Крыміналка на галоўрэда «Віртуальнага Брэста», ператрус у вядоўцы: хроніка пераследу 6-7 верасня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 6-7 верасня. Грамадзян, па-ранейшаму, затрымліваюць, праводзяць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываюць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
19-гадовую палітзняволеную Сафію Малашэвіч тройчы за тры месяцы змяшчалі ў ШІЗА.
Таксама дзяўчыну пазбавілі доўгатэрміновага спаткання з маці, а кароткачасовае не дазваляюць цягам ужо чатырох месяцаў.
У гомельскай калоніі Соня працуе і вучыцца на курсах парыкмахера. Яе таксама паставілі на прафілактычны ўлік.
У Мінску паведамляецца пра затрыманне Сяргея Васільева 1970 года нараджэння. У Брэсце – Мікалая Дуброўскага.
Арганізатар фестывалю «Аршанская бітва» Юрый Копцік асуджаны на 10 сутак
Столькі ж правядуць за кратамі і Ігар Уласенка ды Васіль Мірановіч, затрыманыя разам з Копцікам.
Вярхоўны суд ліквідаваў аб'яднанне прадпрымальнікаў “Перспектыва”
Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў кіраўнік “Перспектывы” Анатоль Шумчанка.
Праводзіцца ператрус у святара Дыянісія Карасцялёва – настаяцеля мінскага храма Усіх Смуткуючых Радасць.
Вядоўца Кацярына Пытлева, якая ўжо даўно з'ехала з Беларусі, паведаміла пра ператрус на яе мінскай кватэры. Паводле Кацярыны, сілавікі зламалі дзверы кватэры.
На галоўрэда «Віртуальнага Брэста» Андрэя Кухарчыка завялі крымінальную справу за «абразу ў сеціве»
Як паведаміла прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава, «мужчына, акрамя журналістыкі, займаўся дэструктыўнай дзейнасцю пратэставага толку. У прыватнасці, стварыў тэлеграм-чат „Обсуждаем опасный Брест“, дзе распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы і публікаваў абразы ў адрас дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь».
Інфармацыйную прадукцыю сайту «Виртуальный Брест» раней прызналі экстрэмісцкім матэрыялам. У рэдактара пасля ператрусу ў справе размяшчэння фатаздымку Уладзіміра Гундара са свастыкай забралі ўсю тэхніку і дагэтуль не вярнулі.
Каго менавіта Кухарчык абразіў так, што на яго завялі крымінальную справу, у МУС не паведамляюць.
Па заявах пракуратуры Дзяржынскага раёна інфармпрадукцыя telegram-каналаў «Дзержинск City», «КойданаваЧат» і «Койданава Навіны» прызнана экстрэмісцкімі.
Па пастанове пракуратуры Брэсцкай вобласці абмежаваны доступ да рэсурсу media-polesye.bу.
Палітзняволенга філосафа Уладзіміра Мацкевіча прызналі схільным да экстрэмізму
Мацкевіча сядзіць у камэры адзін у мінскім СІЗА на Валадарскага. Пра гэта гаворыцца на старонцы ў фэйсбуку, прысвечанай палітвязню. Паводле інфармацыі на старонкі, ад 14 жніўня Мацкевічу перадалі толькі пяць лістоў.
Рэдактарку «Зялёнага парталу Яніну Мельнікаву аштрафавалі на 95 базавых
Як паведамляе "БАЖ", яе абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі па арт. 24.3 КаАП: «адмаўлялася выходзіць са службовай машыны, размахвала рукамі і спрабавала збегчы». Суд па гэтым пратаколе адбыўся 6 верасня. Яніне прысудзілі 2755 рублёў штрафу, пасля чаго вызвалілі.
Былы журналіст парталу «Трыбуна» Андрэй Маслоўскі цяпер знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна
7 верасня над ім мусіць адбыцца суд па адміністратыўнай справе.
Раніцай 6 верасня ў ягонай кватэры правялі ператрус, пасля павезлі ў ГУБАЗіК на «размову». Там жа запісалі «пакаяльнае відэа» для праўладных Telegram-каналаў.
Палітзняволеным Белапанаўцам выставілі абвінавачванні
Дырэктарцы і галоўнай рэдактарцы БелаПАН Ірыне Леўшынай, а таксама былому дырэктару кампаніі Дзмітрыю Наважылаву былі выстаўлены абвінавачанні па ч. 2 арт. 243 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) яшчэ на мінулым тыдні. Мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту абраная на два месяцы з моманту затрымання, паведамляе БелаПАН.
Леўшына і Наважылаў знаходзяцца за кратамі з 18 жніўня.
Супрацоўнікаў культцэнтра “Корпус” пакаралі суткамі за непадпарадкаванне міліцыянтам
Стала вядома, што сёння ў судзе Савецкага раёна адбыліся суды над затрыманымі 2 верасня супрацоўнікамі культцэнтра “Корпус”. На дырэктара, арт-мэнеджара і ды-джэя Аляксандра Багданава ("Папу Бо"), сцэнографа Максіма Крука і арганізатарку культурных імпрэзаў Лізавету Неўмяржыцкую у Савецкім РУУСе склалі пратаколы па арт. 24.3 КаАП за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Іх справы пачалі разглядаць 3 верасня, але суд адправіў іх на дапрацоўку.
У выніку, 6 верасня Аляксандра Багданава і Максіма Крука арыштавалі на 10 сутак, а Лізавету Неўмяржыцкую — на 8 сутак.
У Беларусі заблакавалі сайт «Радыё Рацыя»
Доступ да рэсурсу абмежаваны адпаведна прынятага рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Маці Сяргея Ціханоўскага адмовілі ў спатканні з сынам
Святлана Ціханоўская распавяла пра тое, што маці палітвязня Сяргея Ціханоўскага адмовілі ў спатканні з сынам.
«Больш за год мой муж, Сяргей Ціханоўскі, не бачыў сваю сям'ю, сваіх дзяцей і бацькоў. Нядаўна яго мама запрасіла спатканне з сынам — і атрымала адмову».
За фота суддзі брэсцкую актывістку аштрафавалі на 87 рублёў
3 верасня падчас аглашэння прысуду па крымінальнай справе за абразу Лукашэнкі Алена Гнаўк сфатаграфавала суддзю Дзмітрыя Куроўскага. За гэтае «правапарушэнне» актывістку затрымалі ў залі суда, а ў РУУСе на жанчыну склалі пратакол па арт. 25.1 КаАП.
Сёння ў Брэсце прайшоў суд над Аленай Гнаўк. Суддзя Дзмітрый Шурын прызнаў жанчыну вінаватай ў «непаваге да суду» і аштрафаў яе на 87 рублёў (3 базавых велічыні).
Валерый Вішчэня зноў у спісе палітвязняў — ён пачаў адбываць пакаранне на «хіміі»
Палітвязня Валерыя Вішчэню абвінавачвалі ў «арганізацыі ці актыўным ўдзеле у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» . Сярод пацярпелых па справе былі не толькі прадпрыемства «Мінсктранс», але і «КАСКАД», «Кот Матроскін», «Фікспрайс» і іншыя. 12 ліпеня суд Цэнтральнага раёна Мінска асудзіў Валерыя да трох гадоў «хіміі» па арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
З 5 верасня Валерый Вішчэня пачаў адбываць пакаранне ў папраўчай ўстанове №9.
Палітвязня Ігара Банцара чацвёрты раз запар пакаралі «суткамі» ў ШІЗА
Як паведамляе сябр рок-музыкі, 6 верасня Ігара Банцара, які адбывае пакаранне на «хіміі» ў Віцебску, пакаралі чарговымі «суткамі» ў ШІЗА. У ізалятар Ігара змясцілі яшчэ 5 жніўня. Агулам Банцар правядзе ў ШІЗА 40 дзён. Лісты, якія палітвязень атрымлівае ў гэты перыяд, яму аддадуць толькі пасля выхаду з ізалятара.
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.