viasna on patreon

Былога настаўніка са Смаргоні пакаралі 1,5 гадамі калоніі за паказ на ўроку відэароліка з "экстрэмісцкім" лагатыпам

2021 2021-08-25T12:42:19+0300 2021-08-25T13:13:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/piatrouski_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Смаргонскага раёна 25 жніўня вынеслі прысуд па крымінальнай справе па ч.1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп на прэзідэнта) супраць 46-гадовага былога настаўніка гісторыі і грамадазнаўства мясцовай гімназіі Андрэя Пятроўскага. Яго абвінавацілі ў тым, што ў сакавіку гэтага года ён паказаў 11-класнікам на ўроку грамадазнаўства відэаролік “Конституция ушла в проституцию!” з лагатыпам, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Па версіі абвінавачвання, ролік "змяшчае загадзя ілжывую інфармацыю, якая ганьбіць прэзідэнта". Суддзя Людміла Міхневіч пакарала былога настаўніка паўтара гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрашваў пракурор Андрэй Клышэвіч. Былы настаўнік віну не прызнаў ні падчас следства, ні падчас суда. Пятроўскага затрымалі ў залі суда пасля абвяшчэння прысуду, да гэтага ён быў пад падпіскай аб нявыездзе.

Андрэй Пятроўскі

Андрэй Пятроўскі

Хто такі Андрэй Пятроўскі і што адбылося?

Андрэю Пятроўскаму 46 гадоў. Скончыў БДУ і Акадэмію кіравання. Мужчына мае каля 20 гадоў педагагічнага стажу, выкладаў гісторыю і грамадазнаўства. Андрэй Пятроўскі папрацаваў у розных школах Смаргоні і раёна. Апошнія тры гады аддаў мясцовай гімназіі. У сакавіку гэтага года ён паказаў 11-класнікам на ўроку грамадазнаўства відэаролік “Конституция ушла в проституцию!” з лагатыпам, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Сярод вучняў быў сын мясцовай чыноўніцы, які зняў гэта на мабільны тэлефон і выклаў запіс у “сямейны чат”. Пасля гэтага  настаўніка звольнілі і завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у адносінах да прэзідэнта).

Паказаў вучням відэаролік “Конституция ушла в проституцию!”: у Смаргоні за паклёп на прэзідэнта судзяць настаўніка грамадазнаўства

"Вясна" распавядае ўсё, што вядома па гэтай справе.

Як гучала абвінавачванне ў матэрыялах справы?

Згодна з версіяй абвінавачвання, 12 сакавіка, напярэдадні Дня Канстытуцыі, на ўроку грамадазнаўства ён прадэманстраваў вучням 11 класа відэаролік пад назвай “Конституция ушла в проституцию!” з лагатыпам, які судом прызнаны экстрэмісцкім. Тэма ўрока была “Сістэма міжнародных зносінаў”. Па версіі следства, ролік "змяшчае загадзя ілжывую інфармацыю, якая ганьбіць прэзідэнта". Яна ўтрымлівае выказванне “крывавы дыктатар"якое негатыўна ацэньвае Аляксандра Лукашэнку, а таксама паклёпніцкую інфармацыю аб незахаванні прэзідэнтам, які з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, наступных артыкулаў Канстытуцыі: 7 (пра адсутнасць вяршэнства права); 13 (пра адсутнасць гарантыі з боку дзяржавы права працоўных прымаць удзел у кіраванні прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі, з мэтай падвышэння эфектыўнасці іх працы і паляпшэння сацыяльна-эканамічнага ўзроўню жыцця); 18 (пра невыкананне таго, што Рэспубліка Беларусь мае на мэце зрабіць тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву – нейтральнай), 24 (пра невыкананне права кожнага на жыццё), 25 (пра невыкананне таго, што ніхто не мусіць зазнаваць катаванні, жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне ці пакаранне, якое прыніжае яго чалавечую годнасць), 26 (пра невыкананне таго, што ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна не будзе ў вызначаным законам парадку даказана і ўстаноўлена прысудам, які набыў законную моц), 30 (пра невыкананне таго, што грамадзяне краіны маюць права свабодна перамяшчацца і абіраць месца жыхарства ў межах Беларусі, пакідаць краіну і бесперашкодна вяртацца), 33 (невыкананне таго, што кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх вольнае выказванне), 35 (пра невыкананне свабоды сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, не парушаючых правапарадак і правы іншых грамадзян краіны), 41 (пра невыкананне таго, што грамадзяне маюць права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, уключаючы права на аб’яднанне у прафесійныя саюзы, заключэнне калектыўных дамоваў (пагадненняў) і права на страйк), 79 ( пра тое, што прэзідэнт, які з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, не выконвае сваіх абавязкаў. Такім чынам, Пятроўскі здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у адносінах да прэзідэнта).

Андрэй Пятроўскі віну не прызнаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства