Абразы, знявагі і паклёп на прадстаўнікоў улады. Штодзень у краіне праходзяць суды па дыфамацыйных артыкулах (агляд за тыдзень)
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з непрымальнасцю беларускіх уладаў да любых форм праяваў пратэсту. Па дадзеных праваабаронцаў, самымі распаўсюджанымі крымінальнымі інструментамі рэпрэсій сёння з'яўляецца пераслед па дыфамацыйных артыкулах: абраза прадстаўнікоў улады, суддзяў, міліцыянтаў, прэзідэнта (арт. 368, 369, 391 Крымінальнага кодэкса). Штодня па ўсёй Беларусі праходзяць суды па гэтых артыкулах. Вясна" распавядае, каго і за што на гэтым тыдні асудзілі ў Беларусі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса.
“У судзе не з’явіліся”. Некаторыя суды за абразу сілавікоў прыпыняюцца па прычыне знікнення абвінавачаных
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 5 ліпеня павінен быць вынесены прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Аляксандра Анопа, які, на думку следства, абразіў супрацоўніка міліцыі (артыкул 369 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядае суддзя Алеся Осіпава. Дзяржабвінаваўца - Наталля Капітанава.
Пацярпелы - камандзір Гомельскага АМАПу УУС аблвыканкама Міхаіл Дамарнацкі ў судзе не прысутнічаў, але прад'явіў матэрыяльны пазоў за маральныя пакуты ў памеры 1 000 рублёў.
З матэрыялаў справы вядома, што, знаходзячыся па месцы сваёй працы ў дзіцячай спартыўнай школе ў Мінску, Анопа 8 снежня 2020 года пад фатаграфіяй Дамарнацкага ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" размясціў два каментары грэблівага зместу. У ненарматыўнай форме назваў супрацоўнікаў міліцыі "кончеными тварями" і іншымі выразамі, выклікаў Дамарнацкага на паядынак, каб памерацца з ім сіламі. Тым самым Анопа прынізіў гонар і годнасць прадстаўніка ўлады і яго аўтарытэт, сказана ў абвінавачванні.
Ужо на другі дзень гэты каментар быў выяўлены падчас маніторынгу сацыяльных сетак. Анопа затрымалі, ён правёў у ІЧУ тры дні.
Абвінавачаны часткова сваю віну прызнаў. На пытанне, чаму ён дапусціў абразы, патлумачыў, што раней ён быў знаёмы з пацярпелым - калісьці паміж імі ўжо здараўся канфлікт. Неаднаразова ў судзе паўтараў, што хочацца пераменаў у краіне. Ад паслуг адваката адмовіўся з-за матэрыяльнага становішча.
Пракурор запрасіла для Анопа абмежаванне волі тэрмінам на тры гады з адбываннем ва ўстанове адкрытага тыпу.
Аднак 5 ліпеня абвінавачаны Анопа на суд не з’явіўся.
Таксама ў справе змяніўся пракурор – замест Наталлі Капітанавай дзяржаўнае абвінавачанне прадстаўляе Данчанка.
Ён і прапанаваў суду крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Анопа прыпыніць, а яго абвясціць у вышук.
Дарэчы, падобная гісторыя адбылася і ў Салігорску. Тут на 5 ліпеня было прызначанае судовае паседжанне па крымінальнай справе Ігара Рулькевіча, якога вінавацілі ў абразе намесніка начальніка па крымінальных справах Салігорскага РУУС Канапацкага.
Аднак на першым пасяджэнні суддзя Юрый Блоцкі паведаміў, што абвінавачаны на суд не з’явіўся. Пракурор прапанаваў абвясціць яго ў вышук.
“Тварь, и Бог ему судья”. Прысуд жыхарцы Кобрына за абразу оперупаўнаважанага Чарнышкова
У Кобрыне прайшоў разгляд крымінальнай справы, узбуджанай супраць жыхаркі Кобрынскага раёна Галіны Левек па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу (Абраза прадстаўніка ўлады).
Згодна з абвінавачваннем, 17 жніўня 2020 года Галіна Левек, знаходзячыся на працы ў кобрынскім ЖКГ, маючы намер абразіць прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” пад публікацыяй пра операўпаўнаважанага групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі АУС Драгічынскага раёна Юрыя Чарнышкова размясціла каментар “Тварь, и Бог ему судья. Не он, так его отпрыски будут отвечать за содеянное”. Пост, які пракаментавала Галіна, утрымліваў інфармацыю пра тое, што міліцыянт нібыта збіваў дзяўчыну падчас разгону акцыі пратэсту пасля выбараў у Драгічыне, а затым яе збітую перадаў АМАПу.
Абвінавачаная прызнала віну часткова. На судзе яна казала, што напісала каментар не днём на працы, як гэта запісана ў пратаколе, а дома ўвечары. І выклікана гэта было абурэннем дзеянням сілавікоў падчас разгону акцый пратэсту па ўсёй краіне. Яна казала, што не мела намер абразіць Чарнышкова, але пад уплывам эмоцый не магла не выказаць абурэнне.
Пацярпелы драгічынскі міліцыянт Юрый Чарнышкоў выступіў на судзе. Ён казаў, што інфармацыя пра тое, што ён збіваў жанчыну – хлусня, і што абразлівыя каментары прынеслі яму маральныя пакуты. Вядома, што ён выступае пацярпелым не толькі па справе Левек, але і па некалькіх іншых падобных крымінальных справах, узбуджаных за яго абразу ў інтэрнэце. Чарнышкоў заявіў пазоў аб кампенсацыі яму маральнай шкоды ў памеры 2000 рублёў.
Галіна Левек на судзе папрасіла прабачэнне ў міліцыянта, але палічыла суму маральнай кампенсацыі занадта вялікай.
Пятага ліпеня ў судзе быў абвешчаны прысуд. Галіну Левек пакаралі 1 годам і 6 месяцамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”). Менавіта такі тэрмін запытваў пракурор Гушчын.
Таксама жанчына мусіць сплаціць на карысць міліцыянта Чарнышкова 1 500 рублёў маральнай кампенсацыі.
Абразіў і прэзідэнта, і супрацоўнікаў міліцыі. Вынесены прысуд жыхару Бабруйска
У судзе Бабруйскага раёна 7 ліпеня вынесены прысуд па крымінальнай справе Ігара Фалецкага. Яго абвінавацілі адразу па двух артыкулах: арт. 368 (абраза прэзідэнта і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).
Справу разглядала суддзя Іна Круголь.
Па матэрыялах следства, 22 лютага знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення абвінаваны абразіў з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі прэзідэнта Беларусі і супрацоўнікаў ДПС ДАІ Петрачэнку і Рыжыка.
Сведка Гардзічук, таксама супрацоўнік ДАІ, які знаходзіўся ў службовым аўтамабілі, запісаў абразы на відэа.
Фалецкі характарызуецца добра, працуе, але злоўжывае алкагольнымі напоямі.
Сваю віну прызнаў, заявіў, што больш такога не паўторыцца.
Пракурор запрасіў для Фалецкага па адным артыкуле тры месяцы арышту, па другім - год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама прымяніць меры па супрацьалкагольным лячэнні.
Суд прыгаварыў Фалецкага да пазбаўлення волі на адзін год (арт. 368 КК) і арышту на два месяцы (арт.369 КК). Шляхам частковага складання канчаткова прызначыць пакаранне – адзін год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама накіраваць на прымусовае лячэнне ад алкагалізму.
Ігара Фалецкага ўзялі пад варту ў залі суда.
Хворага на СОVID падазраванага абвясцілі ў вышук, затым асудзілі за абразу супрацоўніка міліцыі
Суд Ленінскага раёна Магілёва 6 ліпеня прысудзіў жыхара Салігорска Аляксея Федаркевіча да двух гадоў абмежавання волі з адбыццём у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (»хімія").
Яго прызналі вінаватым у абразе начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС Цімура Пахоменка.
Справу разглядала суддзя Вікторыя Палякова.
Паводле матэрыялаў справы, Федаркевіч яшчэ зімой 2020 года пакінуў негатыўны каментар у адной з сацыяльных сетак, які тычыўся Пахоменка.
У студзені 2021 на мужчыну завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 369 КК РБ (абраза прадстаўніка ўлады), а самога затрымалі на 72 гадзіны, пасля чаго яго адпусцілі пад падпіску да пачатку судовага працэсу.
Практычна адразу пасля вызвалення мужчына захварэў COVID-19 у вельмі цяжкай форме - аж да складанай пнеўманіі. У лякарні ён прабыў з студзеня па сярэдзіну траўня.
2 чэрвеня мужчыну паступіў званок аб тым, што на наступны дзень, 3 чэрвеня, у 10 раніцы прызначанае судовае пасяджэнне па яго крымінальнай справе ў судзе Ленінскага раёна. Абвінавачаны растлумачыў, што прыехаць ён не зможа, папрасіў перанесці пасяджэнне і паведаміць яго позвай загадзя па месцы прапіскі ў г. Салігорску.
Аднак суддзя Вікторыя Палякова з прычыны сыходу ў працоўны адпачынак пасяджэнне не перанесла і абвясціла абвінавачанага ў вышук. Хоць мужчына зусім не хаваўся і ўвесь гэты час знаходзіўся дома на сувязі з роднымі, будучы упэўненым, што позву яму ўсё ж такі адправяць. У выніку, з сярэдзіны чэрвеня мужчына ўтрымліваўся пад вартай - хоць нават сам артыкул 369 КК РБ не прадугледжвае пазбаўлення волі.
6 ліпеня адбылося апошняе паседжанне па справе: Федаркевічу прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу «хімія», тэрмінам на два гады.
Акрамя таго, Цімур Пахоменка ацаніў свае маральныя пакуты ў 5 тысяч рублёў, але суддзя Палякова пастанавіла Федаркевічу выплаціць міліцыянту толькі 1 тысячу, паведамляе MAYDAY.
За абразу намесніка міністра ўнутраных спраў - паўтары гады "хатняй хіміі" і тысяча рублёў кампенсацыі
Прадаў тэлефон і пазбавіўся ад рэчавага доказу. Суд над Паўлам Гулідавым
У судзе Ленінскага раёна Магілёва 9 ліпеня вынесены прысуд па крымінальнай справе Паўла Гулідава, якому першапачаткова выставілі абвінавачванне па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 КК (абраза прэзідэнта) і арт. 409 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да маёмасці, падвергнутай вопісу або арышту).
Справу разглядала суддзя Наталля Панасенка.
Па матэрыялах следства, Павел Гулідаў, які працуе ў Расіі, прыехаў дамоў у адпачынак. У стане алкагольнага ап’янення ён патэлефанаваў у службу 102, дзе груба выказаўся пра Лукашэнку, а заадно пра дзяжурнага, які прыняў званок.
Падчас следства пасля аператыўных дзеянняў яму вярнулі тэлефон, аднак Гулідаў яго прадаў і такім чынам пазбавіўся ад рэчавага доказу. Гэта стала падставай для ўзбуджэння справы па артыкуле 409 КК.
У сувязі з уступленнем у сілу змяненняў у крымінальнае заканадаўства, абвінавачанне па артыкуле 369 (абраза прадстаўніка ўлады) было знятае.
Пракурор запрасіў для Гулідава пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год у калоніі агульнага рэжыму і 100 базавых велічынь штрафу.
Гулідава суд прызнаў вінаватым у «публічнай абразе прэзідэнта» (ч. 1 арт. 368 КК) і «незаконным продажы маёмасці, прызнанай рэчавым доказам» (арт. 409 КК).
Абвінавачанне ў знявазе прадстаўніка ўлады падчас выканання службовых абавязкаў (369 арт. КК) суд скасаваў, згодна са зменамі ў крымінальным заканадаўстве.
Прысуд: пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год у калоніі агульнага рэжыму і 30 базавых велічынь штрафу.
Гулідава ўзялі пад варту ў зале суду Ленінскага раёну Магілёва і будуць утрымліваць у турме нумар 4.
Прысуд Аляксандру Мацвееву: паўтара года «хіміі» за абразу супрацоўніка МУС
9 ліпеня суд Першамайскага раёну Віцебску, разгледзеўшы крымінальную справу віцябляніна Аляксандра Мацвеева, абвінавачанага паводле арт. 369. КК, прызнаў яго вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.
Суддзя Наталля Карабліна цалкам задаволіла патрабаванне пракуратуры і прысудзіла Мацвееву адзін год і шэсць месяцаў «хіміі».
Летась 3 кастрычніка Александр Мацвееў размясціў у групе «Типичный Витебск» у Instagram «крытычны каментар з эмацыйнай афарбоўкай і ўжываннем неўнармаванай лексікі адносна дзеянняў старшага сяржанта ППС Віталя Шнявіна». Міліцыянт ужыў супраць удзельнікаў нядзельных маршаў газавы балончык. Шнявін у сваіх тлумачэннях паясняў, што такога намеру ён не меў і гэта адбылося адвольна. У дадзены момант пацярпелы ў органах МУС не працуе і па працы знаходзіцца па-за межамі Беларусі.
Тэрмін адбыцця пакарання Мацвеевым мусіць адлічвацца са дня пастаноўкі на ўлік у выхаваўчай установе адкрытага тыпу. Таксама суд пастанавіў залічыць у адбыванне пакарання тэрмін утрымання пад вартай з 29 красавіка па 2 траўня, прыраўняўшы адзін дзень пад вартай да двух дзён абмежавання волі.
Да набыцця прысудам законнай моцы меру стрымання для віцябляніна пакінулі ранейшую – падпіска аб нявыездзе. Арышт, накладзены на маёмасць Мацвеева, суд пастанавіў не адмяняць да выплаты ў дзяржбюджэт 31 рубля 90 капеек пошліны.
Новы прысуд у Гародні за абразу прадстаўніка ўлады
8 ліпеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні праходзіў новы судовы працэс па крымінальнай справе паводле артыкулу 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Абвінавачаная - Алена Фадзеева.
Суддзя на працэсе Максім Галубовіч.
Пацярпелым праходзіць міліцыянт Грушэўскі.
У працэсе адбыўся допыт пацярпелага і абвінавачанай.
Разгляд справы фактычна адбыўся цягам паўдня.
Грушэўскі ў сваіх сведчаннях заявіў пра тое, што яго непаcрэдны начальнік паказаў яму адзін з тэлеграм-каналаў, дзе былі змешчаны абразы на яго (Грушэўскага) адрас. Пасля гэтага Грушэўскі адчуў сябе моцна пацярпелым, ён не мог спаць, не магла спаць яго жонка і быў парушаны ўвесь маральны спакой сям'і.
Акрамя таго, што міліцыянт прасіў пакараць Алену Фадзееву паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу, ён склаў да жанчыны грамадзянскі іск - 1 тысяча рублёў маральнай кампенсацыі.
Алена Фадзеева не прызнала сваю віну зусім. Яна заявіла, што не пісала ў тым тэлеграм-канале нічога абразлівага. Адвакат звярнуў увагу на тое, што ў тым чаце вялікая колькасць допісаў, а да адказнасці прыцягваюць чамусці адну Фадзееву, якая сцвярджае, што нічога не пісала. Віна Фадзеевай нічым не даказваецца.
Пракурор запрасіў у суда пакаранне Фадзеевай абмежаваннем волі на 2 з паловай гады без накіравання ў так званую ўстанову папраўчага адкрытага тыпу.
У выніку суддзя Максім Галубовіч абвесціў свой прысуд: Алене Фадзеевай прысуджана на два з паловай гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая "хатняя хімія"). Акрамя гэтага яна павінна выплаціць міліцыянту Грушэўскаму 900 рублёў маральнай кампенсацыі.
За абразу участковага інспектара далі два гады "хатняй хіміі" і канфіскавалі ноўтбук
Суд Партызанскага раёна г. Мінска 1 ліпеня разглядзеў крымінальную справу па арт. 369 Крымінальнага кодэкска ў дачыненні да Сяргея Барысёнка.
Мужчыну вінавацілі ў тым, што ён 9 снежня 2020 года, знаходзячыся дома і выкарыстоўваючы свой ноутбук, пакінуў у адным з чатаў сацыяльнай сеткі паведамленне, якое ўтрымівала абразлівае словазлучэнне ў адрас участковага інспектара міліціі Вілейскага райвыканкама ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.
Суддзя Наталля Дзядкова палічыла, што віна Сяргея Барысёнка даказаная і асудзіла яго да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.
Таксама суд пастанавіў канфіскаваць ноутбук як сродак учынення злачынства ў даход дзяржавы.