viasna on patreon

Амаль месяц разглядаецца справа дзесяці палітвязняў: некаторыя з іх заяўляюць пра катаванні

2021 2021-07-01T14:53:17+0300 2021-07-01T17:21:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sprava_11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заводзкі суд у будынку Ленінскага суда ўжо амаль месяц разглядае справу дзесяці палітвязняў, якіх абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: 293, 218, 295. Справу разглядае суддзя Дзмітрый Астапенка. Дзяржабвінавачанне падтрымлівае старшы памочнік пракурора Ленінскага раёна Аляксандр Рамановіч.

Суд праходзіць у напаўзакрытым рэжыме: на яго пускаюць не ўсіх, слухачоў прымушаюць выдаляць аўдыёзапісы пасяджэння. Некалькі палітвязняў заявілі аб катаваннях падчас затрымання або напісання «чыстасардэчных прызнанняў». «Вясна» распавядае, што вядома пра гэтую справу.

Колькі абвінавачаных па справе?

Першапачаткова па справе было 12 абвінавачаных. З восені 2020 года на волі знаходзіўся толькі адзін: Давід Слашчоў. На першых пасяджэннях па справе ён прысутнічаў і даваў паказанні, але на наступнае не з'явіўся: хлопца абвясцілі ў вышук і змянілі яму меру стрымання з падпіскі аб нявыездзе на заключэнне пад варту. Таксама ягоную крымінальную справу вылучылі ў асобную. Ён адзіны з абвінавачаных, хто хаця б часткова прызнаў віну на судзе.

Фігурант "справы 11-ці ўдзельнікаў чата": Карпянкоў асабіста здымаў "пакаяльнае відэа" на камеру

Давід распавёў "Вясне" аб гэтай крымінальнай справе, аб збіцці і ціску, якому падвергнуліся яго фігуранты і пра тое, што асабіста яму давялося перажыць падчас следства.

Такім чынам, у справе засталося 11 чалавек, дзесяць з якіх — палітвязні:

У чым іх абвінавачваюць?

Пасля затрымання ўсім мужчынам прад'явілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. На судзе стала вядома, што ім таксама інкрымінуецца злачынства па ч.3 арт. 218 КК. Апошні артыкул прад'яўлены праз арт.13 КК. Юрыю Бялько таксама выстаўленыя абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 295 КК: пры ператрусе ў ягоным гаражы знайшлі зброю.

Усіх іх вінавацяць ва ўдзеле ва ўдзеле ў телеграм-чаце «радыкальнага напрамку». У паказаннях фігуруюць некалькі чатаў — у прыватнасці, «ОГСБ» (Отряд гражданской самообороны), «Подработка Минск», «100», «101». Акрамя гэтага — у намеры пашкодзіць або знішчыць тры «Табакеркі».

Што кажуць абвінавачаныя?

Давід Слашчоў даваў паказанні

Падчас папярэдняга следства і першага судовага пасяджэння Давід Слашчоў актыўна даваў паказанні: распавядаў падрабязнасці абмеркаванняў у чаце, адзначаў ступень удзелу розных людзей у асабістых сустрэчах, апазнаваў абвінавачаных па фатаграфіях і ў залі суда. Падчас папярэдняга следства ён прызнаў сваю віну ў поўным аб'ёме. На судзе заявіў, што прызнае сябе вінаватым толькі ў частцы «падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках, які суправаджаецца падпаламі». Ён адзначыў, што ён абмяркоўваў планы, але не меў намеру дзейнічаць. Ён прызнаў сваю віну ў частцы адной табакеркі.

Малады чалавек апісаў некалькі асабістых сустрэч удзельнікаў розных чатаў. У прыватнасці, адзначаў, што ўдзельнікі чата «101» сустракаліся двойчы: на адной з такіх сустрэч яны хацелі раскідаць па дарозе «ежей», але прыйшлі да таго, што не трэба гэтага рабіць, і разышліся па дамах. У далейшым не планавалі здзяйсняць падобнае.

Абвінавачаны блытаўся ў частцы паказанняў. Калі адзін з адвакатаў спытаў, у чым выказваўся папярэдняя змова з групай асоб і якія канкрэтна дзеянні былі зробленыя, Слашчоў адзначыў, што гэта былі толькі словы.

Адвакат: «Вы кажаце, што група была створана для "партызаншчыны" — чым гэта пацвярджаецца, чаму вы зрабілі такую выснову і што вы разумееце пад партызаншчынай?»
Слашчоў: «Я казаў, што гэта здагадка».


Адвакат: «Ці вядома вам з пэўнасцю, па чыёй ініцыятыве, для якіх мэтаў, кім быў створаны чат?»
Слашчоў: «Не, невядома».


Адвакат: «У судзе вы сказалі, што падчас апошняй сустрэчы 29 верасня збіраліся здзяйсняць падпал. На следстве сказалі, што хацелі абмеркаваць падпал або запеньванне, агледзець мясцовасць».
Слашчоў: «Я казаў, што на апошняй сустрэчы планавалася і папярэдняя сустрэча, і падпал».
Адвакат: «Чаму тады на следстве вы казалі няпраўду?»
Слашчоў: «На следстве ў мяне быў стрэс. Я коратка растлумачыў усю сітуацыю».
Адвакат: «Але гэта зусім розныя мэты. Дзе няпраўда?»
Слашчоў: «Не магу адказаць».
Адвакат: «У якой яшчэ частцы вашы паказанні заснаваныя на стрэсе і не адпавядаюць?»
Слашчаў: «Не ведаю».


Адвакат: «Учора і сёння прызналі вінаватым у падрыхтоўцы да падпалу табакеркі, якую хацелі падпаліць 29 верасня. Патлумачце, калі ласка: 4 снежня падчас допыту вы паказалі, што ўсе асобы, якія ішлі туды, ішлі з мэтай пашкодзіць табакерку. Але ў вашыя мэты гэта не ўваходзіла: вы ішлі забраць рэчы, якія вам належаць. Па якой прычыне зноў даеце недакладныя паказанні, якімі спрабуеце выгарадзіць сябе і абвінаваціць іншых асобаў?»
Слашчоў: «Цяжка адказаць на вашае пытанне».

Дзмітрый Ластоўскі заявіў пра ціск пры напісанні «чыстасардэчнага прызнання»

Палітвязень Дзмітрый Ластоўскі адзначыў, што ён апалітычны чалавек, яго задавальняла тое, што ў яго было: сям'я, праца. Адзначыў, што ў чаце «Подработка Минск» ён шукаў сабе памочніка па працы. Адзначыў, што там абмяркоўвалася інфармацыйная нагода дня. У чат «100» уступіў прыкладна на суткі, ліставанне не чытаў, бачыў, што там абмяркоўваліся палітычныя падзеі ў краіне. З усіх абвінавачаных знаёмы з Юрыем Бялько: гэта сваяк яго жонкі, з якім у Дзмітрыя прыяцельскія адносіны. Ластоўскага затрымалі, калі ён прыехаў да яго ў гараж, каб вырашыць праблемы з машынай.

«Я не ўдзельнічаў у падрыхтоўках да масавых беспарадкаў, не збіраўся нічога псаваць, — сказаў Ластоўскі. — Я быў без паняцця, што рыхтаваліся нейкія падпалы — як я мог у іх удзельнічаць?

Пасля затрымання я пісаў чыстасардэчнае прызнанне пад псіхалагічным ціскам і пагрозамі жыццю і здароўю. Каля гаражоў у мяне стварылася такое пачуццё, што яны не ведалі, што са мной рабіць. Яны сфатаграфавалі мяне, а праз паўгадзіны сказалі, што апазналі. Іншыя супрацоўнікі ўзялі мяне за рукі, вывелі да смеццевых кантэйнераў і сказалі: «Калі нічога не скажаш па фактах, мы цябе можам прыстрэліць, нам за гэта нічога не будзе».

Далей у будынку Цэнтральнага УСК дзяжурны следчы кінуў паперы, ручкі, сказаў пісаць чыстасардэчнае, інакш будзе вельмі дрэнна. Я спытаў, што пісаць, таму што я не разумею, у чым віна. Ён прадыктаваў мне ўсё, што трэба напісаць. Пагрозы я ўспрымаў больш чым рэальныя. 10 жніўня мяне ўжо затрымлівалі разам з матацыклістамі, тады на пытанне «Што адбываецца?» камандзір дастаў табельную зброю, зняў з засцерагальніка, накіраваў яго на мяне і сказаў, што цяпер мяне заваліць».

У зачытаным чыстасардэчным прызнанні Ластоўскі прызнаўся ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, удзеле ў групе, дзе «абмяркоўваліся радыкальныя дзеянні — ён іх не абмяркоўваў». «Таксама мне сказалі, каб сваімі словамі я напісаў, што ў гаражы рабілі запальныя сумесі — на самай справе я не валодаў інфармацыяй», — адзначыў палітвязень.

Яўгена Прапольскага катавалі ягоным жа электрашокерам

Яўген Прапольскі ў поўным аб'ёме не прызнаў віну.

Ён аспавёў, што быў у чаце «Минск Подработка», каб падзарабіць: па гэтай нагоды адзін раз сустракаўся з Ластоўскім. Не памятае, як трапіў у чаты «100», «101»: там яму было нецікава, таму што гэта не было з нагоды працы.

«У чаце "101" абмяркоўваліся навіны, — распавёў ён. — Пра «Табакеркі» нешта было: альбо запеніць, альбо падпаліць. Не памятаю падрабязнасцяў, проста размаўлялі. Прапаноўвалася сустрэцца на Уруччы 29 жніўня 2020 года, па-мойму. Хацелі паліць — напэўна, бензінам. Я дакладна не памятаю. Я не збіраўся ехаць».

Адвакат адзначыла, што матэрыялах справы паказаны дыягназ яе падабароннага: яму цяжка засяродзіцца.

Яўгена Прапольскага затрымалі, калі ён выходзіў з інтэрната на сустрэчу з дзяўчынай. Пры затрыманні ў яго знайшлі электрашокер, які ён насіў для самаабароны.

«Мяне прымушалі пісаць чыстасардэчнае прызнанне на імя начальніка УСК, — распавёў ён. — Мне пагражалі, катавалі білі маім электрашокерам. Добраахвотна я не пісаў заяву. Потым у мяне праблемы са здароўем былі: было дрэнна, кружылася галава, была адбітая нага».

Адвакат папрасіла правесці экспертызу почарку на прадмет вызначэння, у якім стане знаходзіўся яе падабаронны, адчуваў ціск, стрэс, пісаў заяву ў незвычайнай позе. У хадайніцтве было адмоўлена. Таксама адвакат заявіла хадайніцтва аб прызнанні несапраўдным доказаў, атрыманых з парушэннем закона,— паказанняў, дадзеных пад прымусам. Суддзя адзначыў, што хадайніцтва будзе разгледжана падчас спрэчак бакоў.

Да затрымання Яўген працаваў зваршчыкам на МТЗ: пры ператрусе на ягоным працоўным месцы знайшлі прадметы, падобныя на рагаткі. Прапольскі патлумачыў, што гэта адна-дзве падстаўкі пад дзяржальні, каб было зручней варыць.

Расціслава Стэфановіча збівалі пры затрыманні

Расціслаў Стэфановіч даваў паказанні ў адвольнай форме.

Ён адзначыў, што ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах не прымаў, у тэлеграм-каналах чытаў інфармацыю – у тым ліку, гэта былі чаты «Подработка Минск», «Минск Координаторская», «101». Да апошняга ён далучыўся за дзень да затрымання. У ім паўсталі размовы аб магчымым пашкоджанні «Табакеркі». Ён падкрэсліў, што не заклікаў да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў.

«На сустрэчу на ст. м. Уручча я прыйшоў, каб пазнаёміцца з удзельнікамі чата, — распавёў Расціслаў. — Дамоўленасці пашкодзіць «Табакерку» не было: згоды на пашкоджанне якім-небудзь чынам я не даваў.

Пасля затрымання мяне завялі ў мікрааўтобус, паклалі тварам у падлогу і наносілі ўдары дубінкай (запнуўся, яму спатрэбілася каля хвіліны, каб сабрацца і працягнуць даваць паказанні — заўв.) у вобласць ног і ягадзіц. Мяне білі і адначасова задавалі пытанні... што мы збіраліся падпальваць «Табакеркі». Усяго нанеслі не менш за 20 удараў. Хтосьці сказаў, што здымуць з мяне штаны, каб згвалціць: штаны пацягнулі, але не знялі. Потым сілай прыклалі палец да тэлефона, ён разблакаваўся.

У будынку РУУС мяне паставілі на расцяжку: ногі шырэй за плечы, галава павінна ўпірацца ў сцяну. Так я прастаяў тры гадзіны. Калі я спрабаваў хоць трохі змяніць становішча, атрымліваў дубінкай па нагах альбо давалі каманду стаць яшчэ далей ад сцяны. Мой стан быў на мяжы страты прытомнасці. Я адчуваў боль у скроневай вобласці. Пасля гэтага ў мяне тры тыдні не схадзілі гузы, мне было балюча адкрываць рот ... медыцынская дапамога мне была аказана часткова. Я звяртаўся з заявай аб прыцягненні вінаватых асоб да адказнасці, аднак ва ўзбуджэнні крымінальнай справы было адмоўлена.

На сустрэчах з удзельнікамі чата раней я не прысутнічаў. Лічу, што Слашчоў мог альбо пераблытаць мяне з кімсьці, альбо спецыяльна агаварыць.

Я не выказваўся з нагоды пашкоджанняў транспартных сродкаў, гвалту над асобай, падпалаў, знішчэнню і псаванню маёмасці, узброенага супраціву прадстаўнікам улады і згоды на гэта не даваў».

Расціслаў Стэфановіч адмовіўся ад дачы далейшых паказанняў.

st-01.jpg

Гісторыя палітвязня Расціслава Стэфановіча – архітэктара, які хацеў, каб беларусаў пачулі

Жонка Расціслава распавяла "Вясне" аб ночы пасля затрымання, чаканні мужа і малюнках дачкі.

Згодна з матэрыяламі справы, пры аглядзе Стэфановіча трэцяга кастрычніка ў СІЗА-1 «выяўленыя сінякі ягадзіц, якія ўтварыліся ў выніку як мінімум двух траўматычных уздзеянняў». Яны «не пацягнулі за сабой разладу здароўя і нязначную страту працаздольнасці. Мадэляванне магчымасці сітуацыі, пры якой маглі ўтварыцца цялесныя пашкоджанні, не ўваходзяць у кампетэнцыю медыцынскага эксперта, таму адказаць на пытанне, улічваючы адсутнасць апісання сінякоў у прадстаўленых медыцынскіх дакументах, не ўяўляецца магчымым».

Судмедэксперт агледзеў Расціслава толькі праз два месяцы. 

Арцём Міцук адмовіўся ад дачы паказанняў

Падчас папярэдняга следства Арцём Міцук распавядаў, што ў масавых мерапрыемствах не ўдзельнічаў, быў падпісаны на тэлеграм-каналы – у тым ліку, на «100» і «101». Адзначаў, што ніякіх заклікаў да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў не пісаў: лічыць, што ўсё неабходна вырашаць мірным шляхам.

«Я так разумеў, што частка людзей з групы хочуць сустрэцца і пагутарыць, — казаў Арцём. — Я б не ўдзельнічаў у падпале «Табакеркі». Я вырашыў паехаць пазнаёміцца з удзельнікамі чата 29 верасня, каб прапанаваць ім распаўсюджваць улёткі, у якіх напісаны сумленныя навіны: каб усе слаі грамадства іх бачылі. Там мяне затрымалі. Ніякіх супрацьпраўных дзеянняў я не здзяйсняў».

Павел Нядбайла і Аляксандр Рэзнік былі моцна збітыя падчас затрымання

Па словах аднаго са слухачоў у залі, пры затрыманні на твар Паўла Нядбайлы наступілі ботам, ціснулі на яго з абразамі, патрабавалі, каб ён сказаў свой пароль ад тэлефона. У паніцы ўводзілі пароль няправільна, і калі заставалася апошняя трэцяя спроба, яшчэ мацней націснулі ботам і сказалі: «Гавары пароль ці мы цяпер цябе заб'ем і табе хана». Пасля таго, як ён назваў пароль, яго пагрузілі ў аўтазак і павезлі. На допыце ў Следчым камітэце яго таксама збівалі, наносячы ўдары па твары і галаве ў спробе выбіць прызнальныя паказанні. Павел не даў паказанняў. Падчас допыту з адвакатам ён распавёў, што яго затрымалі па дарозе да аднаго з сяброў.

Судмэдэкспэртыза зафіксавала крывападцёкі вачэй, пляча, сцягна і асобы і ў выніку прызнала траўмы, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовую страту працаздольнасці і змяненняў у здароўі. Вызначыць сітуацыю, у якой маглі ўтварыцца дадзеныя траўмы, эксперт не змог: адзначана толькі, што яны «ўтварыліся з прычыны не менш чатырох траўматычных уздзеянняў тупога прадмета».

Павел Нядбайла адмовіўся выказаць сваё стаўленне да абвінавачання.

Паводле медыцынскай экспэртызы, трэцяга кастрычніка ў Аляксандра Рэзніка таксама былі выяўленыя цялесныя пашкоджанні 4-5-сутачнай даўніны: сінякі правага пляча, галёнкі. Яны «ўтварыліся ў выніку не менш двух траўматычных уздзеянняў цвёрдым тупым прадметам». Характар збіцця таксама не ўдалося вызначыць.

Першамайскім РАСК праводзілася расследаванне аб збіцці Нядбайлы, Рэзніка і Стэфановіча. Адвакаты абвінавачаных падавалі хадайніцтва аб далучэнні гэтага расследавання да матэрыялаў справы. Хадайніцтва было адхіленае: суддзя адзначыў, што яны могуць падаць асобны пазоў з нагоды цялесных пашкоджанняў.

Таксама было двойчы адхіленае хадайніцтва даследаваць паходжанне відэа, на якіх Рэзнік, Недбайла, Касакоўскі, Прапольскі даюць тлумачэнні на камеру. На думку адваката Рэзніка, «матэрыялы праверкі могуць утрымліваць як звесткі аб асобах, якія праводзілі відэазапіс затрымання абвінавачаных, так і іншую інфармацыю, якая пацвярджае або абвяргае пазіцыі Рэзніка і Недбайла па факце фізічнага і псіхалагічнага ціску з боку з супрацоўнікаў праваахоўных органаў пры затрыманні, прымусу да дачы прызнальных тлумачэнняў».

kasakouski_list.jpg

Маці палітвязня Арцёма Касакоўскага: «Цяпер пераканалася, што выхавала сына правільна»

Мама Арцёма Святлана Мікалаеўна распавяла "Вясне" пра сына

Ліставанне з тэлефона Юрыя Бялько вялося ўжо пасля яго затрымання

На судовым пасяджэнні адвакат Юрыя Бялько адзначыла, што яе падабароннага затрымалі 29 верасня ў 19.40, але ліставанне з ягонага акаўнта працягвалася да 22.55. Адзін са слухачоў на паседжанні распавёў, што згодна з ліставаннем, агучаным у межах матэрыялаў справы, да 19.40 Юрый пісаў, што не прыедзе на сустрэчу, а пасля гэтага часу з ягонага тэлефона былі напісаныя паведамленні, што ён прыедзе і возьме з сабой "сумесь". Пры вобшуку гаража не было знойдзена сумесяў – толькі бензін і алей.

Слухач у залі таксама распавядае, што стрэльбы, наганы, патроны і гільзы, знойдзеныя пры ператрусе ў Юрыя Бялько, не прызнаныя агнястрэльнай зброяй, бо яны няспраўныя. У Юрыя таксама былі знойдзеныя сем нажоў: толькі адзін з іх быў прызнаны халоднай зброяй. Наяўнасць у палітвязня зброі тлумачыцца тым, што ён, а таксама частка яго сям'і захапляюцца паляваннем.

Дзмітрый Жэбуртовіч не прызнаў віну ў поўным аб'ёме.

Што кажуць сведкі?

Адзін са сведкаў па справе – спецыяліст «Табакеркі», які займаўся забеспячэннем і ўзгадненнем месцаў устаноўкі кіёскаў у Мінску і Мінскай вобласці. Ён адзначыў, што тры «Табакеркі», падрыхтоўка да падпалу якіх ставіцца абвінавачаным, стаяць у Мінску ўжо паўтара года. Яны не былі ўведзеныя ў эксплуатацыю, таму былі цалкам пустыя ўнутры. Таксама спецыяліст адзначыў, што ўсе «Табакеркі», устаноўленыя ў Мінску, больш удасканаленыя, у параўнанні з астатнімі: яны маюць металічныя фасады і негаручы ўцяпляльнік. «Табакеркі» падобнага фармату яшчэ ні разу не знішчаліся дашчэнту: вонкавая частка кіёска з'яўляецца негаручай – у выпадку падпалу пашкоджвалася толькі лакафарбавае пакрыццё.

Адвакат: «Калі ў «Табакеркі» будзе пашкоджанае лакафарбавае пакрыццё, яна будзе лічыцца знішчанай або падлягаць аднаўленню?»
Сведка: «Падлягаць аднаўленню».
Адвакат: «Як разлічыць шкоду?»
Сведка: «Кошт аднаўленчых работ».

Заяўленае хадайніцтва аб выпатрабаванні класа вогнетрываласці «Табакеркі» адхіленае: у адваротным выпадку можна было б параўнаць тэмпературы гарэнняў і зразумець, ці магчыма знішчыць «Табакеркі» тымі сродкамі, якія пазначаны ў абвінавачванні, – гэта бензін і алей.

Брат Юрыя Бялько і ягоны знаёмы, у якога гараж знаходзіцца непадалёк, далі падобныя паказанні. Яны распавялі, што ў гаражы ў Юрыя бывалі іншыя людзі: усе ведалі, дзе знаходзіцца ключ. Знойдзеным пры ператрусе трансфарматарным алеем Юрый запраўляў машыны: так танней. Адпрацаваны алей выкарыстаў для ацяплення, а бензін – для абястлушчвання.

Брат Юрыя таксама паказаў, што рацыі ён падарыў яму на дзень нараджэння: так было зручней знаходзіцца на сувязі падчас палявання, якой захапляюцца абодва брата. Ён распавёў, што Юра – добры і сумленны чалавек, які заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Знаёмы на просьбу ахарактарызаваць абвінавачанага адзначыў, што пайшоў бы з ім у разведку.

Цешча Паўла Нядбайлы ахарактарызавала яго як сур'ёзнага, працавітага хлопца: ён працаваў на двух працах, каб забяспечыць сям'ю, калі нарадзілася дачка, цалкам адмовіўся ад шкодных звычак.

Гісторыя палітвязня Паўла Нядбайлы: будаўніка, які бегае паўмарафоны

Аб яго жыцці і мэтах мы пагаварылі з жонкай Паўла Ірынай.

У сям'і выхоўвалася два дзіцяці: адзін – ад першага шлюбу жонкі, другі – ад першага шлюбу мужа.

«Мяне як маму перапаўняе падзяку да Пашы, у дачкі ўтварылася дружная сям'я, дзе панавала любоў і згода, – адзначыла жанчына. – Я ганаруся сваім зяцем, і ён стаў для мяне любімым сынам».

Спрэчкі пройдуць у панядзелак, пятага ліпеня, ў 10.30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства