Віцебск: вахцёрку інтэрната асудзілі на паўтара гады «хіміі» за абразу сяржанта міліцыі
У судзе Чыгуначнага раёну Віцебска 3 верасня адбыўся разгляд яшчэ адной крымінальнай справы за публічную абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Гэтым разам на лаве падсудных апынулася 51-гадовая Вера Струніна, якая працуе вахцёркай у віцебскім інтэрнаце.
За кароткі каментар на адрас ужо былога міліцыянта з Віцебску суддзя Дзяніс Аляксеенка прысудзіў ёй 1 год і 6 месяцаў «хіміі». Пракурор Антон Гарохаў прасіў пакараць трыма гадамі. Ад адваката жанчына адмовілася, паведамляе "Віцебская Вясна".
Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Вера Струніна вечарам 3 кастрычніка, знаходзячыся на працы ў інтэрнаце, размясціла кароткі каментар на адрас віцебскага міліцыянта Віталя Шнявіна.
Шнявін распыляў газ – гэта абурыла жанчыну
Допіс быў апублікаваны ў «Інстаграм» (паблік «Типичный Витебск») пад пастом з фотаздымкамі Шнявіна. Адзін са здымкаў быў зроблены 13 верасня ў Віцебску падчас масавай акцыі. На ёй міліцыянт Шнявін распыльвае газ на грамадзян. Сам пост суправаджаўся допісам: «Шнявін Віталь Валянцінавіч, супрацоўнік патрульна-паставой службы, старшы сяржант міліцыі – збіваў беларускі народ у Віцебску на Маршы Герояў 13 верасня 2020 года. Больш за тое, цішком распыляў газ на жанчын, што стаяць побач. Жыве ў Білеве».
Вера Струніна заявіла на судзе, што не чытала гэтага допісу, а ўбачыла толькі фатаграфію, на якой міліцыянт распыляе газ, і яе гэта вельмі абурыла. Пракурор Антон Гарохаў цікавіўся, што падштурхнула напісаць «нядобры» каментар на адрас невядомага чалавека. Жанчына патлумачыла, што перад гэтым за некалькі дзён у яе скралі тэлефон і яна пайшла пісаць заяву ў РАУС.
«Мяне там у «вельмі культурнай» форме «паслалі» і сказалі: калі не хочаш праблем – валі адсюль. У мяне не ўзялі заяву. Мне выразна сказалі хуценька адсюль «валіць», калі не хачу непрыемнасцяў», – расказала Вера Струніна.
«Ну, гэта нашай справы не тычыцца...» – адрэагаваў пракурор.
Сведка Селюкова: Нельга гэта пакідаць беспакараным
На судзе ў якасці сведкі выступіла 34-гадовая хатняя гаспадыня Наталля Селюкова. Яна патлумачыла, што ўбачыла спасылку на дадзены пост у адным з дзяржаўных Тэлеграм-каналаў, перайшла па ёй у «Інстаграм» і вельмі абурылася зместам.
«Я палічыла, што гэта «нехарошыя» каментары. Палічыла, што гэта няправільна. І пост такі няправільны, і каментары. Нельга гэта пакідаць беспакараным», – сказала сведка з боку абвінавачання.
Селюкова зрабіла скрыншоты паста і каментароў і адправіла па электроннай пошце ў абласное ўпраўленне ўнутраных спраў з просьбай даць ім прававую ацэнку. Усіх каментароў сведка не чытала, бо, па яе словах, іх было вельмі шмат, толькі «лайкаў» было больш за 2000. Паводле яе інфармацыі, сам пост быў выдалены праз некалькі дзён. Яна заявіла, што не знаёмая з пацярпелым. Між тым, Вера Струніна запэўнівала на судзе, што ў яе ёсць доказы таго, што сведка добра ведае сяржанта Шнявіна.
Пацярпелы: Нікога не збіваў – толькі ўжываў спецсродкі
Сам міліцыянт на суд не прыйшоў, але даслаў на «Вайбер» паведамленне, у якім тлумачыць, што на дадзены момант знаходзіцца за мяжой, што абвінавачанні цалкам падтрымлівае, як і іскавыя патрабаванні – 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
У судзе агучылі пісьмовае тлумачэнне міліцыянта, з якога вынікала, што яго асабістыя фотаздымкі, апроч той, дзе ён распыляе газ, былі ўзятыя са старонцы яго маці Давідоўскай, якая пражывае ў Польшчы.
«Таму што яшчэ да выбараў усе асабістыя старонкі ў маіх акаўнтах і акаўнтах маёй жонкі былі намі выдаленыя, а самі акаўнты – закрытыя», – агучыў суддзя пісьмовыя тлумачэнні пацярпелага.
Навошта напярэдадні выбараў закрываць акаўнты ў сацсетках – супрацоўнік МУС не патлумачыў. Затое выказаўся пра распыленне газу. Паводле яго, балончык «адвольна пацёк, бо, верагодна, быў пашкоджаны». Таксама запэўніў, што «нікога не збіваў на акцыях, а толькі ўжываў спецсродкі ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам».
На судзе стала вядома, што Шнявін ужо звольніўся з міліцыі – «па ўласным жаданні».
Суддзя Аляксеенка прызнаў жанчыну вінаватай
Вера Струніна раскаялася ў зробленым і прызнала віну, але кампенсаваць 1000 рублёў кампенсацыі адмовілася, палічыўшы суму завялікай. Заявіла, што больш за 500 рублёў выплаціць не ў стане.
Суддзя Дзяніс Аляксеенка прызнаў жанчыну вінаватай і пастанавіў пакараць яе абмежаваннем волі на 1 год і 6 месяцаў з адбываннем тэрміну ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Таксама Вера Струніна мусіць выплаціць пацярпеламу 500 рублёў кампенсацыі. Мабільны тэлефон «Самсунг», за які яшчэ не выплачаная растэрміноўка, канфіскаваны.