viasna on patreon

Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці асуджае рашэнне Беларусі не расследаваць заявы аб катаваннях і жорсткім абыходжанні

2021 2021-09-03T14:05:20+0300 2021-09-03T14:05:20+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/iapb_logo1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці выступіла з заявай у адказ на рашэнне Следчага камітэта Беларусі, які 26 жніўня абвясціў, што інфармацыя аб катаваннях і іншых злачынствах, у тым ліку жорсткім абыходжанні і сэксуальным гвалце, не будзе расследавацца ў межах крымінальных справаў і, такім чынам, не прывядзе да судовага пераследу вінаватых.

Паведамленне СК “дэманструе нежаданне Беларусі праводзіць аператыўнае, эфектыўнае і бесстаронняе расследаванне абвінавачванняў у датычнасці дзяржаўных органаў да злачынстваў, прадугледжаных міжнародным правам”.

"Адмова Следчага камітэта ва ўзбуджэнні крымінальных справаў парушае абавязальніцтвы Беларусі ў галіне міжнароднага права", — гаворыцца ў заяве.

Згодна з артыкулам 12 Канвенцыі ААН супраць катаванняў (UNCAT), Беларусь абавязана аператыўна і бесстаронне расследаваць дзеянні, калі існуюць абгрунтаваныя падставы меркаваць, што на любой тэрыторыі, якая знаходзіцца пад яе юрысдыкцыяй, былі здзейсненыя любыя формы катаванняў або жорсткага абыходжання. Артыкул 13 Канвенцыі дае ахвярам катаванняў права звяртацца са скаргамі ў кампетэнтныя органы, якія мусяць разгледзець іх заявы аператыўна, эфектыўна і бесстаронне. Дзяржава павінна зрабіць захады для забеспячэння абароны ахвяраў ад далейшага жорсткага абыходжання або запалохвання.

Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці яшчэ раз пацвярджае свой намер працягваць збор, захаванне і аналіз інфармацыі і доказаў злачынстваў, прадугледжаных міжнародным правам, учыненых беларускімі ўладамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх. Мэта Платформы — “зрабіць унёсак у працэсы адказнасці, якія б забяспечылі справядлівасць для ахвяраў гвалту і іх суполак, а таксама прыцягненне да адказнасці асобаў, адказных за гэтыя злачынствы.”


Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (International Accountability Platform for Belarus) — гэта кансорцыум беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый. Дзейнасць IAPB падтрымлівае 21 дзяржава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства