viasna on patreon

Самыя рэпрэсіўныя суддзі Мінска: хто яны? (інфаграфіка) Фота

2021 2021-07-18T10:13:29+0300 2021-08-02T12:21:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/suddzi_minska_894.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускія суддзі амаль штодзённа выносяць палітычныя прысуды ўдзельнікам мірных акцый пратэсту па крымінальных справах, а таксама працягваюць караць беларусаў вялізарнымі арыштамі і штрафамі па адміністрацыйных справах. Некаторыя з іх трапілі ў санкцыйныя спісы Еўрасаюза. У судах усё радзей выконваюцца законы, а сам суд даўно перастаў быць адкрытым і незалежным. Сведкі ў балаклавах супрацоўнікі міліцыі, якія часта не маюць ніякага дачынення да справы, на якой яны сведчаць. Суддзі лічаць, што прысутнасць сваякоў не абавязкова, таму не вешаюць судовыя расклады; адвакатам затрыманых таксама часта не паведамляюць пра пачатак працэсу; катаванні, ціск, прымус – усё гэта «да справы не датычыцца». «Вясна назірае» склала спіс самых рэпрэсіўных суддзяў з Мінска, якія з пачатку прадвыбарчай кампаніі з траўня 2020 года, асудзілі сотні беларусаў і беларусак за ўдзел у мірных акцыях пратэсту і выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі, якая не падабаецца ўладам.

1. Абсалютным рэкардсменам стаў суддзя Першамайскага раёна Максім Трусевіч. За мінулы год ён асудзіў мінімум 251 чалавек. 182 чалавекі Трусевіч арыштаваў на 2785 сутак, а 69 чалавек аштрафаваў агулам на 2 220 базавых велічыняў. Суддзя Трусевіч патрапіў пад санкцыі з чацвёртага пакету.

Трусевіч выпісвае вялізарныя штрафы тады, калі па абмежаваннях закону не можа арыштаваць чалавека. Так, напрыклад, ён аштрафаваў маці чатырох непаўнагадовых дзяцей на 2900 беларускіх рублёў, расцаніўшы герб Пагоня як БЧБ-сімволіку. Таксама ён двойчы аштрафаваў на максімальныя штрафы блогерку Вольгу Такарчук, якая цяпер знаходзіцца за кратамі па крымінальнай справе і прызнаная палітзняволенай. Трусевіч амаль заўсёды дае максімальныя «суткі». Пасля хапуна 25 і 27 сакавіка ўсе, каго судзіў Трусевіч адбывалі 15 і 30-сутачныя арышты.

2. На другім месцы «рэпрэсіўнага спіса» суддзяў – Марына Фёдарава з суда Савецкага раёна. Цяпер яе многія ведаюць праз суд над фігурантамі «справы студэнтаў». Але акрамя гэтага, з пачатку прадвыбарчай кампаніі Фёдарава паспела асудзіць больш за 224 чалавека па «адміністрацыйках»: 149 чалавек яна пакарала арыштам агулам на 2167 сутак, а 75 аштрафавала на 1835 базавых велічыняў. Суддзя Фёдарава таксама трапіла пад санкцыі – яе ўключылі ў трэці санкцыйны пакет.

Суддзя Марына Фёдарава пасля 25 сакавіка аштрафавала на 3770 рублёў 71-гадовую лекарку анколага-мамолага Святлану Яцкову нягледзячы на тое, што ў справе не было ніякіх доказаў, акрамя рапарту сведкі-міліцыянта. Таксама пасля Дня Волі суддзя арыштавала праграміста негледзячы на тое, што ён заявіў на судзе пра збіццё і ціск падчас подпісу пратаколу. Па яе рашэнню адбывалі арышты і супрацоўнікі крамы «Symbal.by», і былы выкладчык кафедры крыміналістыкі БДУ Яраслаў Кот, і студэнт і музыка Сяргей Верамяюк, якога затрымалі за дзень да абароны дыплому.

3. Трэцяе месца займае суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк. Па яго рашэнні былі арыштаваныя 138 чалавек агулам на 2033 сутак, а яшчэ 58 беларусаў атрымалі шрафы на 2240 базавых велічыняў. У выніку, па «палітычных» артыкулах суддзя Карсюк вынес больш за 196 пастановаў. У судзе Цэнтральнага раёна ён часцей за ўсіх разглядае «палітычныя» справы і амаль ніколі не адпраўляе справы «на дапрацоўкі».

Прывядзем прыклад, як адрозніваюцца рашэнні суддзі Карсюка па "палітычных" і звычайных справах.

У лютым у судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбыўся суд над мужчынам, які па пратаколе ў снежні на Ціміразева "здзейсніў наезд на інспектара ДПС, пасля чаго быў дастаўлены ў Цэнтральнае РУУС, на тэрыторыі якога здзейсніў непадпарадкаванне супрацоўніку". На судовы працэс асабіста прыйшоў і сведка-міліцыянт, які сказаў, што не можа даць відэа з нагруднай камеры для доказа непадпарадкавання, таму што відэазапісы захоўваюцца толькі адзін месяц. Суддзя аштрафаваў мужчыну на 10 базавых (290 рублёў).

Месяцам раней, 22 студзеня, суддзя Карсюк разглядзеў справу 45-гадовага Аляксандра Троцкага па арт. 23.4 КаАП. Пратакол быў складзены за непадпарадкаванне супрацоўнікам АМАПу 12 жніўня. Гэта быў паўторны разгляд справы. Мужчына на судзе не прысутнічаў ні асабіста, ні праз скайп — з 12 жніўня Аляксандр знаходзіўся пад вартай па крымінальнай справе. 

Згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.4 КаАП "12 жніўня на праезнай часткі на скрыжаванні вул. Мельнікайтэ і пр-та пераможцаў Мінска Троцкі, маючы намер на непадпарадкаванне службовай асобы супрацоўніка АУС, на неаднаразовыя законныя патрабаванні камандзіра АМАП пры выкананні службовых паўнамоцтваў заглушыць рухавік аўтамабіля "Шкода Кадзіак", выйсці з аўтамабіля і адкрыць багажнае аддзяленне транспартнага сродку для правядзення надгляду на прадмет наяўнасці забароненых прадметаў і рэчываў катэгарычна вусна адмовіўся ў грубай форме. Пры гэтым, рухавік наўмысна не заглушыў, з аўтамабіля не выйшаў асабіста, багажнае аддзяленне для агляду не прадаставіў, чым аказаў непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка АУС пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў". Абставіны наезду на нагу супрацоўніку ДАІ 12 жніўня матэрыялы адміністрацыйнай справы замоўчваюць. Нягледзячы на тое, што на момант складання пратаколу і нават судовага паседжання, крымінальная справа ўжо знаходзілася ў Мінгарсудзе — гэта не перашкодзіла суддзі Дзмітрыю Карсюку асудзіць Троцкага на 15 сутак. У выніку, за падобнае "правапарушэнне" аднаму мужчыне — штраф па арт. 23.4 КаАП у памеры 290 рублёў, а другому — 15 сутак. Потым гэтая пастанова лічылася доказам віны Троцкага на судзе па крымінальнай справе за замах на забойства супрацоўніка ДАІ. Аляксандра асудзілі да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі палітычным зняволеным.

Менавіта суддзя Карсюк адным з першых пасля зменаў у КаАП аштрафаваў маці непаўнагадовага дзіця на вялізарную суму ў памеры 5220 рублёў (180 базавых). Па яго рашэнню адбывалі “суткі” і мастачка Лізавета Ганчарова з бацькам, і жанчына пасля анкалёгіі, гледачы спектаклю «Белы трусік, Чырвоны трусік», музыкі, якія спявалі “забароненыя песні”, звычайныя мінакі і яшчэ дзясяткі беларусаў, якія мірным шляхам адстойваюць свае правы.  

4. Суддзя Савецкага раёна Алена Жуковіч за год асудзіла больш за 195 чалавек: 128 чалавек арыштаваныя на 1708 сутак і 67 былі аштрафаваныя агулам на 2150 базавых велічыняў. 

Суддзя Жуковіч нядаўна разглядала справу экс-міліцыянта Ягора Емяльянава, якога пасля «перазатрымання» зноў арыштавала на 15 сутак. Суддзя адмовілася далучаць да справы відэа, якое абвяргае версію сведак-міліцыянтаў і сведчыць аб невінаватасці Ягора. Жуковіч палічыла, што відэа не адносіцца да справы. Суддзя за апошні час судзіла беларусаў за БЧБ-шалік, за налепкі, за ўдзел у велагонцы і нават за ўскладанне кветак каля Камароўкі. 

5. Яшчэ адзін прадстаўнік Савецкага судаСяргей Шаціла — асудзіў за мірныя акцыі пратэсту больш за 183 чалавека. Ён арыштаваў 118 чалавек на 1727 сутак і 65 чалавек вынес штрафаў агулам на 2241 базавую велічыню. Суддзю Шацілу ўнеслі ў чацвёрты пакет санкцый.

Суддзя Шаціла – самы актыўны ў судзе Савецкага раёна. Ён часцей за ўсіх судзіць мірных беларусаў за БЧБ-сімволіку. Менавіта па яго рашэнню былі асуджаныя мінчукі за «пратэстную цішотку», за песню «Муры» ў пераходзе, за малюнкі БЧБ-сцягоў, за чырвоную паласу на белым сайдынгу, стужкі і сардэчкі на вокнах і за працу ў краме «Symbal.by».

6. Па рашэнні суддзі Першамайскага раёна Анастасіі Ляйкоўскай, якая яшчэ не трапіла ні ў адзін санкцыйны спіс, за мінулы год былі арыштаваныя мінімум 109 чалавек на 1290 сутак і 69 чалавек аштрафаваныя на 1684 базавых велічыняў. Агулам ад палітычнай суддзі пацярпелі 178 чалавек.

У сярэдзіне траўня Ляйкоўская судзіла пенсіянерку за ўсталяванне маленькага БЧБ-сцяжка на надмагіллі Васіля Быкава, аднак з-за супярэчнасцяў у паказаннях сведкі суддзя вымушана была адправіць справу «на дапрацоўку». Таксама суддзя арыштавала і мінскага стэндапера, які наведаў праўладны мітынг ва «Уруччы». Пасля Дня Волі Ляйкоўская арыштоўвала нават за «жаданне сфатаграфаваць аўтазакі». 

7. Наступны суддзя, які трапіў пад санкцыі — суддзя Савецкага раёна Аляксандр Волк. За ім лічыцца 172 рашэнні па палітычных справах. Волк арыштаваў не менш за 90 чалавек агулам на 1250 сутак і аштрафаваў 82 чалавека на 2233 базавых велічыняў.

Суддзя Волк знакаміты арыштамі за БЧБ-шкарпэткі, ручнікі па БЧБ-схеме і вялізарным штрафам за белы аркуш на акне. Таксама ён актыўна разглядаў справы беларусаў пасля «хапуноў», раварыстамі з Цнянкі, жонкай уладальніка крамы «Мой модны Кут». У кастрычніку суддзя Волк арыштаваў на 15 сутак хлопца, які заявіў аб «гвалце, у тым ліку сэксуальным». Доказам сталі толькі паказанні сведкі, які бачыў, як на адлегласці 50 метраў той выкрыкваў лозунг, але вынік такі зрабіў, бо ў хлопца «маска варушылася».

8. Самая працавітая суддзя Фрунзенскага раёна — Марыя Ярохіна. За год яна асудзіла мінімум 155 чалавек па «народных артыкулах», улічваючы тое, што актыўна пачала судзіць толькі з канца восені. Па яе рашэннях было арыштавана мінімум 105 чалавека агулам на 1587 сутак і аштрафавана не менш за 50 чалавек на 2322 базавыя велічыні. Гэта менавіта тая суддзя, якая лічыць, что катаванні ў Фрунзенскім РУУСе і падпісанне пратакола пад ціскам не адносяцца да разглядаемых ёю справаў. У чэрвені Еўрасаюз уключыў Ярохіну ў чацвёрты пакет санкцый.

Марыя Ярохіна стала самай папулярнай суддзёй за апошні час. Менавіта яна падчас «судовага канвееру» магла асудзіць беларусаў за чатыры хвіліны. Яна ўжо двойчы арыштоўвала прадстаўніка незалежнага прафсаюза РЭП Андрэя Комліка-Ямаціна на 15 і 25 сутак. Таксама 25-сутачным арыштам карала выкладчыцу БДУ Вольгу Кавалеўскую. Кіраўнік партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук па рашэнні Ярохінай адбываў 15-сутачны арышт. Некалькіх чалавек суддзя карала за кветкі і лампадкі на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага. Так, за кветкі каля мемарыялу Тарайкоўскага 56-гадовая лекарка-кардыёлаг Вольга Карнеева атрымала штраф у памеры 5800 рублёў (200 базавых), а 78-гадовая пенсіянерка Галіна Іванова — 4350 рублёў (150 базавых). А ў чэрвені доказам віны хірурга Сяргея Броўкі, акрамя паказанняў сведкі, стаў пераезд лекара ў «пратэстны раён» Новая Баравая. Акрамя ўсяго, трэба адзначыць, што ў Фрунзенскім РУУСе дагэтуль працягваюцца катаванні, пра якія некаторыя арыштанты заяўляюць на судах, але замест адпаведнай рэакцыі, суддзя дае максімальныя «суткі» і «штрафы».

9. Суддзя Ленінскага раёна Таццяна Шоцік з траўня 2020 года асудзіла мінімум 144 чалавек, з якіх 102 чалавека адправіла за краты агулам на 1211 сутак і аштрафавала 42 чалавека агулам на 1050 базавых велічыняў.

Суддзя Шоцік у кастрычніку мінулага года асудзіла баскетбалістку Алену Леўчанка. Суддзя пакарала спартсменку штрафам у памеры 870 рублёў. Таксама менавіта Шоцік аштрафавала за сваю працу на 2320 рублёў журналістку TUT.BY Надзею Калініну.

10. Вядомая яшчэ з 2011 года суддзя Цэнтральнага раёна Вікторыя Шабуня за мінулы год арыштавала 89 чалавек на 1140 сутак і аштрафавала яшчэ 41 чалавек на 1275 базавых. Агулам суддзя пакарала з траўня 2020 года больш за 130 чалавек. Суддзю ўключылі ў трэці пакет санкцый Еўрасаюзу.

6 жніўня у Парку Дружбы народаў, дзе мусіў быў адбыцца мітынг Святланы Ціханоўскай, які ўлады забаранілі, Кірыл Гапанаў і Улад Сакалоўскі ўключылі песню Віктара Цоя «Перемен», пасля чаго іх забраў АМАП. На наступны дзень суддзя Вікторыя Шабуня арыштавала хлопцаў, якія сталі сімвалам пратэсту («дзіджэямі Перамен»), на 10 сутак кожнага. У траўні суддзя Шабуня арыштавала на 15 сутак дзяўчыну, якая вырашыла падтрымаць супрацоўнікаў парталу TUT.BY плакатам, які нават не паспела дастаць з пакета. Таксама яна пакарала штрафам і суткамі двух музыкаў, якія спявалі песню «Разбуры турмы муры». У студзені Шабуня аштрафавала жанчыну за непадпарадкаванне на 1450 рублёў, якой пры затрыманні зламалі руку, паваліўшы на зямлю. У лютым суддзя арыштавала ліквідатара катастрофы на ЧАЭС Андрэя Жукава, якога збілі пры затрыманні, пасля чаго ён атрымаў траўму галавы. 

11. Знакаміты сваімі рашэннямі суддзя Партызанскага раёна Міхаіл Макарэвіч за год вынес не менш за 127 пастаноў супраць беларусаў па «народных артыкулах». 88 чалавек былі арыштаваныя агулам на 1409 сутак і яшчэ 39 чалавек былі аштрафаваныя на 905 базавых велічыняў. 

Гэты суддзя знакаміты арыштамі культурных і палітычных дзеячаў. Па яго рашэннях былі асуджаныя мастачка Леся Пчолка, мастак Уладзімір Грамовіч, старшыня АГП Мікалай Казлоў і старшыня сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Барысаў.

12. Суддзя Маскоўскага раёна Сяргей Кацар паспеў за год пакараць больш за 125 чалавек. 91 чалавек з-пад яго рукі адбывалі агулам 1231 сутак і 34 чалавека былі аштрафаваныя на 1070 базавых велічыняў.

Суддзя Кацар у чэрвені праігнараваў заявы адлічанай студэнткі БДМУ Марыі Алешка пра пагрозы з боку супрацоўнікаў Маскоўскага РУУСа і арыштаваў яе на 15 сутак пасля таго, як яе затрымалі наўпрост каля суда Маскоўскага раёна, куды яна прыйшла на суд знаёмай. Таксама суддзя Кацар судзіць беларусаў за БЧБ-сцяжкі ў аўтамабіле, за аркушы на вокнах і БЧБ-сардэчкі.  

13. Сумнавядомая суддзя Маскоўскага раёна Таццяна Мотыль асудзіла за мінулы год мінімум 121 чалавека: 79 чалавек пакарала арыштамі на 1155 сутак і 42 чалавека атрымалі штрафы ў памеры 1595 базавых велічыняў.

Суддзя ўключана ў чацвёрты пакет санкцый, а таксама была ў санкцыйным спісе 2011 года.

Суддзя Таццяна Мотыль ў траўні арыштавала журналістку «Народнай Волі» Глафіру Жук за «пікетаванне перад будынкам суда», дзе павінен быў пачацца суд па «справе студэнтаў». Тады Мотыль пакарала журналістку 30-сутачным арыштам. Таксама па яе рашэнні быў арыштаваны на 15 сутак экс-памочнік пракурора Першамайскага раёна Мінска Яўген Бабак, які цяпер стаў фігурантам крымінальнай справы. А 58-гадовую Таццяну Пятруковіч суддзя Мотыль арыштавала на 15 сутак, бо ў жанчыны на аглядзе перад пачаткам суда над Віктарам Бабарыкам у сумцы знайшлі БЧБ-налепкі.

14. У Заводскім раёне за палітычныя погляды больш за ўсіх судзіць Анастасія Асіпчык. Мінімум 109 чалавек было асуджана ёй за мінулы год. Асіпчык арыштавала больш за 53 чалавека на 807 сутак і аштрафавала яшчэ 56 беларусаў на 905 базавых велічыняў.

Суддзя Асіпчык 11 лістапада разглядзела справу Вольгі Хіжанковай і арыштавала яе праз трое сутак з моманту затрымання на 12 сутак. У справе было шмат памылак, якія выправілі пасля «дапрацоўкі», а сведка нічога не памятаў. Таксама Асіпчык актыўна судзіла студэнтаў пасля акцый пратэсту каля ўніверсітэтаў і беларусаў, затрыманых падчас мірнага сходу на Дзень Волі. 

 

15. Гэтае месца між сабою дзеляць суддзі Кастрычніцкага раёна Алена Жывіца і Аляксандр Рудэнка. Яны трапілі ў трэці і чацвёрты санкцыйныя спісы за палітычныя прысуды. Па адміністрацыйных справах кожны з іх пакараў больш за 96 чалавек. Суддзя Жывіца арыштавала 50 чалавек агулам на 745 сутак і аштрафавала 46 чалавек на 1395 базавых. Аляксандр Рудэнка наадварот вынес больш штрафаў, чым сутак: 50 чалавек атрымалі штрафы ў памеры 1458 базавых велічыняў і 46 чалавек былі арыштаваныя на 612 сутак.

Суддзя Жывіца ў студзені асудзіла адразу шасцярых супрацоўнікаў авіякампаніі «Белавія», якія прынялі ўдзел у запісы відэа супраць гвалту. Усе яны атрымалі штрафы ад 25 да 30 базавых велічыняў. Таксама Жывіца арыштавала валанцёрак «Вулічнай медыцыны», якія аказвалі медыцынскую дапамогу тым, хто апынуўся на вуліцы. Акрамя ўсіх гэтых «заслуг», яна яшчэ пакарала 30-сутачным арыштам маці Сяргея «хлопотное дельце» Міронава за дваровы марш. Расклада суда ў гэтай суддзі амаль ніколі не бывае, таму большасць судоў праходзяць у «закрытым» рэжыме.

У студзені суддзя Рудэнка аштрафаваў БЧБ-нявесту на 2030 рублёў за фотаздымкі з Маршаў, якія супрацоўнікі міліцыі знайшлі ў яе сацсетках, а таксама з навінаў, апублікаваных на парталах TUT.BY і Onliner.by. У чэрвені намеснік старшыні суда Кастрычніцкага раёна пакараў штрафам дырэктара івэнт-агенцтва Антона Сасноўскага за арганізацыю канцэрту групы «Пошлая Молли», на якім слухачы крычалі «Жыве Беларусь».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства