viasna on patreon

За наезд на аўто ДАІ падчас жнівеньскіх пратэстаў мінчука асудзілі да пяці гадоў калоніі

2021 2021-09-07T14:52:29+0300 2021-09-07T14:57:38+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/12_august_2020.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Маскоўскага раёна 7 верасня за наезд на аўтамабіль ДАІ падчас жнівеньскіх пратэстаў да пяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі 49-гадовага кіроўцу Nissan Аляксея Шчытнікава. Яго дзеянні кваліфікавалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 218 (наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, якія здзяйсняліся агульнанебяспечным спосабам або пацягнулі нанясенне шкоды ў буйным памеры) і арт. 364 (гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Як адзначаў Шчытнікаў падчас працэсу, ён ненаўмысна наехаў на аўтамабіль ДАІ, гэта адбылося пасля таго як закрычала яго жонка, якая сядзела побач: яна ўбачыла, як збіваюць чалавека каля дарогі. Ад нечаканасці кіроўца Nissan наехаў на стаячы аўтамабіль ДАІ. Шчытнікава пасля затрымалі, і, паводле яго слоў, збілі ў Маскоўскім РУУС, з чэрапна-мазгавой траўмай яго даставілі ў ізалятар на Акрэсціна. Крымінальную справу супраць мінчука разглядала суддзя Таццяна Пірожнікава, дзяржабвінавачванне падтрымліваў Фёдар Сініцкі. "Вясна" расказвае ўсё, што вядома пра справу.

Момент наезда автомобиля Щитникова на автомобиль ГАИ. Скриншот из видео
Момант наезду аўтамабіля Шчытнікава на аўтамабіль ДАІ. Скрыншот з відэа

Што адбылося на праспекце Незалежнасці 12 жніўня і ў чым цяпер вінавацяць Шчытнікава? 

Сам інцыдэнт трапіў на відэа, якое размясцілі на YouTube "Cілавікі пратаранілі грамадзянскі аўтамабіль". Шчытнікава жорстка затрымалі каля гандлёвага цэнтра "Глоба" на вуліцы Уманскай у Мінску адразу некалькі экіпажаў ДАІ і міліцыі. Патрульныя аўтамабілі заблакавалі белы Nissan. Спачатку супрацоўнікі спрабавалі паразмаўляць з кіроўцам, потым пачалі біць дубінкамі па кузаве, выцягнулі мужчыну і павезлі яго на службовым аўтамабілі.

У МУС Беларусі паведамілі, што інцыдэнт адбыўся 12 жніўня каля 20.10. Супрацоўнікі ДАІ Мінска "праводзілі разбіральніцтва" на праспекце Незалежнасці і ў гэты момант кіроўца аўтамабіля Nissan мэтанакіравана наехаў на службовы аўтамабіль, а потым паспрабаваў уцячы. Міліцыя пачала пераслед, у гэты момант кіроўца Skoda заблакаваў супрацоўнікам дарогу сваім аўтамабілем. Кіроўцу Nissan затрымалі каля ГЦ "Глоба", яго даставілі ў Маскоўскае РУУС для далейшага разбіральніцтва.

"Парушальнікам аказаўся 48-гадовы мінчук. У тлумачэнні ён напісаў, што не здолеў даць рады кіраванню аўтамабіля. Матэрыялы ў адносінах да кіроўцы былі перададзены ў Следчы камітэт, які па выніках праверкі дасць прававую ацэнку яго дзеянням", — расказалі ў прэс-службе МУС Беларусі.

Паводле версіі абвінавачвання, Аляксей Шчытнікаў каля 20 гадзін 12 жніўня на аўтамабілі Nissan на праспекце Дзяржынскага наўмысна пагражаў ужываннем гвалту ў адносінах да супрацоўніка ДАІ Дзмітрыю Літвіновічу, І. Самусеву і яшчэ двум супрацоўнікам міліцыі. У мэтах выказвання сваіх публічных інтарэсаў, выказвання сваіх адносінаў з нагоды падзей грамадска-палітычнага жыцця, у мэтах перашкаджэння законнай дзейнасці супрацоўнікаў ДАІ здзейсніў злачынства, прадугледжанае арт. 364 Крымінальнага кодэкса (пагроза ўжывання гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Пацярпелым па справе прызнаны супрацоўнік ДАІ Дзмітрый Літвіновіч.

Паводле версіі абвінавачвання, Шчытнікаў нанёс шкоду транспартнаму сродку ДАІ ў памеры 3 813 рублёў 35 капеек — пашкоджанне лакафарбавага пакрыцця. Тым самым здзейсніў злачынства паводле ч. 2 арт. 218 (наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, якія здзяйсняліся агульнанебяспечным спосабам або пацягнулі нанясенне шкоды ў буйным памеры). Нанесеную шкоду абвінавачваны кампенсаваў.

Аляксей Шчытнікаў прызнаў віну толькі па ч. 2 арт. 218 КК, па арт. 364 КК — не. 

З 28 снежня 2020 года па 14 траўня 2021 года Шчытнікава ўтрымоўвалі пад хатнім арыштам, пасля гэтага яго ўзялі пад варту да суда. 

Што казаў на судзе сам абвінавачаны?

На судзе Аляксей Шчытнікаў расказаў сваю версію здарэння. 12 жніўня ён з жонкай ехаў па праспекце Дзяржынскага з боку вуліцы Шчорса ў кірунку праспекта Жукава. У нейкі момант ягоная жонка закрычала. Ён націснуў на тормаз і пабачыў, як затрымліваюць і збіваюць кагосьці побач: чалавек ляжаў на зямлі і два чалавекі зверху яго збівалі. У гэты момант Шчытнікаў выпусціў з-пад увагі кіраванне аўтамабілем — той занесла ў бок, і ён убачыў аўтамабіль ДАІ. Па словах абвінавачанага, ён не адразу апазнаў гэты аўтамабіль як аўто ДАІ. Ён пачаў тармазіць, аднак машына ўжо дакранулася і падрапала службовую машыну.

Затым з боку пасажыра падышоў чалавек у чорным і ў бронекамізэльцы [супрацоўнік ДАІ Самусеў], рвануў за ручку дзвярэй і пачаў біць па машыне, патрабаванняў ніякіх не выстаўляў. Як распавёў Шчытнікаў на судзе, толькі пасля гэтага ён рушыў з месца і другі раз закрануў машыну ДАІ, у выніку чаго пашкодзіў правыя дзверы службовага аўтамабіля.

Як апісваў тут сітуацыю абвінавачваны, ён не да канца ўсведамляў у той момант, што адбываецца. Шчытнікаў сказаў, што яму складана апісаць той стан, але ён быў як "панічны". Толькі праз дзве-тры хвіліны ўбачыў, што за ім рухаецца машына з уключанымі маячкамі, пазней ён спыніўся і яго затрымалі і "ўжылі фізічны гвалт". Паводле абвінавачванага, яго даставілі ў Маскоўскае РУУС, збівалі там, быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, а затым з чэрапна-мазгавой траўмай адправілі на Акрэсціна.

Няма ніякіх прэтэнзій. Што казаў пацярпелы на судзе?

На судзе пацярпелы супрацоўнік ДАІ Дзмітрый Літвіновіч сказаў, што 12 жніўня на дарозе былі заторы: то пешаходы не сыходзілі з пераходу, то кіроўцы ехалі па 5-10 км/г. Згодна з ягонымі словамі, ён з калегамі ў той дзень затрымалі аднаго кіроўцу, які некалькі разоў ездзіў сюды-туды павольна. У нейкі момант ён адчуў удар па аўтамабілі, машыну хіснула. Затым ён убачыў, што машына абвінавачванага ад'язджае назад, і Літвіновіч зразумеў, што той спрабуе ўцячы з месца здарэння і па інэрцыі таксама рушыў з месца — у гэты момант і адбылося другое сутыкненне.

Супрацоўнік ДАІ на судзе сцвярджаў, што наезд быў наўмысны, таму што машына абвінавачванага моцна завярнула ў бок: "Так не пераладжваюцца".

Літвіновіч затрымаў Шчытнікава пазней. Па яго словах, абвінавачаны падчас затрымання выйшаў з машыны сам. На судзе заявіў, што ў яго няма ніякіх прэтэнзій да абвінавачванага.

Як паведаміў пацярпелы на судзе, аўтамабіль ДАІ ўжо быў адноўлены ад пашкоджанняў, але ён не ведае, за чый кошт.

Адвакат Шчытнікава спытаў у пацярпелага, ці моцныя пашкоджанні мог нанесці аўтамабіль, які ўрэзаўся, калі ўлічваць, што ягоная хуткасць была 10км/г. На гэта пацярпелы супрацоўнік ДАІ сказаў, што ён не эксперт.

На судзе былі дапытаныя сведкі, а таксама эксперт, які сказаў, што Шчытнікаў у момант здарэння мог усведамляць характар і грамадскую бяспеку сваіх дзеянняў.

Чым усё скончылася?

Пракурор Сініцкі запатрабаваў у суда для Шчытнікава пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У апошнім слове Аляксей Шчытнікаў выказаў свае "шчырыя шкадаванні" з нагоды таго, што стварыў нязручнасці здзейсненым.

"Разам з тым хачу адзначыць, што ў маіх дзеяннях адсутнічаў які-небудзь намер. Усё адбылося праз маю неасцярожнасць. Хачу адзначыць таксама, што асновай майго жыцця з'яўляюцца любоў, гуманізм. І паняцці як нянавісць, агрэсія адсутнічаюць у маім жыццёвым шляху", — сказаў у апошнім слове Шчытнікаў.

7 верасня суддзя Таццяна Пірожнікава прызнала Аляксея Шчытнікава вінаватым па ч. 2 арт. 218 (наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, якія здзяйсняліся агульнанебяспечным спосабам або пацягнулі нанясенне шкоды ў буйным памеры) і арт. 364 (гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэкса і прысудзіла яму пяць гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства