viasna on patreon

У праваабаронцы Марфы Рабковай памёр бацька

2021 2021-08-06T21:22:18+0300 2021-08-06T23:29:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marfa_rabkova_o.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У праваабаронцы «Вясны» і палітзняволенай Марфы Рабковай памёр бацька. Апошнія паўтара года ён хварэў на анкалогію.

Марфа Рабкова. Фота са старонкі ў Фэйсбуку
Марфа Рабкова. Фота са старонкі ў Фэйсбуку

Марфа Рабкова ўжо амаль год (з 17 верасня 2020 года) утрымліваецца пад вартай у СІЗА-1. На працягу гэтага часу супрацоўнікі следчых органаў не раз шантажавалі Марфу сітуацыяй з цяжкахворым бацькам, прымушаючы даць патрэбныя ім паказанні – інакш яна яго не паспее ўбачыць.

Марфа мноства разоў падавала хадайніцтвы на змяненне меры стрымання з заключэння пад варту на хатні арышт або падпіску нявыездзе – для таго, каб яна магла даглядаць за бацькам. Пры гэтым да хадайніцтва прымацоўваліся усе неабходныя медыцынскія заключэнні. Але Рабковай заўсёды адмаўлялі.

Таксама следчыя заўсёды адмаўлялі Марфе ў заявах на яе спатканне з роднымі.

Акрамя гэтага, «Вясне» вядома, што зімой ад COVID-19 памерла бабуля Марфы Рабковай.

Сама Марфа неаднарозова траціла прытомнасць. Першы раз — з-за недахопу паветра і духаты ў канцы чэрвеня. Другі раз — 25 ліпеня, падчас прагулкі.

Заклікаем падтрымаць нашу калегу Марфу Рабкову сваімі лістамі!

Адрас: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Марыі Аляксандраўне Рабковай


Марфа Аляксандраўна Рабкова – каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны", праваабаронца.

Была затрыманая вечарам 17 верасня 2020 года і дастаўленая ў ГУБАЗіК. З 19 верасня знаходзіцца ў СІЗА-1. З гэтага часу ёй пастаянна падаўжалі тэрмін утрымання пад вартай, апошні раз — да 17 верасня 2021 года. Марфу абвінавачваюць у трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, па якіх ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Праваабарончая супольнасць прызнала Марфу Рабкову палітычнай зняволенай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства