viasna on patreon

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў асуджае масавыя ператрусы і затрыманні журналістаў і праваабаронцаў у Беларусі

2021 2021-07-15T14:14:13+0300 2021-07-15T14:14:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/observatory_omct_fidh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жэнева-Парыж, 14 ліпеня 2021 г.

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, Партнёрская праграма FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), атрымала інфармацыю аб бесперапынных масавых ператрусах і адвольных арыштах журналістаў і праваабаронцаў, уключаючы сябраў Праваабарончага цэнтра "Вясна", а таксама арганізацый Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Цэнтр прававой трансфармацыі LawTrend, Human Constanta і "Гендарныя перспектывы" ў рамках расследавання крымінальных спраў, узбуджаных па частках 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях") і часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса ("Ухіленне ад выплаты падаткаў").

З самае раніцы 14 ліпеня 2021 года па ўсёй Беларусі было праведзена каля 30 ператрусаў у офісах арганізацый грамадзянскай супольнасці, а таксама па месцы жыхарства праваабаронцаў. Супрацоўнікі праваахоўных органаў абшукалі дома і канфіскавалі тэхніку юрыста "Вясны" Уладзіміра Лабковіча і сябра праўлення "Вясны" Валянціна Стэфановіча. Стэфановіч быў адвольна затрыманы нібыта для допыту, і на момант публікацыі дадзенага тэрміновага звароту месца яго ўтрымання пад вартай заставалася невядомым. Журналіст і праваабаронца Сяргей Сыс таксама быў адвольна затрыманы ў Мінску пасля ператрусу ў яго доме. Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання", пасля ператрусу ў яго доме быў дастаўлены на пляцоўку "Тэрыторыя правоў" для правядзення ператрусу там, а пазней у Следчы камітэт для дачы паказанняў. У Гародні ў кватэры сябра "Вясны" Віктара Сазонава быў праведзены ператрус, міліцыя канфіскавала камп'ютар і мабільныя тэлефоны. Пасля ён быў затрыманы, і на момант публікацыі гэтага тэрміновага звароту яго лёс і месцазнаходжанне заставаліся невядомымі. Сябра "Вясны" Алена Лапцёнак была затрыманая для допыту пасля ператрусу ў яе доме. Акрамя таго, старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі заставаўся недаступны на момант публікацыі тэрміновага звароту.

У Брэсце быў праведзены ператрус у доме Кірыла Кафанава, юрыста арганізацыі Human Constanta, а таксама ў доме Вольгі Смалянкі, кіраўніцы Цэнтра прававой трансфармацыі LawTrend.

У горадзе Орша быў адвольна затрыманы Ігар Казмерчак, рэдактар незалежнага навінавага партала Orsha.eu і сябра "Вясны". 8 ліпеня 2021 года ў яго дома ўжо праводзіўся ператрус, і ён быў затрыманы на трое сутак па крымінальнай справе. На момант публікацыі дадзенага тэрміновага звароту яго лёс і месцазнаходжанне заставаліся невядомымі. Алег Мацкевіч, праваабаронца з "Вясны" ў Барысаве, і яго былая калега Марына Статкевіч таксама былі затрыманыя. Праваабаронца Яўгена Бабаева знаходзілася на допыце падчас публікацыі дадзенага тэрміновага звароту.

Акрамя таго, міліцыя правяла ператрусы ў офісах наступных арганізацый грамадзянскай супольнасці: Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускага Хельсінкскага камітэта, часопіса "Имена", "Гендэрных перспектыў", Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC, Саюза беларусаў свету "Бацькаўшчына", Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацыі, Полацкага незалежнага прафсаюза, Таварыства беларускіх школ і Цэнтра "Супольнасць".

Абсерваторыя з занепакоенасцю адзначае, што вышэйзгаданыя ператрусы і затрыманні праводзяцца ўсяго праз дзень пасля таго, як Савет па правах чалавека ААН прыняў рэзалюцыю аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у якой выказваецца глыбокая занепакоенасць беспрэцэдэнтнай эскалацыяй парушэнняў правоў чалавека ў краіне, уключаючы сістэматычныя рэпрэсіі супраць праваабаронцаў і журналістаў, і ўтрымліваецца патрабаванне да ўладаў вызваліць усіх адвольна затрыманых асобаў і неадкладна расследаваць усе заявы аб парушэннях правоў чалавека.

Абсерваторыя рашуча асуджае бесперапынныя рэпрэсіі супраць праваабаронцаў і журналістаў і заклікае ўлады Беларусі неадкладна пакласці канец пераследам і цкаванню вышэйзгаданых праваабаронцаў і журналістаў, у тым ліку на судовым узроўні.

Абсерваторыя таксама заклікае ўлады гарантаваць фізічную недатыкальнасьць і псіхалагічны дабрабыт ўсіх праваабаронцаў, грамадзянскіх актывістаў і журналістаў у Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства