viasna on patreon

Патрабуем неадкладнага вызвалення сямі новых палітычных зняволеных

2021 2021-08-10T11:20:24+0300 2021-08-10T18:06:20+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dif_illustr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

10 жніўня 2021 г.

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай правааабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  1. Іван Ківа асуджаны судом Ленінскага раёна г. Магілёва па арт. 369 КК за абразу міліцыянтаў у сацыяльнай сетцы “Вконтакте” да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  2. Артур Рыбін асуджаны Гомельскім абласным судом па ч. 1 арт. 339 КК (Хуліганства) і па арт. 130 КК (Распальванне варожасці) за тое, што зрабіў інсталяцыю з партрэтам Лукашэнкі, і за абразлівы каментар у тэлеграме да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму;
  3. Аляксей Баяровіч асуджаны судом Смаргонскага раёна Гарадзенскай вобласці па арт. 368 КК за абразу прэзідэнта ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  4. Аляксандр Шчарбацюк асуджаны судом Савецкага раёна Мінска па арт. 368 КК за абразу прэзідэнта да аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму;
  5. Андрэй Асаула асуджаны судом Заводскага раёна Мінска па ч. 2 арт. 368 (“Абраза прэзідэнта”) паўторна да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму.;
  6. Таццяна Звярко асуджана судом Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці па арт. 368 КК (“Абраза прэзідэнта”) і арт. 369 КК (“Абраза прадстаўніка ўлады”) да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму; Таццяну ўзялі пад варту ў зале суда;
  7. Дзяніс Іваноў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Мінска па арт. 368 КК за абразу прэзідэнта да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Івана Ківу, Артура Рыбіна, Аляксея Баяровіча, Аляксея Шчарбацюка, Андрэя Асаулу, Таццяну Звярко, Дзяніса Іванова і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

"Прававая ініцыятыва";

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта";

Lawtrend;

Беларускі ПЭН-центр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства