За пагрозу гвалтам супрацоўніку ГУБАЗіКа і абразу суддзі мазырчука асудзілі да трох гадоў "хіміі"
Суд Цэнтральнага раёна Мінска 4 жніўня асудзіў да трох гадоў «хіміі» 38-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка з Мазыра Сяргея Коршака за каментары ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» пра супрацоўніка ГУБАЗіКа Аляксандра Алёксу і суддзю Ленінскага раёна Марыну Клімчук. Яго дзеянні кваліфікавалі як пагрозу ўжывання гвалту супрацоўніку ГУБАЗіКа паводле арт. 364 КК і як абразу суддзі паводле арт. 391 КК. На судзе абвінавачваны прызнаў віну і растлумачыў, што яго закранула інфармацыя пра тое, што Алёкса прычыніў шкоду іншаму чалавеку, таму пакінуў каментар: «Нужно ему морду расквасить». Каментар у ненарматыўнай лексіцы (на судзе ён не быў агучаны) размясціў пад інфармацыяй пра суддзю Клімчук, колькі і каму яна штрафаў прысудзіла. На суд пацярпелыя не з'явіліся, але папрасілі спагнаць з абвінавачванага 5 і 2 тысячы рублёў маральнай шкоды. Падчас следства суддзя і супрацоўнік ГУБАЗіКа заявілі, што «працуюць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і ніколі не здзяйснялі ганебных учынкаў». Прысуд мазырчуку вынес Дзмітрый Карсюк, дзяржабвінавачванне падтрымліваў Арцём Цвяткоў. «Вясна» распавядае акалічнасці справы.
Хто такія Аляксандр Алёкса і Марына Клімчук?
Палкоўнік міліцыі Аляксандр Алёкса з'яўляецца намеснікам начальніка 3-га ўпраўлення і начальнікам 1-га аддзела ГУБАЗіКа. Як ён распавёў падчас следства гэтай крымінальнай справы, на гэты момант у яго службовыя абавязкі ўваходзіць "процідзеянне асобам і выяўленне асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці". Палітвязень блогер і актывіст анархічнага руху Мікалай Дзядок назваў менавіта Алёксу датычным да катаванняў і збіванняў у адносінах да яго.
Душылі падушкай, засоўвалі бутэльку ў рот. На судзе палітвязень Дзядок распавёў пра катаванні і збіццё
7 ліпеня ў судзе Савецкага раёна Мінска за абразу (артыкул 369 КК) і пагрозу ўжывання гвалту (артыкул 364 КК) у адносінах да супрацоўнікаў ГУБАЗіКа Івана Тарасіка і Аляксандра Алёксы асудзілі 35-гадовага мінчука Яўгена Сямёнава. Мужчыну судзілі за два каментары ў тэлеграм-чаце. Інфармацыю пра іх ён узяў у тэлеграм-канале BYPOL пад публікацыяй пра дачыненне іх да катаванняў Мікалая Дзядка, і расшарыў яе ў іншы тэлеграм-чат са сваімі каментарамі.
Суддзя Ленінскага раёна Мінска Марына Клімчук вядомая як суддзя па "палітычных" адміністрацыйных, якая засудзіла на "суткі" і штрафы каля сотні беларусаў па справах, звязаных з пратэстамі. Нядаўна на 15 сутак арышту на Акрэсціна яна адправіла студэнтку юрфака БДУ Кацярыну Віннікаву, якая выступіла з моцнай прамовай на цырымоніі ўручэння дыпламоў.
У чым вінавацілі мазырчука?
Паводле версіі абвінавачвання, Сяргей Коршак, «маючы намер абразы суддзі суда Ленінскага раёна горада Мінска Клімчук з мэтай знявагі яе гонару і годнасці ў сувязі з ажыццяўленнем ёю правасуддзя адносна неабгрунтаваныя, паводле яго меркавання, факты фальсіфікацыі справаў у судзе і незаконнага прыцягнення грамадзян да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, па матывах палітычнай і ідэалагічнай варажнечы, звязанай з рознымі палітычнымі поглядамі, з пачуцця непрыязнасці да прадстаўнікоў судовай улады, кіруючыся нязменнымі імкненнямі, выяўленымі ў жаданні прадставіць Клімчук у зневажальным становішчы для шырокай грамадскасці, 22.12.2020 з дапамогай мабільнага тэлефона ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» адправіў тэкст з каментаром, якія пярэчаць вызначаным правілам зносінаў паміж людзьмі, патрабаванням агульнай чалавечай маралі, у якім утрымоўваецца ў выразнай непрыстойнай грубай форме абраза на адрас Клімчук, што змяшчаюць ненарматыўную форму маўленчых сродкаў, выказванне негатыўнай ацэнкі суддзі, чым ён абразіў Клімчук, у тым ліку як суддзю, прычыніўшы ёй маральныя пакуты, а таксама падарваў аўтарытэт судовай улады». Тым самым, Коршак здзейсніў злачынства, прадугледжанае артыкулам 391 Крымінальнага кодэкса (абраза суддзі ці народнага засядацеля ў сувязі з ажыццяўленнем імі правасуддзя).
Акрамя гэтага, мазырчука абвінавацілі па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Паводле версіі абвінавачвання, «маючы намер на ўжыванне гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў, намесніка начальніка 3-га кіравання ГУБАЗіК, начальніка 1-га аддзела палкоўніка міліцыі Алёксы, з помсты па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці, злучанай з рознымі палітычнымі поглядамі, пагражаў ужываннем гвалту, а менавіта 23.12.2020 у чаце групы «Карнікі Беларусі» апублікаваў тэкст каментара са зместам: «Нужно ему морду расквасить», які выклікаў асцярогу за сваё жыццё і здароўе пацярпелага. Што было ўспрынята Алёксам як рэальная пагроза для жыцця».
Абвінавачваны віну прызнаў цалкам.
«Знаходзіўся ў стане боязі». Як растлумачылі свае маральныя пакуты суддзя і супрацоўнік ГУБАЗіКа?
Пацярпелымі па справе выступалі намеснік начальніка 3-га ўпраўлення ГУБАЗіКа, начальнік 1-га аддзела палкоўнік міліцыі Аляксандр Алёкса і суддзя Ленінскага раёна горада Мінска Марына Клімчук. Але на суд яны асабіста не з'явіліся. Абое падалі заяву пра разгляд судовага пасяджэння ў іх адсутнасці.
Пацярпелы Алёкса падаў заяву ў суд з просьбай разгледзець справу без яго ўдзелу ў сувязі з немагчымасцю яго яўкі на судовае пасяджэнне «з прычыны працягласці і бесперапыннасці правядзення мерапрыемстваў, прадугледжаных службовымі абавязкамі». Ён папрасіў спагнаць з абвінавачванага маральную шкоду ў памеры 5000 рублёў, якія неабходна пералічыць на разліковы рахунак дзіцячага дома № 3 горада Мінска. Як адзначыў Алёкса, маральная шкода палягае ў тым, што ён «знаходзіўся ў стане боязі за сваіх блізкіх, бо, акрамя пагроз, у публікацыі ўтрымоўваўся адрас, дзе ён раней пражываў».
Суддзя Клімчук таксама падала заяву ў суд, што ў сувязі з «занятасцю на працы не мае магчымасці з'явіцца на судовае паседжанне». У заяве таксама адзначыла, што дзеяннямі абвінавачванага ёй была нанесеная маральная шкода, выяўленая ў стрэсе, маральных перажываннях, звязаных з абразамі ў яе адрас у сетцы інтэрнэт, прыніжэнне яе як асобы, гэтак і службовай асобы. Яна папрасіла кампенсаваць ёй маральную шкоду на суму 2000 рублёў.
«Я працую ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь»
На судзе абвясцілі паказанні пацярпелых супрацоўніка ГУБАЗіКа і суддзі на папярэднім следстве.
Падчас допыту Алёкса распавёў следчаму, што працуе ў органах з 1995 года, наогул ні з кім па працы канфліктаў не ўзнікала. У цяперашні момант у ягоныя службовыя абавязкі ўваходзіць процідзеянне асобам і выяўленне асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці і скіраванасці ў сацыяльных сетках.
Асабістыя дадзеныя, размешчаныя ў «Карніках Беларусі» 23.12.2020, адпавядалі рэчаіснасці. Пра апублікаваную інфармацыю дазнаўся ў аддзяленні. Прачытаў інфармацыю і частку каментароў. Самымі абуральнымі былі, у тым ліку, каментары, пакінутыя карыстальнікам ОА. Дадзены каментар успрыняў як пагрозу свайму жыццю і здароўю.
«Гэтыя каментары былі абразлівыя для мяне як для супрацоўніка ўнутраных спраў. Я рэальна ўспрыняў пагрозу майму жыццю і здароўю, а таксама маёй сям'і. Я нёс службу ў адпаведнасці з дзейсным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, і ніколі не здзяйсняў учынкаў, якія ганяць гонар і годнасць супрацоўнікаў міліцыі».
Следчым суддзя Клімчук расказала:
«22 снежня знаходзілася на працоўным месцы. У сувязі са службовай дзейнасцю разглядаю адміністрацыйныя і крымінальныя справы. На працягу дня я пазнала, што ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» была размешчаная інфармацыя з маімі дадзенымі. Таксама я зайшла са свайго тэлефона ў гэты чат і ўбачыла каментар карыстальніка ОА [тэлеграм-нік Сяргея Коршака]. Ён з'яўляецца абразлівым для мяне. Хачу растлумачыць, што я працую ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і ніколі не здзяйсняла ўчынкаў, якія ганяць гонар і годнасць суддзі».
«Закранула інфармацыя, што Алёкса прычыніў шкоду іншаму чалавеку». А што казаў абвінавачваны?
Сяргей Коршак на судзе растлумачыў, што ён пакідаў каментары на адрас Клімчук і Алёксы пры канцы 2020 года. Растлумачыў, што выпадковым чынам знайшоў у чаце «Карнікі Беларусі» негатыўную інфармацыю. На судзе мужчына сказаў, што «ўсведамляе, што гэта быў дрэнны чат і незразумела, ці праўдзівая там інфармацыя». Растлумачыў, што яго зачапіла інфармацыя, што Алёкса прычыніў шкоду іншаму чалавеку, таму напісаў каментар. Была размешчаная інфармацыя пра суддзю Клімчук, колькі і каму яна штрафаў прысудзіла. Знаходзячыся на эмоцыях ад прачытанага, размясціў свой каментар. Пад дадзенай фразай меў на ўвазе, што Клімчук з'яўляецца чалавекам, які дрэнна выконвае свае абавязкі.
Падчас допыту мазырчук сказаў, што разумее недапушчальнасць такіх паведамленняў. Ён не жадаў абражаць Клімчук, але «паддаўся ўплыву гэтай негатыўнай інфармацыі». Мужчына адзначыў, што лічыць, што выказаная на адрас Алёксы фраза пагрозай не з'яўляецца.
Коршак папрасіў прабачэння ў пацярпелых, нягледзячы на іх адсутнасць. Абвінавачваны дадаў, што ён добрапрыстойны грамадзянін, імкнецца рабіць добрыя справы і ніколі нікому нічога дрэннага не рабіў. Зрабіў шмат карысных справаў, у тым ліку сёлета для школы, дзе вучацца яго дзеці. Яшчэ раз прасіў прабачэння за той боль і перажыванні, якія нанёс пацярпелым. Не меў на ўвазе нейкай пагрозы, не было думкі такой. Не думаў, што гэта будзе расцэнена як пагроза.
Папрасіў суд улічыць змякчальныя акалічнасці: наяўнасць дваіх непаўнагадовых дзяцей, той факт, што ніколі не прыцягваўся, нікому нічога дрэннага не рабіў, супрацоўнічаў са следствам з самага пачатку..
«Я не дрэнны чалавек, нікому кепскага нічога не жадаў. Проста ў пісьмовай форме вылаяўся. І вельмі моцна раскайваюся ў тым, што зрабіў. Абяцаю не парушаць больш закон».
«Я лічу, я прыношу карысць дзяржаве, у якой я жыву». Чым усё скончылася?
Пракурор Арцём Цвяткоў прасіў суд прызнаць Коршака вінаватым і прызначыць яму пакаранне: па артыкуле 391 КК — 1 год «хіміі», па артыкуле 364 КК — 3 гады «хіміі». У выніку, прызначыць яму пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама прасіў канфіскаваць тэлефон мазырчука як сродак здзяйснення злачынства.
«Я прашу адну рэч. Хачу прынесці шчырыя раскаянні пацярпелым. Не думаў, што мае фразы прынясуць ім такі боль.
Я як індывідуальны прадпрымальнік спраўна плачу падаткі. Я лічу, я прыношу карысць дзяржаве, у якой я жыву. Прашу ўлічыць змякчальныя акалічнасці.
Прашу: не адпраўляйце ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Не ўяўляю, што будзе з маёй сям'ёй. Калі бацькі не будзе побач, хто будзе глядзець маіх дзяцей. Я не спрабую прыкрыць дзецьмі, гэта насамрэч так. З'яўляюся вельмі добрым бацькам. Гэта не толькі мае словы. Пра гэта скажуць і суседзі. Вельмі перажываю за дзяцей і хачу, каб яны выраслі годнымі грамадзянамі сваёй краіны», — сказаў у апошнім слове Сяргей Коршак.
У выніку суддзя Дзмітрый Карсюк прызначыў менавіта такое пакаранне, пра якое прасіў пракурор, – тры гады «хіміі». Акрамя гэтага, суд пастанавіў спагнаць на карысць Алёксы 2500 рублёў і пералічыць іх на разліковы рахунак дзіцячага дома № 3 горада Мінска, а на карысць Клімчук спагнаць 2000 рублёў.
Мінчука асудзілі за абразу і пагрозу гвалтам да супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, якіх палітвязень Дзядок назваў датычнымі да яго катаванняў