viasna on patreon

У Мінску чатырох чалавек пачалі судзіць за удзел у маршах. Пазоў "Мінсктранса" — больш за 125 тысяч

2021 2021-09-10T16:32:22+0300 2021-09-16T13:41:40+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/akcia_27.09.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
АМАПаўцы правяраюць заплечнікі і тэлефоны ў грамадзянаў 27 верасня ў Мінску. Фота "Наша Ніва"

АМАПаўцы правяраюць заплечнікі і тэлефоны ў грамадзянаў 27 верасня ў Мінску. Фота "Наша Ніва"

10 верасня Фрунзенскі суд горада Мінска пачаў разглядаць крымінальную справу ў адносінах да чатырох чалавек, якія абвінавачваюцца паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса: Наталлі Астрэйка, Галіны Заронак і палітвязняў Сяргея Шчыценку і Сяргея Бялевіча.

Справу разглядае суддзя Юлія Блізнюк. Бок дзяржабвінавачання падтрымлівае памочнік пракурора Фрунзенскага раёна Дзмітрый Хаваўка, які таксама выступаў дзяржабвінаваўцай у справе па падпале танку.

Мінсктранс заявіў пра нанесеную шкоду ў памеры 126 тысяч 103 рублёў і адной капейкі. Па 62 тысячы — з Астрэйка і Бялевіча, каля 30 тысяч — з Заронак і 33 тысячы — са Шчыценкі. Яшчэ просяць спагнаць каля двух тысяч дзяржпошліны з Заронак і Шчыценкі. Суд вырашыў разглядаць грамадзянскі пазоў у межах крымінальнай справы

Трое з абвінавачаных — Наталля Астрэйка, Сяргей Шчыценку и Сяргей Бялевіч — былі затрыманыя 19 траўня 2021 года: жанчыну праз трое сутак выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, мужчын пакінулі пад вартай да суда. Галіну Заронак не затрымлівалі разам з усімі, 19 траўня ў яе быў праведзены вобшук, а 30 жніўня 2021 года яна атрымала пастанову следчага аб узбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да яе. 

Каго абвінавацілі?

Галіна Заронак мае двух непаўнагадовых дзяцей, працуе глазіроўшчыцай на фабрыцы "Камунарка". Яна таксама была сведкай у справе 30-гадовага палітзняволенага барабаншчыка Аляксея Санчука, таму дзяржабвінаваўца Хаваўка папрасіў далучыць да справы дадзеныя ягонага прысуда. 

Яна распавяла, што яе муж мае інваліднасць першай групы, за ім патрэбен пастаянны догляд. Праз пастаянны стрэс яна выходзіла на велашпацыры, дзе знаёмілася з іншымі людзьмі. Галіна двойчы прыцягвалася да адказнасці паводле арт.23.34 КаАП. Пры вобшуку наклалі арышт на маёмасць: тэлефон і пральную машынку.

Наталля Астрэйка працуе тэсціроўшчыцай, мае 10-гадовую дачку. 

Сяргей Бялевіч мае 16-гадовае дзіця, да затрымання працаваў ахоўнікам.

Сяргей Шчыценка — чалавек з інваліднасцю трэцяй групы па зроку, праз гэта не мог знайсці працу. Мае некалькі пагашаных судзімасцей. У 2020 годзе некалькі разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку, паводле арт. 23.34 КаАП. Знаходзіцца на псіхіятрычным уліку.

У чым абвінавацілі?

Чатырох чалавек судзяць па некалькіх эпізодах на праспектах Пераможцаў, Машэрава і Незалежнасці, а таксама вуліцы Сурганава. Згодна з абвінавачаннем, яны ішлі па дарозе, пляскалі ў далоні, у кагосьці з абвінавачанага меўся сцяг. Усё яны нібыта дакладна ўсведамлялі, што выйшлі на несанкцыянаваныя мерапрыемствы, выказалі відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і неаднаразова адмаўляліся выканаць патрабаванні разыйціся.

Паводле абвінавачання, падчас адной з акцый у кампаніі Заронак была таблічка з надпісам "Овца" (у матэрыялах справы — фотаздымак з гэтым эпізодам), падчас іншага — яна стаяла ў счэпцы і публічна выкрыквала лозунгі, мела пры сабе БЧБ-сцяг.

У справе называліся яшчэ некалькі прозвішчаў людзей, якія ў той момант былі побач з абвінавачанымі — пакуль іх працэсуальны статус невядомы.

Таксама іх абвінавачваюць у тым, што яны стасаваліся ў тэлеграм-чаце, дзе падбухторвалі да супрацьпраўных дзеянняў іншых удзельнікаў: назва чата ўтрымлівае "крыжыкі".

Што кажуць абвінавачаныя?

Галіна Заронак не прызнае віну ні па адным з эпізодаў, паводле якіх яго абвінавачваюць: за 23 жніўня, 27 верасня, 18 і 25 кастрычніка 2020 года. Яна прызнала, што выходзіла гуляць, але з мэтай абстрагавацца ад будзёнай мітусні: яна не спрабавала выказаць палітычную пазіцыю і лічыць, што не парушыла закон сваім "хаджэннем па горадзе". Акрамя Санчука, яна пазнаёмілася таксама яшчэ з іншымі раварыстамі, прозвішч якіх яна не ведае. Пракурор Хаваўка спытаў у яе, навошта яна купіла сцяг. 

— Сказалі купіць — я і купіла. Усе ж купляюць, — адказала яна.

— Хто ўсе? Я ж не купляў, — адказаў Хаваўка.

Абаронца спытаў у яе, ці ведала яна заяву Генпракурора, што на маршы хадзіць забаронена — жанчына адказала, што не чула. Ёй таксама ніхто не тлумачыў, што прысутнічаць у гэтых месцах — парушэнне закона. Да матэрыялаў справы далучаныя фотаздымкі Санчука.

Сяргей Бялевіч не прызнае віну паводле падзей 27 верасня і 25 кастрычніка 2020 года. Ён адмовіўся даваць паказанні як падчас папярэдняга следства, так і падчас суда.

Сяргея Шчыценку судзяць па эпізодзе 27 верасня 2020 года. Ён не лічыць, што здзейсніў супрацьпраўныя дзеянні, але не хавае, што насамрэч удзельнічаў у маршы. 19 траўня яго затрымалі каля дома. Ён узгадаў, што ў той дзень сустрэўся з Лёшам Санчуком на маршы, папярэдне аб сустрэчы яны не дамаўляліся. З хлопцам яны пазнаёміліся раней падчас адной з велапрагулак. Яны ішлі ў тым ліку і па праезнай частцы, бо ДАІ перакрыла дарогу, і грамадскі транспарт не хадзіў. Абвінаваўца спытаў у яго пра чат, Шчыценка не памятаў, навошта далучыўся да яго, ведаў некаторых людзей у ім і называў нікі.

Сяргей распавёў, што не цікавіўся палітыкай, пакуль яго не "пазнаёміла" з ёй міліцыя, пасадзіўшы за "непадпарадкаванне" за прагляд афіцыйных улётак. 

19 траўня яго затрымліваў ГУБАЗіК. У аддзяленні яму прапанавалі напісаць яўку з павіннай, таму што працуюць "добрыя, адэкватныя рабяты". Падчас допыту пракурор удакладняў у яго шмат акалічнасцяў наконт паказанняў падчас папярэдняга следства, але Шчыценка амаль нічога не памятаў. У пратаколе допыту сказана, што ён цалкам прызнае віну — мужчына ўдакладніў, што следчы сказаў яму "ну напішы там, што прызнаеш". Ён таксама падкрэсліў, што пра акцыі пратэсту даведаўся з тэлевізара.

На пытанне пра лазарную ўказку Шчыценка запытаўся, што гэта такое, і выказаў здагадку, што яна каштуе ўсю ягоную пенсію па інваліднасці.

Наталля Астрэйка не прызнае віну паводле эпізода за 25 кастрычніка 2020 года. Яе дапытаюць на наступным паседжанні.


Справу працягнуць разглядаць у панядзелак, 13 верасня, у 11.15. Працягнецца допыт абвінавачаных, таксама ў суд выкліканы прадстаўнік "Мінсктранса".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства