viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу шостага жніўня Дапоўнена

2021 2021-08-06T18:03:47+0300 2021-08-06T19:17:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/belov_rubashka.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за шостага жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць па крымінальных справах, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Сёння ператрус адбыўся ў мінчука Дзмітрыя Кукс. Пасля гэтага яго забралі на допыт. Пакуль месцазнаходжанне і ягоны статус невядомыя.


Спартыўны партал Тribuna.com і яго сацсеткі прызналі экстрэмісцкімі. Такое рашэнне 6 жніўня вынес суд Чыгуначнага раёну Віцебску па матэрыялах абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК, паведаміла ў тэлеграме прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава. Акрамя асноўнага інтэрнэт-рэсурсу, у спіс забароненых патрапілі Telegram-канал «Тribunа.cоm Беларусь», аднайменны чат і старонкі ў сацыяльных сетках Instagram, Facebook, Twitter, Вконтакте, а таксама мабільныя праграмы для смартфонаў. У паведамленні МУС указваецца, што «адміністратары супольнасцяў размяшчалі матэрыялы, якія заклікаюць да экстрэмісцкай дзейнасці».


На сайце Міністэрства інфармацыі з'явілася падрабязнае тлумачэнне аб прызнанні тэлеканалу «Белсат» экстрэмісцкім. Акрамя сайта і сацыяльных сетак, экстрэмісцкімі прызнаныя «візуальны матэрыял (малюнак, лагатып, лічбавы вадзяны знак і г.д.) або тэкст „БЕЛСАТ“ ці „BELSAT“ з якімі-небудзь надпісамі або без выкарыстаньня надпісаў, незалежна ад носьбіта інфармацыі (сцягі, транспаранты, вымпелы, эмблемы, шаўроны, нашыўкі, стыкеры, налепкі, значкі, элемэнты адзеньня, прадметы ўжытку і г.д.), а таксама размешчаныя на лічбавых фота і відэамалюнкі (у любых падзеях, сцэнах, эпізодах і кадрах электронных і друкаваных сродкаў інфармацыі)».


Актывістаў анархічнага руху Аляксандра Бялова і Яўгена Рубашку затрымалі 29 ліпеня. Дома ў іх правялі ператрусы. Праваабаронцам стала вядома, што ў дачыненні да Яўгена Рубашкі ўжывалі фізічны гвалт. Патрабуючы доступу да тэлефону і камп'ютару, хлопцу апраналі пакет на галаву. Таксама з Яўгенам запісалі «пакаяльнае відэа», пасля чаго завезлі ў Следчы камітэт, адкуль перавезлі на Акрэсціна.

Аляксандр Бялоў і Яўген Рубашка
Аляксандр Бялоў і Яўген Рубашка

Сёння стала вядома, што для Аляксандра Бялова і Яўгена Рубашкі абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту на 2 месяцы ў рамках крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса(групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Гэта значыць, што Аляксандру і Яўгену выставілі абвінавачванні. Яны пераведзеныя ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Прэс-служба МУС паведаміла пра затрыманне васьмярых актывістаў анархічнага руху, "якія заклікалі да арганізацыі масавых беспарадкаў 9 жніўня". Сярод іх - Аляксандр Бялоў, Яўген Рубашка, Ілля Сенько.


Улады прыпыняюць дзейнасць "Ліберальнага клуба" Яўгена Прэйгермана і "Клуб плавання Аляксандры Герасімені".

Ліквідацыя грамадзянскай супольнасці. Поўны спіс НДА, якія сутыкнуліся з ціскам беларускіх уладаў

“Вясна” збірае спіс арганізацый, якія патрапілі ў махавік рэпрэсій, і распавядае, як у Беларусі закрываюць арганізацыі грамадзянскай супольнасці.

Палітзняволенага выдаўца The Village Беларусь Аляксандра Васілевіча паставілі ў СІЗА на прафулік як "асобу, схільную да экстрэмізму".


Як стала вядома @nashaniva, Уладзіміра Мацкевіча падазраюць у арганізацыі ці ўдзеле ў дзеяннях, што парушылі грамадскі парадак, па «народным» арт. 342 КК. Допыт у якасці падазраванага не праводзіўся. Ператрус праводзілі па месцы жыхарства і па месцы рэгістрацыі. Сілавікі забралі ўсе электронныя носьбіты інфармацыі, некаторыя дакументы. Адвакат Дзмітрый Лазавік звяртае ўвагу, што з Мацкевічам праводзілі «аператыўную размову», падчас якой яму неналежным чынам патлумачылі яго правы. Катаванняў з боку сілавікоў не было.

Па словах адваката, Уладзімір адчувае сябе нармальна, бадзёрасць і пачуццё гумару не страціў. Віну не прызнае, свой цяперашні стан успрымае па-філасофску.

Жлобін

Як паведмаляе тэлеграм-канал "Вясна: Палітвязні Беларусі", на трох палітвязняў са Жлобіна завялі новую крымінальную справу.Супраць жлобінцаў Віктара Шмігельскага, Андрэя Шаўчука і Іллі Патрушава, асуджаных раней за жнівеньскія падзеі, распачалі новую крымінальную справу за «здзек над дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь» (арт. 370 КК). Па версіі следства, некалькі жлобінцаў у верасні знялі чырвона-зялёны сцяг з будынку пошты. Пры гэтым, праваабаронцам стала вядома, што Андрэя Шаўчука нават не было тады ў тым месцы. Па гэтай справе ў Жлобіне на допыты выклікалі яшчэ траіх жыхароў.

Трох палітвязняў 22 сакавіка асудзілі да 2,5 гадоў паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 342 і 364. Іх абвінавацілі ў тым, што 10 жніўня яны сталі ў счэпку і разам з іншымі нанеслі ўдары па шчытах супрацоўнікаў міліцыі, а таксама кінулі камяні ў іх бок. На судзе высвятлілася, што палітвязняў збівалі і прымусілі даць на відэа неабходныя паказанні.

Віцебск

Палітзняволены музыка Ігар Банцар змешчаны ў штрафны ізалятар на 10 сутак за парушэнне рэжыма. Гэта адбылося 5 жніўня, піша @by_culture. Банцар адбывае "хімію" ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу №9 у Віцебску.

Барысаў

Мінінфарм заблакаваў рэгіянальны партал Барысаўскага і Жодзінскага раёнаў ex-press.by.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства