viasna on patreon

Палітвязня Цімура Газізава асудзілі да двух гадоў "хіміі" і вызвалілі ў зале суда

2021 2021-09-20T16:22:57+0300 2021-09-20T17:37:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gazizau_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Цімур Газізаў з блізкімі пасля прысуду. Побач — маці Надзея

Цімур Газізаў з блізкімі пасля прысуду. Побач — маці Надзея

20 верасня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска вынеслі прысуд палітвязню Цімуру Газізаву — актывісту ініцыятывы "Сумленныя людзі". Яго затрымалі 16 чэрвеня на праглядзе анлайн-прэм'еры спектакля "Белы трус, чырвоны трус". Суддзя Сяргей Кацар прызнаў яго вінаватым паводле арт.342 Крымінальнага кодэкса і асудзіў да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — "хіміі". Цімура вызвалілі ў зале суда.

Паводле абвінавачання, на масавым мерапрыемстве 4 кастрычніка 2020 года Цімур Газізаў вёў дэструктыўную дзейнасць: наўмысна перашкаджаў працы транспарта, блакаваў дарогу, не падпарадкоўваўся законным патрабаванням супрацоўнікаў. Ён дзейнічаў сумесна і ўзгоднена з групай асобаў на праспекце Дзяржынскага з 16.40 да 18.40.

Доказамі па справе прынятыя пісьмовыя матэрыялы, сярод якіх пратакол агляду мабільнага тэлефона, дзе ўтрымліваўся відэазапісы — у тым ліку, з каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі. Таксама прагучала інфармацыя, што Цімур быў падпісаны на разнастайныя "дэструктыўныя тэлеграм-каналы".

У Мінску пачалі судзіць палітвязня Цімура Газізава — актывіста "Сумленных людзей"

Цімур не прызнае віну і ўпэўнены, што не здзяйсняў злачынства.

На паседжанні 20 верасня Газізаў дапоўніў свае паказанні: ён адзначыў, што абвінаваўца ўнёс у справу шмат лішняй інфармацыі, якая не датычыцца справы. Пракурор спыніў яго, адзначыўшы, што Цімур можа распавядаць толькі пра новыя факты, але не даваць ацэнку ягонай працы. Суддзя Кацар дазволіў Газізаву працягнуць. Палітвязень адзначыў, што ягоны аўтамабіль таксама быў заблакаваны разам з грамадскім транспартам, а таксама тое, што ён у той дзень планаваў свой маршрут удалечыні ад цэнтра горада. 

Што было ў спрэчках?

Дзяржабвінаваўца папрасіў прызнаць Цімура Газізава вінаватым і прысудзіць яго да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — "хіміі", а таксама вызваліць маёмасць з-пад арышту і змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыездзе. Ён быў упэўнены, што Цімур Газізаў усведамляў супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў, выкрыкваў лозунгі і рухаўся па праезнай частцы. На думку абвінаваўцы, гэта пацвярджаецца пісьмовымі матэрыяламі справы, відэа з тэлеграм-каналаў і фотаздымкамі, які зрабіў абвінавачаны: на іх заўважна, што ён знаходзіцца на тым участку дарогі, які не прызначаны для пешаходаў. На здымках у яго на плячах — "бел-чырвона-белая матэрыя, забароненая сімволіка".  Пракурор папрасіў выключыць з абвінавачання ўказанне на непадпарадкаванне прадстаўнікам органаў улады, бо гэтае абвінавачанне не знайшло пацвярджэння

Абаронца палітвязня Дравіца адзначыў, што на ягонай практыцы не было такой справы, дзе была б настолькі недаказаная віна: "таму складана абараняцца ад незразумела чаго". Ён падкрэсліў, што ў матэрыялах справы няма інфармацыі пра тое, што супрацоўнікі міліцыі знаходзіліся ў той час у месцы, дзе Газізаў мог бы выказаць ім непадпарадкаванне, таксама няма доказаў, што ён выкрыкваў лозунгі. Згодна з абвінавачаннем, транспарт быў заблакаваны з 15.00, а Цімура абвінавацілі ў блакіроўцы з 16.40 — моманту, калі фактычна транспарт ужо не рухаўся. "У адпаведнасці з прэзумпцыяй невінаватасці ўсе сумневы ў матэрыялах справы павінны трактавацца на карысць майго абвінавачанага", — быў упэўнены Дравіца.

Адвакат таксама адзначыў, што не ведае заканадаўчага акта, які б прызнаваў БЧБ-сцяг і герб "Пагоню" забароненай сімволікай. "Незарэгістраванай? Так. Але не забароненай", — падкрэсліў ён. Таксама ён распавёў, што на скрыншотах відэа з маршу няма Газізава Цімура Аляксандравіча, а адзіная зафіксаваная да маршу размова датычыцца не намеру палітвязня прыняць у ім удзел, а арганізацыі дваравога свята. 

Абаронца палітвязня быў упэўнены, што неабходна спыніць крымінальны пераслед. 

Што казаў палітвязень?

У апошнім слове Цімур Газізаў распавёў, што пакладзеныя ў аснову абвінавачання ліставанні ў тэлеграм-чатах з дэпутатамі і асабістыя працоўныя перамовы толькі падкрэсліваюць, што ён жыў і дзейнічаў законнымі метадамі і наладжваў сувязі з прадстаўнікамі ўлады. Ён упэўнены, што гэта паказвае яго як актыўнага жыхара краіны, а не чалавека, які схільны да дэструктыўнай або экстрэмісцкай дзейнасці. Па ягоных словах, гэта могуць падкрэсліць ягоныя дачка, былая жонка, сям'я, калегі. 

"Я правёў больш за пяць максімальных адміністрацыйных тэрмінаў за ўдзел у нейкім несанкцыянаваным мерапрыемстве, — сказаў Газізаў. — Гэта пазбавіла мяне магчымасці бачыць сваё дзіця і падтрымаць бацьку... Вакол шмат пішуць пра яднанне, але паралельна я сутыкнуўся з тым, што прысуд прапісаны незалежна ад вінаватасці. Хочацца разлічваць, што Высокі суд ўлічыць ўскосныя доказы вінаватасці і нязначнасць адміністрацыйнай правіны і вынесе справядлівае рашэнне"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства