viasna on patreon

«Цёмныя справы робяцца за зачыненымі дзвярамі». Леанід Судаленка піша ў лістах пра суд над ім

2021 2021-09-21T14:40:26+0300 2021-09-27T18:00:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudalenka_lasica_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца ў судзе. Фота "Гомельская Вясна"

Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца ў судзе. Фота "Гомельская Вясна"

«Гомельская Вясна» апублікавала вытрымкі з лістоў палітзняволенага праваабаронцы «Вясны» Леаніда Судаленкі да гомельскага актывіста Васіля Палякова, дзе ён распавёў, што адбываецца на закрытым працэсе.

Нагадаем, у судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля 3 верасня распачаўся суд над праваабаронцам “Вясны” Леанідам Судаленкам і валанцёркамі арганізацыі Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка. Усіх іх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК).

Суддзя Сяргей Салоўскі па хадайніцтве пракурораў Яўгена Фартушняка і Кірыла Вышнякова вынес пастанову, якой вызначыў праводзіць суд над "вясноўцамі" ў закрытым пасяджэнні на працягу ўсяго разбіральніцтва.

Леанід Судаленка піша, што абскардзіў рашэнне суда аб закрыцці працэса:

«Цёмныя справы робяцца за зачыненымі дзвярамі, і з гэтым не паспрачаешся. Я абскардзіў тым не менш, патрабуючы публічнасці суду».

Палітзняволенай Таццяне Ласіцы ў першы дзень працэса стала кепска:

«Суд быў да 13.00, потым Таццяне выклікалі хуткую і ўсё. Пасля абеду суду ўжо не было. Працяг у панядзелак, калі Таццяна будзе ў норме».

Леанід на судзе падаў ужо 9 хадайніцтваў – усе былі адхіленыя:

«Падаў 9 хадайніцтваў, якія суд паслядоўна адхіліў. Два з іх – на паручыцельства. Адмоўлена».

Абвінавачванне па справе падтрымліваюць тры пракуроры:

«У справе аж тры пракуроры з гарадской пракуратуры падтрымліваюць абвінавачанне і сур’ёзна лічаць, што праваабарона ў краіне незаконна!»

У судзе дапытваюць 61 сведку:

«У мяне працягваюцца суды. Нудна, руціна. Выйшаў, паглядзеў налева, сеў у тралейбус…..(так Леанід апісвае адказы сведак, у якіх шмат «вады», – заўв. рэд.) І так 97% тамоў – ні пра што. Разбіраюць серыю пікетаў 2019 года Марыі Тарасенкі супраць дэкрэта аб дармаедах. Яшчэ крыху і да выбараў 10-га года вернуцца».

Прагнозы па выніку суду ў праваабаронцы несуцяшальныя:

«Але вырак ужо чытаецца. Мяркуючы як ён ідзе, суддзя шкадуе, што няма дзе разгуляцца, а так бы даў болей».

«Дзяўчат (Ласіцу і Тарасенка) ад першай часткі, думаю, вызваляць. Таццяне яшчэ паўгода давядзецца пасядзець. Па Марыі – інтрыга. Па другой частцы арышт – мінімальна. У мяне максімальны тэрмін – мінус некалькі месяцаў на дзіця. Значыць, дэмбель – вясна 23-га. А там па сітуацыі».

Леанід плануе падаваць апеляцыйную скаргу на прысуд і не губляе надзеі на вызваленне:

«Згодны на ўсе 100%, што пытанне вызвалення – пытанне часу. Хацелася бы хутчэй, але, відаць, ёсць яшчэ запас трываласці».


23 верасня Леаніду Судаленку споўніцца 55 год. Але адзначаць дзень народзінаў праваабаронца будзе не ў коле родных і сяброў, а за кратамі. Павіншуйце Леаніда!

Паштоўкі і лісты з віншаваннямі дасылайце па адрасе:

СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства