"Я за здаровую нацыю". За падпал чатырох "Табакерак" да двух гадоў калоніі асудзілі лекара з Бараўлянаў
У Мінскім раённым судзе 2 жніўня да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму асудзілі 53-гадовага лекара анестэзіёлага-рэаніматога Святаслава Удота. У дзяржаўнай сістэме аховы здароўя ён прапрацаваў 24 гады. У канцы красавіка яго затрымалі за расклейку налепак з фразай "Беларусам – воля, пацуку – падвал" на прыпынку ў Бараўлянах і арыштавалі на 15 сутак. Неўзабаве супраць лекара распачалі крымінальную справу па па ч. 1 і ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства і паўторнае злоснае хуліганства), абвінаваціўшы ў падпале чатырох "Табакерак" і разбітым акне ў адной з іх. На судзе мужчына растлумачыў свае дзеянні тым, што ён як лекар выступае за здаровы лад жыцця і здаровую нацыю, таму хацеў, каб усе "Табакеркі", якія ёсць у Бараўлянах (чатыры штукі) спынілі сваю працу. Амаль тры месяцы Святаслава ўтрымлівалі ў следчай турме ў Жодзіне. Прысуд лекару вынесла суддзя Анжаліка Казлова, дзяржабвінавачанне падтрымлівала памочніца пракурора Мінскага раёна Крысціна Касінская. "Вясна" распавядае абставіны справы.
"Я хачу жыць у добрай свабоднай краіне, дзе кожны можа выказваць сваю нязгоду і меркаванне". Суд за налепкі на прыпынку
Як распавядала "Вясна назірае", анестэзеолага-рэаніматолага 1 ГКБ Святаслава Удота затрымалі 22 красавіка супрацоўнікі Бараўлянскага РАУС. Па пратаколе, "22 красавіка каля 2:20 ночы на прыпынку Бараўляны-6 мужчына размясціў самаробную налепку А4 з надпісам "Беларусам – воля, пацуку – падвал". Суддзя Кацярына Новікава арыштавала на 15 сутак Удота па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае масавае мерапрыемства).
На пытанне суддзі аб значэнні надпісы на ўлётцы, мужчына сказаў, што трэба чытаць літаральна: "Беларусам – воля". Даючы паказанні, Удот растлумачыў, што такім чынам хацеў выказаць сваю нязгоду з парушэннямі, якія апошнім часам адбываюцца ў краіне.
Дыялог з суддзёй:
– Чым пацукі правініліся перад Вамі? Чытаць літаральна парэкамендавалі.
– Пацукі даносяць.
– Якім чынам?
– Не даюць выказваць сваё меркаванне з адкрытым тварам.
– А якое меркаванне Вы хочаце выказаць?
– Якое меркаванне я хачу выказаць? Каб людзей не каралі за тое, што яны адкрыта выказваюць сваё меркаванне, каб іх не звальнялі з працы, каб іх не затрымлівалі.
Таксама Святаслаў дадаў:
"Я хачу жыць у добрай свабоднай краіне, дзе кожны можа выказваць сваю нязгоду і сваё меркаванне, і не баяцца атрымаць за гэта тэрмін або фізічнае пакаранне. Хачу жыць у эканамічна развітой свабоднай краіне!"
"Падпаліў тры кіёскі "Табакерка". Крымінальная справа
Акрамя гэтага, у дзень суда, 23 красавіка Следчы камітэт паведаміў, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі 53-гадовага жыхара Бараўлянаў, лекара адной з бальніц Мінска. Верагодна, гаворка ішла пра Святаслава Удота.
"Па дадзеных следства, у ноч з 13 на 14 красавіка бягучага года невядомы падпаліў два кіёска "Табакерка" ў вёсцы Бараўляны Мінскага раёна. Яшчэ адно падобнае злачынства было здзейснена ў той жа вёсцы некалькі дзён праз", – гаварылася ў паведамленні ведамства.
Следчы камітэт паведаміў, што супраць лекара распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства) за падпал трох "Табакерак" у Бараўлянах.
Падчас следства дадаліся яшчэ эпізоды абвінавачвання. У чым абвінавацілі лекара ў выніку?
Як стала вядома на судзе, падчас следства Святаславу Удоту паставілі ў віну падпал яшчэ адной "Табакеркі" і разбітае шкло ў адной з іх месяцам раней. У выніку, дзеянні лекара кваліфікавалі па дзвюх частках артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (паўторнае злоснае хуліганства).
Паводле версіі абвінавачвання, Святаслаў Удот "з мэтай прадэманстраваць сваё грэбаванне да агульнадапусных нормаў паводзінаў у грамадстве і жадаючы супрацьпаставіць сябе грамадскім сферам дзейнасці здзейсніў наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, якое суправаджаецца пашкоджаннем чужой маёмасці, якое выявілася ў тым, што ён у перыяд часу з 00:10 па 00:13 5 сакавіка, знаходзячыся ў грамадскім месцы на прыпыначным пункце грамадскага транспарту "Бараўляны-6", без прычыны з хуліганскіх меркаванняў наўмысна нанёс неўстаноўленым падчас следства прадметам не менш за 10 удараў металічным нітам па двух вокнах гандлёвага аб'екта "Кіёск Табакерка" №500067, які належыць СЗАТ "Энэрга-АІЛ», у выніку чаго разбіў два шклопакеты, чым прычыніў матэрыяльную шкоду на суму 480 рублёў".
Таксама, паводле абвінаваўчай версіі, ён жа паўторна "з мэтай прадэманстраваць сваё грэбаванне да агульнадапусных нормаў паводзінаў у грамадстве і жадаючы супрацьпаставіць сябе грамадскім сферам дзейнасці, здзейсніў наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, якое суправаджаецца пашкоджаннем чужой маёмасці, якое выявілася ў тым, што ён у перыяд часу з не пазней 1:08 08 красавіка, знаходзячыся ў грамадскім месцы на прыпыначным пункце грамадскага транспарту "Бараўляны-6", без прычыны з хуліганскіх меркаванняў наўмысна з выкарыстаннем запальніцы і іншых неўстаноўленых падчас следства прадметаў падпаліў размеркавальную скрынку, размешчаную з тыльнага боку гандлёвага аб'екта "Кіёск Табакерка" №500067, які належыць СЗАТ «Энерга-Оіл», у выніку чаго агнём у месцы ажыццяўлення падпалу была пашкоджаная размеркавальная скрынка, ізаляцыя электрычнага кабеля, лакафарбавае пакрыццё названага кіёска, тым самым пашкодзіў кіёск, прычыніўшы матэрыяльную шкоду на суму 583,12 рублёў".
Таксама Удоту паставілі ў віну падпал яшчэ двух "Табакерок" у ноч з 13 да 14 красавіка на агульную суму школы 1061,58 рублёў і падпал "Табакеркі" 18 красавіка на суму 562,68 рублёў.
У выніку, сваімі дзеяннямі, як вынікае з абвінавачвання, Святаслаў Удот прычыніў матэрыяльную шкоду СЗАТ "Энэрга-АІЛ" на агульную суму 2 687, 38 рублёў.
Святаслаў Удот прызнаў віну ў поўным аб'ёме па ўсіх эпізодах, а таксама цалкам кампенсаваў нанесеную шкоду.
Што казаў на судзе сам лекар?
Пад вартай Святаслава ўтрымлівалі з моманту заканчэння 15-сутачнага адміністрацыйнага арышту – з 8 траўня. Суддзя Казлова на судзе спытала ў абвінавачанага, з якой мэтай ён падпальваў і разбіваў акно ў "Табакерцы", на што ён адказаў:
"Я за здаровы лад жыцця, за здаровую нацыю і супраць таго, каб нажываліся на продажы цыгарэт".
Як сказаў Святаслаў Удот, ён думаў, што пасля яго дзеянняў на некаторы час кіёскі прыпыняць сваю працу. Са слоў абвінавачанага, "яго эмоцыі ўзялі верх над здаровым сэнсам, у тым ліку з-за яго працы – рэанімацыйныя мерапрыемствы (праца ў стрэсавых умовах), сардэчна-сасудзістыя хваробы, якія, у тым ліку правакуюцца курэннем..."
Падчас допыту лекар распавёў, што даўно выступае супраць курэння, часта праводзіў гутаркі з пацыентамі і калегамі, вывешваў улёткі ЗЛЖ-нага ўтрымання ў бальніцы супраць курэння. На судзе Удот заявіў, што думаў, што ўчыненыя дзеянні могуць выклікаць грамадскі рэзананс, прыцягнуць увагу людзей.
Усяго ў Бараўлянах у красавіку было чатыры "Табакеркі". Усе чатыры кіёска Удот і падпаліў. Усе эпізоды ім былі здзейсненыя ноччу. Да "Табакерак" ён дабіраўся на ровары.
"Табакерку падпалілі – я звальняюся!" Допыт сведкаў
На судзе дапыталі сведку-правізарку аптэкі, якая знаходзіцца каля адной падпаленай "Табакеркі". Яна распавяла, што пасля падпалу да яе прыйшла прадавачка "Табакеркі" за валяр'янкай і сказала: "Табакерку падпалілі – я звальняюся!"
На судзе дапыталі трох прадавачак "Табакерак", яшчэ яна на суд не з'явілася, бо не знаходзілася за мяжой. Усе яны распавялі, як выявілі пашкоджанні, каму паведамілі. Таксама яны распавялі, што да інцыдэнту былі розныя надпісы на "Табакерках", але ўтрымання яны не памятаюць. Пра надпісы і пра падпал яны сказалі, што думалі, што падлеткі паскудзяць. На пытанне, ці выказвалі ім людзі незадаволенасць "Табакеркамі", яны сказалі, што няма.
У пісьмовых матэрыялах справы ўтрымліваецца заява аб добраахвотным прызнанні сваёй віны Святаслава Удота. Суддзя спытала, як ён падаў гэтую заяву, ён распавёў, што затрымалі за налепкі, а там ужо выявілі іншыя інцындэнты. Таксама ў матэрыялых справы меліся добрыя характарыстыка з месца працы лекара.
Чым усё скончылася
Памочніца пракурора Мінскага раёна Крысціна Касінская папрасіла суд пакараць Удота двума гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне і прызначыла суддзя Анжаліка Казлова 2 жніўня.