viasna on patreon

Лукашэнка, Караеў, Вакульчык, Хрэнін: за паклёп і абразы каго судзяць ютуб-блогера Руслана Лінніка?

2021 2021-09-15T13:28:00+0300 2021-09-15T13:20:06+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/linnik_ruslan_90.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 14 верасня пачаўся суд над палітзняволеным ютуб-блогерам Русланам Ліннікам, якога за кратамі ўтрымліваюць сем месяцаў. Блогера абвінавачваюць адразу па чатырох дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 і ч. 2 арт. 367 (паклёп на прэзідэнта), ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта), 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 188 (паклёп). Па версіі абвінавачвання, абразы і паклёп змяшчаюцца ў відэароліках Руслана Лінніка на яго ютуб-канале. Палітвязню пагражае да шасці гадоў зняволення. На судзе Руслан Ліннік не прызнаў віну і адмовіўся ад дачы паказанняў. Справу супраць блогера разглядае суддзя Юрый Машкетаў, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Яўген Серакоў.

Руслан Ліннік. Скрыншот з відэароліка блогера
Руслан Ліннік. Скрыншот з відэароліка блогера

У чым абвінавачваюць блогера?  

Згодна з версіяй абвінавачвання, Руслан Ліннік з 17 траўня па 9 снежня 2020 года па месцы жыхарства распаўсюдзіў у сетцы інтэрнэт заведама ілжывую інфармацыю, публічна абразіў прэзідэнта і прадстаўнікоў улады пры выкананні службовых абавязкаў. "Па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніяй, з пачуцця непрыязнасці, кіруючыся нізіннымі памкненнямі, якія выказаліся ў жаданні прадставіць у зневажальным становішчы кіраўніка Рэспублікі Беларусь", размясціў відэазапіс "Вооружённый переворот в Беларуси" ў выглядзе роліка на ютубе, дзе славесна абразіў прэзідэнта ў публічнай прасторы. Паводле версіі следства, відэазапіс утрымлівае негатыўную ацэнку прэзідэнта, прыніжаючыя выразы ў дачыненні да старшыні камітэта дзяржаўнай бяспекі Вакульчыка, міністра ўнутраных спраў Караева, міністра абароны Хрэніна. Ліннік "прынізіў іх гонар і годнасць з пункту гледжання маральнасці і іншых сацыяльных нормаў, прынёс маральныя пакуты, падарваў іх аўтарытэт і аўтарытэт улады".

Паводле абвінавачвання, Ліннік абразіў прадстаўніка дзяржаўнай бяспекі Вакульчыка ў сваім відэароліку выразам: "Беларуссю кіруе злачынная супольнасць і старшыня Вакульчык з'яўляецца незаконным саўдзельнікам захопу і ўтрымання ўлады". Следства прыйшло да высновы, што выказанае Ліннікам носіць публічны характар, прыніжае гонар і годнасць, наносіць яму маральныя пакуты. Таксама гэты выраз у адносінах да Вакульчыка кваліфікавалі па арт. 188 Крымінальнага кодэкса (паклёп).

Па версіі абвінавачвання, Лінніка абвінавачваюць у абразе прэзідэнта за словы ў відэароліку "Саша едет по стране, а мы по-прежнему в…": "Гэта значыць Лукашэнка *** (непрыстойнае слова) з ганарлівым тварам спрабуе даказаць, што ён малайчына і ён усю сваю кар'еру трэпле языком, вывяргаючы слоўны *** (непрыстойнае слова)".

Таксама блогера абвінавачваюць у абразе першага намесніка міністра ўнутраных спраў Казакевіча ў відэароліку " Преступники в погонах" выразам "Такія як Казакевіч *** (непрыстойнае слова) злачынцы"

Згодна з версіяй абвінавачвання, Ліннік абразіў прэзідэнта словамі ў відэароліку "Признаки фашизма". У абвінавачванні пераказваюцца словы Лінніка пра тое, што ў Лукашэнкі прыкметы псіхапатыі і што ён самы галоўны вораг, палівае брудам усе сацыяльныя пласты. Распавядае пра медыкаў, стаўленне да жанчынам і гвалту да іх, пра стаўленне да інтэлігенцыі і навукі.

Руслан Ліннік не прызнаў віну па ўсіх артыкулах цалкам.

Калі затрымалі Руслана Лінніка?

Руслан быў затрыманы 20 лютага ў Віцебску. Блогеру прад'явілі абвінавачванне па арт. 369 Крымінальнага кодэксу (абраза прадстаўніка ўлады) і змясцілі на «Валадарку».

МУС паведаміла пасля затрымання, што Ліннік доўгі час хаваўся, але "супрацоўнікі сталічнага ўпраўлення ГУУБ МУС затрымалі яго, нягледзячы на канспіратыўны лад жыцця і рэгулярную змену месца жыхарства". Таксама міліцыя апублікавала "пакаяльнае відэа" з блогерам.

Блогер утрымліваецца за кратамі сем месяцаў.

Што адбываецца на судзе?

На судзе Руслан Ліннік адмовіўся ад дачы паказанняў. У сувязі з гэтым зачыталі паказанні, дадзеныя ім падчас следства. Па пратаколах допыту, ён адмовіўся даваць каментары сваім дзеянням.

На працэсе зачыталі паказанні першага допыту блогера пасля затрымання. Там ён казаў, што канал утрымлівае палітычную аналітыку і дапускае, што ў ёй могуць быць абразы. На другім допыце ён сказаў, што не памятае, што дакладна з відэаролікаў і калі размяшчаў. Па пратаколу, ён прызнаў абвінавачванне і магчымыя абразы, раскайваецца. На трэцім допыце адмовіўся даваць паказанні. На чацвёртым допыце адмовіўся адказваць на пытанні.

Таксама пачалі праглядаць відэаролікі з ютуб-канала "Руслан Линник", у якіх па версіі абвінавачвання ўтрымліваюцца абразы і паклёпы. На працэсе агучылі вынікі экспертызы, дзе паказана, што негатыўная ацэнка выказваецца прастамоўем, ненарматыўнасцю, нелітаратурнымі, грэблівымі формамі маўленчага выказвання. 

З чатырох тамоў пісьмовых матэрыялаў справы на судзе паспелі даследаваць тры.

Наступнае паседжанне прызначана на 16 верасня.

Руслан Ліннік – беларускі youtube-блогер, які з 2020 года рабіў ролікі на грамадска-значныя і палітычныя тэмы. На момант затрымання на яго канале было больш за 90 тысячаў падпісантаў.


Падтрымаць блогера можна па адрасе:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2,
Руслану Міхайлавічу Лінніку

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства