viasna on patreon

Чатыры амапаўцы "пацярпелі" ад звону разбітага келіха і прад'явілі пазоў на 4 000 рублёў

2021 2021-09-03T16:57:08+0300 2021-09-03T17:22:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/amap-autobus.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота ілюстрацыйнае, udf.name

Фота ілюстрацыйнае, udf.name

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 3 верасня пачаў разгляд крымінальнай справы Аляксандра Зайкоўскага. Яго абвінавачваюць па артыкуле 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Вядзе працэс суддзя Юлія Густыр, дзяржаўны абвінаваўца Нічыпарук.

Як вядома з матэрыялаў следства, 12 кастрычніка 2020 года прыкладна ў 21 гадзіну Зайкоўскі ў стане алкагольнага ап’янення на праспекце Дзяржынскага з іншымі неўстаноўленымі асобамі, аказваў супраціўленне работнікам міліцыі, пагражаў ім прымяненнем гвалту, кінуў у бок міліцэйскага аўтобуса піўны келіх.

Сваёй віны ва ўчыненым не прызнаў.

У судзе Зайкоўскі патлумачыў, што ў той вечар проста гуляў без ніякай мэты. У бары выпіў 50 грамаў каньяку. Затым зазірнуў яшчэ ў адзін бар за півам. Там пазнаёміўся з двума мужчынамі, якія пачалі яго выклікаць на спрэчку, правакаваць. Маўляў, а слабо кінуць бакалам у міліцэйскі аўтазак (чырвоны аўтобус без апазнавальных знакаў, які стаяў побач). Зробіш – кватэру падорым.

- Я спачатку ніяк не рэагаваў, толькі пасмяяўся. Затым яшчэ чацвёра падыйшлі, пачалі падбухторваць, - тлумачыць у судзе абвінавачваны.

Затым Зайкоўскі шпурлянуў піўным куфлем у бок аўтобуса і патрапіў у яго крыху вышэй за кола. Пашкоджанняў не заўважыў. Адразу яго затрымалі, паклаўшы тварам у асфальт, а потым загрузілі ў аўтазак.

Нагадаем, што ў той вечар у Мінску адбываліся лакальныя маршы як у цэнтры, так і ў Малінаўцы. Ён сам бачыў непадалёк дзесятак амапаўцаў у экіпіроўцы.

Далей сказаў, што ў акцыях пратэсту ўдзелу не прымаў, негатыўнага стаўлення да супрацоўнікаў міліцыі не меў.

Аб тым, што ў аўтобусе маглі знаходзіцца міліцыянты таксама не ведаў.

Допыт “пацярпелых” амапаўцаў

Супрацоўнік амапу, імя якога было неназвана, патлумачыў, што пасля затрыманняў пенсіянераў каля Чырвонага касцёла паступіў загад ехаць да “Зубра”.

“Мы прыехалі, ажыццявілі затрыманні, паехалі на Малінаўку, там людзі паказвалі нецэнзурныя знакі. Далей прыпаркаваліся, абследавалі парк на Паўлава. Паглядзелі чаты, там былі заклікі ўжываць гвалт. Знаходзячыся ў аўтобусе, я пачуў гук разбітага шкла. Выйшаў і ўбачыў, як затрымліваюць чалавека, які, як высветлілася, кінуў келіх прама ў стойку паміж шклом. Я ўдакладніў падрабязнасці, а далей па камандзе вылучыўся ў іншае месца,” - засведчыў у судзе амапавец.

У аўтобусе ў той час знаходзіліся чатыры супрацоўнікі.

Далей амапавец распавёў, што ад звону шкла перажыў стрэс, хваляваўся за здароўе сваіх падначаленых. Адчуў маральныя пакуты з-за заклікаў у чатах “біць камянямі”.

Падаў матэрыяльны пазоў у памеры 1 000 рублёў.

Пракурор доўга распытвае пацярпелага пра дакладнае месца трапляння бакала, пра наяўнасць пашкоджанняў.

Пракурор: “Патлумачце, у чым вы ўбачылі пагрозу здароўю?”

- Таму што пры разбіцці шкла ты ўсведамляеш, што паранішся і камень табе можа прыляцець у галаву.

Другі пацярпелы – кіроўца амапаўскага аўтобуса.

Ён распавядае, што пачуў звон шкла, прыгнуўся, было незразумела, што там ды як. Выйшаў на вуліцу, пачаў разглядаць транспарт, перажываў з-за чаго быў гэты гучны гук. Разгледзеў неістотныя невялікі драпіны на фарбе аўтобуса. Дакументаў аб пашкоджанняў не афармлялі.

Таксама патрабуе маральнай кампенсацыі ў памеры 1 000 рублёў.

Трэці амапавец практычна паўтарае сведчанні папярэдніх пацярпелых і таксама просіць маральнай кампенсацыі ў памеры 1 000. Кажа, што адчуваў страх і хваляваўся за сваіх калег.

Такім чынам паступіў і чацверты “пацярпелы".

Усе матэрыяльныя пазовы Аляксандр Зайкоўскі не прызнаў.

У судзе агучваецца заключэнне эксперта аб стане здароўя абвінавачванага: мае патрэбу ў лячэнні хранічнага алкагалізму, у стане аффекта не знаходзіўся.

Апошнім дапыталі сведку Казлова, адваката.

Той адказаў, што вяртаўся дадому пасля 8 вечара, прыпаркаваўся, зайшоў у бар, убачыў мужчын, якія нешта актыўна і эмацыйна абмяркоўвалі. Спытаў у бармэна, што адбылося. Той распавёў, што нехта ўзяў келіх і разбіў яго аб аўтамабіль супрацоўнікаў міліцыі. Спытаў у гэтых хлопцаў, яны ўсё пацвердзілі. Знаходзячыся там, зразумеў, што мужчына быў моцна выпіўшым, учынак быў нечаканым і, напэўна, на "слабо".

Працяг судовага пасяджэння прызначаны на панядзелак, 6 верасня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства