міліцыі.

У гэтым жа роліку супрацоўнік ГУБАЗіК на ананімнай аснове пракаментаваў абвінавачванне ў дачыненні да Сцяпана Латыпава:

“Выявілася тое, што галоўным героем гэтай нячыстай гісторыі з'яўляецца адзін з каардынатараў і актыўных удзельнікаў масавых беспарадкаў у горадзе Мінску.  Праз інтэрнэт-мэсэнджэры, сацыяльныя сеткі і асабіста ён займаўся зборам грошай на падрыўную дзейнасць па дыскрэдытацыі органаў улады і кіравання, супраць супрацоўнікаў міліцыі.  Арганізоўваў несанкцыянаваныя акцыі ў сталіцы па размяшчэнні на фасадах будынкаў забароненай сімволікі - муралаў.  З дапамогай спецыяльных тэхнічных сродкаў зафіксаваныя звесткі аб намерах Сцяпана прымяніць хімічныя прэпараты першага класа небяспекі, якія змяшчаюць яд Діфасфін, супраць супрацоўнікаў міліцыі і іншых асоб, звесткі аб якіх размешчаны ў адным з дэструктыўных телеграм-каналаў.  Сцяпан выношваў планы апрацаваць атрутнымі рэчывамі іх зямельныя надзелы і лецішчы, і развеяць гэтыя рэчывы паблізу баявых парадкаў АМАПу, унутраных войскаў падчас пратэставых акцый.  Як ён сам згадваў, ён хоча, каб яны сышлісь ванітамі.

Маніторынг крымінальнай справы па абвінавачванні палітвязня Сцяпана Латыпава паказаў, што незаконныя дзеянні па абыходжанні з небяспечнымі хімічнымі рэчывамі яму нават не ставяцца ў віну. На афіцыйным сайце Следчага камітэта за два месяцы да пачатку разгляду крымінальнай справы Сцяпана Латыпава размешчана інфармацыя аб яго дачыненні да махлярства ў асабліва буйным памеры.

6 ліпеня будзе вынесены прысуд па знакавай ў гісторыі Беларусі крымінальнай справе палітвязню Віктару Бабарыку.  Варта адзначыць, што з самага пачатку пераследу экс-кіраўніка Белгазпрамбанка службовыя асобы і дзяржаўныя СМІ заўчасна давалі ацэнку тым дзеянням, у якіх абвінавачваўся паспяховы банкір, які заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі. Выбарчая кампанія Віктара Бабарыкі на самым старце збору подпісаў за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты мела грандыёзны поспех і водгук у грамадстве.  17 лютага, у першы дзень асноўнага пасяджэння па крымінальнай справе ў дачыненні да топ-мэнэджараў “Белгазпрамбанка”, за чатыры з паловай месяцы да вынясення прысуду, Генеральны пракурор Андрэй Швед пракаментаваў пачатак працэсу:

Сабраны досыць вялікі масіў доказаў, якія сведчаць аб тым, што гэта абсалютна карупцыйная  справа, гэта чыстай вады крымінальшчына.

“Справа аб паразе ў правах Віктара Бабарыкі” - прамова адваката палітвязня па “справе Белгазпрамбанка”

22 чэрвеня дзяржаўнае абвінавачанне запатрабавала максімальнае пакаранне для палітвязня Віктара Бабарыкі – 15 гадоў пазбаўлення волі. Для астатніх фігурантаў “справы Белгазпрамбанка” абвінавачанне таксама запатрабавала абвінаваўчы прысуд, але менш строгае пакаранне.

Больш чым за тры месяцы да пачатку разгляду крымінальнай справы ў дачыненні да палітвязня Сяргея Ціханоўскага на афіцыйным сайце Следчага камітэта апублікаваны артыкул “Як распальвалася варожасць: у СК распавялі падрабязнасці па справе С.Ціханоўскага”.

У матэрыяле сцвярджаецца аб тым, што Сяргей Ціханоўскі распрацоўваў і рыхтаваў план па арганізацыі вулічных беспарадкаў у Мінску падчас прэзідэнцкіх выбараў – 2020 года. Як расказаў першы намеснік начальніка ГСУ Следчага камітэта Аляксандр Агафонаў, абвінавачаныя каля года актыўна займаліся падрыхтоўкай і арганізацыяй вулічных беспарадкаў у Беларусі.

Прадстаўнік СК таксама сцвярджае, што ідэалогіяй арганізацыі беспарадкаў з'явілася распальванне Ціханоўскім і яго саўдзельнікамі [...] сацыяльнай варожасці ў краіне.  Устаноўлена, што Ціханоўскі ў ютуб-канале Краіна для жыцця і аднайменным телеграм-канале адкрыта заклікаў да гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, сваімі выказваннямі распальваў сацыяльную варожасць ў грамадстве па прыкметах сацыяльнай прыналежнасці.

Аляксандр Агафонаў распавядае:

Аднак і гэта яшчэ не ўсё.  Вядома, што ў траўні мінулага года Ціханоўскі перашкодзіў працы Цэнтральнай выбарчай камісіі і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, пагражаючы Старшыні камісіі, Лідзіі Ярмошынай, а таксама публічна заклікаючы ўварвацца ў яе дом.

24 чэрвеня дзяржаўны тэлеканал “Беларусь 1” апублікаваў матэрыял, у якім суправадзіў пачатак разгляду крымінальнай справы ў закрытым рэжыме над Сяргеем Ціханоўскі, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, Арцёмам Сакавым, Уладзімірам Цыгановічам і Дзмітрыем Паповым сваёй ацэнкай:

У наяўнасці самы сапраўдны крымінал, аднак нават у гэтай сітуацыі некаторыя спрабуюць усё перавярнуць з ног на галаву і прадставіць простых крымінальнікаў ў выглядзе ахвяраў рэжыму, але ва ўсім разбярэцца суд.

Справа Сяргея Ціханоўскага: якія высновы можна зрабіць да пачатку разгляду ў судзе

Год таму, у траўні 2020-га, у Беларусі стартавала выбарчая кампанія па выбарах Прэзідэнта. Да выбараў-2020 многія падыходзілі даволі скептычна ў сувязі з першай хваляй пандэміі COVID-19 і фактычна выпаленым палітычным полем з-за масавых парушэнняў правоў чалавека падчас папярэдніх электаральных кампаній па выбарах кіраўніка дзяржавы.

Крымінальны пераслед па палітычных матывах. Беларусь 2020-2021 гг.

Гэты даклад стаў чарговым у серыі дакладаў, закліканых павысіць інфармаванасць грамадскасці, нацыянальных і міжнародных інстытутаў, дзяржаўных органаў аб парушэннях правоў чалавека ў 2020-2021 гадах у Беларусі падчас выбараў прэзідэнта і поствыбарчы перыяд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства