viasna on patreon

Смерць Віталя Шышова, ліквідацыя праваабарончых арганізацый, крымінальная справа супраць Irdorath. Хроніка пераследу 3 жніўня Дапоўнена

2021 2021-08-03T12:29:56+0300 2021-08-03T19:28:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shyshou_vital.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 3 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць па крымінальных справах, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю. Напярэдадні гадавіны паслявыбарчых падзей міліцыя пачала хадзіць да тых, хто прыцягваўся да адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, і праводзіць прафілактычныя гутаркі. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Сайт незалежнага гомельскага выдання "Моцныя навіны" заблакаваны па рашэнні Міністэрства інфармацыі. Пра гэта сведчыць адпаведнае паведамленне, якое з'яўляецца пры пераходзе на сайт.


Стала вядома, што ўчора ў Брэсце быў затрыманы Алег Вялаў. Мужчына вядомы як актывіст супраць берасцейскага акумулятарнага заводу.

Як паведамілі знаёмыя Алега, спачатку дома ў мужчыны правялі вобшук. Затым Вялава затрымалі ў межах адміністрацыйнай справы, але за што дакладна - невядома. Зараз актывіст знаходзіцца ў Ленінскім ІЧУ Брэста.


Як паведамілі праваабаронцам "Вясны", учора на лецішчы каля Мінска на святкаванні Дзень народзінаў затрымалі ўдзельнікаў беларускага музычнага фэнтэзі-фолк гурта IRDORATH. Гэта адбылося на святкаванні Дня народзінаў вакалісткі гурта Надзеі Калач (псеўданім – Ірдарат). Па папярэдняй інфармацыі, іх вінавацяць у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 24.3 КаАП) за тое, што не адчынілі вароты. 

irdorath_pr.jpg
Гурт Irdarath на акцыі пратэсту ў Мінску

Спіс затрыманых музыкаў і іх сяброў:

  1. Надзея Калач,
  2. Уладзімір Калач,
  3. Антон Шніп,
  4. Пётр Марчанка,
  5. Дзмітрый Шыманскі,  
  6. Юлія Юніцкая,
  7. Аляксандр Сінкевіч,
  8. Аляксей Палаўчэня.
  9. Верагодна, была затрыманая і Марыя Падаляк.

Пасля затрымання іх даставілі ў Ждановіцкі аддзел міліцыі. 

Па афіцыйнай інфармацыі МУС было затрымана 16 чалавек, у дачыненні да шасці дудароў распачата крымінальная справа за ўдзел у жнівеньскіх маршах.

Дапоўнена: У межах крымінальнай справы затрыманы Уладзімір Калач, Надзея Калач, Пётр Марчанка, Юлія Юніцкая, Антон Шніп. Яны ў статусе падазраваных па арт. 342 КК (Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак).


Кліп “Баю-бай” беларускага гурта “Дай дарогу!” хочуць прызнаць экстрэмісцкім матэрыялам, паведамляе Еўрарадыё. 

Адпаведную заяву ГУБАЗіК накіраваў у суд. Паводле "экспертнага заключэння" кліп зняты з мэтай "дыскрэдытацыі работнікаў сілавых структур".

"...сітуацыя затрымання парушальнікаў грамадскага парадку прадстаўлена аўтарамі песні як бязлітаснае забойства...", — паэтычна сцвярджаецца ў экспертным заключэнні.

Разгляд справы пачнецца 5 жніўня ў судзе Ленінскага раёну Брэста. Лідар “Дай Дарогу!” Юрый Стыльскі запрошаны туды ў якасці “зацікаўленай асобы”.


Журналістцы Інэсе Студзінскай абмежавалі выезд за межы Беларусі, піша БАЖ.

Нагадаем, 26 ліпеня былі затрыманыя журналісты "Радыё Свабода" Інэса Студзінская, Алег Груздзіловіч, Алесь Дашчынскі. У іх дома прайшлі вобшукі, рэдакцыйны офіс у Мінску быў узламаны і разгромлены.

Журналісты правялі ў ІЧУ на Акрэсціна 10 дзён. Студзінская галадала за кратамі 9 дзён. Нікому з затрыманых не выставілі  абвінавачанняў, яны застаюцца падазраванымі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса.


Генеральная пракуратура паведаміла, што ў Беларусі ліквідавалі чатыры праваабарончыя арганізацыі: Human Constanta, «Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын», «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» і «Цэнтр прававой трансфармацыі».


МУС паведаміў пра затрыманне ў Мінску пецярых футбольных фанатаў за тое, што яны нібыта будавалі барыкады на мінулагодніх акцыях пратэсту. Яны знаходзяцца ў статусе падазраваных па справе аб групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак (арт. 342 КК).


У Кіеве 3 жніўня быў знойдзены павешаным у лесапаркавай зоне кіраўнік Беларускага дому ва Украіне Віталь Шышоў. Пра гэта паведамляе ўпраўленне Нацыянальнай паліцыі ў Кіеве.

shyshou_vital.jpg

У якасці адной з версій разглядаецца забойства, замаскіраванае пад суіцыд. Нагадаем, учора раніцай ён выйшаў на штодзённую прабежку і знік. Знаёмыя Віталя Шышова паведамілі, што раней за ім ужо сачылі невядомыя падчас прабежак. 

Інфармацыя дапаўняецца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства