Затрыманне стачкамаўцаў, віцяблян і іншыя факты палітычнага пераследу 22 і 23 верасня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 22 і 23 верасня. Па Беларусі пракацілася хваля затрыманняў стачкамаўцаў і працаўнікоў заводаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Старадарожскія тэлеграм-чаты – экстрэмісцкія
Па заявах органаў пракуратуры інфармацыйная прадукцыя чатаў і каналаў мессенджера Telegram "СТД ПРОТИВ НАСИЛИЯ", "ЧАТ.Стародорожский Live (Старые Дороги)" прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Затрыманне ў Мінску
Сёння ў Мінску паведамілі пра затрыманне Малчанава Паўла Аляксандравіча. Як стала вядома з праўладных тэлеграм-каналаў, яго затрымалі за "абразу супрацоўнікаў міліцыі" ў тэлеграм-чатах. З Паўлам апублічылі "пакаяльнае відэа".
Таксама сёння затрымалі Аксану Каленік. Пасля ператрусу яе даставілі ў Першамайскае РУУС.
Палітзняволенай Сафіі Сапега працягнулі тэрмін утрымання пад хатнім арыштам да 25 снежня
Пра гэта распавяла DW распавяла яе маці Ганна Дудзіч.
Суд над палітзняволеным Ігарам Банцарам, на якім яму мусілі змяніць меру пакарання, перанеслі
Працэс распачаўся (прычым праходзіў проста ў будынку папраўчай установы ў Віцебску, так званай «хіміі»), але Банцар запатрабаваў адваката. Новае паседжанне адбудзецца 29 верасня.
Нагадаем, палітзняволенаму Ігару Банцару хочуць змяніць рэжым з «хіміі» на папраўчую калонію. Такога рашэння дамагаецца адміністрацыя папраўчай установы адкрытага тыпу №9 Віцебска, дзе мужчына адбывае зняволенне. Яго абвінавачваюць у парушэнні правілаў адбывання пакарання на «хіміі». Суд мае прыняць рашэнне 23 верасня.
Адміністрацыя выстаўляе прэтэнзіі Банцару за 6 эпізодаў. Сярод іх: заснуў на стуле, не пагаліўся, не выканаў каманду «адбой». Адміністрацыя лічыць, што гэтага дастаткова, каб замяніць Банцару абмежаванне волі на пазбаўленне волі. Ігар лічыць прэтэнзіі адміністрацыі палітычным ціскам.
«Я адмовіўся падпісаць прашэнне аб памілаванні», – зазначыў ён.
«Трэцюю галадоўку я ўжо не вытрымаю, але я не магу гарантаваць, што яе не будзе», – дадаў Банцэр.
У Беларусі працягваюцца затрыманні рабочых, якія заяўлялі пра страйк
На дадзены момант «Вясне» вядомыя наступныя прозвішчы затрыманых:
- Сяргей Шэлест, «Гродна Азот», змешчаны ў СІЗА КДБ
- Андрэй Пагерыла, «Гродна Азот», змешчаны ў СІЗА КДБ
- Уладзімір Жураўка, «Гродна Азот»
- Валянцін Цераневіч, «Гродна Азот»
- Рыгор Рубан, «Гродна Азот» (вызвалены)
- Вадзім Яфіменка, «Гродна Азот»
- Дзмітрый Ільюшчанка, «Гродна Азот» (вызвалены)
- Аляксандр Гашнікаў, БМЗ, змешчаны ў СІЗА КДБ
- Ганна Аблаб, Беларуская Чыгунка, змешчаная ў СІЗА КДБ
- Сяргей Дзюба, Беларуская Чыгунка, змешчаны ў СІЗА КДБ
- Арцём Рубан, «Гродна Азот» (вызвалены)
- Аляксей Сідар, «Гродна Азот» (вызвалены)
- Святлана Зыль, былая працаўніца БМЗ
- Андрэй Башан, «Гродна Азот» (затрыманы раніцай 23 верасня пасля начной змены)
- Дзмітрый Елісеяў, БМЗ, змешчаны ў гомельскае СІЗА
- Дзмітрый Жыліцкі, БМЗ
Спіс дапаўняецца.
Праваабаронцам пакуль невядома, што ставяць у віну затрыманым.
23 верасня затрыманні завадчанаў працягваюцца. Вядома пра затрыманне яшчэ аднаго завадчаніна з Беларускага металургічнага заводу – выехаў на працу, але там не з’явіўся. Прозвішча затрыманага высвятляецца.
Таксама праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што затрыманага 16 верасня кранаўшчыка стрыжневага ўчастка МТЗ Дзмітрыя Колбіка пераводзяць у СІЗА-1 – яму прад'явілі абвінавачванне, але невядома дакладнай па якім артыкуле. Яго калега паведаміў, што артыкуле, які прадушледжвае да пяці гадоў зняволення. Яго затрымлівалі супрацоўнікі КДБ.
«Палівалі шампанскім магілу рэжыму». ГУБАЗіК «раскрыў» у Віцебску «экстрэмісцкую ячэйку»
Пра затрыманне ўдзельнікаў «экстрэмісцкай ячэйкі» ў Віцебску паведаміў тэлеграм-канал МУС Беларусі. Па інфармацыі ведамства, затрыманыя сем жыхароў абласнога цэнтру ва ўзросце ад 26 да 39 гадоў, якія датычныя да групавога хуліганства і «стварэння экстрэмісцкага фармавання».
Віцебскім праваабаронцам сталі вядомыя прозвішчы віцяблян, якіх абвінавачваюць у арганізацыі «экстрэмісцкага фармавання». Гэта Марына Праслава, Павел Сокалаў, Кацярына Макарэвіч, Юлія Лабунова, Арцём Латышаў, Ірына Пярцова, Канстанцін Бодэ і Святлана Гуркоўская.
Як паведамляе тэлеграм-канал МУС, мінулым летам затрыманыя стварылі закрытую тэлеграм-групу, у якой абмяркоўвалі «акцыі прамога дзеяння». Планавалі «шкодзіць маёмасць, а таксама чыніць шкоду іміджу дзяржаўных органаў і праваахоўнай сістэмы». Удакладняе, што падазраваныя працавалі ва ўстановах адукацыі, гандлю, медыцыны, а таксама ў дзяржарганізацыях.
«Таксама ўстаноўленая датычнасць некаторых фігурантаў да бессаромнага перформансу на гарадскіх могілках. Затрыманыя цынічна дэмантавалі шыльдачку на месцы пахавання чалавека, пасля чаго ўначы распівалі там спіртовыя напоі, разліваючы алкаголь на магілу і дэманструючы там самым пахаванне рэжыму», – паведамляецца ў заяве.
У дачыненні затрыманых распачатыя крымінальныя справы за злоснае хуліганства (ч. 2 арт. 339 КК) і стварэнне экстрэмісцкага фармавання (арт. 361-1 КК).
Начальнік віцебскага абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК Сяргей Калантаеў сцвярджае, што акцыі фінансаваліся з-за мяжы і што зараз «устанаўліваюцца іншыя ўдзельнікі забароненай суполкі, якія знаходзяцца за межамі Беларусі».
Салігорскае выданне “Лідар-Прэс” пасля 28 гадоў працы вымушана прыпыняе сваю дзейнасць
"Так складаецца, што любы матэрыял, які праўдзіва асвятляе падзеі ў рэгіёне ці краіне, можа быць абвешчаны экстрэмісцкім з усімі вынікаючымі наступствамі. У такой сітуацыі мы не можам рызыкаваць нашымі супрацоўнікамі і вымушаныя спыніць дзейнасць рэдакцыі", — гаворыцца ў рэдакцыйным звароце.
У сакавіку 2021 года выданне спыніла друк папяровай версіі газеты. А ў чэрвені ў галоўнага рэдактара прайшоў ператрус.
Улады вырашылі заблакаваць сайт Hrodna.Lіfe
Рэдакцыя Hrodna.lіfe 22 верасня атрымала пастанову ад Пракуратуры Гродзенскай вобласці. У ёй паведамляецца пра блакаванне сайта Hrodna.lіfe і «аб абмежаванні доступа да яго суполак, уключыўшы ідэнтыфікатар дадзенага інтэрнэт-рэсурса ў спіс абмежаванага доступа», піша "БАЖ".
Прычынамі блакіроўкі сайта ўлады называюць:
"Асобныя артыкулы, якія суправаждаюцца відэаматэрыяламі, што негатыўна характэрызуюць пасля сканчэння выбарчай кампаніі грамадска-палітычную сітуацыю Беларусі і дыскрэдытуюць дзейнасць дзяржаўных праваахоўных органаў.
Прыцягненне рэдактараў «Гродна Лайф Медыя» Аляксея Шоты і Ірыны Новік да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.