viasna on patreon

Як палітвязень Мікіта Емяльянаў спрабаваў набыць кнігі і што з гэтага атрымалася

2021 2021-09-01T14:31:17+0300 2021-09-01T15:03:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/emelyanau_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікіта Емяльянаў. Фота: svaboda.org

Мікіта Емяльянаў. Фота: svaboda.org

Палітзняволены Мікіта Емяльянаў з 9 чэрвеня 2020 года быў пераведзены на строгі турэмны рэжым у Магілёўскую турму №4. Там ён вырашыў набываць кнігі ў гандлёвай сетцы, як гэта прадугледжана Крымінальна-выканаўчым кодэксам. Аднак тое, што напісана ў законе, даволі складана працуе на практыцы.

Яшчэ на дзень народзінаў, які быў у Мікіты 24 сакавіка, неабыякавыя люді перавялі грошы яму на “атаварку”. Хлопец планаваў купіць на іх кнігі, аднак адміністрацыя турмы забараніла рабіць яму гэта праз інтэрнэт, не дазволіла гэтага зрабіць і родным палітвязня, хоць яны і звярталіся да кіраўніцтва з адпаведнай заявай.

Інтэрнэт-крама “Приносим радость” (вядомая як oz.by) у адказе на запыт Мікіты даслала адпіску, што замову рэгіструюць толькі на нумар мабільнага тэлефона, а паколькі ў яго няма нумару, то і замовіць кнігі нельга.

Крама “Букініст” ад ААТ “Белкніга” пагадзілася дасылаць замову ў турму, але камунікацыя з крамай цягнулася тры (!) месяцы. У лісце Мікіта распавёў, як выглядае схема замовы:

  • спачатку вязень павінен напісаць у краму з запытам на прайс-ліст і рахунак-фактуру тых кніг, якія ён хоча набыць;
  • дачакацца адказу ад крамы;
  • аплаціць замову;
  • чакаць кнігі.
list_emelianov.jpg
З ліста Мікіты Емяльянава

Родныя Мікіты Емяльянава звярталіся да адміністрацыі ўстановы з заявай, у якой указвалі: згодна з ч. 1 арт. 89 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, зняволеным да пазбаўлення волі дазволена набываць праз гандлёвую сетку літаратуру, і прасілі пасадзейнічаць палітвязню ў рэалізацыі права на замову кніг найбольш эфектыўным і сучасным спосабам. Таксама блізкія прапаноўвалі самастойна афармляць замовы праз сайты кніжных крамаў ад імя Мікіты і аплочваць іх.

У адказ на гэта кіраўнік турмы А. Лауэр працытаваў цалкам арт. 89 КВК, давёў да ведама заяўнікоў, што Мікіту Емяльянаву быў растлумачаны парадак набыцця літаратуры ў гандлёвай сетцы, і ён ужо звярнуўся са спісам літаратуры ў “Букініст”. Таксама ў адказе адзначалася:

“У сувязі з тым, што асуджаны Емяльянаў М. У. не ў поўным аб’ёме выкарыстаў магчымасць выбару літаратуры ў бібліятэцы ўстановы (не звяртаўся з просьбай пра прадастаўленне літаратуры, што яго цікавіць), апошняму была прапанавана літаратура, якая яго цікавіць. Скаргаў і заяваў ад асуджанага не паступала”.

Пры гэтым кіраўнік турмы запэўнівае, што заканадаўствам не прадугледжана іншых спосабаў набыцця літаратуры ў гандлёвай сетцы, акрамя тых, што апісаныя ў арт. 89 КВК. Аднак указаным артыкулам не вызначана ніякага канкрэтнага спосабу набыцця кніг, а інтэрнэт-крамы - таксама адносяцца да гандлёвай сеткі. 

"Набыццё кніг праз інтэрнэт не забаронена законам, пакупка кніг з дапамогай супрацоўнікаў папраўчай установы не забаронена законам, пакупка кніг з дапамогай сваякоў не забаронена законам", - адзначаюць родныя палітвязня.

У выніку трохмесячнай перапіскі магілёўскі “Букініст” даслаў замову Мікіту. А ў жніўні палітвязень ужо дачытваў апошнюю кнігу з тых, што атрымаў. Таксама хлопец паведаміў родным, што "Букініст" мусіў яшчэ ў чэрвені даслаць прайс і рахунак на новыя кнігі, але так і не зрабіў гэтага. Палітвязень вымушаны паўтараць працэдуру камунікацыі з крамай праз лісты наноў.

Акрамя таго, стала вядома, што Мікіту Емяльянаву яшчэ ўвесну перасталі выдаваць газету “Новы час”, на якую вязень быў падпісаны і якая яшчэ выходзіла ў друку. Як напісаў палітвязень у сваіх лістах, газету забаранілі праз “прапаганду вайны, гвалту і г.д.” на падставе рашэння аператыўнага складу ўстановы і Правілаў унутранага распарадку, у той час як Міністэрствам інфармацыі газеты былі дазволеныя. Акрамя гэтага палітвязню забаранілі аформіць падпіску на “Каталіцкі веснік”.

З гэтай нагоды родныя палітвязня зноў звярнуліся да адмінстрацыі турмы, указвалі, што Мікіту безпадстаўна і ў парушэнне дзеючага заканадаўства забаронены доступ да перыядычных выданняў, і прасілі арганізаваць Мікіту Емяльянаву падпіску на “Новы час” і “Каталіцкі веснік” на другое паўгоддзе, пракантраляваць уручэнне выданняў, паведаміць пра прычыны забароны на выдачу “Новага часу, падпіска на які была аформлена і аплочана, а таксама пра прычыны не дазволу афармлення падпіскі на “Каталіцкі веснік”.

На гэта часова выконваючы абавязкі начальніка турмы Д. Елісеенка адказаў, што Мікіта Емяльянаў скарыстаўся сваім правам і на першае паўгоддзе 2021 года аформіў падпіску на шэраг выданняў. Усе газеты і часопісы яму былі выдадзеныя, акрамя газеты “Новы час” (з 16 красавіка) і газеты “Каталіцкі веснік” (за травень), гэтыя выданні былі змешчаныя на захаванні. Адміністрацыя ў сваім рашэнні спасылаецца на ч. 2 арт. 89 КВК, дзе замацавана, што “асуджаным забараняецца атрыманне, набыццё, захоўванне і распаўсюд выданняў, якія прапагандуюць вайну, распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, гвалту або жорсткасці, выданняў парнаграфічнага характару, а таксама падпіска на іх”.

У адказе сцвярджаецца, што Мікіта не звяртаўся да адміністрацыі па пытанні падпіскі ў другім паўгоддзі на згаданыя газеты.

Нагадаем, 16 жніўня палітвязня Мікіту Емяльянава змясцілі на 7 сутак у ШІЗА. Пра гэта паведаміла яго маці:

“Яму далі 7 сутак карцару. Прычына абсурдная: зняў кліфт (турэмную куртку), калі была спякота”.

З 10 жніўня родныя палітвязня не атрымоўваюць яго лістоў. Вядома, што 11 жніўня камісія павінна была разглядзець заяву Мікіты на перазалік тэрміну ўтрымання пад вартай, згодна са зменамі ў Крымінальны кодэкс, якія набылі моц.

Падтрымаць палітвязня лістамі і паштоўкамі можна па адрасе:

Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Емяльянаву Мікіту Уладзіміравічу

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства