За ліпень па "пратэсных" крымінальных справах асуджана не менш за 107 чалавек
Праваабарончы цэнтр "Вясна" вядзе маніторынг палітычна матываванага крымінальнага пераследу грамадзян у сувязі з рэалізацыяй імі сваіх асноўных правоў і свабодаў падчас электаральнай кампаніі 2020 года па выбарах прэзідэнта, а таксама ў поствыбарны перыяд, звязаны з фальсіфікацыяй вынікаў галасавання, масавымі і жорсткімі катаваннямі ўдзельнікаў дэманстрацый і беспакаранасцю сілавікоў, якія ўжывалі жорсткае і нечалавечае абыходжанне ў адносінах да удзельнікаў мірных акцый пратэсту.
Ліпень бягучага года ўвайшоў у гісторыю нашай краіны як перыяд, калі ўлады ў адказ на санкцыі міжнародных арганізацый зладзілі пагром грамадзянскай супольнасці. Гэтым разам мішэнню сталі праваабарончыя арганізацыі, няўрадавыя арганізацыі і незалежныя СМІ, якія займаліся прасоўваннем дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека ў Беларусі. Разам з ліквідацыяй НПА беларускія ўлады выкарыстоўвалі шэраг інстытутаў крымінальнага працэсу ў якасці падставы для пераследу грамадскіх дзеячаў у выглядзе ператрусаў і канфіскацыі тэхнікі, адвольных затрыманняў па падазрэнні ў здзяйсненні самага рознага роду злачынстваў. У сувязі з гэтым аб'ектыўны маніторынг крымінальнага пераследу апанентаў дзейснай улады робіцца ўсё больш запатрабаваным ва ўмовах глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі.
26 ліпеня Генпракурор Андрэй Швед агучыў колькасць асуджаных па крымінальных справах, звязаных з пратэстамі, — 955 чалавек. Ён заявіў пра тое, што па ўсіх крымінальных справах вынесены абвінаваўчыя прысуды. Варта адзначыць, што яшчэ ў красавіку Генпракуратура да "пратэсных" крымінальных справаў адносіла абвінавачванні ў грубым парушэнні грамадскага парадку, гвалце над працаўнікамі міліцыі, абразе прадстаўнікоў улады і здзеку з дзяржсімволікі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" з высокай занепакоенасцю адзначае, што за два месяцы рыторыка Генпракуратуры, якая адказная за абарону правоў і свабодаў грамадзян, змянілася ў бок рэзка негатыўнай ацэнкі дзеянняў грамадзян, якія працягваюць выказваць у розных формах пратэст, паколькі палітычна матываваныя крымінальныя справы сталі класіфікавацца ведамствам як злачынствы экстрэмісцкай і тэрарыстычнай скіраванасці. Агульны лік такіх справаў складае 4,2 тысячы.
30 ліпеня Следчы камітэт заявіў пра завядзенне 4691 крымінальнай справы са жніўня 2020 года па падзеях, звязаных з акцыямі пратэсту. У ведамстве адзначылі, што вялікая частка крымінальных справаў распачатая за апаганьванне збудаванняў і шкоду маёмасці, а таксама за абразу прадстаўніка ўлады.
Колькасць палітвязняў бесперапынна расце і па стане на 1 жніўня складае 604 чалавекі. 452 чалавекі з гэтай колькасці ўжо асуджаныя беларускімі судамі да розных тэрмінаў пакарання. Праваабарончаму цэнтру "Вясна" вядома пра не меней як 107 асуджаных па "пратэсных" крымінальных справах у ліпені. З іх 18,69% складаюць жанчыны, 81,31% — мужчыны.
42% грамадзян асуджаны па дыфамацыйных артыкулах, на выключэнні якіх праваабарончая супольнасць Беларусі настойвае ўжо працяглы час.
Праваабаронцам "Вясны" вядома пра не менш як 5 грамадзян, абвешчаных у вышук у сувязі з палітычна матываваным пераследам у ліпені.
Геаграфія прысудаў па "пратэсных" крымінальных справах у ліпені выглядае наступным чынам:
- Мінск — 53 чалавекі;
- Брэсцкая вобласць — 20 чалавек;
- Мінская вобласць — 6 чалавек;
- Гомельская вобласць — 9 чалавек;
- Гродзенская вобласць — 4 чалавекі;
- Магілёўская вобласць — 8 чалавек;
- Віцебская вобласць — 7 чалавек.
Віды і памеры пакарання па палітычна матываваных крымінальных справах
Сумарна за ліпень суды вынеслі па "пратэсных" крымінальных справах, вядомых ПЦ "Вясна",
- 271 год, 3 месяцы і 2 дні пазбаўлення волі для 61 чалавека;
- 41 год і 2 месяцы абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу для 18 чалавек;
- 52 гады і 11 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу для 24 чалавек;
- 7 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі для 3 непаўналетніх;
- 6 месяцаў арышту для 2 чалавек;
- 5030 базавых велічынь штрафу як дадатковае пакаранне для 2 чалавек.
Таксама Віктару Бабарыку нельга займаць кіраўнічую пасаду на працягу 5 гадоў і трэба пакрыць нанесеную нібыта ягонымі дзеяннямі шкоду ў памеры 46 млн рублёў.
Пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, па "пратэсных" крымінальных справах суды ўжывалі ў 56% выпадкаў, а пазбаўленне волі з накіраваннем у выхаваўчую калонію склала 2,9%. Абмежаванне волі з накіраваннем у ВУАТ ужывалася ў 16,8% выпадкаў асуджэння. Абмежаванне волі без накіравання ў ВУАТ зазналі грамадзяне ў 22,4% выпадкаў. Арышт прызначаўся ў 1,9% выпадкаў. Такім чынам, пакаранне, звязанае з пазбаўленнем, абмежаваннем волі па "пратэсных" крымінальных справах у ліпені ўжывалася ў 100% выпадкаў.
Палітычна матываваны крымінальны пераслед непаўналетніх
За ліпень у Беларусі былі вынесеныя тры палітычна матываваныя прысуды непаўналетнім, а крымінальную справу яшчэ аднаго падлетка працягваюць разглядаць у судзе Ленінскага раёна Брэста:
Палітвязняў Івана Пацяйчука і Максіма Імхавіка асудзілі да трох гадоў выхаваўчай калоніі кожнага па крымінальнай справе пра масавыя беспарадкі ў Брэсце і ўзялі пад варту ў зале суда.
Палітвязня Мікіту Залатарова, які ў лютым ужо быў асуджаны на пяць гадоў выхаваўчай калоніі, асудзілі яшчэ на адзін год і шэсць месяцаў. Раней Залатароў неаднаразова заяўляў пра катаванні і жорсткае абыходжанне з боку супрацоўнікаў СІЗА-3.
Палітвязня Максіма Шатохіна — фігуранта справы пра масавыя беспарадкі ў Брэсце — узялі пад варту на пачатку судовага разбіральніцтва.
Галоснасць па "пратэсных" крымінальных справах
Маніторынг крымінальных справаў па палітычных матывах выяўляе на сістэматычнай аснове факты абмежавання прынцыпу публічнасці судовых разглядаў па ўсёй краіне.
На працягу месяца з розных крыніц станавілася вядома пра тое, што прадстаўнікоў дыпламатычных установаў будуць пускаць на пасяджэнні па крымінальных справах толькі пры наяўнасці акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў. У прыватнасці, прадстаўнікі дыпкорпусу не былі дапушчаны ў якасці слухачоў па "справе студэнтаў".
Варта адзначыць, што галоснасць па "справе студэнтаў" абмяжоўвалася на працягу ўсяго перыяду разгляду дадзенай справы, частка абвінавачваных наогул давала паказанні ў судзе ў адсутнасці слухачоў. ПЦ "Вясна" звяртаў увагу на тое, што пачатак разгляду дадзенай справы суправаджаўся адвольнымі затрыманнямі.
У залу пасяджэння па крымінальнай справе Сяргея Ільюшчанкі і Аляксандра Матвеева ў судзе Першамайскага раёна Віцебска не дапускаліся слухачы, паколькі супрацоўніца аховы паведаміла пра тое, што пасяджэнне будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Падчас судовага пасяджэння ў Наваполацку па абвінавачванні Андрэя Разуваева ў абразе прадстаўніка ўлады і захоўванні патрона дзяржабвінаваўца забараніў прысутным весці аўдыязапіс. Супрацоўнікі канвою забаранялі карыстацца мабільнымі прыладамі падчас разгляду крымінальнай справы пра беспарадкі ў Пінску над другой часткай абвінавачваных.
На судовы разгляд крымінальнай справы Мікалая Дзядка не былі дапушчаны слухачы, а таксама прадстаўнікі незалежнай прэсы. Пры разглядзе крымінальнай справы Данілы Ганчарова частка пісьмовых матэрыялаў справы былі вывучаныя суддзём у закрытым рэжыме, бо ў іх утрымлівалася інфармацыя, прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі.
У закрытым судовым пасяджэнні ў судзе Віцебскай вобласці слухаецца справа Яўгена Харашкевіча, які абвінавачваецца ў распальванні варожасці, групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і абразе службовай асобы.
У закрытым ад грамадскасці пасяджэнні слухалася крымінальная справа Аляксея Коршуна, які абвінавачваецца ў распальванні варожасці. Мужчына асуджаны да 2,5 гадоў пазбаўлення волі за тры каментары, пакінутыя пад публікацыяй пра доктара, які распавёў пра каранавірус.
У закрытым пасяджэнні ў судзе Буда-Кашалёўскага раёна асудзілі жыхара Чачэрска Юрыя Кавалёва на адзін год пазбаўлення волі. Кавалёва абвінавацілі ў тым, што падчас праходжання медкамісіі для допуску да кіравання транспартным сродкам у дыскусіі з доктарам непрыязна выказаўся на адрас Аляксандра Лукашэнкі.
Істотным чынам улады абмежавалі галоснасць судовага разгляду па этапнай для гісторыі беларускай праваабароны і юрыспрудэнцыі крымінальнай справе ў адносінах да палітвязня Віктара Бабарыкі. У якасці прычыны для нядопуску ў залу пасяджэння называліся меры па прадухіленні каранавіруснай інфекцыі. Аднак "гнуткасць" у адносінах да дзяржаўных СМІ, адмова ў акрэдытацыі прадстаўнікам шэрагу незалежных медыя прадэманстравалі выбарчы падыход да допуску публікі ў залу судовага пасяджэння.
У закрытым пасяджэнні праходзіць справа ў адносінах да Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова і Уладзіміра Цыгановіча. Зварот да старшыні Гомельскага абласнога суда не ўнёс яснасці ў пытанне пра тое, якімі меркаваннямі кіравалася судовая сістэма пры закрыцці працэсу ад грамадскасці.
Фактычна ў закрытым рэжыме на тэрыторыі ВК-15 адбываецца судовае разбіральніцтва суда Кастрычніцкага раёна Магілёва над палітвязнем Віктарам Барушкам па арт. 411 КК, якое расцэньваецца Праваабарончым цэнтрам "Вясна" як форма адвольнага пазбаўлення волі. Падчас разгляду справы ў адносінах да Віктара Барушкі ў студзені ў судзе Ленінскага раёна Мінска пра гвалт над супрацоўнікам міліцыі палітычны зняволены заяўляў пра катаванні, пасля якіх ён 12 дзён з моманту затрымання правёў у рэанімацыі бальніцы хуткай дапамогі.
"Катавальнае" правасуддзе
Заявы фігурантаў "пратэсных" крымінальных справаў пра катаванні, жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, ціск на этапе папярэдняга расследавання суды пакідаюць без рэакцыі і ацэнкі, фактычна кладучы ў аснову абвінаваўчага прысуду сведчанні, атрыманыя з парушэннем вызначанага парадку.
У ліпені ў судзе Маскоўскага раёна Мінска былі вынесены прысуды Віталю Шышлову, Дзянісу Болтуцю, братам Цімуру і Тамазу Піпія. Падчас дачы паказанняў Шышлоў і Цімур Піпія заяўлялі пра тое, што супрацоўнікі міліцыі прымушалі іх да дачы прызнальных паказанняў, ужываючы супраць іх сілу.
Пра ціск на этапе затрымання заявіў фігурант справы пра масавыя беспарадкі Дзмітрый Ластоўскі:
"Пасля затрымання я пісаў чыстасардэчнае прызнанне пад псіхалагічным ціскам і пагрозамі жыццю і здароўю. Іншыя супрацоўнікі ўзялі мяне за рукі, вывелі да смеццевых кантэйнераў і сказалі: "Калі нічога не скажаш па фактах, мы цябе можам прыстрэліць, нам за гэта нічога не будзе".
Фігуранта гэтай жа справы Яўгенія Прапольскага катавалі электрашокерам, Расціслава Стэфановіча збівалі пры затрыманні, Павел Нядбайла і Аляксандр Рэзнік былі збітыя падчас затрымання. Яшчэ адзін фігурант гэтай справы, Давід Слашчоў, які уцёк ад пераследу, таксама заяўляў пра катаванні. У аглядзе па крымінальных справах за чэрвень ПЦ "Вясна" звяртаў увагу на тое, што падчас разгляду справы зафіксавана істотнае абмежаванне галоснасці судовага разбіральніцтва супрацоўнікамі канвою.
Пра катаванні з мэтай атрымаць прызнальныя паказанні заявіў анархіст і блогер Мікалай Дзядок, затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС:
"Я пачаў крычаць, тады адзін супрацоўнік узяў з канапы падушку і ўціснуў маю галаву ў яе. Я адчуў, што не магу дыхаць, і паспрабаваў пракрычаць, што скажу пароль. Але яны не чулі і яшчэ некаторы час трымалі маю галаву ў падушцы".
Варта адзначыць, што на афіцыйным інтэрнэт-рэсурсе дадзенага ведамства ў лістападзе мінулага года публікавалася відэа пасля затрымання блогера, падчас прагляду якога можна зрабіць бясспрэчную выснову пра ўжыванне да палітвязня празмернага і неабгрунтаванага фізічнага гвалту.
Пра факты жорсткага абыходжання заяўляў на судзе палітвязень Мікіта Залатароў:
"З-за таго, што мяне судзілі па "палітычных" артыкулах, да мяне ў СІЗА дрэннае, негуманнае стаўленне. Я даўно, амаль два месяцы, сядзеў адзін і ўжо не вытрымліваў: мяне проста "падрывае" ў такой сітуацыі. Я неаднаразова прасіў падсадзіць каго-небудзь да мяне ў камеру. Я баюся заставацца там адзін. У мяне эпілепсія. Таблеткі я атрымліваю нерэгулярна: часам толькі пасля таго, як адмыслова звяртаюся па гэтым пытанні да медыка. Калі ў мяне ў адзіночцы пачнецца прыступ, хто мне дапаможа?"
Пра бесчалавечнае стаўленне з боку праваахоўных органаў на судовым працэсе заявіў Ягор Міхайлаў:
"Вельмі негатыўна адношуся да органаў улады, проста трываць не магу, таму што мне не даюць нават есці".
Міхайлаў тлумачыў, што яму не дазваляюць есці ежу, якую ён купляе ў атаварцы, і таму на судах ён увесь час галодны (на працэсе 15 ліпеня трымаўся ўвесь час за жывот). Таксама варта адзначыць пра ціск на Міхайлава з боку пракурора, які неаднаразова падвышаў голас, калі яго не задавальняў адказ. Акрамя гэтага, пракурор часта паўтараў: "Калі Вы пагадзіліся даваць паказанні, то адказвайце нармальна".
У Мінску працягваецца разгляд крымінальнай справы палітвязня Сцяпана Латыпава, які на пачатку судовага разгляду заяўляў пра пагрозы і жорсткія катаванні супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС з мэтай прызнання віны. Пасля спробы суіцыду падчас суда палітвязень цяпер на кожным пасяджэнні прыкуты наручнікамі абедзвюма рукамі да канваіраў. 29 ліпеня Латыпаў падчас суда скардзіўся на дрэннае самаадчуванне і высокі ціск праз умовы ў турэмнай камеры, таму яму выклікалі хуткую дапамогу і павезлі для абследавання.
На судзе па "справе студэнтаў" палітвязень Ілля Трахтэнберг, адказваючы на пытанне адваката пра акалічнасці падпісання яўкі з павіннай, заявіў, што ў ведамства яго прывезлі з мяшком на галаве і прымусілі яе пісаць, прыгразіўшы, што інакш "будзе дрэнна".
Уладзімір Мацюх на судзе заявіў пра жорсткія збіванні ў бусе супрацоўнікаў міліцыі пасля затрымання. Паводле яго слоў, было вельмі шмат удараў. Ва Уладзіслава Барысава з-за ўдараў ішла кроў з носа.
Пра жорсткія катаванні і бесчалавечыя ўмовы ўтрымання ў магілёўскай турме №4 распавёў Уладзіслаў Пшанко пасля свайго вызвалення:
"Канвой сказаў, што калі я адыду ад іх на тры метры, то будуць страляць на паразу. Пакінуўшы мяне ў адных майтках, паставілі побач са сценкай ледзь не на шпагат. Мне выкруцілі рукі тыльным бокам да сцяны, прымусілі стаяць. Я плакаў, маліў спыніцца. А яны смяяліся і казалі, што толькі нядаўна кроў з падлогі выцерлі".
Прэзумпцыя невінаватасці
Дзяржаўныя СМІ называюць фігурантаў "пратэсных" крымінальных справаў вінаватымі яшчэ да вынясення прысуду па крымінальнай справе, а часам ад службовых асобаў агучваецца заўчасная ацэнка дзеянняў абвінавачваных і адназначная выснова пра вінаватасць да паступлення справы ў суд. Разам з тым, падобныя дзеянні не сумяшчальныя з прэзумпцыяй невінаватасці, паколькі да таго, як прысуд набудзе сілу, прэзумпцыя невінаватасці не падлягае ніякім абмежаванням.
5 ліпеня Генеральная пракуратура выпусціла прэс-рэліз пра крымінальны пераслед Анжалікі Агурбаш. У тэксце паведамлення змяшчаюцца дадзеныя пра дачыненне тэлевядучай да некалькіх фактаў супрацьпраўнай дзейнасці, у прыватнасці, да абразы прэзідэнта і распальвання сацыяльнай варожасці па прафесійнай прыкмеце.
Падобная фармулёўка не сумяшчальная са стандартам прэзумпцыі невінаватасці, паколькі ў паведамленні нагляднага ведамства змяшчаецца заўчасная ацэнка дзеянняў, у якіх абвінавачваецца спявачка, фактычна да пачатку папярэдняга расследавання з яе ўдзелам.
6 ліпеня ў Вярхоўным судзе вынеслі прысуды па гучнай і рэзананснай "справе Белгазпрамбанка", фігурантам якой з'яўляецца палітвязень Віктар Бабарыка.
У дзень затрымання Віктара Бабарыкі 18 чэрвеня 2020 г. Іван Церцель, які на той момант займаў пасаду старшыні КДК, распавёў журналістам, што Бабарыка "затрыманы ў сувязі з тым, што з'яўляўся непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці, спрабаваў уздзейнічаць на паказанні сведак, прадпрымаў спробы ўтойвання слядоў здзейсненых злачынстваў і літаральна днямі зняў буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў".
“Справа аб паразе ў правах Віктара Бабарыкі” - прамова адваката палітвязня па “справе Белгазпрамбанка”
21 ліпеня на дзяржаўным тэлеканале "Беларусь 1" апублікаваны прапагандысцкі фільм "Страна для жести" пра "банду" Ціханоўскага і падрыхтоўку тэрору ў Беларусі. На працягу ўсяго фільма закадравы голас паведамляе падрабязнасці з мінулага прыхільнікаў руху "Страна для жизни", перыядычна агучаныя факты каментуе былы кіраўнік МУС Юрый Караеў: "Крымінальнікі, якія імкнуцца ў палітыку, гэта сапраўды новая з'ява. Мы, наша грамадства, дзяржава, праваахоўнікі, прызвычаіліся, што яны ціха сядзяць, як мыш пад венікам. Яшчэ яны тут на людзях будуць паказвацца. [...]"
Пасля фрагменту, дзе Сяргей Ціханоўскі заяўляе пра свой намер удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, Юрый Караеў, які займае пасаду памочніка прэзідэнта па Гродзенскай вобласці, дае ацэнку асобе і дзеянням палітвязня: "Гэты гопнік, вось такі адмарозак з 90-х, якім з'яўляецца Ціханоўскі, прыцягнуў да сябе падобных, людзей, для якіх парушаць закон, пляваць на правілы агульнапрынятыя ў грамадстве ці дзяржаве, гэта норма. Яго развязныя паводзіны, размоўны вось гэты стыль такі, ён прыцягвае да сябе такіх жа, і ён думаў, што ён такі ўвесь перадавы, нашпігаваны тэхналогіямі, сумесь крымінальніка з блогерам, як ён сябе называе. Хоць хуліганскага, я гляджу, бакланскага, як кажуць у зоне, у ім больш за ўсё, яно выпірае з усіх кутоў".
Справа Сяргея Ціханоўскага: якія высновы можна зрабіць да пачатку разгляду ў судзе