Масавыя затрыманні на Берасцейшчыне. Хроніка пераследу 2 ліпеня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. 2 ліпеня адбываюцца затрыманні, ператрусы, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы, працягваецца ціск на палітвязняў. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Брэст
Сёння ў Брэсце затрымалі мінімум два чалавекі. З дому забралі Кандрацюк Тамару. Берасцейцы таксама бачылі, як у ІЧУ заводзяць жанчыну, яна прадставілася Малайчык Вольгай. Двое супрацоўнікаў вялі яе ў ізалятар, у руках у жанчыны быў сістэмны блок кампутара. Жанчыну адпусцілі ў сувязі з наяўнасцю непаўнагадовых дзяцей.
Усе затрыманыя ў Брэсце з’яўляюцца актывістамі.
Таксама праваабаронцам "Вясны" паведамілі пра затрыманне ў Брэсце Васіля Рэчкіна, Вячаслава Яравога, Дзіяны Калішук і яе маці Святланы Калішук.
Таксама вядома аб затрыманні Зоі Грушынай, Надзеі Круц, Рамана Шабуні, Аляксандра Шарсцюка дома ў іх адбыліся ператрусы.
У Брэсце таксама затрымалі Ігара Ушакова. Разам з ім была затрыманая яго дзяўчына Яна (прозвішча ўдакладняецца).
Як перадае "Вясна: Палітвязні Беларусі", палітвязень Андрэй Шарэнда пакінуў Беларусь. 28 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёна Брэста павінен быў пачацца працэс над грамадскім актывістам і палітвязнем Андрэем Шарэндам, які 31 траўня быў змешчаны пад хатні арышт. Але на суд ён так і не з’явіўся, таму суддзя Вера Філонік абвясціла Андрэя Шарэнду ў вышук. Праваабаронцам стала вядома, што Андрэй Шарэнда пакінуў Беларусь.
Супраць Андрэя ўзбуджаны дзве крымінальныя справы: па артыкуле 361 КК (Заклікі да дзеянняў, якія наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы) і па артыкуле 368 КК (Абраза прэзідэнта). 9 чэрвеня яго жонку Паліну Шарэнда-Панасюк асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Жанчыну абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 364, арт. 368 і арт. 369.
Пружаны
Раніцай у Пружанах былі затрыманыя мінімум трое: Юрый Папко, Баран Ганна і Дзевенцейчык Анатоль. Імя Анатоля нядаўна гучна прагучала ў краіне: быў выкладзены аўдыёзапіс, на якім дырэктар лясгаса (дзе працаваў мужчына) казаў пра нейкі загад аб звальненні, пракуратуры і нязгодзе з дзяржавай. Анатоля звольнілі па артыкуле, але ён спрабаваў гэта аспрэчыць у судзе (пакуль беспаспяхова). Сёння ж Анатоль збіраўся падаваць скаргу на рашэнне суда першай інстанцыі, і калі ехаў на машыне побач з судом - быў спынены супрацоўнікамі ДАІ. Далей, як паведамілі знаёмыя Анатоля, пад'ехала іншая міліцэйская машына, з якой выбеглі 4 супрацоўнікаў у масках. На дапамогу да Анатоля прыехала Баран Ганна, і іх дваіх забралі ў РАУС.
Юрыя Папко, як паведамілі "Вясне", затрымалі каля 8 раніцы, калі ён выходзіў з дома з дзіцем. Ён паспеў адвесці дзіцяці дадому, і яго забралі ў РАУС.
Таксама стала вядома аб затрыманні Іллі Ілляшэвіча.
Бяроза
У Бярозе, паводле інфармацыі берасцейскіх праваабаронцаў, быў ператрус дома і ў машыне ў актывіста Вадзіма Пашкевіча. Таксама ператрусы дома, у машыне і ў краме правялі ў мясцовага прадпрымальніка Валянціна Сцяпкова.
Кобрын
Таксама паведамляецца пра затрыманні ў Кобрыны, але прозвішчы затрыманых невядомыя.
Жабінка
"Белсат" паведамляе, што колькасць затрыманых у Жабінке павялічалася да шасці чалавек. Гэта: Кулік Сяргей, Гурын Генадзь, Святлана і Вадзім Аксюцікі, Казлоў Аляксандр і Дырман Наталля. Сяргей Кулік - бацька траіх дзяцей, у 7 раніцы дома ў іх правялі ператрус.
Магчыма гэта прывентыўныя затрыманні перад заўтрашнім Днём Незалежнасці.
У Кобрыне міліцыя вырашыла агледзець дом па справе аб пікеце, які яшчэ не прайшоў. Тэлеграм-канал @bnkbel апублікаваў незвычайны дакумент. Згодна з ім, "зарэгістравана ананімнае паведамленне" аб тым, што хтосьці плануе 3 ліпеня "правядзенне пікетавання з выкарыстаннем незарэгістраванай сімволікі". Аўтары дакумента адзначаюць, што ў гэтым "угледжваецца склад правапарушэння" па артыкуле аб масавых мерапрыемствах.
Нейкі грамадзянін (яго імя ўтоена) "можа быць датычны да здзяйснення правапарушэння". Чаму менавіта ён? «Па інфармацыі, якая паступіла ў Кобрынскі РАУС», больш ніякіх падрабязнасцяў.
На падставе гэтага аўтар дакумента — маёр Вайтовіч — вырашыў правесці агляд дома ў грамадзяніна. Навошта? Там "могуць быць выяўленыя матэрыяльныя аб'екты, якія маюць значэнне для справы".
Мінск
Праваабаронцам паведамілі пра затрыманне ў Мінску Сяргея Трусава і Івана Зязюлі (1995 год).
На журналіста канала «Настоящее время» Рамана Васюковіча склалі пратакол за працу без акрэдытацыі і сёння будуць судзіць. Журналіста вінавацяць за выхад у прамы эфір праграмы “Главное” 25 чэрвеня, піша @bajby. Сёння журналіста выклікалі ў Першамайскі РУУС Мінска, дзе апыталі з нагоды яго супрацоўніцтва з міжнародным тэлеканалам «Настоящее время». Таксама міліцыянты склалі адміністрацыйны пратакол за парушэнне парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ (арт. 23.5 КаАП).
Суд перанёс пасяджэнне на 14:10 6 ліпеня.
Палітычнага аналітыка Валерыю Касцюгову перавялі з ізалятара на Акрэсціна ў СІЗА-1 у Мінску, паведаміла ў фэйсбуку яе дачка. Інфармацыі аб тым, якія падазрэнні або абвінавачвання прад'яўленыя маці, у Анастасіі Касцюговай няма, бо адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.
"Мама цяпер на Валадарцы, мера стрымання арышт. Падпіска аб неразгалошванні, таму пра справу і абвінавачванне нічога невядома, ведае толькі адвакат. Перадачу перадалі," — напісала Анастасія Касцюгова.
30 чэрвеня сілавікі правялі ператрус у кватэры Валерыі Касцюговай і затрымалі яе; аналітыка змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна. Палітолаг Павел Усаў пісаў, што ператрус праводзілі работнікі КДБ, пасля чаго Касцюгову забралі "альбо ў СК, альбо ў КДБ".
Сёння вечарам савет Мінскай гарадской калегіі адвакатаў распачаў у дачыненні да адваката Дзмітрыя Лаеўскага дысцыплінарную вытворчасць.
Журналіста і футбаліста Аляксандра Івуліна не выпусцілі на волю пасля 30-сутачнага арышту. Ён стаў падазраваным па крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), паведамляе Tribuna.
Яго перавядуць з ІЧУ на Акрэсціна ў СІЗА-1.
Інфармацыя дапаўняецца.