Супраць 64-гадовай актывісткі з Брэста ўзбудзілі крымінальную справу за абразу прэзідэнта
Супраць брэсцкай 64-гадавай актывісткі Алены Гнаўк, якую 2,5 месяцы таму асудзілі па "справе карагодаў", распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта).
Як яна распавяла на сваёй старонцы ў інстаграме, у пастанове аб узбуджэнні крымінальнай справы адзначаецца, што яна "знаходзячыся ў зале 201 "Дома правасуддзя", выказалася фразай, якая змяшчае негатыўную ацэнку і з'яўляецца абразлівай у адносінах да дзеючага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, чым публічна абразіла яго". Як апісвае сітуацыю сама актывістка, на разглядзе "справы карагодаў", дзе яна выступала ў якасці абвінавачванай, яна сказала: "9 жніўня мінулага года ўладу захапіў не зусім здаровы псіхічна чалавек..."
Падставай да ўзбуджэння крымінальнай справы стала заява аднаго з ахоўнікаў Ленінскага РАУС Брэста, які знаходзіўся на судзе. Па ч. 1 арт. 368 КК пенсіянерцы можа пагражаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да чатырох гадоў.
На гэты момант Алена з'яўляецца падазраванай, але ў панядзелак, 26 ліпеня, яе зноў выклікалі ў Следчы камітэт Брэста. Актывістка мяркуе, што там ёй могуць прад'явіць абвінавачванні. Справу Гнаўк вядзе следчы А. А. Мілеўскі.
Алену Гнаўк 7 траўня асудзілі па "справе карагодаў" па ч. 1 арт. 342 КК да двух гадоў "хатняй хіміі". Заўтра, 24 ліпеня, яе выклікаюць у службу выканання пакаранняў, бо прысуд уступае ў сілу.
Да года калоніі. Па брэсцкай "справе карагодаў" пакаралі яшчэ 14 чалавек