viasna on patreon

Сустрэліся на Пушкінскай падчас Маршу герояў: вынесены прысуд двум удзельнікам акцыі пратэсту 13 верасня

2021 2021-07-12T17:00:27+0300 2021-07-12T17:05:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marsh-gerojau-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марш герояў 13 верасня ў Мінску. Фота: Белсат.

Марш герояў 13 верасня ў Мінску. Фота: Белсат.

Цэнтральны суд Мінска 12 ліпеня разгледзеў крымінальную справу палітвязня Валерыя Вішчэні і Анастасіі Рудаковай. Іх абвінавачваюць у арганізацыі ці актыўным ўдзеле у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ).

Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк. Дзяржабвінаваўца - Нічыпарук.

Анастасія Рудакова знаходзілася да суда пад падпіскай аб нявыездзе, Валерый Вішчэня – пад вартай у СІЗА №1. Быў затрыманы 29 красавіка.

З матэрыялаў следства вядома, што Анастасія Рудакова, даведаўшыся з інтэрнэту пра масавыя акцыі, 13 верасня прыняла ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак – парушэнне грамадскага парадку, непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, перашкода працы грамадскага транспарту Рудакова дзейнічала па папярэдняй змове з групай асоб, у тым ліку з Вішчэнем. Знаходзячыся паблізу метро "Пушкінская" далучылася да маршу, прымала позу "седзячы на кукішках”, чым абцяжарвала рух грамадскага транспарту. Апроч таго, перашкаджала працы гандлёвых аб'ектаў.

Такія ж дзеянні следства інкрымінуе і Валерыю Вішчэню.

У Вішчэні маюцца трое непаўналетніх дзяцей на ўтрыманні. Ён не пагасіў ранейшы штраф у памеры 60 б.в, але пагасіў пазоў пацярпелага.

Рудакова – у адпачынку па доглядзе за дзіцём-інвалідам (самым малодшым – пяцігадовым). 

Супрацоўнікі МУС не з'явіліся на пасяджэнне – суд прыняў рашэнне разглядаць справу ў іх адсутнасці.

Сярод пацярпелых не толькі прадпрыемства “Мінсктранс”, але і “КАСКАД”, Кот Матроскін, Фікспрайс і іншыя.

“Ішоў сустрэцца з братам, а тут…”

Пракурор дапытвае Валерыя Вішчэню.

Ён планаваў 13 верасня сустрэцца з братам, але транспарт не хадзіў, пайшоў разам з Рудаковай пешшу ў бок Пушкінскай. Бачыў шмат людзей, якія рухаліся, бачыў б-ч-б сцягі. Сам таксама пляскаў у ладкі.

Валерый Вішчэня.
Валерый Вішчэня.

Людзей было шмат, некаторыя шлі па праезнай частцы вуліцы, але грамадскаму транспарту месца саступалі. Затым Валерый сустрэўся з братам. Каля метро на той час было прыкладна 500 чалавек. Сам таксама выходзіў на праезную частку. Пасля сустрэчы з братам пайшлі ў краму “Хіт” набыць алкагольныя напоі.

Абаронца Вішчэні пытаецца, у які час знаходзіліся менавіта на праезнай частцы?

- Не пазней трох гадзін.

Вішчэня кажа, што ў здейсненым раскайваецца.

Абаронца Рудаковай пытаецца, ці ведала Анастасія, што збіраліся ўдзельнічаць у мерапрыемствах? Валерый кажа, што не дамаўляліся. У той дзень у брата быў дзень нараджэння.

Адказваючы на пытанні суддзі, Вішчэня заявіў аб тым, што лічыў масавае мерапрыемства дазволенае, нідзе не бачыў у Інтэрнэце, што мерапрыемства забароненае.

“Маючы на ўтрыманні трох непаўналетніх дзяцей, ведалі, што нешта можа здарыцца?”

Допыт у судзе Анастасіі Рудаковай.

Рудакова тлумачыць, што 13 верасня з Вішчэнем выехалі ў горад па справах - ён да свайго брата, а яна да сяброўкі. Бачылі шмат людзей. Ішлі разам з усімі.

Далей тлумачыць, што Вішчэня выходзіў на дарогу з мэтай урэгулявання канфлікту паміж аўтамабілістам і мінаком, пазней вярнуўся на тратуар.

Кажа, што Вішчэня лозунгі не выкрыкваў, выпіў толькі літр піва.

Віну прызнае ў тым, што выйшла на нейкі момант на праезную частку, ва ўдзеле ў масавым мерапрыемстве – не прызнае. У здзейсненым раскайваецца.

Гаворыць, што раней прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, аплаціла 30 б.в. штрафу.

У судзе дапытваюць сведак па справе.

Наталля Балашова асабіста ні з кім не знаёмая. Працуе фармацэўтам, кажа, што ў той дзень з-за масавага мерапрыемства зачыняліся два разы, хвілін на 20. Маўляў, патэлефанавала загадчыцы, тая сказала зачыніцца. Аднак марапрыемства працы не перашкаджала, і небяспекі ніякай не адчувалі.

Дапытваюць дырэктара ПВУП “Кот Матроскін" Дзісеткову.

Кажа, што ў той дзень яны зачыніліся, бо не было кліентаў, былі мітынгі. Людзі, якія па запісе прыходзяць, можа дабрацца не маглі, можа з дзецьмі не хацелі ехаць туды, дзе мітынгі.

Пратакол допыту падазраванага Вішчэні:

“Было шмат людзей, пазней даведаўся, што каля чатырох тысяч, выкрыквалі лозунгі, былі са сцягамі. Папрасіў Рудакову сфатаграфаваць на тэлефон, што яна і зрабіла”.

Тлумачыць, што падтрымліваў людзей, што выбары былі несправядлівымі. Падымалі рукі і садзіліся на кукішкі. Дакладна не можа патлумачыць, бо не памятае.

Частку працэсу суддзя пастанавіў зрабіць закрытай па прычыне таго, што ў справе маюцца экстрэмісцкія матэрыялы.

Пратакол допыту сведкі Міцько, кіроўцы аўтобуса.

Ён сцвярджае, што быў вымушаны спыніць аўтобус з-за несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Тлумачыць, што былі яшчэ транспарты. Кіроўца тралейбуса прасіў праехаць, пратэстоўцы не далі, пазней дазволілі праехаць па скрыжаванні. Некаторыя людзі "рэгулявалі рух" - вырашалі, каму можна праязджаць, а каму не. Канфліктаў не было.

Пратакол допыту сведкі Дубоўскай, уладальніцы крамы “Фікспрайс”.

Тлумачыць, што вымушаныя былі закрыць гандлёвы аб'ект з-за несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. У залу забеглі людзі, прасілі выпусціць праз чорны ўваход, за імі забеглі супрацоўнікі АМАП, з мэтай прадухіліць пашкоджанне маёмасці.

Дырэктар салона прыгажосці таксама заяўляе, што ніхто не мог патрапіць у будынак, з-за масавага мерапрыемства. мерапрыемства. Не было запісу – шкоды няма.

У судзе пачаліся спрэчкі бакоў.

Пракурор кажа, што віна Вішчэні цалкам пацвярджаецца матэрыяламі справы, віну ён прызнае. Просіць прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на тры гады з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Пасля прысуду вызваліць з  пад варты ў залі суда.

Анастасіі Рудаковай, якая часткова прызнала віну - абмежаванне волі тэрмінам на тры гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

Адвакат Вішчэні мяркуе, што непадпарадкавання не было – няма канкрэтных сведчанняў супрацоўнікаў пра якія-небудзь патрабаванні. Ён не быў у стане алкагольнага ап'янення, выпіў толькі піва. Лічыць, што нельга накіроўваць ва ўстанову адкрытага тыпу. Тым больш, што на ўтрыманні мае траіх дзяцей.

Адвакат Рудаковай далучаецца да пазіцыі калегі – зняць з  абвінавачвання эпізод з непадпарадкаваннем. Абвінавачаная раскайваецца ў тым, што перакрывала рух транспарту. З улікам таго, што санкцыя часткі 1 артыкула 342 прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, мяркуе, што запытаная мера - занадта строгая.

Суддзя Дзмітрый Карсюк выносіць прысуд: Валерыю Вішчэню - тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.  Вызваліць з-пад варты да прызначэння пакарання пад падпіску аб невыезде. Па эпізодзе з непадрпарадкаваннем прызначыць штраф у памеры 60 базавых велічынь. На аплату штрафу даецца 30 дзён. Анастасіі Рудаковай - тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу (хатняя хімія). Тэлефон пакінуць пад арыштам да прызначэння пакарання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства