viasna on patreon

Затрыманне праваабаронцы Насты Лойкі, затрыманні ў Бараўлянах: хроніка пераследу 13 жніўня Дапоўнена

2021 2021-08-13T20:08:00+0300 2021-08-14T10:01:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/loiko_nasta.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 13 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Сёння затрымалі праваабаронцу Human Constanta Насту Лойку. Паводле інфармацыі арганізацыі, яна цяпер знаходзіцца на допыце ў ДФР. Верагодна, яе забралі з хаты. Прычыны допыту і іншыя абставіны пакуль невядомыя.

loiko_nasta.jpeg
Наста Лойка

"На тэлефон калегі прыйшло SOS-апавяшчэнне з геалакацыяй, і Наста запісала галасавое паведамленне, што яна знаходзіцца ў ДФР. Па геалакацыі яна сапраўды знаходзіцца ў ДФР", — распавялі яе калегі "Медыязоне".

У 18:50 стала вядома, што ў кватэры праваабаронцы Насты Лойка праходзіць ператрус.Паводле інфармацыі калегаў, Лойка на ім прысутнічае. Допыт Насты Лойка будзе праводзіцца ў ІЧУ заўтра ці ў нядзелю. Інфармацыі аб яе статусе або абвінавачванні па-ранейшаму няма. 

Насту Лойка затрымалі на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы.


Раніцай у Бараўлянах прайшлі масавыя затрыманні. Відавочца распавядае, што бачыла бус ў двары, куды сілавікі запіхвалі людзей.

Паведамляецца пра затрыманне Ірыны Малей (31.12.1974). Яе затрымалі на вуліцы, калі яна выгульвала сабаку. Ірыну адвезлі ў РАУС, потым прывезлі дадому на ператрус, падчас якога забралі тэхніку. Ірыну зноў забралі.


Суд Цэнтральнага раёна 13 жніўня разгледзеў пазоў МУС Беларусі і прызнаў інфармацыйную прадукцыю партала TUT.BY і яго сацсетак, а таксама Zerkalo.io, экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Экстрэмісцкімі матэрыяламі прызнаныя інфармацыйная прадукцыя TUT.ВY і Zerkalo.io (парталаў, а таксама акаўнтаў у Telegram, Viber, Twitter, Вконтакте, Аднакласніках і TikTok), а таксама лагатыпы (лічбавыя вадзяныя знакі) TUT.ВY і Zerkalo.

Цяпер гэты спіс павінен быць унесены ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, пасля чаго распаўсюджванне любой прадукцыі TUT.ВY і Zerkalo.io будзе лічыцца адміністрацыйным правапарушэннем.


Праз 10 сутак пасля брутальнага затрымання 12 жніўня не выйшлі на волю музыкі з гурта Irdorath і іх сябры дудар Зміцер Шыманскі, Уладзімір Калач, Надзея Калач, Пятро Марчанка, Юлія Марчанка (Юніцкая) і Антон Шніп застаюцца за кратамі да суда. Месца ўтрымання пакуль невядомае.

Іх абвінавачваюць паводле артыкула 342 КК (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за выступленне падчас масавых шэсцяў у Мінску ў жніўні 2020 года.

Як стала вядома праваабаронцам "Вясны" Павел Шмыга на волі, яго не затрымлівалі.


Стала вядома, што 11 жніўня ператрус таксама адбыўся ў сябра "Сходу" Пятра Карабанава. Ён на волі з падпіскай аб неразгалошванні.


"Списки Окрестина" паведамляюць пра затрыманне:

  1. Валадзько Арцём (забралі пасля ператрусу КДБ)
  2. Крамянеўскай Валерыі Сяргееўна (16.06.1998) (ІЧУ Акрэсціна)
  3. Лісоўскай Таццяны Іванаўны (вызвалілі)
  4. Лісоўскага Сяргея Юр'евіча
  5. Мішчанкі Аляксандра (14.06.2003) 
  6. Моргаль Дзмітрыя
  7. Падзько Вольга Алегаўна
  8. Петух Вольга Віктараўна
  9. Цёмкіна Яўгенія Міхайлаўна (ператрус)
  10. Фомчанка Ганна Паўлаўна
  11. Чаховіч Станіслаў (ператрус)

Валерыя Крамянеўская і непаўнагадовая Аляксандра Мішчанка, якія не выходзяць на сувязь, былі сёння каля суда Мінскага раёна, дзе праходзіць працэс над палітзняволенымі Максімам Знакам і Марыяй Калеснікавай. Ёсць верагоднасць, што Валерыя і Аляксандра затрыманыя.

Стала вядома, што Валерыю змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна.

12 жніўня затрымалі за ўдзел у жнівеньскіх пратэстах мінулага году Вадзіма Вінагарадава, Аляксандра Лянько, Георгія Шпачэнка.


Палітвязня Аляксандра Бялова паставілі ў СІЗА №1 на прафілактычны ўлік як схільнага да экстрэмізму.

Бабруйск

Праваабаронцам стала вядома, што палітзняволенага гальшанца Івана Вярбіцага, якога асудзілі да 8 гадоў і 1 месяца калоніі ўзмоцненага рэжыму, у бабруйскай калоніі №2 змясцілі ў памяшканне камернага тыпу да 5 кастрычніка. 

Баранавічы

Уладальніка крамы тавараў з нацыянальнай сімволікай "Росквіт" Юрыя Казакевіча 12 жніўня шэсць гадзін дапытвалі ў КДБ.  Юрый Казакевіч быў выкліканы ў чацвер у інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах па горадзе Баранавічы. Пасля таго як актывіст з'явіўся туды, некалькі чалавек, адзін з якіх паказаў нейкае пасведчанне, павезлі яго ў невядомым накірунку, паведамілі БелаПАН відавочцы.

Юрый Казакевіч. Фота: pyx.by
Юрый Казакевіч. Фота: pyx.by

Усё адбылося ў раёне абеду, каля інспекцыі засталася стаяць машына актывіста, сувязь з ім адсутнічала.

"Мяне дапытвалі шэсць гадзін у КДБ. Я праходжу сведкам па крымінальнай справе і знаходжуся пад падпіскай аб неразгалошванні", — паведаміў БелаПАН Казакевіч, які быў вызвалены ўвечары.

У Юрыя Казакевіча канфіскаваны мабільны тэлефон.

Жлобін

У Жлобіне пачалі пераслед актывісткі Любові Шведавай (Дзятлавай). Сёння ўвечары яе выклікаюць у СК па арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Ужо, як мінімум, 12 чалавек-сведак па яе справе апытвалі. Любоў распавядала пра запалохванне ад міліцыянтаў.

Брэст

Двое асуджаных з 5-й партыі па "карагоднай" справе паспрабавалі ўцячы ва Украіну, паведамляе госТВ. Іх жорстка затрымалі, далі штраф па 4 тысячы рублёў і адправілі на "хімію", пішуць брэсцкія праваабаронцы.

АНТ распаўсюдзіла відэаролік, дзе фігуруюць жыхары брэстчыны Андрэй Аніскевіч і Ілля Палхоўскі. Гэтых хлопцаў асудзілі па так званай "карагоднай" справе да паўтары і двух гадоў абмежавання волі адпаведна.

На відэа можна заўважыць, што ўжо ляжалым на зямлі хлопцам не менш двух разоў наносяць удары рукамі. Далей, трымаючы іх на зямлі, і завёўшы рукі далёка за спіной, іх дапытваюць на камеру: "[навошта незаконна перасякаў мяжу?] — Хацеў пазбегнуць пакарання. — Карагоды вадзілі? — Стаяў побач, так", — адказаў Аніскевіч.

У роліку прадстаўнік памежнай службы Леанід Шкілевіч паведамляе, што затрыманых ужо аштрафавалі кожнага на 140 базавых велічынь (4 060 рублёў) "за спробу наўмыснага незаконнага перасячэння дзяржмяжы і за парушэнне памежнага рэжыму".

Прадстаўнік іншай дзяржструктуры, аддзела наглядна-выканаўчай дзейнасці УУС Брэстаблвыканкама, паведаміў таксама, што Аніскевіча і Палхоўскага этапуюць да месца адбыцця пакарання "ў парадку для асуджаных да пазбаўлення волі".

Гомель

У Гомелі паведамляюць пра затрыманне Мальчыкава Аляксея Ігаравіча.

Магілёў

12 жніўня супрацоўнікі 3-яго кіравання ГУБАЗіК МУС РБ затрымалі Дзмітрыя Гарбачова, які працуе ў адной з аптэк Магілёва, піша MAYDAY.

Прычынай для затрымання стаў створаны Дзмітрыем у жніўні 2020 года чат "для дваровага руху медыкаў з Магілёва". У чарговым відэароліку , які запісалі супрацоўнікі ГУБОПиКа, Зміцер паведаміў, што быў падпісаны на телеграм-канал Сьцяпана Пуцілы, прызнаны экстрэмісцкім.

Статус Дзмітрыя нам на дадзены момант невядомы.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства