viasna on patreon

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі патрабуюць вызвалення сябраў "Вясны" ў першую гадавіну пачатку рэпрэсій супраць праваабаронцаў

2021 2021-09-17T10:21:28+0300 2021-09-17T11:16:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/logos_freeviasna.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У першую гадавіну пачатку ў Беларусі беспрэцэндэнтных рэпрэсій супраць Праваабарончага цэнтра "Вясна" больш за 20 міжнародных і беларускіх праваабарончых арганізацый распачынаюць кампанію з патрабаваннем вызваліць семярых затрыманых сябраў "Вясны" і прыцягнуць увагу да цяжкага становішча сотняў іншых зняволеных, якія сталі ахвярамі крымінальнага пераследу і апынуліся за кратамі выключна за ажыццяўленне свайго права на мірны сход і свабоду выказвання меркавання.

"Сёння спаўняецца год з тых часоў, як беларускія ўлады развязалі бессаромнае паляванне на ведзьмаў супраць "Вясны", адвольна затрымаўшы Марфу Рабкову, каардынатарку валанцёраў "Вясны". У наступныя месяцы яшчэ шэсць сябраў гэтай праваабарончай арганізацыі былі кінуты за краты і неабгрунтавана абвінавачаны ў крымінальных злачынствах за ажыццяўленне законнай праваабарончай дзейнасці", гаворыцца ў заяве праваабарончых арганізацый.

Ніжэй прыводзіцца спіс затрыманых і прад'яўленыя ім абвінавачванні ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Беларусі:

  • Марфа Рабкова, каардынатарка валанцёрскай службы "Вясны". Была затрыманая 17 верасня 2020 года і з таго часу знаходзіцца ў следчым ізалятары. Ёй былі выстаўлены абвінавачванні ў "навучанні і іншай падрыхтоўцы людзей да ўдзелу ў масавых беспарадках", "распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай нянавісці ці варажнечы, здзейсненых групай асобаў", а таксама ва "ўдзеле ў злачыннай арганізацыі". Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
  • Андрэй Чапюк, валанцёр "Вясны" з Мінска. Быў затрыманы 2 кастрычніка 2020 года і абвінавачаны ва "ўдзеле ў масавых беспарадках" і "ўдзеле ў злачыннай арганізацыі". Яму пагражае да сямі гадоў турмы.
  • Леанід Судаленка, кіраўнік гомельскага аддзялення "Вясны". Быў затрыманы па дарозе ў офіс 18 студзеня 2021 года. Судаленка аказаў юрыдычную дапамогу дзясяткам жыхароў Гомельскай вобласці, якія былі затрыманы і абвінавачаны ва ўдзеле ў паслявыбарных акцыях пратэсту.
  • Таццяна Ласіца, актывістка, валанцёрка гомельскага аддзялення "Вясны". Была затрыманая 21 студзеня 2021 года па абвінавачванні ў "арганізацыі ці ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Ёй пагражае да трох гадоў зняволення.
  • Яшчэ адна валанцёрка гомельскага аддзялення "Вясны", Марыя Тарасенка, была затрыманая 18 студзеня 2021 года. Яе пратрымалі тры дні, а 21 студзеня 2021 года вызвалілі пасля таго, як яна пагадзілася даць падпіску аб нявыяздзе.

Усім траім сябрам гомельскага аддзялення "Вясны" — Леаніду Судаленку, Таццяне Ласіцы і Марыі Тарасенка — выстаўлены абвінавачванні ў "арганізацыі, фінансаванні, навучанні і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і фінансаванні такой дзейнасці" па частках 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса. У выпадку прызнання вінаватымі ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

16 лютага 2021 года супрацоўнікі беларускіх праваахоўных органаў правялі вобшукі ў аддзяленнях "Вясны" ў Мінску, Гомелі, Магілёве, Віцебску, Брэсце і іншых гарадах, а таксама ў дамах супрацоўнікаў. У сакавіку 2021 года Следчы камітэт Беларусі — орган, адказны за крымінальныя расследаванні, — распачаў крымінальную справу па факце дзейнасці "Вясны" па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса ("арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у такіх дзеяннях").

Нарэшце, 14 ліпеня 2021 года пасля вобшукаў у офісах больш як дзясятка буйных беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці і праваабарончых арганізацый, у тым ліку "Вясны", якія правялі супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі, былі затрыманы старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі, сябра Рады "Вясны" і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Валянцін Стэфановіч, а таксама юрыст "Вясны" Уладзімір Лабковіч. Усім ім былі выстаўлены абвінавачванні паводле арт. 342 і ч. 2 арт. 243 ("ухіленне ад выплаты падаткаў"), якія прадугледжваюць максімальнае пакаранне ў выглядзе сямі гадоў пазбаўлення волі.

Сістэматычны ціск на грамадзянскую супольнасць

Рэпрэсіі супраць "Вясны" — толькі частка больш маштабных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі. Усяго за адзін дзень, 22 ліпеня 2021 года, Мінюстам былі ліквідаваны 53 арганізацыі. На сёння больш за 200 арганізацый грамадзянскай супольнасці закрыты ці знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі.

Урад Аляксандра Лукашэнкі адкрыта нападае на мірных дэманстрантаў, але таемна судзіць тых, хто іх абараняе. Яго фіктыўныя "працэсы" схаваныя ад вачэй, каб схаваць абсурдныя абвінавачванні, пазбегнуць публічных сведак і нязмыўнай ганьбы. Улады затыкаюць раты адвакатам, якія прадстаўляюць мірных дэманстрантаў, што прыводзіць да недахопу інфармацыі пра суды. Нават у гэтым выпадку мы можам быць упэўненыя ў адным: гэтыя сем праваабаронцаў невінаватыя па ўсіх абвінавачваннях, і мы патрабуем іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення", заявілі арганізацыі, якія падпісалі зварот.

Ёсць асцярогі, што ніводзін з супрацоўнікаў ці валанцёраў "Вясны" не паўстане перад справядлівым судом. Да прыкладу, Уладзіміру Лабковічу не давалі сустрэцца з адвакатам на працягу некалькіх дзён пасля затрымання. Ёсць таксама асцярогі з нагоды ўмоваў утрымання пад вартай, паколькі большасці праваабаронцаў не дазваляюць тэлефанаванні ці сустрэчы з чальцамі іх сем'яў, а іх карэспандэнцыя часта блакуецца.

Сумесная кампанія па вызваленні семярых актывістаў "Вясны" #FreeViasna заклікае ўлады Беларусі:

  • Цалкам выконваць свае міжнародныя абавязанні ў галіне правоў чалавека як удзельніка Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, паважаць правы на свабоду асацыяцыі, мірных сходаў і выказвання меркавання ўсіх людзей у Беларусі.
  • У поўнай ступені паважаць і абараняць працу праваабаронцаў і гарантаваць, каб кожны меў права скардзіцца на палітыку і дзеянні асобных службовых асобаў і дзяржаўных органаў, а таксама прапаноўваць і ажыццяўляць прафесійна кваліфікаваную юрыдычную дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў.
  • У адпаведнасці з гэтымі абавязаннямі, неадкладна і безумоўна вызваліць Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Таццяну Ласіцу, Леаніда Судаленку, Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча, зняць абвінавачванні з іх, Марыі Тарасенка і іншых супрацоўнікаў і валанцёраў "Вясны" і забяспечыць іх права на сродак прававой абароны ад незаконнага пераследу.

Article 19

Amnesty International

Беларускі Хельсінкскі камітэт

Беларускі Дом правоў чалавека ім. Барыса Звозскава

Civil Rights Defenders

FIDH

Freedom House

Front Line Defenders

Хельсінкскі фонд правоў чалавека

Фонд Дамоў правоў чалавека

Human Rights Watch

Libereco — партнёрства за правы чалавека

Нідэрландскі Хельсінкскі камітэт

Нарвежскі Хельсінкскі камітэт

OMCT

Östgruppen — Шведская ініцыятыва за дэмакратыю і правы чалавека

People In Need

Protection International

Right Livelihood

Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары

Міжнароднае партнёрства па правах чалавека

Рэпарцёры без межаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства