viasna on patreon

"Прадстаўляць закон, парушаючы закон". Размова з былым сілавіком — у падкасце "Вясна прыйдзе"

2021 2021-08-25T18:41:59+0300 2021-08-25T18:43:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ikonka_22.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У новым выпуску падкаста "Вясна прыйдзе" былы супрацоўнік патрульна-паставой службы Міраслаў (імя змененае) распавядае пра свой досвед працы ў міліцыі і Фрунзенскім РУУС горада Мінска, у тым ліку падчас жнівеньскіх падзей 2020 года. А таксама пра тое, як уладкаваная сілавая сістэма і як думаюць тыя, хто ў ёй застаецца.

"Вясна прыйдзе" · #22. "Представлять закон, нарушая закон". Разговор с бывшим силовиком

Слухайце выпуск падкаста таксама на  SoundCloud ці YouTube.

Некалькі цытат з інтэрв'ю:

"Мы наогул не ведалі, што такое палітыка, да жніўня [2020 года]. Нават калі пасадзілі Бабарыку, ніякага палітычнага парадку дня ў нашым падраздзяленні не было […]  У навучальных цэнтрах табе ўвесь час казалі, што міліцыя па-за палітыкай, што "вы ахоўваеце грамадскі парадак". А пытанне тады: чаму я закручваю чалавека з бел-чырвона-белым сцягам? Што ён, у сутнасці, парушыў?"

"Міліцыя дзеліць людзей на "наш кантынгент" і "звычайныя людзі". Карына [Валуйская] была яркай праявай ідэальнага міліцыянера, які патрэбны быў сістэме: […] як толькі прабіла гадзіна, яна спускаецца ў залу [Фрунзенскага РУУС] — і пачынае рабіць тое, што робіць… Спартовую залу на трэці дзень перафарбавалі"

"Былі супрацоўнікі ГУУБ (Галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі — Заўв.), якія здымалі і дакументавалі ўсё на камеру. То бок кагосьці збіваюць — а ён стаіць і ўсё гэта здымае […] У ГУ УБ ёсць усе гэтыя відэа. Мне здаецца, там ужо гэтыя справы ўсе сабраныя на супрацоўнікаў, на кожнага, але яны проста ляжаць і гэта не ідзе нікуды далей… [Чаму?] Як толькі б была заведзеная першая крымінальная справа супраць амапаўца — адразу ж паляцелі б рапарты, адразу ж пачалі б здаваць адзін аднаго… [Гэтым справам пакуль не даюць ходу], каб не руйнаваць сістэму, якая цяпер ёсць. Таму што апошняе, на што можа абапірацца дыктатар, — гэта на сілавікоў"

 "Нашы камандзіры казалі, што лепш [супрацоўнікам КДБ] на вочы не трапляцца. Нават усярэдзіне сістэмы такое ёсць […] Таму што пачынаюць падазраваць усіх. Могуць проста падысці і праверыць твой тэлефон. І крый божа ты падпісаны на N**ta (вядомы тэлеграм-канал, прызнаны экстрэмісцкім — Заўв.)  Напэўна, я не схлушу, калі скажу, што 9-10 тысяч [яго] падпісчыкаў — гэта былі самі міліцыянеры"

"Я ўпэўнены, шматлікія супрацоўнікі, якія звольніліся, думалі: вось, цяпер пройдзе тры дні, і сілавікі, вышэйшыя чыны — усе мы — проста перашыем кукарды на "Пагоню", а сцягі — на бел-чырвона-белыя, пройдзем пераатэстацыю і працягнем працаваць"

"Ты не ідзеш затрымліваць яго, каб прадухіліць супрацьпраўныя дзеянні ці прыцягнуць яго за хуліганку — ты ідзеш таму, што за яго даюць прэмію. Гэта вельмі хітры псіхалагічны прыём. Там давалі аклад за [затрыманага] чалавека, які раздае ўлёткі, ці калі чалавек наносіць нейкі прынт ці [размалёўвае] "Табакерку" […] Пікет, 23.34 — і табе даюць [за гэта] грошыкі".

"Калі [на акцыях] кактэйлі Молатава паляцелі, тое гэта, мне здаецца, была правакацыя ад КДБ […] Тое, што я бачыў на відэа, гэта, мне здаецца, адмысловыя правакацыі былі, каб дыскрэдытаваць пратэст. Подла, так, але спрацавала ў выніку. Яны далі сабе ўяўны карт-бланш: яны прымусілі паверыць сваіх жа людзей, што іх місія правільная"

"Я сышоў, таму што загады пачынаюць тычыцца асабіста цябе. Нават калі ты спрабуеш усё рабіць паводле закону, гэта не атрымліваецца. І ты ж не можаш прадстаўляць закон, парушаючы закон, — гэта ж нелагічна"

"Былы міліцыянер у Беларусі сацыяльна ніяк наогул не абаронены. З табой наогул усё што заўгодна могуць зрабіць. Ты можаш проста згубіцца. Калі захочуць, яны знойдуць цябе ў кожным разе".

Поўны спіс выпускаў "Вясна прыйдзе" можна пабачыць тут.

Падпісвайцеся на "Вясна прыйдзе" у SoundCloud і YouTube, каб атрымліваць паведамленні аб новых выпусках.

Пытанні, заўвагі і прапановы пішыце на пошту viasnapryjdzie96@gmail.com

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства