viasna on patreon

Мужчыну асудзілі да пяці гадоў "хатняй хіміі" і прымусовага лячэння: ён націснуў на педаль газа, калі "людзі ў чорным" схапіліся за ягоную машыну

2021 2021-09-03T11:53:11+0300 2021-09-03T16:58:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudovaja_admin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Суд Партызанскага раёна Мінска вынес прысуд Уладзіміру Долбіку. Яго прызналі вінаватым і асудзілі да пяці гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі" — паводле ч.2 арт.363 Крымінальнага кодэкса. Таксама яго абавязалі да прымусовага лячэння ў лекара-спецыяліста ў вобласці псіхіятрычнай дапамогі. Таксама ён жа мусіць выплаціць кожнаму з трох пацярпелых па тысячы рублёў, 261 рубель дзяржпошліны і 87 рублёў 20 капеек працэсуальных выдаткаў.

Справу разглядзеў суддзя Гутарэвіч.

У чым абвінавацілі?

Уладзіміра Долбіка прызналі вінаватым у тым, што ў ноч з 9 на 10 жніўня ён выказаў супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў альбо іных асоб, якія захоўваюць грамадскі парадак. Бок абвінавачання палічыў, што віна Долбіка цалкам даказаная матэрыяламі судовага паседжання, паказаннямі сведак. 

Што кажуць сведкі?

Брат Уладзіміра Мікалай знаходзіўся з ім у ноч з 9 на 10 жніўня. Ён распавёў, што 9 жніўня яны з братам схадзілі прагаласаваць на выбары. Паколькі не было інтэрнэта, яны вырашылі выехаць у цэнтр і прайсціся па горадзе. Практычны ўсе асноўныя магістралі былі перакрытыя, таму на месцы падзей (плошчы Змітрака Бядулі) яны апынуліся каля 2-х гадзін ночы. Яны пакінулі там машыну і пайшлі ў бок праспекта Незалежнасці: ён быў перакрыты, таму яны вырашылі вярнуцца ў машыну і паехаць дадому. Праходзячы міма кінатэатра "Мір", яны ўбачылі, што на вул.Казлова затармазіў цёмны бус без нумароў. Потым адтуль выскакнулі двое ў чорным, схапілі хлопца, які праходзіў міма ў слухаўках, і пацягнулі ў бус. МІкалай Долік крыкнуў ім: "Што вы робіце?", але яны не адрэагавалі. Потым яны з братам спыніліся на скрыжаванні Першамайскай і Захарава на чырвонае святло светлафора. Тады да іх падбеглі людзі ў чорным у балаклавах і сталі дзёргаць аўто за ручкі з пасажырскага боку, напраўляць зброю ў бок Мікалая. Потым прыкладам яны выбілі вакно: Мікалай закрыў твар рукамі і прыйшоў у сябе, толькі калі яны паехалі: так ён заўважыў, што шкло з боку кіроўцы (Уладзіміра Долбіка) таксама разбітае. Яны даехалі да Пуліхава і спыніліся ў дварах. Уладзімір не мог далей весці машыну, яны ўзялі таксі і паехалі дадому. 

Што казаў абвінавачаны?

Долбік даваў такія ж паказанні падчас судовага паседжання. Ён падкрэсліў, што ніхто з людзей не прадстаўляўся супрацоўнікамі міліцыі і не паказвалі пасведчанняў. Ён спужаўся за жыццё брата і сваё жыццё, таму націснуў на педаль газа.

Уладзімір Долбік распавёў, што ён быў у шокавым стане і пайшоў у міліцыю, толькі калі яго перастала трэсці — для таго, каб знайсці машыну. Яму патэлефанавалі і сказалі, што машына няправільна прыпаркаваная. Ён хацеў разабрацца з сітуацыяй — магчыма, напісаць заяву. Калі ён прыйшоў у РАУС, ён не ведаў, да каго прыйшоў, таму пайшоў у ДАІ — там супрацоўнік ДАІ сказаў яму, што ў тую ноч на месцы здарэння былі супрацоўнікі АМАП. Таму ён не стаў пісаць заяву. Да супрацоўнікаў ДАІ на праспекце ён не звярнуўся таму, што паехаў з месца здарэння: у той момант ён знаходзіўся ў такім стане, што не заўважаў тое, што адбывалася і бачыў толькі адну кропку прама.

Сваю віну Долбік не прызнаў. Ён упэўнены, што не выказваў гвалт.

Што ў выніках экспертызы?

Экспертыза выявіла, што ў Долбіка была "вострая псіхічная рэакцыя на стрэс", ён дагэтуль мае пэўныя псіхічныя захворванні. Эксперт пацвердзіла, што ён не мог "у поўнай ступені асэнсоўваць свае дзеянні". Паводле экспертаў, рэакцыі Долбіка былі адэкватныя, звязаныя з інстынктам самазахавання. Аднак рэакцыя была празмернай і уплывала на дзеянні: у тым ліку, заўважаліся звужаная ўвага і моцны страх смерці. Але згодна з экспертызай, ён не ў поўнай ступені разумеў свае дзеянні.

Што кажуць пацярпелыя?

Пацярпелыя — трое залегендаваных супрацоўнікаў АМАП Кавалёў, Сідарчук і Кавальчук. Калі яны разбілі вокны ў машыне Долбікаў, яны ўхапіліся рукамі за дзверы: машына паехала на зялёнае святло, яны трымаліся за яе з абодвух бакоў і так прабеглі некалькі метраў. Долбік тлумачыў, што не спыніў машыну, бо людзі ў чорным без апазнавальных знакаў не асацыяваліся ў яго з супрацоўнікамі міліцыі.

Сведкі з боку абвінавачання — супрацоўнікі ДАІ, студэнт юрфака, які прымаў удзел у следчым эксперыменце — сцвярджалі, што на абмундыраванні былі надпісы АМАП. Студэнта юрфака прыцягвалі да следчага эксперыменту ў тым ліку для таго, каб ён пацвердзіў: пры святле ліхтара абвінавачаны ўсведамляў, што перад ім супрацоўнікі АМАП.

Пацярпелыя ў паказаннях сцвярджалі, што дзеянні Долбіка нанеслі пагрозу іх жыцця і здароўя.  

Суддзя прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на пяць гадоў без накіравання ў ПУАТ, хаця бок абвінавачання запрошваў "хімію" з накіраваннем на такі ж тэрмін.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства