Хроніка палітычнага пераследу трэцяга верасня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 3 верасня. Грамадзян, па-ранейшаму, затрымліваюць, праводзяць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываюць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Мінск
Да журналісткі і рэдактаркі “Зялёнага парталу” Яніны Мельнікавай ранкам 3 верасня прыйшлі сілавікі. Пра гэта Яна паспела паведаміць у сваім фэйсбуку.
Каля 10.10 Яніну вывелі з кватэры ў бус і павезлі ў Следчы камітэт.
Пры ператрусе ў Мельнікавай забралі тэхніку.
Журналісту Тribuna.соm Аляксандру Івуліну працягнулі тэрмін затрымання яшчэ на адзін месяц.
Нагадваем, 4 чэрвеня Аляксандр быў асуджаны на 30 сутак арышту. Пазней стала вядома, што журналіст стаў падазраваным па артыкуле аб арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і быў пераведзены ў СІЗА, піша @tribuna_by
«Вясне» стала вядома, што ДФР накіраваў на адрас Мінскага гарадскога выканаўчага камітэту прапанову аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання «Радзіслава».
«Радзіслава» — некамерцыйная недзяржаўная дабрачынная арганізацыя, створаная ў 2002 годзе ў горадзе Мінску для аказання дапамогі жанчынам, якія пацярпелі ад гвалту.
Затрымалі сузаснавальніка культурнага цэнтру «Корпус» і дыджэя Аляксандра Багданава і мастака-пастаноўшчыка Максіма Крука. Пра гэта Свабодзе паведамілі калегі затрыманых.
Перастаў адчыняцца сайт выдання «Медиа-Полесье».
Чым выклікана блакаванне, рэдакцыі пакуль невядома. Накіраваны запыты ў Hoster.by і Міністэрства інфармацыі.
«Media-Pоlesye.by" выходзіць з чэрвеня 2012 года, з'яўляецца адным з нямногіх сайтаў у Беларусі, якія маюць статус сеткавага СМІ. Над сайтам працуе прафесійная каманда журналістаў, медыя наведваюць каля 30-40 тысяч карыстальнікаў у суткі.
У ліпені дома ў галоўнага рэдактара Святланы Гарда, ключавых супрацоўнікаў і ў офісе "Медыя-Палесся" прайшлі ператрусы. Тэхніка і іншыя носьбіты інфармацыі да гэтага часу не вернутыя.
Сёння раніцай прыйшлі з вобшукам на кватэру, дзе жыве Ірына Сухій, сябра рады ГА «Экадом», актывістка Беларускай антыядзернай кампаніі, паведамляе @ecohomeminsk.
2 верасня Вярхоўны Суд вынес рашэнне па скарзе Беларускага Хельсінкскага Камітэта на пісьмовае папярэджанне Міністэрства юстыцыі. Суддзя Ганна Сакалоўская адмовіла ў задавальненні скаргі БХК, прызнаўшы дзеянні Мінюста законнымі.
«Адзінай падставай для вынясення нам пісьмовага папярэджання з'явілася непрадстаўленне часткі запытаных Мінюстам дакументаў у тэрмін да 16 ліпеня. Пры гэтым у офісе БХК 14 ліпеня быў праведзены ператрус, а сам офіс — апячатаны. Запытаныя дакументы знаходзіліся ў апячатаным офісе, іх непрадстаўленне было абумоўлена выключна аб'ектыўнымі абставінамі, якія не залежаць ад праваабаронцаў. Пазіцыя Мінюста ў судзе апісваецца прыкладна так: вы маглі прадставіць дакументы і да ператрусу», — піша @belhelcom
Віцебск
Кіраўніцу грамадскай кампаніі «Наш дом» Вольгу Карач унеслі ў спіс «арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
Гародня
На гарадзенскага блогера Вадзіма Ермашука, які адбывае ў шчучынскім ізалятары 25 сутак арышту, склалі новы пратакол. Пра гэта паведаміла яго сяброўка. Вадзіму можа пагражаць штраф ці адміністрацыйны арышт.
Суд будзе ў Гродне, але калі і якім чынам — па скайпе ці з прысутнасцю Вадзіма, пакуль невядома.
«Перадачу ўзялі. У камеры вельмі холадна. Трымаецца, але ўсё даецца складана. Дзякуе ўсім за дапамогу і падтрымку. Усім прывітанне!», — кажа сяброўка Вадзіма пра яго стан.
Вадзіма Ермашука (блогер Vadimati) 19 жніўня асудзілі на 25 сутак адміністрацыйнага арышту за заклікі прыехаць на спартовае масавае мерапрыемства — на скейт-пляцоўку ў Шчучыне.
Наваполацк
У Наваполацку раніцай быў затрыманы дацэнт ПДУ Віктар Якубаў.
Павадамляецца, што яго сёння будуць судзіць. Летась выкладчыка двойчы затрымлівалі па арт. 23.34 КаАП.
Пружаны
Адбыўся ператрус у шматдзетнай сям'і Онахавых-Жураўлёвых з Пружан. У іх 13 дзяцей.
Забралі планшэты, тэлефоны, камеру GoPro і нават электронны ключ для падатковай.
У адносінах да Вікторыі заведзеная справа — паклёп на Лукашэнку, за допіс у сацсетках, піша @nashaniva
Вікторыя займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, неаднаразова звярталася да ўладаў па пытаннях паляпшэння адукацыі, інфраструктуры ў Пружанах.
Брэст
Брэсцкую актывістку Алену Гнаўк затрымалі ў залі суда за здымку відэа на абвяшчэнні ўласнага прысуду.
"Вясна-Брэст" паведамляе, што яе павезлі ў Ленінскі РАУС.
Нагадаем, Алену абвінавачваюць у "абразе прэзідэнта". Пракурор Міхаіл Булыгін прасіў пакараць Гнаўк двума гадамі "хатняй хіміі". А ўлічваючы яшчэ і пакаранне ў два гады абмежавання волі без накіравання па карагоднай справе, сумарна пакараць трыма гадамі "хатняй хіміі".
Інфармацыя будзе дапаўняцца.