viasna on patreon

Блакаванне "Нашай Нівы" і Еўрарадыё, ператрусы і затрыманні ў рэгіёнах: хроніка за восьмага ліпеня  Дапоўнена

2021 2021-07-08T18:20:00+0300 2021-07-09T13:13:57+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/nasha-niva-02.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Восьмага ліпеня працягваюць заводзіць новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы, улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Светлагорск

У Светлагорску зраніцы 8 ліпеня адбываюцца масавыя ператрусы. У кватэры некалькіх жыхароў горада амаль адначасова прыйшлі міліцыянты з пастановамі на ператрус. Прычыны і нагоды ператрусаў пакуль невядомыя. Прыйшлі з вобшукам па фактам "тэрарызму" да роднай сястры актывіста Дзімітрыя Дзікуна, які зараз з’ехаў у Літву, піша "Палеская Вясна".


Мінск 

У Беларусі заблакавалі "люстэркавы" сайт Еўрарадыё — euroradio.pl. Чытачы пачалі скардзіцца на праблемы з доступам да яго 7 ліпеня. Яны бачылі паведамленне: "Доступ да інфармацыйнага рэсурсу абмежаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь...".

Гэты крок быў чаканы, бо са жніўня заблакаваны і  асноўны сайт — euroradio.fm.


Перастаў адкрывацца сайт "Нашай Нівы". Ён недаступны як з Беларусі, так і за межамі краіны.

Паведамляюць што супрацоўнікі ГУБАЗіК у будынку, дзе знаходзіцца рэдакцыя "Нашай Нівы". 

Паводле непацверджанай інфармацыі: бачылі галоўрэда Ягора Марціновіча, якога вялі людзі ў масках. Зараз паведамляецца, што ён затрыманы. 

@tutby_official піша, што супрацоўнікі СМІ не выходзяць на сувязь, а ў некаторых з іх дома праходзяць ператрусы.

Дома ў рэдактара "Нашай Нівы" Андрэя Скурко ідзе ператрус. Ператрус дома скончаны. Яго павезлі на допыт. Рэдактар "Нашай Нівы" Андрэй Скурко затрыманы на 72 гадзіны і будзе дастаўлены ў ІЧУ на Акрэсціна. Кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу НН Андрэй Скурко таксама праходзіць падазраваным па ч.1 арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел 

Адсутнічае сувязь з шэф-рэдактарам выдання Андрэем Дынько. Галоўны рэдактар часопіса "Наша гісторыя" і дзіцячых "Дуду" і "Асцярожна: дзеці!" Андрэй Дынько праходзіць падазраваным па ч.1 арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх). Ён затрыманы на 72 гадзіны і будзе дастаўлены ў ІЧУ на Акрэсціна.

"Мы не маем сувязі з рэпарцёркай Наталляй Лубнеўскай, а таксама фатографкай Шурай Піліповіч-Сушчыц. Імаверна, яны знаходзіліся ў офісе, куды прыйшлі сілавікі", - піша "Наша Ніва".

Афіцыйна: "На падставе паведамлення Генеральнай пракуратуры ў сувязі з размяшчэннем інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена пунктам 1 артыкула 38 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі", Міністэрствам інфармацыі прынята рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу nn.bу".

У офісе бухгалтэрыі "Нашай Нівы" скончыўся ператрус. Вынятыя дакументы. Галоўнага бухгалтара Вольгу Раковіч павезлі дамоў на ператрус.

Галоўны рэдактар "Нашай Нівы" Ягор Марціновіч праходзіць падазраваным па крымінальным артыкуле "Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх". Ён затрыманы на 72 гадзіны і будзе дастаўлены на Акрэсціна, паведамляе @nashaniva.


Не адчыняецца таксама сайт выдання аб ІТ — dev.by.


У Мінску затрыманы Дзяніс Ільюковіч. Прыйшлі дадому ў 7.50, не прадставіліся, зрабілі ператрус, забралі тэхніку і павезлі ў Кастрычніцкае РУУС.


Адваката Дзмітрыя Лаеўскага, які абараняў Віктара Бабарыку, выключылі з калегіі адвакатаў

Пра гэта ў сацсетках паведаміў сам адавакат. «Дысцыплінарная камісія МГКА прыняла рашэнне выключыць мяне з калегіі адвакатаў. За просьбу аб апраўданні людзей», — напісаў Дзмітрый Лаеўскі.


У пасёлку Опытны Мінскага раёна затрыманая Марыя Вайтовіч. Як стала вядома праваабаронцам, пасля ператрусу і канфіскацыі рэчаў, жанчыну адвезлі ў КДБ на Інтэрнацыянальную. У яе чацвёра дзяцей, паўнагадовая дачка і трое малалетніх прыёмных дзяцей.


Глыбокае

У Глыбокім і Докшыцах сёння праводзяць ператрусы. Пра гэта напісаў краязнаўца Кастусь Шыталь:

«У Глыбокім сёння з самай раніцы ператрэслі кватэры актывістаў Аляксандра Шарабайкі і Вольгі Лапатка. У Докшыцах – настаўніка Арцёма Стадольніка і юрыста, былога следчага Юрыя Мацеюна.

Арцём Стадольнік і Юры Мацяюн з Докшыц затрыманы на тры дні у межах крымінальнай справы.  Юры Мацеюн падазроны ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ст. 341 КК РБ "осквернение сооружений и порча имущества".

У Докшыцах быццам бы шукаюць тых, хто размаляваў аўтобусны прыпынак у адной з вёсак. У Глыбокім, па непацверджанай інфармацыі, "шукалі выбухоўку"», піша Радыё Свабода.

У Глыбокім таксама затрыманая Кіра Кісялёва.

У Глыбокім шукаюць журналіста-фрылансера Дзмітрыя Лупача. Да хаты да яго прыходзілі супрацоўнікі КДБ. Змітра Лупача сілавікі забралі з санаторыя "Пліса", дзе ён адпачываў. 


Орша

Сёння раніцай у Оршы затрыманы праваабаронца і рэдактар сайта orsha.eu Ігар Казмерчак. У яго адбыўся ператрус у 6-30 раніцы. Затым яго павезлі на допыт. Казмерчак затрыманы на 72 гадзіны нібыта за псаванне маёмасці і знаходзіцца ў Аршанскім ІЧУ.

Як стала вядома сваякам і сябрам Ігара Казмярчака, заснавальніка Аршанскага незалежнага сайта orsha.eu дапыталі пра псаванне гарадскіх збудаванняў надпісамі палітычнага зместу. Міліцыянты распачалі крымінальную справу паводле арт. 341 КК РБ. Пра якія аб'екты гарадской інфраструктуры вядзецца ў гэтай справе, застаецца невядомым.

Ігар Казмерчак. Фота: БАЖ

Таксама з 6 раніцы ператрус адбыўся ў фатографа сайта Дзяніса Дубкова. Затым яго павезлі на допыт. Сутнасць размоваў у міліцыі ен не раскрывае, спасылаючыся на падпіску аб не разгалошванні таямніцы следства.


У Оршы затрыманы Сцяпан Кулік.

Раніцай каля 7.00 да яго прыехалі з ператрусам з Віцебскага крымінальнага вышуку і забралі ў Аршанскі следчы камітэт.


Віцебск

Увечары 7-га ліпеня адбыўся ператрус у мясцовага актывіста Мікалая Качурца. Супрацоўнікі КДБ распытвалі яго пра датычнасць да падрыхтоўкі выбухаў, якія нібыта рыхтаваліся ў Вілейцы: 2-га ліпеня Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што тым “атрады самаабароны” спрабавалі падарваць вузел сувязі Ваенна-марскога флоту Расеі, піша Беларускае Радыё Рацыя.


Прыйшлі ў кватэру віцебскага журналіста Змітра Казакевіча. Ператрус праводзілі на падставе крымінальнай справы за паклёп на супрацоўніка міліцыі. Па выніках ператрусу, што цягнуўся амаль тры гадзіны, забралі ноўтбукі жонкі і дачкі Казакевіча, два старыя сістэмныя блокі, два фотаапараты і маленькі БЧБ-сцяжок.

Ператрус таксама праводзіцца ў журналіста Вячаслава Лазарава.

Таксама ў Віцебску затрыманы журналіст Віталь Скрыль. Ён быў затрыманы на 72 гадзіны ў якасці падазраванага ў крымінальнай справе.

Паведамляецца таксама пра ператрус і затрыманне журналіста Уладзіміра Лунёва. 


Брэст

У рэдакцыю незалежнага выдання "Брестская газета" таксама прыйшлі сілавікі. Супрацоўніца рэдакцыі  Людміла Селех напісала ў фэйсбуку: "Я не в редакции, но мне уже звонили, сейчас подъедут. КГБ".


У рэдакцыю баранавіцкага недзяржаўнага выдання Intex-Press прыйшлі з вобшукам супрацоўнікі КДБ, піша @nashaniva


У Брэсце затрыманая Аляксандра Гаўрусік. Магчыма, гэта звязана з ператрусам у "Брэсцкай газеце".  Як мяркуецца, дзяўчына знаходзілася ў офісе выдання "Брестская газета", калі там пачаўся ператрус, з тых часоў яна не адказвала на званкі.


У рэдакцыі рэгіянальнага выдання Медыя Палессе адбыўся ператрус — пра гэта яны распавялі ў сваім тэлеграм-канале. Падрабязнасці пакулья невядомы.


Бабруйск

У Бабруйску супрацоўнікі КДБ расшукваюць журналістку Алесю Лацінскую. Спачатку прыязджалі на працу ў рэдакцыю, потым тэлефанавалі і настойліва прасілі, каб яна адгукнулася і прыйшла ў мясцовае аддзяленне КДБ. Зараз у кватэры адбываецца ператрус, па якой справе пакуль невядома. Пасля ператрусу Алесю Лацінскую павезлі на допыт.


У Бабруйску таксама затрыманыя Яраслаў Самуха і Вольга Завіленская.


Наваполацк

У былога юрыстконсульта “Нафтана” Аляксандра Капшуля па месцы прапіскі ў Наваполацку праходзіць ператрус. Капшуль – адзін з тых, хто далучыўся да страйку. Таксама ператрусы прайшлі ў намесніка старшыні першаснай арганізацыі Юрыя Гашава, намесніка старшыні Дзяніса Гурскага і сакратара-казначэя Дзмітрыя Койра. Гурскі і Койра затрыманыя на трое сутак, паведамілі ў БНП.


Затрымалі студэнтку Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту Ганну Багданаву. Раней яна выступіла ў відэазвароце супраць гвалту і стала ўдзельніцай флэшмобу "на што ты здольны дзеля мары", дзе яна пастрыглася нагала ў знак салідарнасці са студэнтамі-палітвязнямі. Ганна Багданава затрыманая на 72 гадзіны па крыміналцы. 

Таксама сёння у Наваполацку затрымалі на працы Надзею Рагозіну. Яе адвезлі у ГАУС, пратрымалі 3 гадзіны і выпусцілі. Падставы затрымання пакуль невядомыя.

У Наталлі Апанасовіч прайшоў вобшук, затым павезлі на допыт, але ўрэшце адпусцілі. Пакуль дома. Артыкул невядомы. Акрамя гэтага сення было яшчэ 3 вобшукі у Наваполацку. Прозвішчы пакуль невядомыя.


Гомель

У Гомелі затрыманы палітык і грамадскі дзеяч Васіль Палякоў. Пра гэта паведамляюць ягоныя паплечнікі са спасылкай на родных затрыманага. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, на кватэры ў Васіля Палякова быў праведзены ператрус, сілавікі канфіскавалі сродкі сувязі і носьбіты інфармацыі.

Васілю Палякову прад’явілі крымінальны артыкул звязаны з тэрарызмам. Ён жонцы змог патэлефанаваць, паведаміў пра артыкул і дадаў, што яго павязуць у ІЧУ.


Сёння таксама адбыўся ператрус у валанцёра Ільлі Міронава. Імаверна, яго таксама затрымалі і змясцілі ў ІЧУ на 72 гадзіны, паведамляе “Гомельская Вясна”.


Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства