viasna on patreon

"Будзеш сядзець ад званка да званка". Катаванні, бясконцыя ШІЗА, ціск: што вядома пра асуджаных па "справе пяцёркі"

2021 2021-09-03T19:00:35+0300 2021-09-03T19:07:40+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_minsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На пачатку лютага ў Мінскім раённым судзе за пашкоджанне машыны жонкі аднаго з начальнікаў Дэпартамента выканання пакарання (ДВП) Аляксандра Гейца на тэрміны ад двух да шасці гадоў калоніі былі асуджаныя пяць мінчукоў-"партызан". У канцы красавіка іх адправілі адбываць пакаранні ў розныя калоніі, дзе некаторыя з іх сутыкнуліся з ціскам. Паўла Сахарчука ў "Ваўчыных норах" з надуманых нагодаў адпраўляюць у ШІЗА, пазбаўляюць перадач і спатканняў, блакуюць карэспандэнцыю. Ягора Яўстратава ў наваполацкай калоніі №1 змясцілі на паўгода ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) і адправілі дакументы ў суд па змене рэжыму на больш строгі. Пасля чатырох месяцаў здзекаванняў і катаванняў у магілёўскай калоніі №15 Арцёма Анішчука перавялі у гомельскае СІЗА. Родныя зняволеных звязваюць ціск на сваіх блізкіх у калоніях з тым, што яны трапілі пад ведамства пацярпелага па справе, па якой іх асудзілі. Аляксандр Гейц з'яўляецца намеснікам начальніка аддзела арганізацыі аператыўна-рэжымнай працы, у тым ліку ў калоніях. Як сказаў сам Павел Сахарчук, "за сем месяцаў у СІЗА ў яго не было ніводнага парушэння, ніводнага рапарта, таму што ў людзей не было мэты мяне прэсаваць". "Вясна" пагаварыла са сваякамі зняволеных па справе "пяцёркі" і распавядае, як адміністрацыі калоній ствараюць невыносныя ўмовы ўтрымання для Паўла Сахарчука, Ягора Яўстратава і Арцёма Анішчука.

Суд 11 января. Фото: spring96.org
Суд 11 студзеня. Фота: spring96.org

Ужывалі электрашокер каля сарака разоў, пры затрыманні было дзевяць чалавек, а асудзілі пяць. «Справа пяцёркі»

Летась у канцы верасня супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа затрымалі пецярых мінчукоў каля машыны жонкі супрацоўніка Дэпартамента выканання пакаранняў Аляксандра Гейца ў Баравой. Гэта былі Антон Быкоўскі, Павел Сахарчук, Ягор Яўстратаў, Арцём Анішчук і Андрэй Нечыпар. Іх абвінавацілі ў групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянера: "пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў", матэрыяльная шкода склала 5 222 рублёў 88 капеек.

На відэазапісах, якія распаўсюдзіла прэс-служба МУС і ONT NEWS, бачна, што сілавікі пры затрыманні выкарыстоўвалі зброю, а таксама адзін з затрыманых, як высвятлілася пазней Антон Быкоўскі, быў моцна збіты. 

Быкоўскі на пасяджэнні суда распавёў, што сілавікі збілі іх у машыне пасля затрымання, ужывалі электрашокер каля сарака разоў, пасля чаго "ён у іх сеў".

"Мы не супрацівіліся, я не ўцякаў. Завёў рукі за галаву, на іх зашчоўкнулі кайданкі. І тут жа ў галаву мяне ўдарылі нагой. Потым залілі газам, апяклі мне абодва вока так, што я шэсць гадзінаў не мог іх расплюшчыць. Тыкалі электрашокерам, працяглы час білі па галаве і целе", — сказаў ён.

Антона Быкоўскага пасля гэтага даставілі ў лякарню, дзе яму дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траву і множныя ўдары. У стацыянары на лячэнні ён знаходзіўся сем дзён.

Паводле паказанняў абвінавачаных, пры затрыманні прысутнічала каля дзевяці чалавек, але засудзілі па гэтай справе толькі пяць чалавек. У матэрыялах справы яны фігуруюць як "нявызначаныя асобы". На думку абвінавачаных і іх сваякоў, гэта былі супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Усіх судзілі за пашкоджанне машыны, некаторых яшчэ судзілі за знойдзеныя рэчывы і прадметы падчас ператрусу пасля затрымання. Павел Сахарчук і Арцём Анішчук цалкам прызналі віну. Антон Быкоўскі і Ягор Яўстратаў — часткова. Андрэй Нечыпар віну не прызнаў.

Трэцяга лютага суддзя Віктар Шаўцоў вынес наступныя прысуды па гэтай справе:

  • 31-гадоваму беспрацоўнаму Ягору Яўстратаву — ч. 2 арт. 339, ч.1 арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса — 3 гады і 2 месяцы калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
  • 28-гадоваму развозчыку піцы Паўлу Сахарчуку — ч. 2 арт. 339, ч. 2 арт. 296 Крымінальнага кодэкса — 2 гады і 1 месяц калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
  • 32-гадоваму работніку метро Арцёму Анішчуку — ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса — 2 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
  • 32-гадоваму работніку піцэрыі Андрэю Нечыпару — ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса — 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
  • 39-гадоваму трэнеру па каратэ Антону Быкоўскаму — ч. 2 арт. 339, арт. 329ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса — 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Цяпер Павел Сахарчук, Ягор Яўстратаў і Арцём Анішчук сутыкнуліся з ціскам у асадах.

«Будзеш сядзець ад званка да званка». Павел Сахарчук у «Ваўчыных норах»  

Павел Сахарчук. Фото: spring96.org
Павел Сахарчук на судзе 11 студзень. Фота: spring96.org

Асуджанага па ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 296 Крымінальнага кодэкса да двух гадоў і аднаго месяца пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму Паўла Сахарчука этапавалі адбываць пакаранне ў "Ваўчыныя норы" — папраўчую калонію №22 пад Івацэвічамі. Як распавяла "Вясне" яго жонка Дар'я, з красавіка Паўла некалькі разоў змяшчалі ў ШІЗА, пазбаўляюць перадач і спатканняў, блакуюць карэспандэнцыю. 

«Як толькі ён прыбыў у калонію, яму адразу далі зразумець: "Будзеш сядзець ад званка да званка", маўляў, ніякага ўмоўна-датэрміновага вызвалення», — распавядае Дар'я.

Паводле слоў жонкі, Паўла два разы адпраўлялі ў ШІЗА па 10 сутак і апошні раз — на 7 сутак. Як яна адзначае, рапарты пра парушэнні на яго складаюць з надуманых нагодаў: не пагаліўся, калі толькі выйшаў паголены з душа; прайшоў у тапках, калі ўсе ідуць у тапках; не павітаўся, спрачаецца; захоўваў кніжку на працоўным месцы.

«Тое, на што ў іншых заплюшчваюць вочы, яму абарочваецца рапартамі, а пасля ШІЗА. Пры кожным тэлефанаванні ён кажа, што ў канцы тыдня зноў камісія, дзе будуць вырашаць, ШІЗА ці не. Калі не ШІЗА, то чаго-небудзь ізноў пазбавяць».

У адной з размоваў Павел сказаў жонцы:

«За сем месяцаў у СІЗА [падчас папярэдняга следства да суда] у мяне не было ніводнага парушэння, ніводнага рапарта, таму што ў людзей не было мэты мяне прэсаваць. 

У мяне няма ніякіх інструментаў ім перашкаджаць. На сваёй тэрыторыі яны цары і багі. Калі ты нічога не зробіш, я не ведаю, усё будзе дрэнна. Пагражаюць зрабіць тое самае, што з Арцёмам [Анішчуком]…»

Письмо Павла Сахарчука жене
Ліст Паўла Сахарчука жонцы

Як распавядае Дар'я, ёй удалося сустрэцца з Паўлам толькі адзін раз. У чэрвені Сахарчукам дазволілі працяглае спатканне на суткі. Але і тут не абыйшлося без ціску і пагроз, распавядае жонка Паўла:

«Гэтым спатканнем яго проста шантажавалі, пагражалі забраць яго.

І нават тут прымудрыліся зрабіць гадасць: адзінаму з усіх зняволеных на спатканні яму не падпісалі перадачу на пяць кілаграмаў на вынас. І паведамілі гэта толькі па факце, на самім спатканні».

Доўгі час яму не дазвалялі тэлефанаваць сваякам

«Тэлефанаваць не давалі, пакуль мы са свякрухай па чарзе не пачалі тэлефанаваць у калонію. Дзяжурны адказваў, што з ім усё ў парадку, а адміністрацыя проста не падпісвала дазвол на тэлефанаванні.

Цяпер калі не ў ШІЗА, то тэлефануе», — кажа Дар'я.

Таксама вядома, што Сахарчука пазбавілі перадач. Атаварвацца ў краме ў калоніі яму дазволена ў межах дзвюх базавых на месяц, але, паводле жонкі, усе атаваркі ён прапусціў, бо быў у ШІЗА. 

Таксама ў Паўла праблемы з ліставаннем. За паўтара месяца яму аддалі лісты толькі ад жонкі і ад сяброўкі, ад сяброў і іншых людзей — не. Яго лісты "прарываюцца" да жонкі таксама з цяжкасцю:

«Па тэлефоне сказаў: «Мае лісты затрымаліся ці то ў спецаддзеле, ці то дзе, не адпраўляюць чамусьці». Можа плынь вялікая, а можа адмыслова».

Павел працуе ў сталовай у калоніі №22 па 15 гадзінаў на дзень (з 6-й да 21-й) праз дзень. У першы тыдзень пасля карантыну ў такім рэжыме штодня.

list_pavel.jpg
Ліст Паўла Сахарчука жонцы

Падтрымайце Паўла Сахарчука лістамі салідарнасці:
Папраўчая калонія №22, 225295, Івацэвіцкі раён, ст. Даманава, а/с 20

Арцём Анішчук. Пасля чатырох месяцаў у магілёўскай калоніі са здзекаваннямі і катаваннямі этапавалі ў гомельскае СІЗА

Артем Анищук. Фото: spring96.org
Арцём Анішчук. Фота: spring96.org

Арцёма Анішчука накіравалі адбываць пакаранне ў магілёўскую калонію №15. Амаль адразу ж яго адправілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар (ШІЗА).

У траўні супраць Анішчука завялі новую крымінальную справу па арт. 411 Крымінальнага кодэкса пра злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Прычына новай «крыміналкі» — Арцём нібыта парушыў рэжым: двойчы адмовіўся прыбірацца.

Жонка Вольга ўпэўненая, што да яе мужа «адчувае асабістую непрыязнасць» начальнік калоніі, які сябруе з Аляксандрам Гейцам. Менавіта машыну жонкі Гейца, паводле версіі следства, і пашкодзіў Анішчук.

«Начальнік калоніі сказаў: або ты выбіраеш 411-ы артыкул, або напад на супрацоўніка калоніі. Пад пагрозамі гвалту ў адносінах да яго і яго сям'і, а таксама пагрозамі расправы з блізкімі ён выбраў 411-ы артыкул. Але з абвінавачваннем ён не пагадзіўся, віну не прызнае», — так Вольга апісала «Медыязоне» завядзення артыкула супраць яе мужа..

Напачатку чэрвеня Анішчук сказаў, што адміністрацыя калоніі «ажыццяўляе гвалтоўныя дзеянні фізічнага і псіхалагічнага характару» з таго моманту, як ён прыбыў у ПК-15.

Каб пазбегнуць катаванняў, Арцём праглынуў металічныя прадметы. Праз гэта ў калонію з праверкай прыехаў супрацоўнік пракуратуры Магілёўскай вобласці. 10 чэрвеня Генпракуратура адсправаздачылася пра наведванне калоніі: «Падчас асабістай гутаркі з пракурорскім працаўніком Арцём Анішчук не выказваў скаргаў на стан здароўя. На пытанне пра прычыны праглынання іншароднага прадмета растлумачыў, што проста хацеў трапіць у медыцынскую частку».

На наступнай сустрэчы з адвакатам Анішчук распавёў, што яму зрабілі толькі флюараграфію, а іншай дапамогі не аказвалі. Пры гэтым у сярэдзіне чэрвеня Вольга Анішчук была на асабістым прыёме ў лекара, і той яе запэўніў, што Арцёму «аказваецца ўся неабходная медыцынская дапамога». Таксама асуджаны казаў, што пасля праверкі пракуратуры яго асабіста збіў начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка, а пасля мужчыну змясцілі ў ШІЗА.

7 ліпеня пракуратура Магілёўскай вобласці прызнала незаконным знаходжанне Арцёма Анішчука ў ПКТ. Па словах Вольгі, з-за гэтага крымінальная справа пра непадпарадкаванне павінна быць закрытая, чаго не адбылося.

Апошні раз Арцём сустракаўся з адвакатам 19 жніўня. Ён расказаў, што ў ШІЗА на яго накінуўся зняволены з псіхічнымі захворваннямі і раздрапаў спіну.

31 жніўня жонка і адвакат Арцёма прыязджалі ў магілёўскую калонію, але супрацоўнікі сказалі, што зняволены «выбыў» адтуль. Яны адмовіліся адказаць, куды этапавалі мужчыну.

У магілёўскім аддзяленні Дэпартамента выканання пакаранняў адказалі, што таксама не ведаюць, дзе знаходзіцца Анішчук, а размеркаваннем зняволеных «займаецца Мінск». Адвакат звязаўся са следчым, які вядзе крымінальную справу, і ён адказаў, што ўпершыню чуе пра этапаванне зняволенага.

Увечары 2 верасня стала вядома, што Арцёма Анішчука этапавалі ў гомельскае СІЗА №3. Пра гэта ён сам паведаміў у лісце сваёй жонцы Вользе.

«Напісаў, што прастыў і ён у Гомелі ў СІЗА з 22 жніўня», — расказала жонка. 

Падтрымайце Арцёма лістамі па новым адрасе:
Следчы ізалятар №3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А.

На паўгода ў ПКТ, суд па змене рэжыму на строгі. Ягор Яўстратаў у наваполацкай калоніі №1

Егор Евстратов на суде в январе. Фото: spring96.org
Ягор Яўстратаў на судзе ў студзені. Фота: spring96.org

Ягора Яўстратава этапавалі адбываць пакаранне у выглядзе трох гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму ў папраўчую калонію №1 у Наваполацку. Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што на Ягора там таксама чыніцца ціск. У якасці пакарання за "парушэнні рэжыму" яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу на максімальны тэрмін — паўгода. Да гэтага яго па надуманых прычынах перыядычна адпраўлялі ў штрафны ізалятар, Ягора адрэзалі ад усякай камунікацыі з роднымі: тэлефанаванні, ліставанні, спатканні яму недасяжныя. Таксама ў суд накіравалі матэрыялы справы аб змене агульнага рэжыму на строгі. Ягор ужо паспеў адмовіцца ад адваката на гэтым судзе, што выклікае ў родных сумневы наконт добраахвотнасці такога рашэння.

Адразу пасля двухтыднёвага карантыну Ягора адправілі на 10 сутак у штрафны ізалятар. Прычына — няслушны ўлік асабістых рэчаў пры паступленні ў калонію. Як распавёў сястры сам Ягор на адзіным спатканні, калі яго прывезлі ў ПК-1, то канваір яго вельмі доўга і старанна абшукваў і аглядаў. У выніку Ягору заявілі, што яго адпраўляюць у ШІЗА на 10 сутак, бо "не хапае ў вопісы адной цыгарэты". 

Пасля гэтага Ягора адпраўлялі ў ШІЗА яшчэ два разы. Прычына другога дысцыплінарнага спагнання невядомая, а вось у трэці раз у ізалятар, паводле слоў супрацоўнікаў калоніі, яго адправілі нібы праз невыкананне прац на прамзоне.

sud_minsk_rai.jpg
Рукі Ягора Яўстратава на судзе 11 студзеня. Фота: spring96.org

21 жніўня, калі родныя Ягора прывезлі ў калонію перадачу, то даведаліся, што літаральна суткі назад яго на паўгода змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. Перадачу ў іх так і не прынялі. Пра прычыны пераводу ў ПКТ сям'і Ягора не паведамілі. Сястра Дар'я запісалася на прыём 30 жніўня да начальніка ПК-1 Андрэя Пальчыка, каб высветліць сітуацыю з яе братам.  

«Адказы даваліся або размытыя і мудрагелістыя, або не даваліся наогул. На маё пытанне: "Чаму Ягору далі максімальны тэрмін знаходжання ў ПКТ?", я атрымала адказ: "А чаму б і не?"» — распавядае Дар'я.

Начальнік калоніі Пальчык пералічыў сястры Ягора шэраг парушэнняў, за якія таго змясцілі ў ПКТ: два разы не павітаўся, адзін раз адмовіўся прыбірацца, два разы заснуў на прамзоне і адзін раз правёў не дакладны ўлік асабістых рэчаў. На падставе гэтага Ягора змясцілі ў ПКТ на максімальны тэрмін — паўгода. 

Пры гэтым, зважае Дар'я, у пераліку Пальчыка пра парушэнні не было ні слова пра лакацыю. Такім чынам, у родных Ягора ёсць адразу тры версіі аднаго парушэння. Першая: па тэлефоне ім сказалі, што ў ШІЗА яго адправілі праз адмову ад выканання прац. Другая: Ягор сам сказаў, што пакаралі яго за тое, што ён нібы знаходзіўся не ў тым месцы прамзоны. Трэцяя: начальнік на прыёме сказаў, што Ягор нібы спаў на працоўным месцы. 

Акрамя гэтага, як стала вядома Дар'і, адміністрацыя калоніі падала заяву ў суд Наваполацка аб пераводзе Ягора з агульнага рэжыму на строгі. Аднак дата разгляду пакуль невядомая.

Як кажа сястра Яўстратава, Ягор ужо напісаў заяву аб адмове ад паслуг адваката.

«Ведаючы Ягора, ён бы добраахвотна нічога падобнага не напісаў. Тут можна смела выказаць меркаванне, што заява напісана або пад ціскам з ужываннем дзеянняў гвалтоўнага характару, або не існуе наогул. Я спытала, ці магу ўбачыць гэту заяву, але мне сказалі, што няма — яна пад грыфам сакрэтнасці».

Акрамя гэтага, на асуджанага Яўстратава чыніцца ціск і іншымі спосабамі, распаўсюджанымі для "палітычных". З 21 красавіка па 6 жніўня Ягору дазволілі толькі адзін раз патэлефанаваць родным — у той час як тэлефанаванні асуджаным прадугледжаныя два разы на месяц. Таксама ёсць праблемы з карэспандэнцыяй у абодва бакі.

Яшчэ на аднаго асуджанага за пашкоджанне машыны начальніка ДВП аказваюць ціск у калоніі

Падрабязнасці "Вясне" расказала сястра Ягора Дар'я.

Падтрымайце Ягора лістамі па адрасе:
Папраўчая калонія №1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8,
Ягору Валянцінавічу Яўстратаву (1989 г.н.)

Як адбываліся суды па гэтай справе, чытайце ў рэпартажах "Вясны":

«Памыліўся палітычнымі поглядамі». Судзяць пяць мінчукоў, якіх абвінавачваюць у пашкоджанні машыны жонкі міліцыянта

Суд Мінскага раёна 11 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы Крымінальнага кодэкса супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня у Баравой.

На месцы пашкоджання машыны міліцыянта – дзевяць чалавек, на лаве падсудных – толькі пяць

Суд Мінскага раёна працягвае разгляд крымінальнай справы супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня у Баравой. Іх абвінавачваюць у групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянта: «пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў».

sudy_89.jpg

Да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд вынес прысуды пяці мінчукам, якія пашкодзілі машыну жонкі міліцыянта

Суд Мінскага раёна 3 лютага вынес прысуды па крымінальнай справы супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня у Баравой. Іх усіх абвінавацілі ў групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянта: «пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства