viasna on patreon

У Светлагорску судзяць былога кіроўцу РАУС

2021 2021-08-11T12:53:17+0300 2021-08-11T13:23:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_svetlahorskaha_rajona.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Светлагорску пачалі судзіць 51-гадовага жыхара Жлобіна Уладзіміра Жука, абвінавачанага паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса, а таксама арт. 364 КК. Справу разглядае суддзя Галіна Гулевіч. Бок дзяржабвінавачання падтрымлівае пракурор Раманчыкаў. 

Уладзімір Жук — пенсіянер, былы кіроўца Жлобінскага РАУС. Яго затрымалі 26 траўня 2021 года за ўдзел у масавых беспарадках, 28 траўня ўзялі пад варту. Зараз ён знаходзіцца ў Светлагорскім ІЧУ. Падчас судовага паседжання з залы суда была выдаленая сястра абвінавачанага праз тое, што яна прашаптала брату: "Пайшоў на плошчу падтрымаць..."

У чым абвінавачваюць?

Уладзіміра Жука абвінавачваюць у тым, што ён з'яўляўся арганізатарам і  ўдзельнікам масавых беспарадкаў у Жлобіне ў ноч з 9 на 10 жніўня: стаяў у счэпцы, перакрываў рух транспарту і аказваў супраціў. Згодна з абвінавачаннем, ён таксама ўжыў гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення. 

Што кажа абвінавачаны?

Жук патлумачыў суду, што з'явіўся на плошчы ў 0:12-0:15, калі рух ужо быў перакрыты і крамы зачыненыя, таму ён нікому не перашкаджаў сваімі дзеяннямі. Таксама ён распавёў, што ўжываў спіртное толькі ў 14 гадзін таго ж дня, таму не быў на плошчы п'яным, ніякай агрэсіі не выказваў. Ён патлумачыў, што прыйшоў на плошчу таму, што яго ўзбурылі 80 намаляваных працэнтаў на выбарах прэзідэнта. Калі міліцыя пачала ціснуць на счэпку, нехта з супрацоўнікаў міліцыі моцна ўдарыў Уладзіміра па галаве, пакінуўшы там рану. Яго амаль першым завезлі ў РАУС, але пасля выпусцілі праз тое, што ён быў паранены: у шпіталі яму накладвалі швы. Мужчына настойваў, што хістаўся ў РАУС праз разбітую галаву. Таксама ён не памятае, каб яму прапаноўвалі прайсці тэст на колькасць алкаголю ў крыві, хаця ў пратаколе пазначана, што ён адмовіўся яго праходзіць.

У лістападзе 2020 года ў Жука быў вобшук, ягоны тэлефон таксама правяралі на прадмет наяўнасці тэлеграма і падпісак на дэструктыўныя каналы — але нічога не знайшлі, таму што нічога не было. 

Жук не прызнаў віну. З усіх прад'яўленых абвінавачанняў ён прызнаў толькі тое, што ў гэты час знаходзіўся ў пазначаным месцы і стаяў у счэпцы. На пытанне, ці мог ён сысці адтуль, мужчына адказаў, што мог бы зрабіць гэта, але яму "было сорамна як мужыку" — што людзі падумаюць пра яго, нібыта ён спужаўся і баязлівец. Таму Уладзімір па-мужчынску не сышоў. 

Што кажуць сведкі?

На працэс з'явіліся не ўсе сведкі: адвакат і пракурор настойвалі на з'яўленні некаторых з іх нават праз прымусовы прывад. Адзін з іх узгадаў, што Жук быў п'яны і біў па шчыце, але не памятаў, у якой пазіцыі знаходзіўся шчыт, бо гэта было даўно. 

Сведка-лекар распавёў, што нехта з хуткай дапамогі ў той дзень сказаў: "Дзянёк сёння будзе яшчэ той, дастанецца нам", але п'яных да іх у тую ноч не прывозілі. Паводле ягоных словаў, Жук выглядаў прыстойна, але быў у шоку праз тое, што яго збілі былыя калегі.   

Сябар Уладзіміра, які таксама выступіў сведкам на судзе, распавёў, што мужчына — прыстойны чалавек, які ніколі не злоўжываў спіртным.

Адвакатка на пасяджэнні звярнула ўвагу, што яе падабаронны падчас затрымання важыў больш за 100 кг: пры такой вазе 200 грамаў гарэлкі не паўплываюць так, што чалавек будзе хістацца да ночы. Зараз ён схуднеў на 20-25 кг. 

Разгляд справы працягнецца 18 жніўня ў 10.00.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства