viasna on patreon

На судзе студэнта Марціновіча прызначылі псіхолага-лінгвістычную экспертызу публікацый тг-канала "Белыя халаты"

2021 2021-07-20T15:15:46+0300 2021-07-20T15:15:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marcinovich_907.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З 15 ліпеня ў Мінскім гарадскім судзе разглядаецца крымінальная справа супраць 21-гадовага палітзняволенага студэнта 4-га курса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Уладзіслава Марціновіча. Яго абвінавачваюць у адміністраванні telegram-канала "Белыя халаты", з дапамогай якога, на думку следства, ён заклікаў да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч.3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса). Па гэтым артыкуле студэнту пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў. Уладзіслаў на судзе віну не прызнаў. 20 ліпеня па справе прызначылі псіхолага-лінгвістычную экспертызу каля 20 публікацый телеграм-канала "Белыя халаты". Сярод пытанняў, якія паставілі на вырашэнне экспертаў, датычацца распальвання варожасці да групы асобаў, аб'яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці (гослужачыя, супрацоўнікі АУС). Артыкул 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці) Уладзіславу Марціновічу ў віну не ставіцца. Справу разглядае суддзя Алена Ананіч, дзяржабвінавачанне падтрымлівае Аляксандр Рамановіч.

Уладзіслаў Марціновіч. Фота з сацсетак
Уладзіслаў Марціновіч. Фота з сацсетак

З 15 ліпеня па справе прайшло чатыры паседжанні. Ужо дапыталі самога палітвязня Уладзіслава Марціновіча, сведак па справе, даследавалі пісьмовыя матэрыялы справы і рэчавыя доказы. На фінальнай стадыі працэсу 20 ліпеня суд па хадайніцтве адваката Уладзіслава прызначыў паўторную комплексную псіхолага-лінгвістычную экспертызу публікацый тг-канала "Белыя халаты". 

На разгляд экспертаў адвакат прапаноўваў паставіць пытанні, у якіх менавіта публікацыях з абвінавачвання ўтрымліваецца інфармацыя, накіраваная на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі. І калі такія маюцца публікацыі, то якія менавіта, і ў чым выяўлена шкода нацыянальнай бяспецы Беларусі. Пракурор Рамановіч падтрымаў хадайніцтва адваката, але папрасіў, акрамя гэтага, паставіць на разгляд экспертаў яшчэ пытанні, ці маюцца ў публікацыях тг-канала "Белыя халаты" выказванні пабуджальнага характару да дзеянняў і заклікі да нанясення шкоды або шкоды маёмасці групе асоб, аб'яднаных па прафесійнай прыналежнасці.

Падобная экспертыза была прызначаная па справе палітвязня блогера Мікалая Дзядка. Пракурор прасіў паставіць такія ж пытанні на вырашэнне экспертаў у тг-канале блогера "MIKOLA", каб высветліць, ці не было ў дзеяннях Мікалая складу злачынства, прадугледжанага арт.130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці).

Як адзначыла суддзя Ананіч, у цяперашні час паўстала неабходнасць у экспертнай ацэнцы некалькіх артыкулаў телеграм-канала "Белыя халаты". У выніку, псіхолага-лінгвістычную экспертызу даручылі правесці экспертам з Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Суддзя Ананіч паставіла на іх вырашэнне наступныя пытанні:

  1. Ці ўтрымліваюцца ў прадстаўленых на даследаванне размешчаных у телеграм-канале "Белыя халаты" публікацыях [пералічваюцца каля 20 публікацый з 16 жніўня па 18 лістапада] выказванні пабуджальнага характару да якіх-небудзь дзеянняў? Калі так, то якое ўтрыманне падахвочвання?
  2. Ці ўтрымліваюцца ў прадстаўленых на даследаванне тэкстах выказванні, у якіх негатыўна ацэньваецца чалавек альбо група асоб, аб'яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці: супрацоўнікі органаў унутраных спраў, дзяржаўных служачых?
  3. Якая псіхалагічная накіраванасць тэкстаў, прадстаўленых на даследаванне?

Працэс адновіцца пасля правядзення экспертызы, якая зойме каля месяца.

"Ці з'яўляецца стварэнне і вядзенне канала злачынствам?" За адміністраванне тг-канала "Белыя халаты" судзяць студэнта

У Мінскім гарадскім судзе сёння пачаўся суд над 21-гадовым палітзняволеным студэнтам 4-га курса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Уладзіславам Марціновічам, якога абвінавачваюць у адміністраванні telegram-канала «Белыя халаты».


Нагадаем, Уладзіслава Марціновіча абвінавачваюць па ч. 3 артыкула 361 Крымінальнага кодэкса (публічны заклік да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт). Па гэтым артыкуле студэнту пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў. 

Паводле версіі абвінавачвання, Уладзіслаў Марціновіч з 9 жніўня да 18 лістапада "стварыў тэлеграм-канал "Белыя халаты"". Студэнт "неаднаразова распаўсюджваў розныя матэрыялы на кіраваным ім Telegram-канале6 выкарыстоўваючы метады, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму, а таксама паслабленне ў грамадстве пачуцця патрыятызму".

Згодна з матэрыяламі справы, у Telegram-канале зафіксаваныя неаднаразовыя факты заклікаў да масавага звальнення медработнікаў, няякаснага аказання медыцынскай дапамогі і ўдзелу ў пратэстах і забастоўках. Акрамя гэтага выяўлены публікацыі аб падтрымцы праводзімых незаконных масавых мерапрыемстваў медработнікамі, спосабах процідзеяння дзеючай улады, а таксама паведамленні, якія дыскрэдытуюць супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

"Мэтай рэсурсу з'яўляецца ўздзеянне на свядомасць і волю работнікаў аховы здароўя і медыцыны Рэспублікі Беларусь, а таксама навучэнцаў і выкладчыкаў медыцынскіх установаў адукацыі краіны", – гаворыцца ў абвінавачванні.

У матэрыялах справы маюцца паведамленні, па версіі следства, "якія маюць падахвочваючы характар". Згадваюцца заклікі медыкаў аб'яднацца, людзей просяць наладзіць пастаўку вады да Стэлы. У матэрыялах справы маецца заклік падпісаць ліст супраць катаванняў. Таксама ў матэрыялах справы маецца паведамленне ад 26 кастрычніка 2020-га года, у якім праз тэрор і раненні мірных грамадзян, прапануюцца розныя сцэнары мірнага супраціву грамадства: ад забастоўкі да напісання ліста палітвязням, выбар прапануецца зрабіць самастойна.

Палітвязень Уладзіслаў віну не прызнаў.

Студэнта затрымалі 19 лістапада – у той дзень таксама затрымалі журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна, якіх асудзілі ў далейшым за выдаванне медыцынскіх дакументаў забітага жыхара "плошчы пераменаў" Рамана Бандарэнкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства