viasna on patreon

#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2021 2021-09-20T15:41:20+0300 2021-09-27T14:39:11+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/poster_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 верасня пачалася кампанія салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі “Вясны” - #FreeViasna. Сабралі апошнія навіны пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

У шматлікіх гарадах розных краінаў прайшлі акцыі салідарнасці ў дзень старту кампаніі #FreeViasna.

Свабоду “Вясне”! Як прайшлі акцыі салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі

ысячы людзей выходзілі ў Францыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Літве, Польшчы, Аўстрыі, Грузіі, Украіне і іншых краінах, каб выказаць сваю падтрымку зняволеным “вясноўцам” Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу, Марфе Рабковай, Леаніду Судаленка, Таццяне Ласіцы і Андрэю Чапюку.

Родныя Валянціна Стэфановіча выступілі ў яго падтрымку 

Аліна Стэфановіч - жонка намесніка старшыні "Вясны" Валянціна Стэфановіча - прыняла ўдзел у прэс-канферэнцыі ў Літоўскім сейме і распавяла, што за два месяцы атрымала толькі тры лісты ад мужа. Таксама яна выйшла на акцыі салідарнасці ў Батумі з партрэтам Валянціна. 

Уладзімір Лабковіч ў лістах да жонкі цытуе па памяці вершы Бродскага

Жонка зняволенага “вясноўца” Уладзя Лабковіча Ніна падзялілася на сваёй старонцы ў фэйсбуку навінамі пра мужа:

“Цытуе ў лістах мне вершы Бродскага па памяці, піша дзецям казку, як падарунак на дзень нараджэння, і кранальныя лісты маме і дачцэ, яго прынцэсе. Вельмі сумуе па сям’і”.

Як адзначае Ніна, настрой у Уладзя розны: “ад капец як цяжка да дзень скончыўся і норм”. Па яе словах, лісты родным сталі прыходзіць “больш-менш рэгулярна месяц таму”. Ад жонкі Уладзю даходзіць толькі траціна лістоў і мала ад сяброў, знаёмых і проста неабыякавых людзей.

Ніна Лабковіч заклікае падтрымаць мужа лістамі:

“Вельмі цяжка там без маральнай падтрымкі. Пішыце лісты. Гэта — турэмны кісларод!”

Леанід Судаленка адзначыць сваё 55-годдзе за кратамі. Павіншуйце праваабаронцу!

23 верасня Леаніду Судаленку споўніцца 55 год. Але адзначаць дзень народзінаў праваабаронца будзе не ў коле родных і сяброў, а за кратамі. Павіншуйце Леаніда!

Паштоўкі і лісты з віншаваннямі дасылайце па адрасе:

СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Нагадаем, у Гомелі два тыдні ў закрытым рэжыме разглядаюць справу Судаленкі і валанцёрак Таццяны Ласіцы і Марыі Тарасенка. Усіх вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК). Леанід быў затрыманы 18 студзеня і з той пары знаходзіцца пад вартай.

Марфа Рабкова застаецца пад вартай яшчэ на 3 месяцы

Марфа была затрыманая 17 верасня 2020 года і ўжо год як знаходзіцца ў СІЗА-1. Яна абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Стала вядома, што Марфе працягнулі тэрмін утрымання пад вартай ячшэ на 3 месяцы – да 17 снежня 2021 года.

Валанцёрская служба да гадавіны зняволення Марфы запусціла інтэрактыўную анлайн-дошку, дзе кожны жадаючы можа пакінуць паведамленне для праваабаронцы.

Як гэта зрабіць? Трэба перайсці на дошку, націснуць на "плюсік" у правым ніжнім вуглу старонкі, абраць фармат тэксту і напісаць цёплыя словы для Марфы. Можна пакінуць паведамленне ананімна альбо падпісацца. Усе сабраныя пажаданні валанцёры перапішуць і адправяць Марфе Рабковай, а таксама захаваюць і саму анлайн-дошку да яе вызвалення.

Алесь Бяляцкі таксама адзначыць свой дзень народзінаў за кратамі. Павіншуйце праваабаронцу!

Кіраўніку “Вясны” Алесю Бяляцкаму 25 верасня споўніцца 59 год, але дзень народзінаў ён будзе сустракаць у СІЗА-1.

Ад правабаронцы выходзіць вельмі мала лістоў нават да родных. Вядома, што Алесь пачаў пісаць новую кнігу – ўспаміны пра працу ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

Накіраваць віншаванні Алесю Бяляцкаму можна па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

Нагадаем, Алеся Бяляцкага затрымалі 14 ліпеня, дома ў яго і ў офісе арганізацыі прайшлі ператрусы. Правабаронцу абвінавачваюць у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), і ўхіленні ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК). 

Пра валанцёрку Таццяну Ласіцу распавялі яе сябры

У Гомелі працягваецца закрыты суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і яго памочніцамі – валанцёркамі Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка. «Вясна» пагутарыла з сябрамі Таццяны Ласіцы, якія дапамаглі намаляваць яе партрэт. На ім жанчына з яснымі вачыма сядзіць сярод сваіх любімых архідэй, адной рукой лашчыць шэрага ката і пасміхаецца, таму што верыць: дабрыня і шчырасць заўсёды перамагаюць.

«Калі за кратамі такія, як Таня, свет перакуліўся» – сябры пра валанцёрку «Вясны» Таццяну Ласіцу

Таццяна Ласіца мае дзве вышэйшыя адукацыі: інжынера-геолага і педагога-псіхолага. Сябры кажуць, што жанчыне больш падабаецца псіхалогія – напрыклад, яна займаецца тэмай гендэрных даследаванняў.

Няма ніякіх навінаў пра валанцёра Андрэя Чапюка

Валанцёр "Вясна" Андрэй Чапюк быў затрыманы 2 кастрычніка ў Мінску супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Ён утрымліваецца ў СІЗА-1 г. Мінска. На жаль, праваабаронцы не атрымліваюць ніякіх навінаў пра яго. 

Верш у падтрымку "вясноўцаў" 

На пошту freeviasna@gmail.com адкрыты ліст з вершам на англійскай мове даслала Aimee E.

Нашым любімым праваабаронцам

Я б хацела сказаць ДЗЯКУЙ. Як кажуць, не ўсе супергероі носяць плашчы.

ДЗЯКУЙ за ўсе бітвы, якія вы ўжо правялі.

ДЗЯКУЙ, што вы ёсць даяце голас тым, каго замоўчвалі.

ДЗЯКУЙ за тое, што ідзяце наперад, калі іншыя адступаюць перад рызыкамі і небяспекай.

ДЗЯКУЙ за ўсе ахвяры і мужнасць.

ДЗЯКУЙ, што верыце, што кожны чалавек заслугоўвае павагі, годнасці і роўнасці.

ДЗЯКУЙ, што натхнілі нас на барацьбу за справядлівасць, незалежна ад перашкод.

ДЗЯКУЙ, што даяце нам надзею жыць у лепшым свеце.

ДЗЯКУЙ, што змагаецеся за ўсіх нас.

Памятайце, што адзін крок назад не азначае, што вы пераможаны, гэта значыць толькі тое, што вы рыхтуецеся зрабіць два крокі наперад, і ніколі не забывайцеся на прычыны, па якіх вы вырашылі змагацца за гэтую высакародную справу.

Дасылаю вам і вашым блізкім шмат любові і сіл.

Хай Бог вас дабраславіць.

Мы вас любім.

Дасылайце адкрытыя лісты салідарнасці і падтрымкі нам на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім іх “вясноўцаў”, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

Іх барацьба за правы чалавека працягваецца нават праз краты. Напішы вясноўцу адкрыты ліст!

аста праваабаронцам учыняюць блакаду карэспандэнцыі, назіраюцца перабоі ў ліставанні ў абодва бакі, але гэта не можа спыніць нашу салідарнасць. Мы прапануем напісаць вясноўцам адкрыты ліст, які мы паспрабуем перадаць ім, а самыя цікавыя апублікуем на сайце ці ў сацсетках.

Працягвайце пісаць нашым калегам і каляжанкам у турмы:

  • СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк)
  • СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства