Хваля ператрусаў у Брэсце, прад'яўленне абвінавачванняў валанцёрам фонда СДЖ: хроніка пераследу 13 ліпеня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Пасля шырокамасштабнай атакі на прадстаўнікоў незалежных СМІ, ператрусаў, допытаў і затрыманняў, якая доўжылася два дні 8 і 9 ліпеня, у аўторак, 13 ліпеня, працягваецца пераслед людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю, высвятляюцца падрабязнасці крымінальных справаў супраць раней затрыманых.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Ператрус у сям'і брэсцкага праваабаронцы, затрыманні: хроніка пераследу 12 ліпеня
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне.
Жлобін
Як паведамляе "Гомельская Вясна", на стан у 17:47 у Жлобіне адбываецца вобшук у Юрыя Юркова. Ёсць інфармацыя яшчэ пра два вобшукі. Прозвішчы высвятляюцца.
Віцебск
У Віцебску 13 ліпеня адбываецца пераслед былых сябраў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Ператрусы праходзяць у пенсіянерак, якія насілі перадачы ў СІЗА. Усіх затрымана шэсць чалавек:
- Галіна Цыбульская;
- Ганна Куліева;
- Алена Нядвецкая;
- Таццяна Аўсяннікава;
- Ірына Старавойтава;
- і яшчэ адна (прозвішча высвятляецца).
Брэст
Сёння раніцай у Брэсце пракацілася хваля ператрусаў. Іх праводзяць супрацоўнікі КДБ у межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму). Людзі, у якіх адбываюцца ператрусы, маюць працэсуальныя статусы сведак. Так, праваабаронцам "Вясны" вядома пра мінімум семь ператрусаў у берасцейцаў сёння а шостай раніцы. Дома ў іх праводзяць ператрусы, потым забіраюць на допыт у якасці сведак, пасля чаго адпускаюць. Вядома, што ператрусы ў некаторых санкцыянаваў пракурор вобласці.
Так, сілавікі прыйшлі да Шчурко — цікавіліся "ОГСБ", Цяліпкі. Пасля ператрусу на допыт у якасці сведкі вазілі Рамана Берасценя, потым яго вызвалілі. Таксама ператрус быў у Андрэя Клімовіча па арт. 289 КК.
У Брэсце раніцай затрымалі Анастасію Мантраву. У яе сёння мусіў быць суд, але а 8 раніцы яе затрымалі.
Раніцай да выдаўца брэсцкага часопіса «Бінокль» Дар'і Гарашчанкі прыйшлі з ператрусам сілавікі. Яе павезлі на апытанне ў Ленінскі РАУС, пазней адпусцілі, але забралі мабільны тэлефон.
Таксама з ператрусам раніцай прыйшлі да брэсцкай фатографкі Вольгі Латышавай.
Да рэдактаркі «Бинокля» Ксеніі Пятровіч таксама прыходзілі з ператрусам. Дома была толькі маці, якая не адчыніла дзверы.
Гомель
Сёння раніцай да бухгалтаркі "Моцных Навін" Ганны Стрэльчанкі прыйшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку.
Стала вядома, што затрыманы 8 ліпеня гомельскі валанцёр Ілля Міронаў знаходзіцца ў ІЧУ г. Гомеля. Па словах яго адваката, там яго будуць утрымліваць да канца тыдня.
Прад'яўленне абвінавачванняў валанцёрам фонда "Страна для жизни"
Стала вядома, у чым абвінавачваюць затрыманых 9 ліпеня валанцёраў фонда "Страна для жизни". Нагадаем, у пятніцу падчас "шырокамасштабнай аперацыі КДБ па зачыстцы ад радыкальна настроеных асобаў" затрымалі трох валанцёраў фонда:
- 37-гадовую Марыну Дуброўскую;
- 41-гадовага Антона Сташэўскага;
- 46-гадовую Юлію Сырых.
Таксама разам з імі была затрыманая 44-гадовая валанцёрка Таццяна Астроўская.
12 ліпеня Дуброўскай, Сташэўскаму, Сырых прад'явілі абвінавачванні па арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання). Верагодна, ім інкрымінуюць частку 2 (здзейсненае групай асоб), санкцыя гэтай нормы прадугледжвае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Усіх чатырох затрыманых па "справе фонда СДЖ" змясцілі пад варту пакуль на два месяцы ў СІЗА-1 на Валадарскага.
Як адзначаюць у Фондзе, валанцёры "фармавалі перадачы для палітвязняў і ніякіх грашовых сродкаў не збіралі".
Магілёў
У рэдакцыю сайта «Магілёўскі рэгіён» прыехала міліцыя, піша "БАЖ". У рэдакцыі правялі агляд. Сілавікі забралі камп'ютары і іншыя носьбіты інфармацыі. Заўтра рэдактара сайта Змітра Салаўёва і ягоную жонку выклікаюць у міліцыю.
Днём 13 ліпеня супрацоўнікі КДБ прыйшлі на працоўнае месца да магілёўца Аляксандра Банькова, піша MAYDAY. Яго адвезлі дадому, дзе зладзілі ператрус, а пасля тры гадзіны пратрымалі ў будынку УКДБ па Магілёўскай вобласці. Як адзначыў Аляксандр, іх цікавіў яго тэлеграм-акаўнт, куды ён практычна не заходзіць апошнія паўгода. Па заканчэнні трох гадзін Банькова адпусцілі.
Мінск
У Мінску затрымалі Аляксандра Каўрыгу і Арцёма Бабок. Прычыны затрымання пакуль невядомая.
Таксама сілавікі пасля ператрусу затрымалі 46-гадовага Андрэя Цуркана. Прычына невядомая. Падчас ператрусу жонку Андрэя папрасілі забраць дзяцей і выйсці. Пасля ператрусу мужчыну даставілі ў Партызанскі РУУС, дзе жонцы сказалі, што ён "затрыманы ў сувязі з непадпарадкаваннем". Андрэй Цуркан два разы прыцягваўся да адказанасці па арт. 23.34 КаАП у 2020 годзе.
Мін'юст праводзіць тэрміновую праверку дзейнасці Саюзу беларускіх пісьменнікаў.Гэта ня першая праверка грамадзкіх арганізацый у Беларусі.
Мінскі праграміст Антон Пажытных быў затрыманы працаўнікамі КДБ 7 ліпеня і на 72 гадзіны змешчаны ў ІЧУ на Акрэсціна. Але пасля трох сутак ён не выйшаў на свабоду, і ягонага цяперашняга статусу сваякі не ведаюць, піша "Белсат".
Пра абставіны затрымання Антона Пажытных распавяла belsat.eu ягоная жонка Дар’я:
«У мінулую сераду мы былі ў краме, а на выхадзе з яе нас каля машыны чакалі працаўнікі КДБ. Сказалі мужу, што маюць пастанову на ператрус нашай кватэры. У пастанове гаворка ішла пра тое, што ёсць падазрэнне, што ў нашай кватэры можа быць нешта, звязанае з крымінальнай справай аб «актах тэрарызму» (арт. 16 і 289 КК).
Яны правялі ператрус, а ўвечары мужа забралі, нібыта на размову ў КДБ. То бок гэта не допыт быў, адваката не выклікалі. Калі Антон з’язджаў, ён яшчэ не меў ніякага працэсуальнага статусу. Ужо пасля 23-й гадзіны муж патэлефанаваў і сказаў, што яго ўсё ж затрымліваюць на трое содняў, бо падазраюць у «акце тэрарызму».
У Мінску затрыманы 30-гадовы шэф-кухар, грамадзянін Расійскай Федэрацыі Віктар Цітоў. Яго даставілі на Акрэсціна. Прычына затрымання пакуль невядомая.
Рэчыца
З ператрусам прыйшлі да прадпрымальніка ў Рэчыцы. Дзянісу Шылянку паказалі пастанову аб ператрусе паводле арт. 289 КК (акт тэрарызму). У траўні ён адбываў 25 содняў арышту за майку з афіцыйным гербам Рэчыцы.
Інфармацыя дапаўняецца.