viasna on patreon

За абразу пракурора Таратынка мужчыну пакаралі двума гадамі "хатняй хіміі"

2021 2021-07-29T12:09:45+0300 2021-07-29T19:28:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/novy_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Савецкага і Першамайскага раёнаў Мінска. Фота spring96.org

Суд Савецкага і Першамайскага раёнаў Мінска. Фота spring96.org

У судзе Першамайскага раёна г. Мінска разглядзелі справу ў дачыненні да Дзмітрыя Невяроўскага, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Справу разглядаў суддзя Максім Трусевіч, бок дзяржабвінавачвання падтрымліваў Мацвей Худаешка.

Паводле абвінавачвання, Дзмітрый Невяроўскі пакінуў абразлівы нецэнзурны каментар у тэлеграм-чаце “Каратели Беларуси” пад фота старэйшай памочніцы пракурора Фрунзенскага раёна Валерыі Таратынка ў сувязі з выкананнем ёй сваіх службовых абавязкаў, чым прынізіў яе гонар і годнасць. Дадзены каментар быў дасяжны для неабмежаванага кола карыстальнікаў інтэрнэт.    

Абвінавачаны знаходзіўся на падпісцы аб нявыездзе і належных паводзінах, мае 3 групу інваліднасці. У судзе абараняў сябе сам. Ён поўнасцю прызнаў віну, сказаў, што пакінуў каментар на эмоцыях пасля таго, як прачытаў шмат розных навінаў, не хацеў прычыніць маральныя пакуты пацярпелай.

Пацярпелая Валерыя Таратынка ў судзе распавяла, што працуе ў пракуратуры з 2017 года, удзельнічала ў якасці дзяржаўнага абвінаваўцы ў крымінальных працэсах і ажыццяўлала нагляд па адпаведных крымінальных справах.

7 снежня 2020 года ў адным з дэструктыўных тэлеграм-каналаў былі размешчаныя фота і  персанальныя дадзеныя, у тым ліку сведчанні пра асабістае жыццё: імя і прозвішча, дата народзінаў, месца пражывання, мабільны тэлефон, паспартныя дадзеныя. Там жа было ўказанае і службовае становішча. Пазней – 15 студзеня 2021 года – ўказаны запіс быў прадубляваны ў тэлеграм-канале “Каратели Беларуси”, якая мела магчымасць каментавання. У гэты ж дзень і наступныя дні пад запісам былі размешчаныя абразлівыя каментары, у тым ліку і абвінавачаным.

“Лічу, што каментар, размешчаны абвінавачаным, быў пакінуты ім ў сувязі са службовым становішчам, што я займала як прадстаўніка ўлады, паколькі раней з абвінавачым я знаёмая не была, ніякіх непрыязных адносінаў адзін да аднага мы не адчувалі”, - падкрэсліла Таратынка.

Да моманту суда Дзмітрый Невяроўскі з Валерыяй Таратынка не сустракаўся, не прыносіў ёй прабачэнняў, не прадпрымаў ніякіх мераў па кампенсацыі шкоды. Аднак пасля таго, як пацярпелая пачула, што абвінавачаны мае групу інваліднасці, і толькі на гэтай падставе – яна вырашыла не заяўляць грамадзянскі іск па кампенсацыі маральнай шкоды.

Абвінавачаны выбачыўся перад пацярпелай, патлумачыў, што ў той вечар прачытаў шмат навінаў, быў усхваляваны і ў тэлеграм-канале пабачыў фота і апісанне пра пракурора, пакінуў каментар. У судзе казаў, што яго дзеянне не было справядлівым, звычайна ён нікога не абражае.

“Гэта было зроблена мной па глупству, у той момант я не ведаў, да чаго гэта можа прывесці”.

Таратынка прыняла прабачанні, выказала спадзяванне, што Невяроўскі зробіць адпаведныя высновы і больш не парушыць закон. Пасля гэтага яна пакінула залю суда.

У судзе былі вывучаныя пісьмовыя матэрыялы справы. У іх сярод іншага адзначалася, што ў абвінавачанага быў праведзены вобшук, падчас якога былі канфіскаваныя і далучаныя ў якасці рэчавых доказаў палотнішча, бела-чырвона-белы сцяг, два балоны з чырвонай фарбай, керамічны выраб з выявай герба “Пагоня”, вокладка з выявай “Пагоня”.

Падчас спрэчак бакоў пракурор прасіў суд прызнаць Дзмітрыя Невяроўскага вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады і пакараць яго двума гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Раніцай 29 ліпеня суд агучыў прысуд. Максім Трусевіч палічыў віну Дзмітрыя Невяроўскага даказанай і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў “хатняй хіміі”.

Суд таксама пастанавіў: мабільны тэлефон канфіскаваць як сродак здзяйснення злачынства, а вынятыя рэчавыя доказы - знішчыць. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства