viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу за 16-17 жніўня Дапоўнена

2021 2021-08-17T16:22:55+0300 2021-08-18T16:26:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kudziolka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 16-17 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

17 жніўня

Шахцёр Алег Кудзёлка, які ў верасні 2020 года адмовіўся паднімацца на паверхню, сёння быў затрыманы ў ДАІ, куды прыехаў для абмена пасведчання кіроўцы.

Па папярэдняй інфармацыі, затрыманне звязана з адміністрацыйнай справай. Родныя Алега спрабуюць атрымаць інфармацыю, але міліцыянты не называюць канкрэтную прычыну затрымання, піша "Новы час".

kudziolka.jpg
Алег Кудзёлка

Паведамляецца пра затрыманне гомельскага актывіста і валанцёра Іллі Міронава каля гомельскага СІЗА. Іллю раней затрымлівалі ў ліпені, але потым адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Тое затрыманне праходзіла ў межах крымінальнай справы аб тэрарызме (арт. 289 КК РБ).

Пазней стала вядома, што Ілля затрыманы па адміністрацыйным артыкуле за «несанкцыянаване пікетаванне» (арт. 24.23 КаАП).  Іллю будуць судзіць у сераду 17 жніўня за апранутую на ім майку з надпісам «Пишите письма».

Ілля Міронаў
Ілля Міронаў

Таксама "Вясне" паведамілі пра затрыманне ў Мінску Алены Рабцэвіч і Марыі Ганчар. У Алены ў кватэры прайшоў ператрус, прадстаўнікі Следчага камітэту забралі ў яе тэлефон, тэлефон сына, ноўтбук, жорсткі дыск са стацыянарнага кампутара. Пасля ператрусы Алену затрымалі. Яе месцазнаходжанне невядома. У Марыі Ганчар таксама перад затрыманнем адбыўся ператрус.

Акрамя таго, тэлеграм-канал "Спісы затрыманых" піша пра затрыманне ў Мінску Максіма Клімовіча, Мікіты Зіміна, Дзяніса Лазоўскага, Максіма Мікуліча, Максіма Несцяровіча, Уладзіміра Хвораста.

Паведамляецца пра затрыманне Кірыла Аношкі і яго жонкі Алены Ласкутовай, а таксама Алега Буйкевіча.

Ліквідацыя арганізацый

Улады ліквідуюць аб'яднанне раварыстаў «ВелоГродно». Пра гэта сама арганізацыя паведаміла ў Facebook: «Лета 2021 — апошняе для "ВелоГродно". Па выніках праверкі Упраўленне Юстыцыі гарадзенскага аблвыканкаму падало ў суд пазоў аб ліквідацыі "ВелоГродно". Афіцыйна — парушэнні і памылкі ў дакументаабароце на тры старонкі і некалькі іншых пунктаў. Першая сустрэча ў судзе адбудзецца ў канцы месяца».

Таксама ўлады ліквідуюць Саюз беларускіх пісьменнікаў. Міністэрства юстыцыі даслала пазоў у Вярхоўны суд.

Ліквідацыя грамадзянскай супольнасці. Поўны спіс НДА, якія сутыкнуліся з ціскам беларускіх уладаў

У Беларусі ўлады працягваюць ліквідаваць арганізацыі грамадзянскай супольнасці. 30 ліпеня Лукашэнка налічыў 185 «дэструктыўных» няўрадавых арганізацыяў: “У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструктыўных структур, якія прадстаўляюць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бяспецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамерцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадскае аб'яднанне, 113 устаноў”. “Вясна” збірае спіс арганізацый, якія патрапілі ў махавік рэпрэсій, і распавядае, як у Беларусі закрываюць арганізацыі грамадзянскай супольнасці.

16 жніўня

У Шчучыне быў затрыманы вядомы гарадзенскі блогер Вадзім Ермашук.

Днём Вадзім наведаў суд па крымінальнай справе над трыма гарадзенкамі, а пасля паехаў у Шчучын здымаць гумарыстычны ролік для свайго Instagram. Там ён быў затрыманы.

ermashuk.jpg
Вадзім Ермашук

У Мінску была затрыманая і пенсіянерка Ірына Мініч. Яе даставілі ў Фрунзенскі РУУС, а пасля ў ЦІП на Акрэсціна. 

Таксама паведамляюць пра затрыманне Аляксандра Новікава, які пайшоў забраць арыштаваны ноўтбук у РУУС Маскоўскага раёна г. Мінска, аднак адтуль так і не выйшаў. 

У Віцебску затрымалі Станіслава Шыбанава, дома ў яго адбыўся ператрус. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства