"На Дзень Волі збіралі людзей па дамах у 7 раніцы, супраць каля 40 затрыманых распачалі крыміналкі"
Па дадзеных Праваабарончага цэнтра "Вясна", на Дзень Волі 25 сакавіка па ўсёй Беларусі затрымалі каля 250 чалавек. 30-гадовая мінчанка Наталля (імя зменена ў мэтах яе бяспекі) — адна з іх. Дзяўчыну затрымалі прэвентыўна — ў 7 гадзін раніцы, як і многіх у той дзень. Але на Акрэсціна яе змясцілі ў межах крымінальнай справы па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса за каментарый у тэлеграме, які яна не пісала. Наталля была вымушана з'ехаць ад пераследу з Беларусі. Дзяўчына распавяла "Вясне" пра сваё затрыманне, пра ўмовы ўтрымання ў ІЧУ на Акрэсціна, пра прыход мужа-міліцыянта пацярпелай у камеру да затрыманых і іншае.
"Мне здаецца, што мяне знайшлі па сістэме распазнання асобаў"
"За мной прыйшлі 25 сакавіка ў Дзень Волі ў 7 раніцы дадому з ператрусам. Гэта былі тры супрацоўнікі ў цывільным у масках. У тыя дні на працягу трох дзён у 7 раніцы забіралі па дамах людзей. Як сказала мой адвакат, тады каля супраць 40 затрыманых распачалі крымінальныя справы. Я чула, як супрацоўнікі скардзіліся, што ў іх мала выходных. Прыходу міліцыі я зусім не чакала: я ўвечары збіралася ісці "гуляць". Вядома, я ведала, што рана ці позна за мной прыйдуць, але не з такой нагоды. Я ўдзельнічала ва ўсіх Маршах, дваровых актыўнасцях, распаўсюджвала друкаваную прадукцыю — праяўляла актыўнасць так, як толькі можна было яе праяўляць, але прыйшлі за мной за каментар у тэлеграме, які я не пісала.
Калі да мяне прыйшлі з ператрусам, мне адразу не сказалі, за што мяне забіраюць. Толькі сказалі: "Ты ведаеш за што". Потым мне ўсё ж паказалі скрын раздрукоўкі, дзе быў напісаны не мой нікнэйм ў тэлеграме і чат, у які я ніколі не заходзіла нават. Каментары былі пакінутыя яшчэ ў лістападзе. Хтосьці ўзяў маю фатаграфію з інстаграма і выкарыстаў яе ў якасці аватаркі ў телеграме. З гэтага акаунта пісалі ў каментарах пагрозы супрацоўнікам міліцыі. Мне здаецца, што мяне знайшлі па сістэме распазнання асобаў. Хоць мне ў Следчым камітэце сказалі, што знайшлі па тэлефоне, які прывязаны да акаунта. Але гэта немагчыма, таму што мой телеграм прывязаны да нумара майго сябра.
"З пакета з рознакаляровымі стужачкамі дасталі толькі белыя і чырвоныя, і сказалі, што гэта атрыбутыка"
Падчас ператрусу ў мяне забралі пратэстную сімволіку, тэхніку, нават фотаапараты без флэшак (сказалі, што знойдуць там нешта і не маюць права яго пакінуць). З пакета з рознакаляровымі стужачкамі, з якімі я часам займаюся рукадзеллем, дасталі толькі белыя і чырвоныя стужкі. Сказалі, што гэта атрыбутыка. Вельмі старанна вывучалі мае кнігі і шмат раздруковак па SMM.
Я зразумела, што дадому не вярнуся сёння, я апранулася цяплей. Адразу мяне адвезлі ў РУУС, дзе са мной правялі міні-допыт. Сказалі прызнацца, што гэта я напісала каментар. Калі я адмаўляла гэта, то спыталі, на колькіх Маршах я была. У РУУС распытвалі, хто з родных і знаёмых таксама ўдзельнічае ў пратэстах. Калі я сказала, што я адна ўдзельнічаю, то яны спыталі на гэта: "Так што, муж у цябе нармальны?" Пагражалі, што калі б у мяне была ўжо артыкул па арт. 23.34 КаАП, то мяне ўжо б не выпусцілі.
"О, народны артыкул! Змагары, значыць"
Затым мяне завезлі ў Следчы камітэт. Там мы некалькі гадзін у машыне чакалі чаргу. На допыце я б не сказала, што следчая ціснула, але яна спрабавала мяне вывесці на размову без адваката. У нейкі момант я павялася і разблакавала тэлефон, каб паказаць, што гэта не мой нікнэйм у телеграме, каментар ад якога мне спрабавалі паставіць у віну. Па следчай было відаць, што яна вельмі здзівілася. Яна нават не ведала, што са мной рабіць. На допыце пыталіся пра суседзяў, пра людзей, якія былі на маіх фотаздымках з БЧБ-сімволікай. Пасля допыту з адвакатам яна казала, што, магчыма, адпусціць мяне дадому. Я гэтаму не верыла. Але яна паклікала супрацоўнікаў міліцыі, якія мяне прывезлі і чакалі, і сказала ім пачакаць, яна пастараецца зрабіць так, каб мяне адпусцілі дадому. Але галоўны следчы сказаў, што паеду я на Акрэсціна. "Паедзеш выспішся на тры дні", — сказала мне ў СК.
Адразу мяне назад завезлі ў РУУС, там было спакойна, але вар'яцка холадна. У камеры я была адна. Палохала тое, што будзе далей. Час цягнуўся вельмі доўга. Калі мяне выводзілі ў чарговы раз здаваць адбіткі пальцаў, я нават радавалася гэтаму. Хоць быў глыток "свежага паветра". Але позна ўвечары мяне прыехалі забіраць супрацоўнікі і тут усё змянілася. Адразу ў мяне спыталі артыкул, калі я казала, што 342-ы, то яны адразу адказвалі: "О, народны артыкул! Змагары, значыць", хоць адразу была я адна. Перавозілі на Акрэсціна ў аўтазаку. У "стакане" аўтазака нас было чатыры, адна з іх была не па палітычным артыкуле. Па горадзе па РУУС мы збіралі яшчэ людзей гадзіны дзве. Па прыездзе на чатыры гадзіны мяне і яшчэ траіх жанчын змясцілі ў "стакан" на Акрэсціна. Мы апускаліся на дно "стакана" па чарзе, каб хоць крыху адпачыць і, калі атрымаецца, паспаць. Як я бачыла, стаўленне да затрыманых па наркатычнай або алкагольнай артыкуле было лепшым, чым да нас.
"Зачыніць акно мы змаглі толькі на другія суткі, калі нам прынеслі лыжкі"
Супрацоўнікі ізалятара пыталіся: "Навошта ты гэта рабіла?" Яны шчыра не разумелі, таму што ў мяне добрая зарплата і вышэйшая адукацыя. Калі я казала, што мая зарплата вышэй за іх у разы тры, то яны вельмі здзіўляліся. У адной дзяўчынкі была няскончаная вышэйшая [адукацыя], на што ёй сказалі, што яна хацела змяніць у краіне, калі яна нават не змагла атрымаць вышэйшую адукацыю. Ціснулі маральна. Мяне цяжка зачапіць, а вось дзяўчынкі плакалі. Ім было крыўдна, што да іх так ставяцца.
Ноччу нас прывялі ў пяцімесную камеру — гэты момант мы чакалі цэлы дзень. Ноччу туды прывялі шостую жанчыну, яна спала на лаўцы. Там было вельмі холадна, таму што было адкрыта акно. Зачыніць акно мы змаглі толькі на другія суткі, калі нам прынеслі лыжкі і мы змаглі прасунуць іх праз краты. Падушак, матрацаў, коўдраў не было — сказалі, што нам не паложана. Мы прасілі потым шмат разоў прынесці хоць нешта. Нам адказвалі, што зараз паспрабуюць вырашыць пытанне, але, вядома, не вырашылі. Ноччу заўсёды праходзілі агляды — вельмі гучна адкрывалі "кармушку", каб мы прачыналіся. У камеры амаль святло не выключалі. З туалетнай паперай таксама былі праблемы: у пачатку было паўрулона, а потым ужо выдавалі часткамі. Сказалі: "Разумеем, што вы дзяўчынкі, але давайце эканоміць".
"Больш за ўсё мяне зачапіла, як яны ставіліся да тых, хто нас любіць"
Наша камера была каля паста, і, калі тэлефанаваў тэлефон, то мы чулі ўсё, што там адбываецца. Калі тэлефанавалі сваякі затрыманых у пошуках сваіх родных, то яны ці спецыяльна не здымалі тэлефон, ці казалі, што ў іх нас няма. Адзін раз я пачула сваё прозвішча — супрацоўнікі ІЧУ адказалі па тэлефоне, што ў іх такой няма. Нават маёй сяброўцы, якая асабіста прыехала пад Акрэсціна і тэлефанавала ў званок, сказалі, што мяне няма ў іх. Больш за ўсё мяне зачапіла не дрэннае абыходжанне з намі, а як яны ставіліся да тых, хто нас любіць. Але мы трымаліся, стараліся не сумаваць. Мы ўяўлялі, што мы будзем рабіць, калі нас пасадзяць, або калі нас выпусцяць. Калі б не было так холадна, то было б весела. І часам было весела, бо побач былі выдатныя людзі. Памятаю, як праз краты мы нюхалі паветра: у суботу дзесьці непадалёк тапілі лазню і мы нюхалі яе пах.
Але гэтыя трое сутак выматалі сваёй невядомасцю. Здаецца, лепш адседзець па "адміністрацыйцы" 15 сутак і ведаць, што з табой будзе далей, чым чакаць трое сутак чагосьці: ці пераезду на "Валадарку", ці дадому. Страшна было, калі ноччу адной жанчыне (заўвага — гаворка ідзе пра Марыю Цішкоўскую, затрыманую па "польскай справе") прынеслі пастанову аб узяцці пад варту на 2 месяцы і яе перавялі на "Валадарку". І ў ноч да майго вызвалення яшчэ адну дзяўчынку забралі "з рэчамі на выхад". Мы не маглі заснуць, не ведаючы, што з ёй. Але яна так і не вярнулася.
"У камеру прыходзілі начальнікі з гутаркамі — "лёгкім маральным знішчэннем"
Да нас у камеру прыходзілі некалькі разоў начальнікі (яны не прадстаўляліся) з гутаркамі — "лёгкім маральным знішчэннем". Але як лёгкім — мне было нармальна, мяне цяжка зачапіць, а дзяўчынкі хваляваліся. Больш за ўсё запомнілася, як да нас у камеру прыйшоў мужчына ў цывільным. Ён зайшоў з пытаннем: "Дык гэта вы ў тэлеграме маёй жонцы абяцалі галаву адрэзаць?" Потым ён чытаў лекцыю пра змагароў, якія мы ўсе дрэнныя, якія мы ўсе жудасныя людзі. Такое адчуванне, што ён нас усіх задушыць там хацеў. Ён настолькі разышоўся, што канваір яго сам спыніў і вывеў з камеры. Калі ён сыходзіў пажадаў нам "доўгай дарогі" — я не адразу зразумела, аб чым ён. Яшчэ да нас прыходзіў начальнік або яго намеснік ізалятара. Лекар прыйшла на восьмы гадзіну толькі. Адной жанчыне было дрэнна і мы клікалі лекара чатыры ці пяць разоў па чарзе, бо баяліся, што канваіры будуць злавацца на кагосьці аднаго".
Чатыры гадзін допыту ФСБ-шнікамі на мяжы пра пратэсты ў Беларусі
У выніку, Наталлю выпусцілі з ІЧУ па заканчэнні 72 гадзін у статусе падазраванай па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. Дзяўчыне пасля вызвалення на працы сказалі пісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні. Тэхніку і грошы адразу не аддалі, а толькі сказалі: "Ты ж разумееш, што табе нельга мець зносіны ні з кім са змагароў?" Падпіску аб нявыездзе ў яе не бралі, але пазней яна апынулася ў базе невыязных адразу Беларусі, а потым — Расіі. Але Наталлі ўдалося амаль адразу з'ехаць з Беларусі, а потым доўга яна спрабавала выехаць з Расіі. Падчас чарговай спробы выезду з Расіі на мяжы Наталлю дапытвалі супрацоўнікі ФСБ чатыры гадзіны на тэму палітычнай актыўнасці ў Беларусі.
"Я не хацела з'язджаць. За гэты год я ўсвядоміла, што вельмі люблю Беларусь і Мінск. За гэты час я ўсвядоміла сябе як беларуску. Я зразумела, якія выдатныя людзі ёсць побач са мной. Я думаю, многія мяне зразумеюць. У мяне павінна было быць самае класнае лета, таму што я зразумела, што ў адзін момант можна проста не вярнуцца дадому".