viasna on patreon

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні чатырох палітычных зняволеных

2021 2021-08-25T19:26:12+0300 2021-08-25T20:05:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymanne_14_viasna5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

25 жніўня 2021 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем рост колькасці судовых рашэнняў, прынятых па палітычна матываваных крымінальных справах з парушэннем асноўных працэсуальных правоў абвінавачваных, якія ў адсутнасць незалежнага, непрадузятага, аб'ектыўнага судовага разгляду надаюць асуджэнню рысы адвольнага. Прызначаныя крымінальныя пакаранні па гэтых справах выходзяць за межы тых, што звычайна ўжываюцца пры адсутнасці палітычнага матыву, і з'яўляюцца празмерна строгімі, не адпаведнымі ступені грамадскай небяспекі зробленаму і асобе асуджаных.

Крымінальная адказнасць за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт.130 КК) следствам і судом селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і т.п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным. У прыватнасці:

  • Дзяніс Дзейкун асуджаны 23 чэрвеня 2021 года Гомельскім абласным судом па арт.130 КК за публікацыю ў сацыяльных сетках каментароў, якія асуджаюць незаконныя гвалтоўныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў Беларусі, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

  • Аляксандр Нагела асуджаны 25 жніўня 2021 года Гродзенскім абласным судом па арт.130 КК за публікацыю ў сацыяльных сетках каментароў, якія асуджаюць незаконныя гвалтоўныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў Беларусі і РФ, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

  • Леанід Герасімлюк асуджаны 17 жніўня 2021 года Гродзенскім абласным судом па ч.3 арт.361 КК (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) за каментары ў сацыяльных сетках, якія асуджаюць незаконныя гвалтоўныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Каментары, размешчаныя абвінавачванымі, не ўтрымоўваюць прамых заклікаў да здзяйснення гвалтоўных дзеянняў, а развагі пра ўжыванне гвалту ў адказ там з'яўляюцца элементам дыскусіі.
  • Аляксей Мальцаў асуджаны 13 жніўня 2021 года судом Фрунзенскага раёна Мінска за ўдзел у мірным сходзе па ч. 1 арт. 342 КК да двух гадоў пазбаўлення волі і за крадзеж, паўторна і замах на крадзеж па ч. 2 арт. 205 КК на паўтара года пазбаўлення волі, а канчаткова — да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Усе склады злачынстваў, у якіх абвінавачваецца А. Мальцаў, адносяцца да катэгорыі меней цяжкіх, за здзяйсненне якіх прадугледжаныя таксама меры пакарання, не звязаныя з пазбаўленнем волі. Разам з тым судом без належнага абгрунтавання прызначаны найболей цяжкі від пакарання, пры гэтым вызначаны празмерна строгі яго памер. Такім чынам, А.Мальцаў асуджаны выбарча ў параўнанні з іншымі асуджанымі без наяўнасці палітычнага матыву.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў супрацьпраўнасць і сумнеўны характар дзеянняў абвінавачваных былі вынікам адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, былі выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у адносінах да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў спыніць беззаконне.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачваных.

Ужыванне ўнутранага заканадаўства ў пералічаных справах, ацэнка фактаў і доказаў у той ці іншай ступені насілі адвольны характар і склалі відавочныя памылкі, чым суд парушыў сваё абавязальніцтва датычна незалежнасці і бесстароннасці, а прызначэнне дэманстратыўна суровых пакаранняў істотна пагоршыла становішча абвінавачваных у параўнанні з іншымі асуджанымі ў падобнай сітуацыі без палітычнага матыву.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  1. пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  2. пазбаўленне волі было заснавана на фальсіфікацыі доказаў усвядомленага правапарушэння або пры адсутнасці падзеі або складу правапарушэння альбо яго здзяйсненні іншай асобай;
  3. працягласць або ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйна (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім асоба падазраецца, абвінавачваецца альбо было прызнана вінаватай;
  4. асоба пазбаўлена волі выбіральна у параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што пераслед Дзяніса Дзейкуна, Аляксандра Нагелы, Леаніда Герасімлюка, Аляксея Мальцава з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець прынятыя ў адносінах да іх меры і судовыя рашэнні пры выкананні права на справядлівы судовы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на прысуд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна",

"Прававая ініцыятыва";

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства