viasna on patreon

Пакаранне беларусаў у чэрвені: 71 000 рублёў і 1 477 сутак

2021 2021-07-06T13:07:03+0300 2021-10-01T15:07:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/okrestina_902.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У чэрвені беларускія ўлады не спынілі палітычна-матываваныя затрыманні ўдзельнікаў і ўдзельніц мірных акцый пратэсту. Людзей затрымлівалі за бел-чырвона-белую сімволіку, за сваю працу, прагляд спектаклю, за рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў і нават за арганізацую канцерту, на якім крычалі «Жыве Беларусь». За мінулы месяц пад адміністрацыйны пераслед трапілі мінімум 246 чалавек. Агулам за чэрвень па інфармацыі Валанцёрскай службы «Вясны» было асуджана мінімум 119 чалавек. Вядома пра 25 штрафаў на агульную суму 2 450 базавых велічыняў (больш за 71 000 беларускіх рублёў) і не менш за 94 адміністрацыйных арышта агульнай працягласцю ў 1 477 сутак. «Вясна назірае» склала спіс дзіўных прычын для затрымання ў чэрвені, за якія суддзі каралі беларусаў тэрмінам ад 5 да 30 сутак.

Ілюстрацыйнае фота spring96.org
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

«Выйшаў з ліфта ў акулярах, у руках трымаў чорны пакет з чырвонай фарбай і пэндзлікамі, чым выклікаў падазрэнне»

35-гадовага Аляксандра Каржанеўскага затрымалі ў пад'ездзе яго дома 4 чэрвеня. У Кастрычніцкім РУУСе Мінска на яго склалі адразу два пратаколы: па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Прычынай стала «падазронасць» Аляксандра, бо, па словах міліцыянта, «ён выйшаў з ліфта ў акулярах, у руках трымаў чорны пакет, чым выклікаў падазрэнне». Сведка на судзе нават заявіў, што яны прытрымлівалі мужчыну, таму што думалі, што ён хоча здзейсніць суіцыд. Але ў пратаколе сказана, што «Каржанеўскі размахваў рукамі, абразліва чапляўся да супрацоўнікаў, таксама меў пры сабе чырвоную фарбу і пэндзлікі, адмовіўся прадаставіць дакументы, упіраўся і адмаўляўся прайсці з супрацоўнікамі». У выніку, суддзя Ангеліна Лапаева пакарала Каржанеўскага па двух пратаколах 30-сутачным арыштам.

Удзельнікаў трыятлону арыштавалі за «непрыстойны жэст» і лозунг «Жыве Беларусь»

26 чэрвеня на праспекце Пераможцаў падчас мінскага трыятлону затрымалі траіх раварыстаў. Іх даставілі ў Цэнтральны РУУС, дзе на дваіх хлопцаў, якія крычалі лозунгі, склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП, а за жэст «палец ўніз» склалі па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Міліцыянты расцанілі гэта як «непрыстойны жэст». Сведкі-міліцыянты на судзе сцвярджалі, што несанкцыянаванае шэсце доўжылася ўсяго пару секунд: «пачалося ў 09:05 і скончылася прыкладна ў 09:05». У выніку, суддзя Дзмітрый Карсюк пастанавіў арыштаваць Юрыя Сямашку і Арцёма Казімірчыка па арт. 24.23 КаАП на 15 сутак, а Аляксандра Кліменкова за «непрыстойны жэст» на 14 сутак. Акрамя гэтага, раварыстам вынеслі забарону на наведванне фізкультурна-спартыўных мерапрыемстваў тэрмінам на 1 год.

На Камсамольскім возеры арыштавалі кампанію мужчын за пратэсную песню побач з імі

Трох мужчын днём 15 чэрвеня затрымалі на беразе Камсамольскага возера нібыта за распіццё спіртных напояў у грамадскім месцы. Але ў Цэнтральным РУУСе на Аляксандра Тамука, Мікалая Фомава і Уладзіслава Трыбулёва склалі пратаколы па арт. 24.3 КаАП за адмову прайсці за супрацоўнікамі ў РУУС. Міліцыянты сцвярджалі, што мужчыны не паверылі ў тое, што яны міліцыянты і нават збіраліся выклікаць на іх міліцыю. У выніку, ім усё ж такі ўдалося затрымаць мінчан і адвезці іх на медыцынски агляд. Аднак стала вядома, што ў іх крыві не знойдзена алкаголю. На судзе адзін са сведак сказаў, што на месца «правапарушэння» яны выехалі па скарзе «неабыякавага грамадзяніна», якому не спадабалася, што каля кампаніі чулі пратэсную песню Віктара Цоя «Перемен». Суддзя Дзмітрый Карсюк прызнаў трох мужчын вінаватымі і арыштаваў іх на 5 сутак кожнага.

Судзілі былых супрацоўнікаў дзяржорганаў за звальненне ў знак салідарнасці з мірнымі пратэстоўцамі ў жніўні 

Экс-памочніка пракурора Першамайскага раёна Мінска Яўгена Бабака арыштавалі на 15 сутак за БЧБ-сцяг на акне. 29-гадовы Яўген Бабак — пракурор, які хацеў пачаць праверку па збітых байкерах у жніўні 2020 года. Калі яму забаранілі, то ў знак пратэсту звольніўся. Раніцай 10 чэрвеня, па словах яго суседзяў, да Бабака прыехала група захопу ў бронекамізэльках, гэтыя людзі ў тамбуры крычалі «адчыняй!», у двары былі два характэрныя бусікі. Пасля ўсяго Яўгена звезлі, а яго кватэру разграмілі. Увечары прэс-сакратарка МУС заявіла, што Бабак затрыманы «супрацоўнікамі міліцыі ў межах адміністрацыйнага працэсу». Справу былога памочніка пракурора па арт. 24.23 КаАП разглядзела суддзя Маскоўскага раёна Таццяна Мотыль. Яўгена, па класіцы, абвінавацілі ў «пікетаванні шляхам размяшчэння на балконе БЧБ-сцяга». Па словах Яўгена, БЧБ-сцяг ён знайшоў 6 кастрычніка, а 10 чэрвеня вырашыў вывесіць яго ў знак пратэсту супраць гвалту. Згодна з рапартам, гэта заўважылі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і прыйшлі дадому да Бабака, каб забраць сцяг. Затрымалі яго а 10 раніцы. На судзе ён заявіў, што не бачыць сэнсу ў допыце сведак-міліцыянтаў. Вынік — 15 сутак.


21 чэрвеня ў трэці раз арыштавалі былога міліцыянта Ягора Емяльянава, які адмовіўся ў жніўні ўдзельнічаць у падаўленні пратэстаў у Наваполацку і звольніўся з міліцыі. 19 чэрвеня, Ягора павінны былі вызваліць пасля 30-сутачнага арышту, але яго перазатрымалі. Ужо 21 чэрвеня ў судзе Савецкага раёна справу былога міліцыянта разглядзеў суддзя Аляксандр Волк. У гэты раз на былога міліцыянта склалі пратакол па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне). Па пратаколе, калі Емяльянава вывезлі з ІЧУ ў Савецкае РУУС, то там ён «аказаў непадпарадкаванне службовай асобе, не хацеў выходзіць з машыны, упіраўся нагамі, хапаўся рукамі». Сведка-міліцыянт «Бельскі» на судзе падчас допыту наўпрост прачытаў свае паказанні з пратаколу. На судзе Емяльянаў прызнаў віну і раскаяўся. «Я зрабіў гэта з-за свайго псіхічнага становішча пасля ізаляцыі, бо вельмі баяўся, што мяне зноў пакараюць. За час знаходжання за кратамі я зразумеў дзе я хачу быць, дзе я хачу жыць, не парушаць закон», — сказаў на судзе 21 чэрвеня Ямельянаў. У выніку, суддзя Волк пакараў яго 10-сутачным арыштам. Агулам на «сутках» былы міліцыянт правядзе 40 сутак. Цалкам гісторыю пераследа Ягора Емяльянава можна прачытаць па спасылцы.

За сваю працу ў чэрвені асудзілі чатырох журналістаў

3 чэрвеня невядомыя ў цывільным прыйшлі ў кватэру да журналіста і футбаліста Аляксандра Івуліна з ператрусам, а потым адвезлі ў невядомым кірунку. 4 чэрвеня яго справу разглядзела ў судзе Фрунзенскага раёна суддзя Юлія Блізнюк. На журналіста ў Фрунзенскім РУУСе склалі пратакол па ч.3 арт. 24.23 КаАП нібыта за сцяг на акне кватэры. Аляксандр адмаўляе сваю віну. Івулін заявіў, што пры ператрусе сцяга на акне не было, таму ён заявіў хадайніцтва аб апытанні сведак, якія могуць пацвердзіць, што гэта праўда. Па яго меркаванню, затрымлівалі яго супрацоўнікі ГУБАЗіКа.

Таксама на судзе перупаўнаважаны па асабліва важных справах падпалкоўнік міліцыі Дземін Максім Леанідавіч заявіў:

 — Хачу дапоўніць, што грамадзянін Івулін у жніўні-верасні 2020 актыўна браў удзел у пратэснай дзейнасці, і на сваім Youtube-канале размяшчаў розныя відэаролікі з апазіцыйна настроенымі грамадзянамі і спартоўцамі.

Суддзя Блізнюк арыштавала Івуліна на 30 сутак. 2 ліпеня, за суткі да заканчэння 30-сутачнага тэрміну, журналіст Аляксандр Івулін стаў падазраваным па крымінальнай справе. Яго перавялі ў СІЗА-1. Аляксандра падазраюць па 342-м артыкуле КК – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Яму можа пагражаць да трох гадоў турмы.


​​У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля асудзілі журналіста-фрылансера Андрэя Толчына. Яго затрымалі 24 чэрвеня пасля здымкаў каля СІЗА №3 перад працэсам над Міколам Статкевічам, Сяргеем Ціханоўскім, Дзмітрыем Паповым, Арцёмам Сакавым, Ігарам Лосікам і Уладзімірам Цыгановічам. Журналіста даставілі ў РАУС, дзе пратрымалі 7 гадзін ды склалі пратакол па арт. 23.5 КаАП РБ (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). На суддзе Андрэй Толчын заявіў, што быў на вуліцы Кніжнай, зняў на відэа будынак суда, запісаў жонку Статкевіча і амбасадараў. Пасля на плошчу Паўстання пад’ехаў бус, журналіста затрымалі, пры гэтым міліцыянты брудна лаяліся і пашкодзілі Андрэю нагу, піша @viasnaHomel.

«Міліцыянты сказалі, што маюць загад. У мяне быў бэйджык, дзе напісана, што я фрылансер і паводле Канстытуцыі маю права збіраць інфармацыю. Віну не прызнаю, бо не вырабіў прадукт СМІ», — заявіў у судзе Толчын.

Аднак суддзя Сяргей Салоўскі палічыў віну журналіста даказанай і пакараў яго штрафам у памеры 30 базавых велічынь (870 рублёў). Таксама суд пастанавіў канфіскаваць у Андрэя Толчына ўсю тэхніку — штатыў, камеру, карткі памяці ды мікрафон.


Пінскага журналіста Віктара Ярашука 8 чэрвеня аштрафавалі на 30 базавых (870 рублёў) за «працу без акрэдытацыі», але фактычна за апытанне людзей на вуліцы. Мужчыну вінавацілі ў тым, што 1 траўня ён рабіў у Пінску апытанне жыхароў.

«На іншую пастанову суду я і не разлічваў. Канстытуцыя дае чалавеку права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, а законы гэтае права абмяжоўваюць. Вось у такіх умовах мы жывем», — пракаментаваў прысуд мужчына.


1 чэрвеня наўпрост каля працы быў затрыманы журналіст «Трыбуны» Дзмітрый Руто. Прычынай затрымання стаў футбольны бел-чырвона-белы шалік у машыне. Яму патэлефанавалі супрацоўнікі міліцыі і сказалі, што яго машына перашкаджае праезду, таму трэба выйсці і яе пераставіць. Ужо 2 чэрвеня яго асудзілі на 15 сутак арышту. 

Судзяць за рэпосты з "экстрэмісцкіх" каналаў. Мінімум пяцерых затрыманых па гэтаму артыкулу арыштавалі тэрмінам на 14-15 сутак

А 7 раніцы 23 чэрвеня дадому да 32-гадовага Сяргея прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Падставай для яго затрымання стала публікацыя ў сацыяльных сетках скрыншота з экстрэмісцкага канала. Мужчыну даставілі ў Ленінскае РУУС і склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). 24 чэрвеня справу мінчука разглядзела суддзя Марына Клімчук. Мужчына на судзе заявіў, што хварэе на астму. У выніку, суддзя прызнала Сяргея вінаватым і арыштавала яго на 14 сутак.


16 чэрвеня затрымалі студэнтку БНТУ Марыю Карытка. Каля 12:30 да яе падышлі супрацоўнікі міліцыі и папрасілі паказаць дакументы, а потым запатрабавалі прайсці з імі. У службовай машыне каля Савецкага РУУСа дзяўчыне далі на подпіс два пратаколы: па ч.2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў) і па 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Суткі дзяўчыну трымалі ў РУУСе, а потым перавялі на Акрэсціна. 18 чэрвеня па рашэнні суддзі Савецкага раёна Сяргея Шацілы студэнтку арыштавалі на 20 сутак.

Дырэктара івэнт-агенцтва аштрафавалі на 2175 рублёў за парушэнне парадку правядзення канцэрту

8 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска прайшоў суд над дырэктарам івэнт-агенцтва Антонам Сасноўскім, які арганізоўваў канцэрт групы «Пошлая Молли» 26 траўня. На дырэктара склалі пратакол па ч.2 арт. 24.23 КаАП (парушэнне ўстаноўленага парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства) згодна з якім, «26 траўня з 19:00 да 22:00 Сасноўскі, парушыў парадак арганізацыі і правядзення канцэрта гурта "Пошлая Молли", падчас якога прысутныя грамадзяне выказвалі свой грамадска-палітычны настрой шляхам выкрыквання лозунгаў "Жыве Беларусь!"». Сасноўскі патлумачыў суддзі Аляксандру Рудэнку, што «дадзены інцыдэнт адбыўся падчас канцэртнай паўзы, якая ўзнікла па прычыне тэхнічнай няспраўнасці і ў той час, калі калектыў арганізатараў займаўся ліквідацыяй дадзенай тэхнічнай няспраўнасці, для таго, каб канцэрт змог працягнуцца і арганізаваць бяспеку гледачоў. Выкрыкі лозунгі наведвальнікаў доўжыліся не больш за 30 секунд і ў поўным аб'ёме трапілі на відэа». У выніку, суддзя Рудэнка прызнаў Антона Сасноўскага вінаватым і аштрафаваў на 2175 рублёў (75 базавых велічыняў).

За прагляд спектаклю «Белы трусік, Чырвоны трусік» гледачоў пакаралі 15-сутачнымі арыштамі

16 чэрвеня ў Чырвоным Дворыку павінна была адбыцца прэм’ера спектаклю «Белы трусік, Чырвоны трусік». Праз некалькі хвілін пасля пачатку туды прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі каля васьмі гледачоў і сяброўку Каардынацыйнай Рады Аксану Зарэцкую, якая арганізавала прагляд спектаклю. Затрыманых адвезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе на ўсіх склалі пратаколы за нібыта непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі па арт. 24.3 КаАП. Увечары чатырох жанчын, у якіх ёсць непаўнагадовыя дзеці, выпусцілі с пратаколамі да суда, а астатніх перавялі на Акрэсціна. 17 чэрвеня справы гледачоў спектакля разглядзелі ў судзе Цэнтральнага раёна. Справы 34-гадовага Мікіты Раманкіна, 25-гадовай Аліі Саед і Сяргея Руда разглядзеў суддзя Аляксандр Петраш. Ён арыштаваў мінчукоў на 15 сутак кожнага. Справу 48-гадовай Святланы Мяшчанінавай разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк. Жанчыну, як і іншых, абвінавацілі ў тым, што «на тэрыторыі РУУСа каля 19:40 Святлана аказала непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі». Сведка-міліцыянт на судзе сцвярджаў, што «ім паступіла інфармацыя аб магчымам несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на вуліцы Рэвалюцыйная 7а, таму прысутных затрымалі для «ўстанаўлення асобы», але на тэрыторыі РУУСа Святлана «адмовілася прайсці, упіралася і чаплялася за яго руку». Суддзя Карсюк арыштаваў жанчыну на 15 сутак. 18 чэрвеня суддзя Карсюка таксама арыштаваў на 15 сутак і актывіста ініцыятывы «Честные люди» 40-гадовага Цімура Газізава, якога не выпусцілі пасля заканчэння тэрміну, а наўпрост склалі новы пратакол і зноў арыштавалі на 15 сутак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства